АДАМОВIЧА ЗНОЎ СУДЗЯЦЬ

 

У пятнiцу, 23-га кастрычнiка, паэт i журналiст Славамiр Адамовiч быў гатовы сесьцi за краты на 15 сутак. Перад тым, як зайсьцi ў кабiнэт судзьдзi Савецкага раённага суда грамадзянкi Савасьцян, аўтар верша «Убей президента» купiў бохан «Нарачанскага», затэлефанаваў сябрам, выпiў 50 грамаў беларускай гарэлкi «Крышталь» i зьеў два бутэрброды з сэрвэлатам. Аднак гэтым разам абышлося. Судзьдзя Савасьцян абмежавалася кароткай размовай i абяцаньнем, што кропка ў справе будзе пастаўленая праз два тыднi.

З 14-га кастрычнiка пайшоў другi год, як судовы выканаўца Качан (па сумяшчальнiцтве — студэнт юрыдычнага факультэту БДУ) спрабуе спагнаць з паэта 554 тысячы беларускiх рублёў на карысьць судова-мэдыцынскiх экспэртаў, якiя 17 траўня 1996 году правяралi Адамовiча на прадмет псыхiчнай устойлiвасьцi (iнiцыятарам экспэртызы быў сьледчы КГБ Сакольчык). Нагадаем, што паводле прысуду Вiцебскага абласнога суда (судзьдзя Гурко) Адамовiч мусiў заплацiць яшчэ й за працу перакладчыкаў, якiя па патрабаваньнi падсуднага перакладалi прамовы ўдзельнiкаў судовага разьбiральнiцтва з расейскай мовы на беларускую. Вярхоўны Суд скасаваў гэтую вымогу аблсуда, але пакiнуў у сiле iншую, ня менш абсурдную.

Славамiр Адамовiч не зьбiраўся i не зьбiраецца самахоць сплачваць нiводнага рубля ўладзе, якую лiчыць нелегiтымнай i антыбеларускай. Таму ўлада выпiсала яму яшчэ адну судовую позву, у якой былы сядзелец «амэрыканкi» названы парушальнiкам артыкула 166.1 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстратыўных правапарушэньнях i папярэджаны пра неабходнасьць 6.11.98 году ў 11 г. 30 хв. зьявiцца на адрас: Менск, Варвашэнi, д. 44.

Назiральнiку ад Беларускага Хельсынскага камiтэту i карэспандэнту газэты «Навiны», якiя прысутнiчалi пры размове судзьдзi i паэта, апошнi паведамiў, што 6 лiстапада 1998 году ён абавязкова зьявiцца на ўказаны адрас, каб у справе №182-166.1 паставiць кропку.

P.S. Маладая сакратарка суда была прыемна зьдзiўленая, пачуўшы iмя паэта. Славамiраўна — ейнае прозьвiшча па бацьку.

Едмусь Котка