Васiль Быкаў
ВАЎЧЫНАЯ ЯМА
Аповесьць
(Працяг. Пачатак у папярэднiм нумары)
Выратоўчы iх касьцярок, зь якога яны кармiлiся i якi грэў iх уначы i ўраньнi, апынуўся карай для салдата. Ён зжыраў неймаверную колькасьць дроваў, якiя ўсё цяжэй было здабываць у лесе. Мабыць, усё было б лепш, калi б яны мелi сякеру цi хоць якi здатны нож цi кiнжал. Але нiчога з таго ў iх не было — нi ў бамжа, нi ў салдата, дровы яны мусiлi здабываць голымi рукамi. Гарадзкi жыхар, салдат ня думаў, што ў лесе гэта стане праблемай. Галоўнае, калi бамж iшоў на балота, хлопец ня мог на даўгi час адлучацца зь берагу, а адлучыўшыся, кожны раз баяўся, што спозьнiцца, i касьцёр згасьне.
Таго дня ён асаблiва далёка й не адыходзiў. Выбраў у маладым хвойнiку ссохлую елку, якая была яму пад сiлу, i распачаў яе гнуць-хiстаць, каб выкруцiць з каранямi. Елка была не таўстая, тым ня менш давялося павалэндацца, i хлопец ажно спатнеў, пакуль управiўся зь ёю. Так i павалок цераз падлесак да рэчкi, усё трывожачыся, цi не патух касьцярок. Як iшоў, падклаў зусiм трохi, магло й дагарэць.
Выбраўшыся зь лесу на абрыў, перш за ўсё зiрнуў на бераг i ад зьдзiўленьня ледзьве ня выпусьцiў елку — каля касьцярка плячмi да яго сядзела незнаёмая жанчына. Касьцярок быццам яшчэ трохi дымiўся, i жанчына, апранутая ў джынсовую куртку i спартовыя штаны, клапатлiва падкладвала ў яго тое, што не пасьпела яшчэ дагарэць. Салдат амаль што спалохаўся, што яна можа й зусiм патушыць касьцёр, i саскочыў з абрыву.
— Во падкладваю, каб не патух, — сказала жанчына звычайным, амаль як у хаце, голасам.
Не адказаўшы ёй, салдат паправiў канцы недагаркi гальля — дымок пагусьцеў, неўзабаве павiнны быў паявiцца агонь: касьцярок не затухне. Гэта яго супакоiла, хаця паяўленьне жанчыны амаль затрывожыла, тым больш, што ён тут апынуўся адзiн, — бамж з ранку прападаў на балоце.
— Што, рыбу ловiш? — паўзiраўшыся ў яго заклапочаны твар, запытала жанчына.
Яна была куды старэйшая за салдата, мела жвавы й востры позiрк з-пад цёмных, не памаляваных брывоў; на яе вуснах таксама не было прыкметна сьлядоў памады, i яны здавалiся ня надта выразнымi на худаватым твары. Вольная манера гаворкi й не беларуская мова давалi зразумець, што жанчына не тутэйшая, — хутчэй за ўсё, з гораду. Але як яна апынулася тут? Што ёй тут трэба?
— Адзiн тут? — зноў запытала яна.
— Не адзiн, — буркнуў ён i палез на абрыў па елку. Усё ж трэба было падкласьцi ў касьцёр.
Ён звалок елку з абрыву, падцягнуў блiжэй да берагу i пачаў абломваць галiны. Некаторыя зь iх кiдаў у агонь, iншыя, што былi таўсьцейшыя, складваў наводдаль. Жанчына, пiльна назiраючы за iм, моўчкi сядзела ля кастра. Пасьля рэзка спытала:
— Ты дурань, цi што?
Перш, чым адказаць, ён кiнуў у яе бок злы позiрк, бо яна яўна бянтэжыла хлопца i, мабыць, не адразу ўцямiла тое. Але зразумеўшы, падышла да яго блiжэй.
— Давай памагу.
Удвох яны сталi ламаць зь елкi суччо, хаця, як ён зразумеў, дапамога ад яе была невялiкая; яна больш замiнала, тузаючы елку. Ростам яна была вышэйшая за салдата i, мабыць, нiколькi не бянтэжылася ў адносiнах зь iм. Ён жа немаведама чаму пачаў прыкметна для самога сябе саромецца ад таго, што яна была да яго так блiзка.
— А сякеры няма? — папыталася жанчына, i ён згледзеў, што наперадзе ў яе не хапае зуба.
— Няма.
— I пiлкi няма?
— Няма й пiлкi.
— Як жа ты тут абыходзiсься? Рукамi?
— Рукамi.
— А як рыба? Клюе?
— Клюе, — проста адказваў ён, ламаючы таўсьцейшыя сукi зьнiзу. Жанчына абломвала болей тонкiя зь вершалiны.
— I шмат налавiў?
Прыпамятаўшы iхны ўлоў i страчаны кручок, ён крыва ўсьмiхнуўся. Падумаў, аднак, што падрабязнасьцяў ёй тлумачыць ня будзе. Хто яна такая, каб усё ёй тлумачыць.
— А дзе ж твая вуда? Цi, можа, сетка? — не змаўкала жанчына.
— Для нашай рыбы вуды ня трэба, — сказаў ён, маючы на ўвазе жабаў.
— Во як! Значыць, ты тут не адзiн?
— Не адзiн, — сказаў ён i ўпершыню проста зiрнуў ёй у твар, затрымаўшы позiрк на вязанай шапачцы на галаве. Усё ж улетку ў зiмовых шапках жанчыны ня ходзяць, нават у лесе. Чаму гэтая ў шапцы? Ягоны позiрк, аднак, зараз жа прыкмецiла жанчына.
— Што, думаеш — благая шапка? Вельмi нават зручная. I камары не кусаюць. Дык з кiм жа ты ловiш?
— З кiм трэба, з тым i лаўлю, — стрымана сказаў ён i змоўк. Недарэчная цiкаўнасьць жанчыны пачала дакучаць салдату. Добра яшчэ, думаў ён, калi тое — толькi цiкаўнасьць. Хутчэй бы прыходзiў з балота бамж, ужо ўдвох бы яны знайшлi як адчапiцца ад гэтай жанчыны.
Жанчына ў сваю чаргу таксама зразумела, мабыць, што няшмат даб’ецца ад гэтага недарэкi-хлопца ў салдацкiм бушлаце, i сказала пра сябе:
— А я гэта iду, гляджу — касьцярок, i нiкога няма. Ну, думаю, прыкуру, а то запальнiца скончылася. А топаць далёка...
— Гэта куды ж — топаць? — ваўкавата запытаў салдат.
— Туды, — няпэўна махнула рукой жанчына.
I тады салдат убачыў ля вогнiшча невялiкую гаспадарчую сумку, зь якiмi гаспадынi звычайна ходзяць на рынак. У сумцы штосьцi было накладзена, аднак, наўрад цi прадукты — з выгляду сумка здавалася лёгкай. У той час з кустоўя ля рэчкi паявiўся бамж, якi, убачыўшы iх тут, прыпынiўся, але затым пачаў нетаропка наблiжацца па беразе. Жанчына, згледзеўшы яго, кiўнула.
— Напарнiк, ага?
— Напарнiк, — сказаў салдат. Ягоны нiякаваты настрой адразу стаў лепшаць, у прысутнасьцi бамжа ён адчуў сябе болей упэўнена.
Здаля азiраючы жанчыну, бамж падышоў да кастра. У шапцы ён трымаў налоўленых у балоце жабаў i цяпер яўна прыкiдваў, што зь iмi рабiць. Мабыць, паказваць iх незнаёмай жанчыне ён не хацеў, але й выпускаць таксама было шкада. Жанчына, падобна было, штось зразумела.
— Што гэта — рыба?
— Рыба, — раптам сказаў бамж. — Ляшчы. Паказаць?
— Пакажы.
Жанчына зрабiла некалькi крокаў насустрач, каб зазiрнуць у шапку, адвязаныя вушы якой ён сьцiскаў у кулаку. Але, зазiрнуўшы, адхiснулася.
— Фу, гадасьць! Нашто яны вам?
— Есьцi!
— Есьцi? Вы што?
— А нiчога. Голад — ня цётка.
— Панятна, — не адразу сказала жанчына i адышлася, здаецца, страцiўшы цiкавасьць i да жабаў, i да iхных лаўцоў.
Бамж мiж тым зь нечаканым iмпэтам забегаў каля кастра.
— А во мы iх зараз падкапцiм, падсмажым i зьямо за мiлую душу. Праўда, салдат? Можам i пачаставаць, калi згаладнела. Адкуль iдзеш? — быццам да добра знаёмай, зьвярнуўся ён да жанчыны.
— Адтуль, — сказала жанчына i прысела трошкi ўбаку ад вогнiшча.
— Салдат, давай болей дроваў! — па-камандзiрску распараджаўся бамж. — Напалi жару. А я iх выпатрашу, нафаршырую цыбуляй ды перчыкам. А як жа! Французы ядуць, а мы што — горшыя?
Салдат безь вялiкай ахвоты ўзяўся падкладваць у вогнiшча сухое яловае гольле, полымя ад якога хутка шуганула слупам пад неба. Зблiзку ад вагню стала горача, яны адышлiся далей; бамж ржавым складанчыкам выпатрашыў дзясятка паўтара жабак.
— Нябось уцякаеш? — раптам запытаўся ён у жанчыны, якая сядзела зводдаль. Жанчына насьцярожылася.
— А я не ўцякаю. Хай ад мяне ўцякаюць.
— Хе! Ты хiба зь мiлiцыi?
— Можа, i зь мiлiцыi...
— Так я табе й паверыў! — агледзеўшы яе, сказаў бамж.
Жанчына ў адказ засьмяялася — строгi яе напачатку твар па-добраму прасьвятлiўся.
— Ну й правiльна зрабiў. Цяпер верыць нiкому нельга.
На грудку напаленага вугольля бамж распачаў пячы-смажыць жабаў. Седзячы побач, салдат звыкла глытаў сьлiнькi й памалу пароў у агонь. Ён чакаў, што жанчына пойдзе, яе прысутнасьць непрыемна гняла яго, ён ужо пасьпеў адвыкнуць ад пустой балбатнi зь незнаёмымi. Для пустых размоваў яму даволi было бамжа. З жанчынай, напэўна, трэба было абыходзiцца iнакш, асаблiва з такой во бессаромнаю прылiпалай. У размовах з жанчынамi ён наогул рэдка калi трапляў на патрэбны тон, часьцяком саромеўся i нават пакутаваў з таго.
Празь якую гадзiну цi болей жабкi, здаецца, падсмажылiся, i яны паселi iх есьцi. Жанчына па-ранейшаму мясьцiлася трохi ўбаку ад вогнiшча, i салдат падумаў: ну, цяпер ужо пойдзе. Але яна нiкуды ня йшла, i калi бамж падаў ёй невялiчкую жабку на шырокiм лiсьце дзядоўнiку, якi служыў iм заместа талерак, нерашуча ўзяла яе. Аднак есьцi пакуль не сьпяшалася.
— А солi? Солi ў вас няма?
— Чаго няма, таго няма, — ахвотна патлумачыў бамж. — Знаеш, i выпiць няма. Можа, у цябе маецца?
— Чаго няма, таго няма, — бы перадражнiла яго жанчына i цiхенька, неўпрыкмет уздыхнула.
— Дык еш. Нябось даўно ня ела?
— Даўнавата, — прызналася жанчына. — Тут дзе возьмеш?
— Тут нiдзе няма. Апроч як у нас, — жартаваў бамж. —Рэстаранчык на беразе. Бы паплавок, праўда, салдат?
Салдат няўтульна пацепаў плячыма, падумаў: чаго ён чапляецца? Хай бы й чапляўся да яе, калi яму цiкава, ды пакiнуў яго ў спакоi.
Хутка яны скончылi тых жабаў, абсмакталi iх дробныя косткi, якiя бамж сабраў у адну кучку ды затаптаў у пясок.
— Во й паабедалi! I павячэралi таксама. Ну як — нiшто?
Жанчына няпэўна цепанула плечукамi — мабыць, адказу ў яе не знайшлося. Замест таго яна штосьцi дастала з сумкi.
— Закурым?
— А мы некурашчыя, — адказаў бамж.
— Траўку...
— Траўку? Тады давай.
Жанчына спрытна згарнула з паперкi таўстую цыгарку, прыкурыла ад вугальку з кастра. Бамж падсунуўся да яе блiжэй.
— Цябе як зваць?
— А цябе?
— Мяне — Жора.
— Ну калi ты — Жора, дык я — Жаржэта. Чуў такое iмя?
— А як жа! Толькi як ты тут апынулася? Тут жа зона.
— Ну i хрэн зь ёй, з зонай, — рэзка, без усьмешкi сказала жанчына. — Нам дык чаго баяцца?
— А сьмерцi?
— Сьмерць я ўжо бачыла. Нават пацалавалася зь ёй. Во, паглядзi!
Яна ссунула з iлба вязаную шапачку, i на выстрыжанай скронi паявiлася белае лапiкла лейкаплястыру.
— Што гэта?
— Ад кулi. Кiлер быў п’яны, не пацэлiў.
— Кiлер?
— А ты думаў — пятух клюнуў?
— I завошта?
— За грошы, канечне. За што ж яшчэ?
— I вялiкiя грошы? — зь цiкавасьцю пытаўся бамж.
— Увогуле драбяза, — абыякавым тонам распавядала жанчына. —Асноўныя грошы пасьпелi перагнаць за рубеж. Во толькi самi зяўнулi, рэшту не хацелася губляць. Ну, сябрук мой i атрымаў у свой круты лоб. А мне з рыкашэту — таксама.
— Аднак! — задуменна мовiў бамж. — Рызыковая ваша жытуха —з грашыма.
— Была з грашыма. А цяпер пуста ў кiшэнi.
— Ну й добра. Ужо цяпер кiлер адстане.
— Не скажы. Калi б адстаў, я б тут не апынулася.
— Во як!
Яны змоўклi, жанчына падала бамжу тоўсты недакурак, якi той ашчадна ўзяў закапцелымi пальцамi.
— Што — ужо курыў?
— Было некалi...
— А пацан? Хаця яму яшчэ рана, — вырашыла жанчына, з усьмешкай азiрнуўшы салдата.
Яму й зусiм стала нялоўка, амаль пакутна. I гэтая размова пра грошы, кiлераў, i курэньне «траўкi» непрыемна падзейнiчалi на яго, карцела ўстаць ды пайсьцi. Хай бы яны тут курылi й спавядалiся адзiн перад адным, усё ж у яго быў iнакшы, чым у iх, лёс. Аднак штосьцi ў асобе гэтай жанчыны прыцягвала ягоную ўвагу, i ён, хоць i зь непрыязнасьцю да яе, сядзеў i слухаў.
— Адной табе кепска, — сказаў бамж. — Напарнiка трэба.
— Дзе ж яго ўзяць — напарнiка?
— А мяне вазьмi. Цi, можа, хлопца. А што — у войску служыў, дэзэрцiр...
Салдат моўчкi ўстаў i берагам рэчкi пайшоў прэч.
Ён доўга й бяз справы хадзiў мiж хвояў, пазнаючы ўжо бачаныя мясьцiны лесу, часам прыкмячаючы дзе сухiя сукi, якiя маглi б спатрэбiцца для агню. Лаўжоў у доле тут было мала, пад хвоямi шырока распаўзьлiся зялёныя лапiклы чарнiчнiку, хутка павiнны былi паявiцца й ягады. Але галоўнае баравое хараство буяла ўгары, у бронзавым пералiве хвояў, якiя, бы на падбор, стаялi ўсе роўненькiя — i таўшчынёй, i ростам, i колерам аздобы, якi плаўна мяняўся з камля ад шэрага да ярка-залатога ў вершалiнах. Ад гэтых хваёвых вершалiн iмкнула чароўнае лесавае хараство, якога не было нi ў якiм iншым лесе. Аднак i тут панавала самота, i салдат не разумеў, чаму. Ужо гэткая баравая лагода павiнна б суцешыць, заспакоiць, абнадзеiць чалавека, а во не абнадзейвала. Хiба паглыбляла тугу — добра яшчэ, што не бурыла спакой. Спакою было тут нават багата, i чалавек нярэдка пераставаў прыкмячаць яго.
Паяўленьне тут гэтай незнаёмай жанчыны, здаецца, сапраўды разварушыла трохi заспакоеныя пачуцьцi салдата, пабудзiла ў iм паўзабытае пачуцьцё няёмкасьцi. Падобна на тое, што ён пачаў адчуваць сябе лiшнiм цi, можа, пабаяўся страцiць бамжа? Але бамж асаблiва яго й не трымаў ля сябе. Болей за ўсё верагодна, што ён адчуў непажаданую пэрспэктыву адзiноты, ад якой ужо стаў адвыкаць. I цяпер гэтая жанчына...
Ён нiколi ня ўмеў нармальна адчуваць сябе побач з жанчынай, асаблiва перад тымi зь iх, што былi старэйшыя, такiя гаваркiя i востраязыкiя; iх жаночыя жартачкi, скiраваныя на яго, бянтэжылi й крыўдзiлi яго. Ён злаваў часам, але не на iх — на сябе, ды нiчога зрабiць ня мог, ня мог перасiлiць сябе, толькi трываў. Калi не было магчымасьцi ўстаць i пайсьцi. Як во сёньня.
На чабаровай прагалiне ён павалiўся ў траву, прагна ўдыхаючы знаёмы гаючы водар, якi памятаў яшчэ зь дзiцячых гадоў, як на канiкулах жыў у бабулi. У полi цi ў лесе бабуля заўсёды зьбiрала розныя зёлкi, сушыла iх у цёмных сенцах, i ён часам пытаўся: нашто? Ад хваробы, казала бабуля. Узiмку прастудзiсься, захварэеш, а я завару гарбаткi — пап’еш i паправiсься... Калi б была жывая бабуля, пэўна, яна б i зараз заварыла якiх-небудзь лекаў — ад радыяцыi. Ён бы выпiў i быў здаровы. Але бабулi няма, а праклятая радыяцыя затаiлася дзесьцi паблiзу й чакае. Чаго толькi чакае? I колькi будзе чакаць?
Як пачало зьмяркацца, салдат вярнуўся на бераг. Ён думаў, што жанчына пайшла — што ёй тут рабiць зь iмi? Але аказалася, што побач з бамжом яна сядзiць ля агню i пра штось цiха гутарыць. Штосьцi расказвае. Каб не замiнаць iм, салдат апусьцiўся на абрыве зводдаль, пачаў азiраць затуманенае вечаровай смугой зарэчча. Там, мiж лугавога кустоўя, ужо паднiмаўся туман, няроўным поцягам плыў-расплываўся ля рэчкi, мкнучыся да ўжо затуманенай лесавой далечынi. Як заўжды, сьвятло мкнула зьяднацца са сьветлым, цьма — зь цемнатой, мусiць, у тым i была iх таемная спрадвечная роднасьць. Як i яшчэ пацямнела, мужчына з жанчынаю ўсталi ад вогнiшча й пайшлi ўгару, пад хвоi. Трохi счакаўшы, салдат спусьцiўся да агню, падклаў палак i сеў на сваё звыклае месца — тварам да рэчкi. Ён пазiраў у агонь, але слых яго лавiў таемныя й яўныя гукi лесу. Сьпярша там чуўся наводдалi цiхманы гоман, пасьля быццам крык, якi змусiў яго насьцярожыцца. А затым пасьля працяглага перапынку данёсься бесклапотны жаночы сьмех. Што б гэта ўсё азначала? —засяроджана думаў салдат, пра што-колечы, аднак, здагадваючыся. Але — толькi здагадваючыся. Самому ў такiм становiшчы апынацца не даводзiлася, а з мужчынскiх размоваў можна было меркаваць аб розным.
Каля касьцярка ён i задрымаў пад ранак — як заўжды, паклаўшы галаву на каленi, i прачнуўся, бо адчуў, што хтосьцi падышоў побач. Гэта была жанчына, i яе голас аж спалохаў яго ў цiшынi.
— Бедненькi, ён тут скорчыўся, бы сiротка, — казала жанчына, сядаючы побач. Яе лёгкая рука лягла на яго плячо, твар наблiзiўся да ягонага твару, i ён адчуў яе незнаёмае дыханьне. — Напэўна, азяб?
— Ды не, нiчога, — цiха адказаў ён, нечакана для сябе —амаль прыязна.
— Такi маладзенькi... Хочаш, я цябе пагрэю?
Салдат здрыгануўся ад настойлiвага дотыку яе абедзьвюх рук, спрабаваў адхiлiцца. Здаецца, ён спалохаўся i ўжо гатовы быў зьненавiдзець сябе за той свой спалох. Але штось непадуладна калючае ўзьнялося ў iм знутры, i ён ваўкавата мовiў:
— Не нагрэлiся... Там?
Жанчына цiхенька засьмяялася.
— Ды ну! Нагрэесься з вамi. Адзiн стары, другi малы...
— Ну i хай, — сказаў ён. — Нашто ж тады вяжасься?
— Аташчалi, вiдаць. На жабах, — пасьля паўзы ўздыхнула жанчына i выразна з жалем сказала: — Што ж!
Пасьля, адхiнуўшыся, скруцiла цыгарку з «траўкай», прыпалiла ад дымнага дубчыка з вагню i ўстала.
— Думала, хоць парачку награжу. Дзеля помсты. Не атрымалася.
Салдат узьняў галаву — жорсткiя словы жанчыны змусiлi яго здрыгануцца.
— Чаго дзiвiсься? Кажу, наградзiць хацела. Сьпiдзiкам. Такiм маленечкiм, невылечным. Мяне ж таксама салдат наградзiў. Ну хай не салдат — афiцэр, якая розьнiца. Так што табе пашэнцiла, пацан! — жорстка паведамiла яна.
Салдат марудна спасьцiгаў сэнс тых яе страшных словаў i ня ведаў, што адказаць. Дзякаваць або лаяцца. Хацелася запытаць: а як бамж? Але не запытаў. Хвiлiну ён няўцямна пазiраў на жанчыну, якая, прысеўшы на кукiшкi, са смакам зацягвалася «траўкай». Не дакурыўшы цыгарку, кiнула яе ў вагонь i ўстала.
— Вiднее. Пайду. На Ўкраiну ў якi бок? Туды? — махнула яна рукой.
— Ну, — разгублена буркнуў ён.
— Я тут заплутала трошкi. Даўно не хадзiла. Iншыя справы былi, — наркота!
Наркота, наркота, — стукала ў ягонай галаве невыразная думка, i ён прыпамятаў яе ўчарашнiя словы пра кiлера.
— А кiлер? — запытаў ён.
— Што? А, кiлер! — спахапiлася яна й засьмяялася, лёгка й шчыра. — А вы й паверылi!.. Ярунда ўсё. Гэта — па п’янцы...
Не разьвiтаўшыся, яна хутка пайшла па сьцежцы да трысьняговай затокi, пасьля прыпынiлася, i ў ранiшняй цiшынi сьвежа прагучэў яе недалёкi голас:
— I сьпiд — ярунда! Схлусiла я вам. Так што ня бойцеся...
Салдат сьпярша падняўся, узiраючыся ў яе невялiчкую на лесавым фоне постаць, затым апусьцiўся зьбянтэжаны. I калi празь якiх паўгадзiны з абрыву да яго скочыў бамж, толькi сказаў:
— Пайшла.
— Хай iдзе, — абыякава азваўся бамж. — На Ўкраiне нарката дзешавей.
Салдат не хацеў яму нi пра што расказваць, нi тым болей —пытацца. Сам ён разумеў няшмат, але й таго, што ўцямiў, для яго хапiла...
Колькi наступных дзён iхны найбольшы клопат стаў — жабы.
Зранку бамж iшоў у недалёкае балота, там разуваўся, зьнiмаў порткi i, асьцярожна ступаючы, лез у балота. Жабы i ня дужа ўцякалi ад яго, лянiва скакалi з-пад ног, i ён хапаў iх за даўгiя жылаватыя лапы, пiхаў у шапку. Праўда, жаб рабiлася ўсё меней, трэба было добра палазiць па багне, каб налавiць на вячэру.
Салдат тым часам падкладваў у цяпельца дроваў i лез на абрыў. Паблiзу ў бары ён ужо падабраў усё, што магло гарэць, цяпер па дровы трэба было iсьцi далей, у дробны сасоньнiк за баравым пагоркам. Здалёку цягнуць iх да рэчкi рабiлася цяжка (цi, можа, хлопец так зьнясiлеў), некалькi разоў на шляху ён адпачываў у доле, дарэшты спатнелы ў сваiм зашмальцаваным бушлаце. Бушлата ён не скiдаў нiколi, як нiколi не зьдзяваў свае кухвайкi бамж. «Усё маё нашу з сабой», — сказаў той аднойчы, як салдат заўважыў, што трэба б распрануцца, бо стала горача. Бамж не сказаў болей нiчога, а салдат падумаў, што той, зь яго немалым вопытам, мае на гэты конт i пэўную рацыю. Ён таксама нiколi тут не распранаўся.
Пра палiтыку яны не гаварылi, быццам палiтыка iх не датычыла. Падобна было, што ў атамнай зоне яны выйшлi з зоны палiтыкi, як i ўлады таксама, i падпарадкоўвалiся адно ня менш строгiм законам прыроды, законам выжываньня. Толькi аднойчы, як бамж прачнуўся на сьвiтаньнi, каб падмянiць салдата ля касьцярка, сказаў нiбы ў працяг колiшняй гутаркi цi, можа, чаго ўбачанага ў сьне:
— Знаеш, салдат, увогуле я — за камунiзм. Начарта мне гэты капiталiзм...
— Мусiць, таму, што капiталаў бракуе? — з усьмешкай сказаў салдат.
— Не, не таму. Пры камунiзме мяне, мабыць, даўно б у турму пасадзiлi. А тут пакуль каго не заб’еш, не пасодзюць.
— А вам што — у турму хочацца?
— Ня тое, каб хацелася. Але ў турме, калi параўнаць, — рай. Асаблiва зiмой. А што? Цёпла, кормяць, кампанiя нейкая. А паспрабуй перазiмаваць у паддашшы. Цi ў каналiзацыi. Ды паваяваць зь мiлiцыяй, з крыклiвымi дворнiчыхамi. А ў сьмецьцевых скрынях пры дамах цяпер што знойдзеш? Людзi самi ўсё жаруць, толькi цалафан выкiдваюць, — мовiў ён зь нейкаю нават крыўдай. — Начарта мне гэты капiталiзм, лепш быў сацыялiзм.
— Каўбаса дзяшовая, — у тон яму зазначыў салдат.
— I каўбаса, i шмат што iншае. Вазьмi агароды. Можна было пайсьцi i накапаць бульбы цi там нарэзаць капусты. Нiкому не шкада — усё калгаснае. А цяпер цябе гатовы з ружжа застрэлiць за адну маркоўку. Вунь старога бамжа ў Зялёным i стрэльнулi. За дзьве маркоўкi аддаў жыцьцё. Не аддаў на вайне за радзiму, дык за дзьве маркоўкi аддаў. Не, нашаму брату пры сацыялiзме лепш.
— Мусiць, пры сацыялiзме i бамжоў не было. Не дазвалялася.
— Не дазвалялася, ага, гэта праўда. Нават жабракоў вывелi.
— А жабракi i бамжы — гэта не адно й тое ж?
— Вялiкая розьнiца, — сказаў бамж. — Жабракi просяць, а бамжы — нiколi. Хiба, калi iм самi даюць. Бо гонар маюць.
— Во як! А я й ня ведаў.
— Бо малады i шмат чаго ня ведаеш. Але я цябе навучу. Раскажу пра сацыялiзм як вышэйшую фармацыю... Чаго? Капiталiзму цi камунiзму — ужо й забыўся.
— Але некаторым i пры капiталiзме няблага, — сказаў салдат. — Вунь якiя катэджы набудавалi. Зноў жа iншамаркi...
— Набудавалi, ага. Жульлё рознае. Што яны зарабiлi на тыя катэджы? Накралi i карыстаюцца. Была ўлада савецкая, а стала бандыцкая. Знаеш, аднойчы я не стрываў. Ну, у Менску. Бачу, у двары двое корпаюцца ў новенькiм «БМВ». Знаеш, апошняя мадэль, усё ў iм блiшчыць, бы ў люстэрку. I гэтыя пачынаюць у iм разьбiрацца: дзе карбюратар, дзе турбанадуў, дзе шрус. А разьбiраюцца слаба, адразу вiдаць, усё зь нямецкай iнструкцыяй зьвяраюцца. Я падышоў, аж душа мая зьнямела, кажу: дазвольце мне, хлопчыкi, толькi зiрнуць, я ж аўтамэханiк. Яны паднялi галовы, убачылi мае транты, i адзiн са стрыжанай патылiцай хапае гаечны ключ — мабыць, памеру 28 на 30, i як гаркне: прэч адсюль, бомж ванючы! Ну, я iм паказаў бамжа ванючага. Я iм выдаў. На двары аж кучка пэнсiянэраў сабралася. I знаеш, мяне падтрымалi.
— Няўжо падтрымалi?
— Яй богу. Адзiн сказаў: ноччу iм колы папраколваць, каб ведалi. Але гэта дарма. У такога прыгажуна колы папраколваць рука не паднiмецца. Хай езьдзiць. Але я ўжо болей яго не пабачу.
— Хто ж вiнаваты...
— Канешне, сам вiнаваты, — азваўся бамж i перайначыў размову. — Ну, як там нашыя жабiны? Цi варушацца?
Пад той час яны зрабiлi некаторы харчовы запас — налоўленых у балоце жабаў пасадзiлi ў выкапаную на беразе ямку, напусьцiлi туды вады, каб жабы пачувалiся лепей. А каб яны не вылазiлi, бамж прыкрыў iх зьверху тонкiмi жэрдкамi.
Цяпер амаль увесь час ён прападаў на балоце. Праўда, зблiзку жабаў хутка ня стала, — цi ён iх палавiў, цi, можа, адчуўшы небясьпеку, тыя перабралiся ў дальнi канец балота, дзе было глыбей i рос трысьнёг. Часта лазiць туды ў багну бамж асьцерагаўся; зноў жа там сталi трапляць дзiўнаватыя жабы, мусiць, жабы-мутанты, цi што? Некалькi разоў ён лавiў iх зь дзьвюма парамi даўгiх заднiх лапаў i сьпярша аж парадаваўся: будзе болей наедку. Але пасьля пакiдаў iх у багну — невядома яшчэ, чаго чакаць ад гэткага наедку. Iншым разам яму траплялiся невялiкiя жабкi зь дзiўна скасабочанай галавой —не ў канцы тулава, а быццам як збоку. Гэтых таксама давялося адбракаваць. За той час бамж ужо набыў пэўныя веды пра жабаў i разьбiраўся ў iх ня горш за якога прафэсара. Дзiва што — столькi часу прабыў у балоце сам-насам з жабамi. Яго толькi трохi дзiвiла, што жабы нiдзе не квакалi, быццам усе страцiлi свой адмысловы жабiны голас.
Надвор’е на той час увогуле спрыяла iхнаму бамжоўству. Зранку выдаралiся негустыя туманы, на траву клалася раса. У паўдзён жа было нават сьпякотна, i тады салдат перабiраўся на абрыў, у засень, пад хвоi. На сонцы ён стаў пачувацца блага: дужа кружылася галава, часам мутнела ўваччу, i ён пераставаў бачыць удалечынi. Але гэта ўсё з галадухi, ад недаяданьня, супакойваў сябе хлопец. Пра горшае не хацелася думаць. З абрыву ён не пераставаў сачыць за вогнiшчам, якое слабенька дымiла, хаваючы ў прысаку не патрэбны да часу агонь. Неяк ён задумаўся на абрыве i раптам заўважыў, як касьцярок моцна задымiў, заiскрыў пад сьвежым подыхам ветру, што наляцеў ад рэчкi. Тады хлопец зiрнуў у неба i спалохаўся — з-за бору сунулася шызая, з загорнутымi берагамi хмара, упершыню загрукацеў далёкi раскоцiсты гром.
На выпадак дажджу ў бамжа была падрыхтаваная нешырокая пячурка ў абрыве, дзе ляжала некалькi патушаных галавешак. Абпякаючы рукi, салдат пачаў пераносiць з кастра дробныя галавешкi, хаваць iх у пячурку. Але ён не пасьпеў. Зь неба раптоўна абрынуўся дождж-лiвень, берагавы пясок умомант змакрэў, рака задымела ад струмянёў i бурбалак, касьцёр хутка асеў i патух. Ужо змокшы ў сваiм бушлаце, салдат падаўся да пячуркi, каб неяк уратаваць наношаныя галавешкi, але з абрыву туды таксама палiлiся дажджавыя ручаi, яны хутка залiлi i пячурку, i ўсе галавешкi ў ёй. Тады хлопец стаў побач i роспачна апусьцiў рукi...
Неўзабаве прыбег з балота бамж, таксама ўвесь змакрэлы, але з жабамi ў пале кухвайкi. Той адразу зразумеў, што сталася i, можа, упершыню брыдка вылаяўся.
— Ну што цяпер? Сырымi iх жраць?
Салдат змоўчаў, ня ведаючы, што сказаць, — усё ж ён пачуваў сябе вiнаватым, што не ўбярог касьцярка. Але i як было ўберагчы ў гэтай залеве? Мабыць, бамж разумеў тое й не дакараў хлопца, толькi неяк надта засумаваў адразу. Ягоны звычайна дзейны, бадзёры настрой увачавiдкi зьмянiўся на заклапочана-пахмуры.
— Дрэнь справы, — раздумна сказаў ён. — Што есьцi будзем?
Што есьцi, салдат ня ведаў; ня ведаў, што ў гэтай сытуацыi можна было прыдумаць, i ён вiнавата маўчаў. Бамж абвяла апусьцiўся на мокры пясок.
— I мне нешта сёньня... — сказаў ён i ня скончыў. Салдат занепакоена падняў галаву.
— А што?
— Ды ў грудзях душыць...
Салдат маўчаў, чакаючы, што бамж скажа нешта й яшчэ, але той не сказаў болей нiчога. Яны абыдва сьцiхлi пад здрабнелым ужо дажджом, размова далей ня йшла, кожны панура аддаўся ўласнаму клопату. Агульны, падобна, разам з дажджом адышоў стараной. Пасьля салдат павярнуўся i памалу падыбаў па змакрэлым беразе, шлёпаючы падэшвамi па набрынялым пяску.
Становiшча iх пагаршалася. Толькi паспадзявалiся на лепшае, знайшлi, як уратавацца ад голаду, ды раптоўны лiвень адабраў у iх надзею. Што яны цяпер без агню? Ды й бамж пачаў наракаць на здароўе. А нядаўна яшчэ выхваляўся: загартаваны арганiзм, нiякая радыяцыя не бярэ. Не, мабыць, перад атамнай чумой нiхто не ўтрымаецца. Справа толькi ў часе...
Але што ж iм рабiць?
Нядаўна яшчэ шмат у чым, што тычылася iхнага тут побыту, салдат спадзяваўся на бамжа, чалавека болей спрактыкаванага ў зоне, мабыць, як i ў жыцьцi таксама. Але во аказалася, што й бамж ня ўсё можа i нават ня ўсё ведае. Пра што-колечы трэба даўмецца самому. Калi ня позна...
Мiж тым насоўвалася сырая, сьцюдзёная ноч, належала паклапацiцца, як начаваць. У зямлянцы-нары ўсё абрушылася, лезьцi туды было неяк. Трохi счакаўшы, пакуль сьцiхне дождж, яны пачалi ўладкоўвацца на абрыве. Недалёка ў лесе салдат наламаў яловых галiн, якiя перацягнуў да абрыву, удвох з бамжом яны расклалi iх пад крайняй сукаватай хвояй.
— Ну й няблага! Праўда, салдат? — падбадзёрыў сябе й яго бамж. — Галоўнае, ня падаць духам. А там як-небудзь...
Падобна на тое, сам ён падаць духам усё не хацеў, усё чапляўся за нейкую прывiдную надзею. Зрэшты, так, можа, i лепей, думаў салдат. Чым марнець ды стагнаць, лепш рабiць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.
Але й як жыць з такiм адчуваньнем?
Усё ж, мабыць, трэба б яму мець iншы характар, не рэагаваць так драматычна на нягоды жыцьця, — можа, так было б лепей. Навучыцца болей трываць, чаго ён ня ўмеў, хоць ужо й так натрываўся нямала. Калi б там, у казарме, ён неяк стрываў, перажыў сорам i абразу, як гэта зрабiў ягоны зямляк Пецюхоў, можа б усё й абышлося. А так нарабiў бяды i гэтаму сабаку Дробышаву, i сабе таксама. I калi Дробышаў заслужыў, што паймеў, дык завошта ён гэтак пакараў сябе?
Але й як было рэагаваць iнакш цi не рэагаваць зусiм? Ня мог ён нi скардзiцца начальству, нi дараваць крыўдзiцелям абразу. Колькi ён наслухаўся ў жыцьцi ды начытаўся ў кнiжках, што чалавек ёсьць стварэньне вышэйшае i павiнны мець здольнасьць абаранiць свой гонар. Дык вось ён i абаранiў гэты гонар. I чаго тым дамогся?
Дамогся горшага, чым запэцканы гонар, — на гэты раз пагрозы жыцьцю. Што ўжо тут клапацiцца пра гонар, калi зьнiкае магчымасьць жыць...
Во трапiў у ваўчыную яму. Колькi куды нi скачы — ня выскачыш.
Яшчэ не зусiм сьцямнелася, як бамж лёг на калючую яловую кучу, падкорчыў ногi.
— Ну, а ты што? — гукнуў ён салдату. — Iдзi кладзiся. Удвох цяплей будзе...
Салдат доўга i моўчкi сядзеў поруч, думаў. I як зусiм стала цёмна, таксама лёг плячмi да бамжа. Спакваля быцам зрабiлася цяплей, памалу сунялася настылая дрыготка. I ён заснуў.
Бамж ляжаў цiха, стараўся лiшнi раз не варочацца, каб не трывожыць хлопца. Сну ў яго не было, пачуваўся ён блага, дарэчы, ня першы ўжо дзень. Сьпярша думаў, што, можа, прастудзiўся на балоце, як лавiў жабаў, але на прастуду было непадобна. Зноў жа да прастуды ён быў загартаваны, даўно ня кашляў i не смаркаўся, забыўся, калi хварэў на грып. Цяпер было такое адчуваньне, нiбы ў яго зьлiплася правае лёгкае, балела, што не ўдыхнуць; колькi дзён ён абыходзiўся частымi дробнымi ўздыхамi, рабiць хутка ня мог, мог толькi спакваля, памарудзiўшы; нават упраўляцца зь цяжкаватым вудзiльнам яму было трудна. Не лягчэй было й нагiнацца за порсткiмi жабамi. Лацьвей, калi сьпярша iх было багата. Пасьля, аднак, паменшала, i ён, ганяючыся за кожнай, проста зьнемагаў да вечара.
Сярод самай начы ён, здаецца, заснуў, але праспаў зусiм мала. Прачнуўся i ляжаў так, слухаючы лесавы шум. Таемныя гукi лесу даўно яго не трывожылi, нiчога ён не баяўся нi ў лесе, нi ў горадзе. I нават тут, у зоне, здаеца, нiшто яго не магло напалохаць. Салдат за плячыма роўна i глыбока дыхаў, ад яго мкнула добрае, густое цяпло, яно заспакойвала. Усё ж куды лепш за адзiноту было ўдвох, нават з дэзэрцiрам, можа нават забойцам. Але з маладзейшым. Усё ж старому патрэбны малады побач. Са старым часам цiкава, але не заўжды прыемна — малады ж абнадзейвае, быццам малодзiць нават. Нават такога застарэлага бамжа, як ён.
Зрэшты, бамж не заўсёды быў бамж, некалi меў уласнае iмя й нават пагоны на плячах, — як служыў у войску намесьнiкам камандзiра па тэхнiчнай частцы. Апошнiя пяць гадоў ягонай службы мiналi ў далёкiм прыпалярным гарнiзоне, дзе ён мацаваў ракетны шчыт радзiмы i жыў разам з жонкай, загадчыцай афiцэрскай сталовай, i маленькiм сынком Дзянiскам.
Прыпалярны ракетны гарнiзон па сутнасьцi мала чым адрозьнiваўся ад колiшняга Гулагу; там далёка ня кожны мог стрываць нават год, а яны змушаныя былi трываць тры, чатыры, а то й пяць гадоў запар, — пакуль дачакаюцца замены. Суцэльная сьнежная ноч бяз дня, маразы i сьцюжы, гнятлiвае пачуцьцё закiнутасьцi на край сьвету шмат каго даводзiлi да канфлiкту з начальствам, сям’ёй, нярэдка з самiм сабой, што нават канчалася стрэлам у скроню. Мiжволi вайскоўцы шукалi нейкае выйсьце, прадуху ў гнятлiвым жыцьцi i, вядома ж, знаходзiлi яго ў бутэльцы цi, лепей сказаць, у бэнзынавай бочцы, у якiх «Ваенгандаль» завозiў на поўнач 95-градусны сьпiрт. Гэты напой меў высакародны каньячны колер i за палярную ноч спажываўся дарэшты. А калi яго не хапала, тады ў мясцовай крамцы дужа павялiчваўся попыт на адэкалёны, ласьёны ўсiх гатункаў, на розныя тэхнiчныя вадкасьцi.
Нампатэх тады i ў сьне ня бачыў сваю хуткую будучыню, быў, як усе, — у меру пiў i ня надта цьвялiў начальства. Зусiм не цьвялiць было нельга, таго б не зразумелi нi сябры-таварышы, нi падначаленыя, нi нават начальнiкi. А галоўнае, не было такой магчымасьцi, абставiны вымагалi. Даванаццаць i болей гадзiн у боксах каля настылай на марозе тэхнiкi, з даўно памарожанымi рукамi, на сьцюжы й скразьняках, у няспынных сутычках з начальствам — сваiм штатным, штабным i правяраючым, — усё тое як мае быць выматвала сiлы й нэрвы. Адзiным паратункам ад таго было выпiць, расслабiцца, абнавiць нэрвовыя сiлы, каб заўтра зноў марнаваць iх у тых самых боксах i тых самых сутычках.
Так цягнулася шэраг гадоў; мабыць, дацягнулася б i да жаданай зьмены, калi б аднойчы ў разгар палярнай начы ў гарнiзон не прыляцеў новы камандуючы ракетных войскаў. Генэрал толькi што быў прызначаны на гэтую пасаду рашэньнем палiтбюро, якое падпiсаў сам Леанiд Iльлiч, i меў жалезную рашучасьць навесьцi бальшавiцкi парадак у самым стратэгiчным родзе войска. Зрабiўшы двухдзённы разгон у падразьдзяленьнях, зьняўшы з пасадаў двух камандзiраў i трох iх намесьнiкаў, генэрал выправiўся на ня дужа далёкi (за 250 кiлямэтраў) аэрадром стратэгiчных бамбардзiроўшчыкаў. Натуральна, як самы вялiкi ракетны начальнiк, ён ня мог езьдзiць на нейкiм вайсковым «Уазе», а прывез з сабой у самалёце адмысловы ўрадавы «Зiм», якi яго й падвёў. А заадно спляжыў i без таго ня дужа блiскучую кар’еру дывiзiйнага нампатэха.
Зрэшты, даўно тое было, за шмат гадоў усё было перадумана, i ён даўно ня меў крыўды на тагачаснага генэрала, што, як ён чуў, дажываў свой век на падмаскоўнай дачы. Разумеў, вiнаваты быў сам, ня трэба было так паводзiць сябе, належала б асьцерагчыся. Але й як асьцеражэсься, калi самы блiзкi табе чалавек — жонка толькi й пiльнавала, каб дзе падлавiць яго, падставiць начальству, бачачы ў тым сваё помсьлiвае жаночае задавальненьне. Таго разу пасьля генэральскага разбору ў клюбе, як камандуючы ўжо выехаў за прахадную, i ў палку з палёгкай уздыхнулi, ён зь сябруком у акумулятарнай спажылi бутэльку 95-градуснага, i нампатэх завалiўся спаць. Мiнулай начы спаў усяго тры гадзiны пасьля шалёнага перадпаверачнага аўралу ў аўтапарку i цяпер спаў, як забiты. I раптам жонка штурхае яго ў плячо — прыбег дзяжурны. Дзяжурны перадае загад камандзiра паехаць на 27-ы кiлямэтар, дзе ў камандуючага сапсаваўся «Зiм». Дзяжурныя ўжо езьдзiлi, ня могуць зразумець, у чым справа — рухавiк не заводзiцца. Што было рабiць соннаму, нецьвярозаму нампатэху? Абклаў матам жонку (нашто сказала, дзе сьпiць) i надзеў паўшубак. Машыну ён даволi хутка наладзiў (у той забракаваў ланцуг высокага напружаньня), i яна завялася. Але пакуль ён корпаўся пад капотам, напрактыкаванае вока камандуючага, мусiць, нешта ў iм згледзела, ён папытаўся прозьвiшча нампатэха i кiнуў ад’ютанту — запiшы. Нампатэх падумаў: ну, будзе падзяка ў загадзе, i сьцiпла парадаваўся. Загад сапраўды неўзабаве прыйшоў з вынiкамi высокай праверкi, i там пасьля шмат чаго iншага аб’яўлялася аб звальненьнi ў запас неадпавядаючых службе афiцэраў. Сярод iншых было i ягонае прозьвiшча. I гэта за два гады да выслугi на пэнсiю, зь неладамi ў сям’i, у прыпалярным гарнiзоне, дзе немагчыма было знайсьцi нi кватэры, нi працы.
А тут i зусiм разьюшылася жонка, якая не трывала яго ў пагонах, дзе ўжо было ёй мiрыцца зь беспрацоўным. Паўгода яна дамагалася разводу, а разьвёўшыся, тут жа запiсалася з даўгавязым, бы жардзiна, прапаршчыкам, нядаўнiм сваiм улюбёнцам. Ды яшчэ наскардзiлася ў палiтаддзел на маральнае разлажэньне нядаўняга мужа. У часе чарговых разборак на партбюро ён, не стрываўшы, кiнуў на стол свой партбiлет i ў той жа вечар добра напiўся. Пасьля, як ня стала грошай, кудысьцi паехаў з выпадковым субутэльнiкам, у нейкiм паўночным гарадку уладкаваўся iнжынэрам мясцовага аўтапарку, дзе праз паўгода яго зьнiзiлi да брыгадзiра мэханiкаў. Затым некалькi месяцаў рабiў шараговым шафёрам, пакуль ДАI не адабрала правы. Мабыць, самая пара было адумацца, зрабiць нейкiя высновы з свае кар’еры наадварот, але адумацца нампатэху не выпадала. Найперш не было часу. Жыў безь сям’i, вадзiўся з процьмай сяброў-субутэльнiкаў, выдатных, на яго думку, мальцаў. Нехта зь iх прысватаў яго да таксама неблагой кабецiны (немаладой, праўда), якая рабiла ў гастраноме. Як ён цяпер разумеў, то была цярплiвая жанчына i хацела яму толькi добрага. Яна нiкому на яго ня скардзiлася, калi ён па тыднi не паяўляўся дома, толькi часьцяком плакала, i аднойчы яму стала яе шкада. Як яна сказала, што, можа б, ён падлячыўся ў ЛТП, ён пагадзiўся. Тры месяцы ён сумленна адпакутваў сярод такiх, як сам, небаракаў, глытаў розную дрэнь, драў кiшкi ад ванiтаў. Але трываў, — ён сапраўды хацеў вылечыцца й завязаць. Ён дужа ўзрадаваўся, як доктарская камiсiя прызнала ягонае лячэньне скончаным i выпiсала адпаведны дакумэнт, якi ён з радасьцю прывёз жанчыне. Тая, ня менш за яго ўзрадаваная, прыгатавала смачны абед з украiнскiм баршчом, якi ён заўсёды любiў, заслала на стол новы абрус. Аднак не хапiла хлеба, i ён вырашыў зьбегаць у хлебную краму на суседняй вулiцы. Гаспадыня дала яму грошай —дваццаць пяць рублёў у адной купюры, ён хутка купiў бохан хлеба i скiраваў дадому. Яму можна было iсьцi наўпрост, цераз двор, каля дзiцячага садзiка, а можна па вулiцы, дзе на рагу мясьцiлася тутэйшая забягалаўка з ласкаваю назвай «Уралачка». Не падумаўшы, ён пайшоў па вулiцы i каля забягалаўкi канешне ж наткнуўся на даўнiх сяброў — аднавокага Юзя i Колю Валяўку. Тыя дужа ўзрадавалiся сустрэчы, бо ня бачылiся ад пачатку лета, i папыталiся, дзе быў. «Лячыўся, — сказаў ён. — У ЛТП». — «Ну, i як?» — «Парадак. I спраўку маю». Сябры дужа ажывелi — спраўку належала абмыць. Ён завагаўся, але тыя сказалi: «Ня бойся, можаш ня пiць. Мы за цябе вып’ем». Як было адмовiць харошым мальцам выпiць за сябе, i ён зайшоў — на хвiлiнку. Тая «хвiлiнка», аднак, задоўжылася, ён выбраўся з «Уралачкi» недзе апоўначы ў дым п’яны, бяз грошай i бяз хлеба. Прадаўшчыца тры днi праплакала, а затым сабрала ягонае майно ў стары чамадан i выставiла яго на ганак. «Ты мне болей ня муж. Тым болей, мы не расьпiсаныя»...
Пасьля былi й яшчэ жанчыны, добрыя i злыя, некаторыя спрабавалi перарабiць яго, адвучыць ад згубнае жарсьцi. Былi яшчэ два ЛТП, адзiн ганебны прысуд «да хiмii». I ўсё марна, без жаданага вынiку. Былы нампатэх ня мог перамагчы ў сабе прагнага шэранькага пацучка, пацучок пасьлядоўна перамагаў нампатэха. Апошнi пакутаваў, лаяў сябе за няўдачы й зрывы, але працягваў пiць, спынiцца ён ужо ня меў сiлы. Галоўнае — ня мог выскачыць з пэўнага кола сяброў. Кожны дзень ён быў на ўзводзе — за свае, заробленыя, цi на халяву, у доўг. Выпiць было куды лягчэй, чым прыдбаць паесьцi, i ён часьцяком швэндаўся па вулiцах галодны, нэрвова напяты ад незадаволенага жаданьня ўсё таго ж — выпiць. Толькi апынуўшыся ў зоне, на абсалютнай адзiноце, неяк суняўся, можа, тут паспрыяла прырода, а можа, страх набрацца радыяцыi, хто ведае. Магчыма таксама, што справа ў прымiтыўным ладзе жыцьця, дзе не было месца выпiўцы. Сапраўды, нiхто яго тут не падахвочваў, ня тузаў i не забараняў, тут ён круглы дзень пачуваўся свабодным, залежным толькi ад уласнае волi. А свабода, смак якой ён добра спазнаў у бамжоўстве, бы наркотык, цягнула яго да яшчэ большай свабоды. Здаецца, ужо тут яна стала абсалютнай, i ён акрыяў. Калi б толькi пра гэтую атамную зону ня спраўдзiлася рознае страхоцьце — наконт радыяцыi, аблучэньня, радыёнуклiдаў ды iх наступстваў. Але, думаў ён, хiба небясьпечная толькi зона? Хiба не хварэюць i не памiраюць воддаль ад яе — ад раку, сэрца, ад СНIДу нарэшце. I якая розьнiца, ад чаго памерцi, калi прыйдзе той час. Ён сам сто разоў мог загнуцца, але ягоны час, мабыць, яшчэ не настаў. А як настане, ён шкадаваць ня будзе. Бо такое было жыцьцё.
Раньняй вясной мiлiцыянты выкурылi iх з пустой закiнутай дачы, дзе ён зь яшчэ адным небаракам перабылi зiму. Ды яшчэ навесiлi на iх рабаўнiцтва маёмасьцi, якой яны й ня бачылi, бо дачу абрабавалi да iх. Менавiта тады ён рашыў — у зону! Мабыць, iншага месца на зямлi для яго не засталося. Прынамсi, падумалася, што ў зоне яго шукаць ня будуць, i ён пражыве там у спакоi, колькi дасьць Бог. Зноў жа ягоны напарнiк, былы iнструктар райкаму, сказаў, што ў зоне або адразу адкiнеш капыты, або загартуесься, як сталь. Напарнiк ведаў, бо ён сам паходзiў з раёну, якi апынуўся ў зоне. Праўда, разам ехаць былы iнструктар не захацеў, меў нейкiя прычыны. Ён жа важкiх прычынаў ня меў i паехаў, як некалi ехалi на цалiну цi на БАМ. Губляць яму не было чаго, грошай ён ня меў, чым харчавацца ў зоне, iнструктар яму не сказаў. Але ў яго прапацелай шапцы зь летняй пары тырчэў iржавы рыбны кручок, якi яго й выручыў. Ужо ён бярог яго, той кручочак... Увогуле ля ракi ўлетку жыць было можна, нiхто яго тут не трывожыў, за два месяцы ён не спаткаў нiводнага чалавека. Беглы з часьцi салдат быў першы, хто тут зь iм павiтаўся, i ён быў хлопцу рады. Усё ж, мабыць, чалавек не павiнен жыць у адзiноце, нават воўк адзiн не жыве.
Вось каб толькi лепш пачувацца...
Дагэтуль у яго не было падставаў наракаць на здароўе, пачуваўся няблага нават на поўначы. Праўда, тады ён пiў. А тут як вып’еш — раптам натрапiў ён на выразную думку, ад якой апошнiм часам неяк зусiм адвык. Во ў чым прычына, а ня ў той радыяцыi...
Ранiцай, як толькi пачало шарэць, побач заварочаўся салдат, i бамж зразумеў, што той прачынаецца. Сам ён ляжаў моўчкi, ня маючы ахвоты ўставаць i нават размоваю парушаць ранiшнюю цiшыню лесу. Не расплюшчваючы вачэй, слухаў, як салдат падняўся, трохi пасядзеў, надзеў у рукавы бушлат.
— Пайду. Па агонь, — сказаў урэшце хлопец.
Бамж памаўчаў крыху. Тое рашэньне салдата не сказаць, каб было для яго нечаканкай, але не адазвалася й радасьцю. Дужа трывожлiва было на душы ў бамжа, i ён спакваля папытаўся:
— I куды пойдзеш?
— А там хутар. За рэчкай.
— За зонай?
— За зонай.
Салдат пераабуўся, устаў, зрабiў сваю справу паблiзу. Але ня йшоў. I бамж, набраўшы болей паветра ў балючыя грудзi, сказаў:
— Ты гэта... Можа, ня варта i вяртацца? Сюды...
— А куды ж? — павярнуўся да яго салдат. — Куды ж болей?
— Ну, цi мала куды. Сьвет вялiкi.
— Сьвет вялiкi, а месца няма. Счытай, для нас нiдзе нет.
— Для нас нет, — пагадзiўся бамж i ледзьве стрымаўся, каб не заплакаць. Чамусьцi сьлёзы падступiлi да яго надта блiзка, аж закруцiла ў носе. Але кароткiм намаганьнем ён стрымаў сябе.
Салдат ужо скочыў з абрыву, як бамж яго прыпынiў.
— Слухай... Ты гэта там... Ну, можа, хоць чакушачку? Ну, самагону, калi можа...
— Што?
— Ну, гэта... Выпiць мне, — слабым голасам патлумачыў бамж.
— Чаго захацеў! — няласкава азваўся салдат i хутка пайшоў берагам рэчкi.
Заканчэньне ў наступным нумары.