Уладзiмер Букоўскi:

 

«У Беларусi iдэальная сытуацыя».

 

У пачатку кастрычнiка ў Варшаве праходзiла мiжнародная канфэрэнцыя па правах чалавека. Сёньня мы публiкуем адказы славутага расейскага праваабаронцы Ўладзiмера Букоўскага на пытаньнi карэспандэнта «НН» Зьмiцера Бартосiка.

 

«НН»: Пан Букоўскi, якi Ваш прагноз на блiжэйшую будучыню Расеi?

У.Б.: Яшчэ ў 93-м я пра гэта напiсаў артыкул. Адзiны й непазьбежны сцэнар, што мне бачыцца, як найбольш рэалiстычны — гэта распад Расеi на некалькi дзяржаваў. Артыкул я напiсаў адразу пасьля рэфэрэндуму, на якi я тады прыяжджаў у якасьцi памочнiка па просьбе ельцынскай каманды. Але апошнi раз я тады зь iмi меў справу. Я зразумеў, што толку ня будзе.

Вось паглядзiце на апошнi крызыс i рэакцыю правiнцыi. У 87-м цi 89-м рэгiёны замарозiлi цэны i ўсталявалi мытны кантроль вакол сваiх абласьцей. Гэта першы крок да незалежнасьцi. Палова суб’ектаў фэдэрацыi, якiя былi донарамi, ня плоцяць падаткаў. I цалкам справядлiва. Дарэчы, з гэтага пачалася амэрыканская рэвалюцыя й вайна за незалежнасьць. Але справа не ў сэпаратысцкiх настроях губэрнатараў. Сама сытуацыя iх будзе прымушаць рухацца ў гэтым кiрунку далей i далей. I Далёкi Ўсход, думаю, будзе першым. Так непазьбежная фрагмэнтацыя Расеi. Але ў гэтым ёсьць плюсы й ёсьць мiнусы. Плюс у тым, што Расея нiколi не будавалася, як нармальная дзяржава, з фундамэнту да даху. Яе заўжды будавалi з даху, гэта значыць, з цэнтру. Ад бацюхны-цара. Ну ня можа так жыць дзяржава ў ХХI ст. Але мiнус у тым, што мы ня ведаем, як гэтыя фрагмэнты Расеi будуць упраўляцца. Бацькамi Махно цi парлямэнтамi? Жыць у мiры цi ваяваць? А калi ваяваць, дык якою зброяй? А хiмiчныя заводы, а ядзерныя прадпрыемствы? На гэтым шляху ёсьць маса небясьпекаў. Але што гэта непазьбежны сцэнар разьвiцьця Расеi, я вам гарантую.

 

«НН»: У Беларусi ўжо звыклiся з думкаю, што любы змрок, якi ў нас можа адбывацца, заўсёды знойдзе падтрымку на Ўсходзе. Праўда, мы, хай i за празрыстай, але за мяжой. Што Вы можаце сказаць пра рэакцыю расейскага грамадзтва на чачэнскую вайну?

У.Б.: Гэтая вайна асабiста мяне дабiла адсутнасьцю рэакцыi. Зразумейце, мы ў 60-я гады выходзiлi на плошчы, калi за гэта палагалася тры гады. У 90-я можна было выйсьцi мiльёнам людзей, i нiхто б табе нават штрафу ня даў бы. Дзе ж гэтыя мiльёны? Грамадзкая думка ў Расеi так i ня склалася. I ўсё, што мы рабiлi трыццаць гадоў, пайшло псу пад хвост. Таму што адзiнаю нашаю мэтай было адрадзiць у краiне грамадзкую думку.

 

«НН»: Але, калi Чачня яе не пабудзiла, дык што тады яе здольнае адрадзiць?

У.Б.: Нiшто. Краiна памерла. Чачня гэта прадэманстравала. I на сваiм вяку я Расеi нармальнай так i не пабачу.

 

«НН»: Пабачыць бы на нашым жыцьцi нармальную Беларусь. У нас зараз пануе нейкая дурная дэпрэсiя. Абсалютна незразумелая, таму што нашыя ўмовы ня iдуць нi ў якае параўнаньне з тою атмасфэраю, у якой пачыналi Вы.

У.Б.: Мiж iншым, умовы ў Беларусi зараз iдэальныя, каб грамадзкую думку разгайдаць. Менавiта зараз вам i ствараць незалежны, грамадзкi рух, якi скiне лукашэнкаўскую намэнклятуру. А гэта прыйдзе. Паверце мне. У глыбiнi гадоў усё гэта падаецца малаверагодным. А я ў 60-я гады ведаў, што савецкая сыстэма скончыцца, i што я гэта пабачу, калi не заб’юць. Пройдзе якiх пяць гадоў, i Лукашэнка гэты зьнiкне, i ваша краiна будзе ўся кiпець. Калi ня мае сэнсу вучыцца й працаваць, людзi iдуць на барыкады. Але, калi ня будзе моцнай, грамадзкай сiлы, каб заняць гэты вакуум, дык вас чакае такое ж дзярмо, як у Расеi. Нi то, нi сё, нi так, нi гэтак. Вашыя ўмовы, умовы перасьледу, iдэальныя для таго, каб аддзялiць авец ад козьлiшчаў. Каб зразумець, з кiм можна мець справу, а з кiм нi ў якiм разе. Толькi ў такой сытуацыi й нараджаюцца сапраўдныя лiдэры. У вас чамусьцi назiраецца нешта адваротнае. Звычайна палiтычныя рухi расколваюцца пры дзялёжцы здабычы, пры перамозе. А вашыя пачалi распадацца, яшчэ нiчога не дабiўшыся. Ну, гэта дурнота. Зараз самы час каваць. Я ўпэўнены, што Лукашэнка больш за пяць гадоў не пратрымаецца. Зараз крызысы ў Расеi пойдуць адзiн за адным. I пры такiм раскладзе, калi ў Расеi крызыс, а ў вас у пяць разоў горш, каму ён у тым вакууме будзе патрэбны?

 

«НН»: А якой вам бачыцца ў нашай сытуацыi роля Захаду?

У.Б.: О, на Захад не спадзявайцеся. Я тут жыву больш за дваццаць гадоў i магу ўпэўнена сказаць, што Захад нiколi нiчога путнага не зрабiў. Аднойчы яны пры Рэйгане й Тэчар паднацiснулi, абанкруцiлi Савецкi Саюз i не дабiлi да канца. Таму спадзявайцеся толькi на ўласныя сiлы. На Захадзе калi будуць нейкiя асобныя людзi, якiя вам дапамогуць — слава Богу, скажыце «дзякуй». А на Захад, як такi... У iх сваiх праблемаў хапае.

 

«НН»: Значыцца, «Ялта» працягваецца?

У.Б.: А яна ў iх з галавы й не выходзiла. У iх нiколi не было жаданьня пабароць СССР, цi зруйнаваць савецкi рэжым. Нiколi, паверце мне. Я гэтым займаўся 20 зь лiшнiм гадоў. Толькi наша прапаганда сьцьвярджала, што ёсьць нейкiя падрыўныя цэнтры. Нiчога не было. Я сам шукаў гэтыя цэнтры. Нiводнага не знайшоў. Яны хацелi толькi аднаго — дамовiцца з СССР, каб мiрна падзялiць сфэры ўплыву. Усё. I мы iм былi, як костка ў горле. Я знайшоў на Захадзе болей ворагаў, чым у мяне iх было ў Расеi. I куды менш сяброў. Таму на iх нiколi не разьлiчвайце. Сьцьвердзiцца Лукашэнка, яны яго прызнаюць. Разам зь ягоным «парлямэнтам».

 

«НН»: Але з падзеньнем лукашэнкаўскага рэжыму адносiны памiж нашымi краiнамi пахаладнеюць...

У.Б.: Сёньняшняе маладое пакаленьне расейцаў Захад ня любiць. I справядлiва. Такая ж нелюбоў будзе i ў беларусаў да Расеi. На жаль. Таму што Расея ў адносiнах да Беларусi паводзiць сябе настолькi ж цынiчна, як Захад у адносiнах да Расеi. Але ведаеце, гэтыя рэчы праходзяць. Палякi нас вельмi не любiлi. Ненавiдзелi расейцаў. I цалкам слушна. Колькi iх дзялiлi й акупавалi. Зараз iдэальныя адносiны. Калi вам хто дапамагаць будзе, то перш-наперш палякi. Я нядаўна гаварыў зь iх прэм’ер-мiнiстрам. Ён запытаў, што зрабiць для Расеi. Я яму кажу, не для Расеi. Вам зараз трэба ўсё для Беларусi рабiць. Вось там вы можаце дапамагчы рэальна. Расеi зараз нiчым не дапаможаш. Беларусы вам шчыра сымпатызуюць. Блiзкая нацыя, роднасныя мовы. Колькi вякоў у адной вупражцы. I нiхто iншы, як палякi, вам не дапаможа. Можа быць, яшчэ Лiтва. Але ў вашай сытуацыi, у якой добра бачна, дзе чорнае, а дзе белае, дабро ня можа не парамагчы. Таму ў вас наперадзе пяць гадоў цяжкай працы. Але яна акупiцца спаўна.