Андрэй Дынько

ЭРЭКЦЫЯ КУЛЬТУРЫ

 

Нобэлеўскую прэмiю ў галiне мэдыцыны далi стваральнiкам сыдэнафiлу, вядомага пад камэрцыйным найменьнем «Вiягра». Фактычна, нобэля далi таблетцы. Беспрэцэдэнтнай, бо нiякi iншы лек не дасягаў так хутка сусьветнай вядомасьцi, не выклiкаў такой дыскусii ў мэдыях i не даваў сваiм вытворцам зарабiць менш чым за год больш за мiльярд даляраў.

У галiне лiтаратуры прэмiя напаткала нiчым не адметнага партугальца Жазэ Сарамагу, чыя творчасьць нi ў кога не выклiкае асаблiвай цiкавасьцi.

Мэдыцынскi нобэль больш прадуктыўны, як з чыста прыкладнога —упершыню мэдыцына прапануе настолькi канкрэнтны сродак лячэньня мужчынскiх праблемаў, — так i зь фiлязафiчнага гледзiшча: дыскусii пра сутнасьць сучаснай мэдыцыны, ацэнку наркотыкаў як такiх, роўнасьць мужчын i жанчын, этычную праблематыку асалоды або практычныя дэбаты пра тое, якiя мэдыкамэнты дзяржава (то бок, здаровае цела грамадзтва) мусiць субсыдаваць.

Пра Жазэ Сарамагу ў «Нашай Нiве» напiсалi. Цi напiшуць культурнiцкiя («лiтаратурна-мастацкiя», як фармулюецца ў рэгiстрацыйных дакумэнтах) выданьнi пра нейкага iншага нобэля, апроч лiтаратурнага? «Наша Нiва», здаецца, не пiсала нi разу. Дзяржаўныя ж, «ЛiМ», «Культура» ды iншыя, увогуле перабываюць у глыбокiм маразьме й ягоным непаўторным прычудным сьвеце. Зацiкаўленьнi — або iх адсутнасьць — гэта партрэт, «партрэт у люстэрку», нашай iнтэлiгенцыi.

Марна спасылацца на тое, што чытачам «Нью-Ёркеру», «Эспры», «Эль Паiс» цi кiеўскай «Крытыкi» гэта цiкава. Ня ведаць моваў, не чытаць — гэта пазыцыя, сьветапогляд тых, хто прэтэндуе на рэспэктабэльную прыналежнасьць да «традыцыяналiстаў», «рэалiстаў», «клясыкаў». Пiсаць пра гэтыя спансараваныя дзяржавай асяродкi, гэты дыскурс, гэтыя рэдакцыi — гэта пiсаць пра нямытыя шыбы.

Як агул нашай сытуацыi, так i нашыя думкi вылучаюцца сваёй нястачай. Агульнае ўбоства беларускай рэчаiснасьцi, хоць на выгляд здаецца непазьбежным, папраўдзе ёсьць цесна зьвязаным з убоствам мысьлi i абумоўленым неахвотай глядзець i слухаць. Гэтае, як пiша Булгакаў, згаленьне выклiкае пагарду, бо яно дабраахвотнае.

Беларускае зноў звузiлася нават не да «культуры i мастацтва», а да этнаграфii й пары плыняў лiтаратуры й незалежнай музыкi, i часта яно само хаваецца ў гэтую калянiяльную шкарлупу.

«Беларуская лiтаратура тоесная Беларусi. Пры адсутнасьцi рэальнай, дзяржаўнай Беларусi лiтаратура паклiканая замяняць яе, выконваць яе ролю. Пiсаць у адпаведным стылi значыць ствараць у пэрспэктыве рэальную Беларусь. Лiтаратурнае адраджэньне тоеснае культурнаму й нацыянальнаму адраджэньню». Гэтыя праграмныя пастуляты, а фактычна ўтопii сярэднеэўрапейскiх народнiцкiх iдэалёгiяў у Беларусi дагэтуль жывыя, толькi iхны аб’ект трохi пашырыўся. Дзiўна, што iх прыўлашчваюць i тыя, хто стасуе сябе да «культурнай альтэрнатывы». Гэта сучасны мiт беларушчыны. Лiтаратуру пiшуць усе, хто можа — самыя пэрспэктыўныя палiтыкi, блiскучыя журналiсты, рарытэтныя тэрарысты.

«Вiягра» дапамагае з эрэкцыяй, але апроч гэтай сэксуальнай функцыi, мусiць быць яшчэ жаданьне, якое нараджаецца ў галаве або, паэтычна кажучы, у вачах (прынамсi, у мужчын).

Абмяжоўваючы сваю цiкавасьць толькi мастацкiм або толькi тутэйшым, мы знутры замацоўваем непаўнавартасьць беларускага. Фактычна, мы паддаемся абсурднаму падзелу: бел. лiтаратура па-беларуску, сусьветная лiтаратура — па-расейску, гiсторыя Беларусi — па-беларуску, сусьветная гiсторыя — па-расейску, 55 пытаньняў па фiлязофii — па-расейску, 56-е, гiсторыя разьвiцьця фiлязофскай думкi ў Беларусi — па-беларуску.

Або гаворым па-расейску, пiшам па-беларуску — прынцып бяз прынцыпу, якога трымаюцца многiя.

Краiна наша, культура ваша. Такi парадокс прапануе ўлада. Уладзе здаецца, што пры такiм падзеле яна нiчым не рызыкуе, бо пад «культурай» тут разумеецца ня ўвесь чын чалавечага генiя, i нават ня ўсё, зборам, мастацтва, нат ня ўсё пiсьменства, а толькi, фактычна, адзiн няновы дыскурс цi, iншым бокам, кантэкст, a priori згорнуты й пазбаўлены прэтэнзiяў на ўнiвэрсальнасьць. Ён, бывае, узбуджаецца, але й тады застаецца бясьсiльным. Раз-пораз ён дэкляруе сваё «адраджэньне» й ня можа зразумець, чаму яго адкiдаюць тыя, дзеля каго ён ахвярна iснуе (ахвярнасьць — адзiн зь ягоных закладзеных парамэтраў).

Такi дыскурс увесь час адстае ад свайго часу, ён зьвернуты ў мiнулае i, адпаведна, у вакуум абыякавасьцi вакол сябе. Законы займальнасьцi, сучаснасьцi, адэкватнасьцi ня дзеюць.

Зразумела, што адзiная эвалюцыя грамадзтва, якая задаволiла б нас, можа адбыцца па ланцужку «эканамiчны ўздым —культурнiцкi ўсплёск — палiтычныя рэформы». Мiж тым блiзкая для нас газэта «Навiны» наагул ня мела й ня мае рубрыкi «Культура/мастацтва», задавальняючыся тэлепраграмай, афiшай канцэртаў i спэктакляў i асьветнiцкiмi арыткуламi па гiстарычным краязнаўстве. Амаль тое самае ў iншых белмоўных «агульных» мэдыях. Вясельны маршалак «лiтаратурна-мастацкасьцi» быццам бы непатрэбны тым, да каго гэтыя мэдыi зьвернутыя.

Гэтыя развагi нарадзiлiся з суб’ектыўнай незадаволенасьцi тым, што прапануюць для чытаньня белмоўныя мэдыi, тым, што прынята лiчыць «беларускiм культурным кантэкстам». Такое сама права на месца ў кантэксьце маюць фэномэн «Вiягры», новаадкрытыя эканамiчныя заканамернасьцi, адзначаныя нобэлем, нечаканая мода на мужчынскi стрыптыз гэтым летам у Эўропе i праблема допiнгу ў спорце. Яны даюць ня менш матэрыялу для рэфлексii й творчасьцi тут i цяпер, чым так званыя «адвечна беларускiя» пытаньнi.

Шукаючы свой кантэкст ня там, творцы ставяць сябе па-за кантэкстам. Дэзынтэгруюцца ад грамадзтва i заганяюць сябе ў культурнае гета.

Вярнуцца ў Эўропу — значыць, жыць тым, чым жыве Эўропа. Iнакш стары слоган губляе ўсякi сэнс.

«Вiягра» й ёсьць адной з патэнцыйных (пардон за калямбур) тэмаў нармальнай, а не калянiяльнай, iнтэлектуальнай i мастацкай мысьлi. Дык жа дазволю сабе выказаць пару думак з нагоды мэдыцынскага нобэлю.

Маланкавасьць, зь якой дасягнула папулярнасьцi «Вiягра», абумоўленая самой эпохай высокага разьвiцьця мас-мэдыяў. У вiягравай лiхаманцы ёсьць i сымбалiчны аспэкт.

За красавiк-жнiвень у ЗША, паводле Food and Drug Administration, 69 чалавек памерла з прычынаў, зьвязаных з ужываньнем прэпарату, што анi ня зьнiзiла попыту на яго. Пiшуць, што «Вiягру» (10$ за пiгулку) цяпер купляюць ня толькi тыя, каму гэта насамрэч неабходна, але й проста ахвочыя да моцных эмоцыяў, моладзь на дыскатэках.

«Вiягра» стала эмблематычным аксэлератарам у гонцы за «вечнай маладосьцю», «абсалютнай мужнасьцю» i «сэксуальнымi посьпехамi». Як «Гербалайф» i iншыя сродкi для пахуданьня, безьлiч касмэтыкi й яе ўварваньне на аптэчныя палiцы, рост ужываньня й рэклямы анальгетыкаў i антыдэпрэсантаў, «Вiягра» паказвае на зьмену ролi мэдыцыны й фармацэўтыкi, якая адбываецца. Цяпер iх задача ўжо й не ў заглушэньнi сымптомаў той цi iншай хваробы, але ў тым, каб здаровыя людзi маглi атрымлiваць больш дабрабыту, то бок больш асалодаў, i каб гэты дабрабыт-асалоды былi больш iнтэнсыўнымi. Фармацэўтыка й мэдыцына робяцца касмэтычнымi.

Трыюмф рэкрэатыўнага афрадызыяка «Вiягра» — гэта таксама крок да легалiзацыi наркотыкаў. Гэты прэпарат, як тэхнамузыка, дыскатэкi, ёсьць прыстойным сымбалем наркатычнасьцi культуры эпохi канца тысячагодзьдзя. Сапраўды, чаму марыхуану нават у яе мэдыцынскiм ужытку цалкам не ўзаконiлi, тады як вiягру —калi ласка? Таму, што першую ўжываюць моладзь i бунтарскiя элемэнты грамадзтва, другую — збольшага асобы «трэцяга» ўзросту, тыя, хто пануе, хто ўстанаўляе «норму».

Зь iншага боку, як морфiй, найлепшы сродак супроць болю, стаў сымбалем дэградацыi волi, так «Вiягра» мае шанцы ў будучынi стаць сымбалем мэханiзацыi жаданьня.

Пад розгаласам вакол «Вiягры» ляжыць i падспудны чалавечы страх кастрацыi. Прэпарат сустрэлi з такiм энтузiязмам, бо ў iм — гарантыя сэксуальнай моцы (якая ляжыць у аснове ўсякай iншай моцы), у iм зарука ад эвэнтуальнага будучага краху, паразы ў гонцы жыцьця, або прынамсi надзея на такую гарантыю. Вiягра — мэлёдыя магутнасьцi.

Iнакш ня стаў бы настолькi вядомым мэдыкамэнт, памоцны пры праблемах, зь якiмi 90% людзей нiколi не сутыкалiся. Да лiтаратуры й мастацтва дзевяць дзясятых чалавецтва таксама маюць вельмi пасярэдняе дачыненьне.