Сяргей па мянушцы «Алесь»

 

З расейкiм праваабаронцам, членам Эўрапарлямэнту Сяргеем Кавалёвым гутарыць Аляксандар Лукашук

 

... Яшчэ ў 70-я гады, калi мы спрабавалi неяк захоўваць нашыя справы ў тайне ад КГБ, мой сябар кажа: я прыдумаў табе мянушку. Якая? Алесь. Чаму? Бо ёсьць Алесь Адамовiч, а ты —Адамавiч.

— Цi былi Вы знаёмыя з Алесем Адамовiчам?

— Так, вядома. Пазнаё-мiўся я зь iм ў канцы 80-х. Я вярнуўся (зь лягеру. — АЛ) у канцы 84-га, а ў Маскву патрапiў толькi ў 1987-м. Тады мы зь iм i пазнаёмiлiся.

 

— Вы маеце беларускiя каранi?

— Мой бацька нарадзiўся ў Заходняй Беларусi, тады гэта лiчылася Польшча. Гэта была шматдзетная сям’я, але ўсе ягоныя браты й сёстры маюць праваслаўныя iмёны, ён адзiны Адам. Ён быў першым дзiцём, i вельмi слабым, а там было такое павер’е: калi нараджаецца слабое дзiця, трэба даць яму iмя першага чалавека, тады выжыве. Калi б дзяўчынка, была б — Эва. У бацькi была кропля польскай крывi, прыкладна палова —беларускай, рэшта — расейская. А ў мяне яшчэ горш, мацi — украiнка.

 

— На канфэрэнцыi «Форум 2000» тут, у Празе, Вы рэзка нэгатыўна ацанiлi палiтыку Захаду i асабiстую пазыцыю «вялiкiх сяброў» Ельцына Бiла Клiнтана i Гэльмута Коля ў дачыненьнi да чачэнскай вайны. Як Вам спадабаўся адказ Гэнры Кiсынджэра на Ваш выступ?

— Нiяк не спадабаўся. Мне нiколi не падабаецца, што кажа Кiсынджэр. Ён паўтарыў тое самае, у чым я папракаю заходнюю палiтычную канцэпцыю. Ён сказаў: так, з прынцыповых меркаваньняў трэба было рабiць тое, што вы прапануеце. Але адкуль у Амэрыцы ведаюць пра нейкую Чачню. I што такое Чачня. А тут Ельцын, лёс дэмакратыi ў Расеi!..

Лебедзь налiчвае 100 тысячаў трупаў у Чачнi. Я думаю, крыху меней, 80 тысячаў. Значная частка — мiрныя жыхары. Калi на такой канфэрэнцыi напярэдаднi ХХI стагодзьдзя гавораць — ну што такое Чачня, самi разумееце... Я вам тады так адкажу: а што такое беларусы?..

 

— Сяргей Адамавiч, а што такое беларусы? Для Расеi, напрыклад?

— На гэтае пытаньне нельга адказаць. Для якой Расеi, для Зюганава, для Селязьнёва?

 

— Для Прымакова.

— Ну, дык цяперашняя Беларусь — фарпост савецкiх парадкаў, а Прымакоў спадкаемца савецкiх традыцыяў. Чаму Селязьнёў так любiць езьдзiць у Беларусь i спяваць там савецкi гiмн? Бо ёсьць каму падпяваць, праўда? У Менску многiя падпяваюць савецкаму гiмну.

 

— Хто, па-Вашаму, вiнаваты ў тым, што ў Беларусi спяваюць гэты гiмн — беларусы, Масква, Захад?

— Я думаю, што заўсёды ў такiх выпадках больш за ўсё вiнаватыя тыя, хто спяваюць. Але вiнаватыя i Масква, i Захад. Масква ўвогуле нясе адказнасьць ня толькi за Беларусь. Разумееце, жахлiва тое, што адбываецца ў Менску, але што ў Сярэдняй Азii? Калi б вы параўналi Менск з Ташкентам, дык лiчылi б, што вы ў Хрыста за пазухай жывяце.

 

— Ну, дзякуй на добрым слове...

— Адказнасьць ляжыць на Маскве, бо хто цэнтар iмпэрыi? У лягерах, пасьлясталiнскiх, якiя я ведаю з асабiстага досьведу, мне было сорамна — расейцы амаль не сядзелi. У асноўным быў прадстаўлены нацыянальны рух. Ведаеце, як у лягеры кажуць, «сямейка», зэка, якiя разам трымаюцца, дык на «рускую сямейку» глядзець было сорамна. Узначальваў нашу «сямейку», мiж iншым, асiрыец, Мiхаiл Юханавiч Садо.

 

— Сяргей Адамавiч, вы маеце досьвед у перападзе тэмпэратураў: турма i Вярхоўны Савет, бамбёжкi ў Грозным i паседжаньнi ў Эўрапарлямэнце... Наколькi, па-вашаму, можа зацягнуцца цяперашнi савецкi, гэбiсцкi рэванш, якi адбываецца зараз i ў Беларусi, i ў Маскве?

— Я не магу дакладна адказаць на гэтае пытаньне, але магу сказаць дакладна iншае: у тэрмiнах 10-15 гадоў я памяркоўны, але цьвёрды аптымiст. У тэрмiнах 2-5 гадоў — чорны пэсымiст.

 

— У адным з iнтэрвiю ваш сябар Андрэй Дзьмiтрыевiч Сахараў, гаворачы пра лiтаратуру, сказаў, што яго глыбока хвалюе праблематыка твораў Васiля Быкава. Вы чытаеце Быкава?

— Так, вядома. Ён вельмi шмат значыць для мяне. «Мёртвым не балiць», «Круглянскi мост»... Маральная праблематыка, якую Быкаў ставiць, гэта нешта надзвычай iстотнае. Гэта не беларуская лiтаратура, гэта эўрапейская, сусьветная лiтаратура.

 

— Iмя Быкава ўзгадвалася пад час абмеркаваньня Нобэлеўскай прэмii. Як вы ставiцеся да такой магчымасьцi?

— Гэта пытаньне да Нобэлеўскага камiтэту. Але мне здаецца — так. Тут вельмi гарманiчнае спалучэньне абсалютна прафэсiйнай лiтаратуры i надзвычай хваравiтай нэрвы сумленьня. Ён умее па-свойму паставiць вечныя праблемы. Гэта i ёсьць лiтаратура насамрэч. Лiтаратура ня ёсьць апiсаньнем жыцьця, а заўсёды — вечныя тэмы, адны й тыя ж, але крыху iначай пастаўленыя.

 

— Ведаеце, хто адначасна з Сахаравым называў Быкава любiмым пiсьменьнiкам? Венiчка Ерафееў, аўтар паэмы «Масква-Петушкi». Чаму, вы думаеце?

— Ды ўсё таму ж.

 

— Калi вы апошнi раз былi ў Менску?

— Сёлета. Я толькi аднойчы i быў у Менску, на праваабарончай канфэрэнцыi. Выступам былi незадаволеныя два бакi: i Гэльсынская фэдэрацыя, i афiцыйны Менск. Беларускае тэлебачаньне камэнтавала гэта так: вось прыехаў такi з Расеi нас вучыць i г.д, i, дарэчы, павёз з сабою «Пагоню». Сапраўды, з трыбуны зьнялi герб i мне падарылi.

 

— Вы дома ў Маскве маеце зараз «Пагоню»?

— Так, маю, канечне. А як жа!

Прага, «Форум 2000».