Цi законны быў рэфэрэндум пра мову?

 

Час аддаляе нас ад травеньскага 1995 году рэфэрэндуму, калi група ўлады, спасылаючыся на вынiкi «ўсенароднага галасаваньня», скасавала дзяржаўную сымболiку беларускага народа i надала расейскай мове статус дзяржаўнай.

З гледзiшча сёньняшняга дня выразна бачныя разбуральныя наступствы такой iнiцыятывы ўладаў. Беларускi народ страцiў сваю нацыянальную сымболiку. Замест спрадвеку беларускiх сьцяга i герба яму прапанавалi нейкiя сурагаты савецкай сымболiкi. Мова карэннай нацыi пачала адкрыта выцясьняцца расейскай мовай ва ўсiх сфэрах дзяржаўнага i грамадзкага жыцьця. Пазбаўленая свае сымболiкi й мовы, Беларусь аказалася адрэзанай ад сваёй гiсторыi i часова страцiла ўсялякiя арыентыры. У такiх умовах над беларускай нацыяй навiсла пагроза асымiляцыi рускамоўным насельнiцтвам i, як вынiк, непазьбежнасьць iнкарпарацыi Беларусi суседняй расейскай дзяржавай.

Аднак да апошняга часу на грамадзкае абмеркаваньне не выносiлася пытаньне пра законнасьць самога рэфэрэндуму. Нiхто так i не адказаў: цi можна было праводзiць рэфэрэндум аб замене нацыянальнай сымболiкi i аб прынiжэньнi статусу беларускай мовы?

Крыху гiсторыi

Трэба нагадаць, што з iнiцыятывай рэфэрэндуму выступiў прэзыдэнт А.Лукашэнка. Падпарадкоўваючыся ягоным настойлiвым патрабаваньням, Вярхоўны Савет 12-га склiканьня прыняў пастанову ад 13 красавiка 1995 году № 3728-XII «Аб правядзеньнi рэспублiканскага рэфэрэндуму па пытаньнях, прапанаваных прэзыдэнтам Рэспублiкi Беларусь i мерах яго забесьпячэньня».

У адпаведнасьцi з гэтай пастановай у бюлетэнь для галасаваньня былi ўключаныя наступныя пытаньнi:

1. Цi згодныя Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?

2. Цi падтрымлiваеце Вы прапанову аб устанаўленьнi новых Дзяржаўнага сьцяга i Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь?

3. Цi падтрымлiваеце Вы дзеяньнi Прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь, накiраваныя на эканамiчную iнтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?

4. Цi згодныя Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусi, якiя прадугледжваюць магчымасьць датэрмiновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Прэзыдэнтам Рэспублiкi Беларусi ў выпадках сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыi?

Першае, другое i трэцяе пытаньнi выносiлiся на абавязковы рэфэрэндум, рашэньне якога зьяўляецца канчатковым, а чацьвертае — для прыняцьця кансультатыўнага рашэньня, якое мае рэкамэндавальны характар.

Напярэдаднi рэфэрэндуму ў Канстытуцыйны суд зьвярнулiся дэпутаты Камiсii Вярхоўнага Савету па адукацыi, культуры i захаваньню гiстарычнай спадчыны з просьбай праверыць на адпаведнасьць Канстытуцыi прапанову прэзыдэнта наконт рэфэрэндуму пра мову. Аднак Канстытуцыйны суд адмовiўся, матывуючы сваё рашэньне тым, што ў кампэтэнцыю суда не ўваходзiць праверка канстытуцыйнасьцi прапановаў прэзыдэнта, не аформленых у выглядзе прававых актаў (глядзi: Веснiк Канстытуцыйнага суда Рэспублiкi Беларусь. 1995, №2-3, с. 68-69).

Лiчбы — не галоўнае

Як вядома, рэфэрэндум прайшоў 14 траўня 1995 году. Ягоныя вынiкi былi аб’яўленыя Цэнтральнай камiсiяй па выбарах i правядзеньню рэспублiканскiх рэфэрэндумаў 22 траўня 1995 году. Так, паводле афiцыйных зьвестак, у сьпiсы грамадзян, якiя мелi права ўдзельнiчаць у рэфэрэндуме, было ўключана 7 445 820 чалавек, у галасаваньнi ўзялi ўдзел 4 830 582 чалавек або 64,8%. Станоўчы адказ на першае пытаньне далi 4 017 273 або 88,3%; супраць прагаласавала 613 516 чалавек або 12,7%; 192 693 бюлетэнi прызнаныя несапраўднымi (глядзi: Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. 1995, №22-23, арт. 332).

Аднак гэтыя лiчбы не здымаюць пытаньня пра канстытуцыйнасьць самога рэфэрэндуму. Прычым, гэтае пытаньне зьяўляецца вызначальным, галоўным. Бо калi прызнаць, што пытаньнi аб мове i замене сымболiкi не маглi паводле дзейнага заканадаўства выносiцца на галасаваньне, тады «пераможныя» вынiкi страчваюць сваю прававую сiлу i ня цягнуць за сабою нiякiх прававых наступстваў. Iх папросту належыць забыць i аднавiць ранейшае становiшча.

Беларускую мову
прынiзiлi незаконна

Дык цi можна было выносiць на рэфэрэндум пытаньне пра мову? Мой адказ адмоўны. I вось чаму.

Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыi 1994 году, дзяржаўнай мовай у Беларусi абвешчана беларуская, а расейская прызнаная мовай мiжнацыянальных зносiн.

Тым самым, Асноўны закон краiны адназначна вырашыў пытаньне пра дзяржаўную мову. Такой зьяўляецца беларуская. Гэта значыць, што на ёй павiнны былi выдавацца акты органаў дзяржаўнае ўлады, весьцiся справа- i судаводзтва, навучаньне i г.д. Усе дзяржаўныя асобы, уключна з прэзыдэнтам, абавязаныя валодаць беларускай мовай.

Дамiнаваньне беларускае мовы замацоўвалася i ў Законе «Аб мовах у Беларускай ССР» ад 26 студзеня 1990 году. У адпаведнасьцi зь iм беларуская мова атрымала ўсебаковае разьвiцьцё ва ўсiх сфэрах дзяржаўнага i грамадзкага жыцьця. У пастанове Вярхоўнага Савету «Аб парадку ўвядзеньня ў дзеяньне Закона «Аб мовах у Беларускай ССР» былi вызначаныя нават тэрмiны пераходу на беларускую мову (арыентоўна да 2000 году).

Закон «Аб народным галасаваньнi (рэфэрэндуме) у Рэспублiцы Беларусь» ад 13 чэрвеня 1991 году ўстанавiў, што на рэспублiканскi рэфэрэндум ня могуць выносiцца, сярод iншых, пытаньнi, якiя «парушаюць неад’емнае права народа Рэспублiкi Беларусь на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыi iснаваньня беларускай нацыянальнай культуры i мовы» (арт. 3).

З гэтых палажэньняў Канстытуцыi i законаў краiны вынiкае, што пытаньнi, накiраваныя на зьнiжэньне дзяржаўных гарантыяў iснаваньня беларускай мовы, у тым лiку шляхам прынiжэньня яе ролi ў параўнаньнi зь iншымi мовамi, ня могуць выносiцца на рэспублiканскiя рэфэрэндумы. Аналягiчную выснову трэба зрабiць i аносна пытаньняў пра зьмену Дзяржаўнага Сьцяга i Дзяржаўнага герба як пытаньняў, што пагражаюць неад’емнаму праву беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасьць.

Справядлiвасьць адновiцца

Тым самым, вынiкi рэфэрэндуму што да прыданьня расейскай мове роўнага статусу зь беларускай, а таксама што да ўсталяваньня новай сымболiкi — з прававога пункту гледжаньня зьяўляюцца нiякiмi i падлягаюць адмене.

Як можна зьмянiць сытуацыю i як можна ануляваць вынiкi рэфэрэндуму? У прынцыпе, зрабiць гэта ня так складана. Але для гэтага патрэбныя пэўныя намаганьнi. Галоўнае зь iх — аднаўленьне ў краiне асноваў дэмакратыi, дзяржаўнасьцi i законнасьцi. Тады пытаньне пра канстытуцыйнасьць травеньскага 1995 году рэфэрэндуму непазьбежна стане на парадак дня. Новы склад Канстытуцыйнага суда, створаны дэмакратычным шляхам, можа разгледзець пытаньне пра дзяржаўную мову ў адпаведным парадку i прыняць па iм законнае рашэньне.

Пройдзе час, i сьвятынi беларускага народа — Мова, Герб, Сьцяг — зноў зоймуць сваё высокае месца, стануць увасабленьнем беларускай дзяржаўнасьцi i культуры.

Мiхаiл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, прафэсар