Славамiр Адамовiч

КРОКI НАСУСТРАЧ

 

Прывiтаньне, паважаны (...)!

Вось перабралася я ў вялiкi горад Вiцебск i займаюся напiсаньнем лiстоў. Мiж iншым, я даўна нiчога ня чула пра Вашу дзейнасьць i мы ня мелi ад Вас нiякiх зьвестак. Тым больш мне хочацца пагутарыць (...) НА НАШАЙ РОДНАЙ МОВЕ, бо тут я ўжо зара? развучуся размаўляць па-беларуску. Вiцебск хоць i вялiкi горад, ды яшчэ i абласны цэнтар, але роднай мовы тут нi разу яшчэ ня чула. Як паступiла, думала, што сутрэнуся з моладзьдзю, якую хвалюе наша будучыня (маю на ўвазе будучыню беларусаў). Уяўляеце, якое расчараваньне, калi ўбачыла, што нiкога гэта не цiкавiць. Тут В.С. мне навучаньне такое даў, што ўсiм трэба, уся моладзь гарой за Беларусь. Я, вядома, доўга яму пярэчыла i на гэтым мы разышлiся (...). Я вучуся на закройшчыцу ў вучылiшчы i задаволена гэтым. Праўда, не хапае вельмi дому i сяброў. Я спадзявалася тут, у горадзе, знайсьцi аднадумцаў, з каторымi было б цiкава, каб нехта разумеў i з кiм можна было б проста пагаварыць. На жаль, у нашай моладзi адсутнiчае пачуцьцё незалежнасьцi, а нас яшчэ агiтавалi ў лукашэнкаўскую партыю ўступаць. Мiж iншым, палова ўжо запiсалася. Мама казала мне, каб я там сваiх думак хаця не выказвала, бо магу нажыць сабе непрыемнасьцяў. У нас усе настаўнiкi жывуць па савецкай палiтыцы, закаханыя ў Ленiна й Расею. Здаецца, такое сучаснае вучылiшча, такое прэстыжнае, а такiя застарэлыя погляды. Я як дамоў прыяжджаю — адпачываю душой, бо магу хоць паразмаўляць на сваёй цудоўнай мове. Я ўспамiнаю, як мы з мамай былi ў Вас, i як Вы нам камплiмэнтаў надавалi за тое, што мы добра ведалi беларускую мову. А тут калi выпадкова скажаш па-беларуску, то глядзяць як на цуд нейкi. Тут усе такiя «русские», аж жудка робiцца. Увогуле я рсчаравалася ў горадзе, уяўляла сабе неяк па-iншаму. Людзi нейкiя чужыя, няма простай чалавечай дабрынi. Мне, бывае, хочацца спытаць у каго-небудзь, куды мы ўсе коцiмся? Кожны думае толькi як выжыць, заняты марамi пра грошы й багацьце. Напэўна, гэта цяпер асноўная праблема ўсiх людзей.

(...) Толькi не зьвяртайце ўвагi на мае памылкi, бо граматыкi я амаль ня ведаю. Прывiтаньне ад маiх дамашнiх i да пабачэньня!

Зоська
Менск, лiстапад 1998 г.

Дзень добры, Зося!

Малайчына, што напiсала. Пiшы заўсёды, нават калi не выпадае спадзявацца на адказ. Галоўнае — тое, што хвалюе цябе, твае жаданьнi. Жаданьнi ў саюзе з розумам даюць перамогу й прагрэс. Вялiкiя жаданьнi прыводзяць да вялiкага посьпеху...

Але вось што я хачу заўважыць на некаторыя твае крыўды, выказаныя ў лiсьце. Няхай цябе асаблiва не хвалюе той факт, што людзей хвалюе праблема выжываньня, грошай. Гэтыя людзкiя хваляваньнi — нармальныя. Няхай багацеюць. Стануць на ногi —падумаюць i пра душу, i пачнуць вызваляцца ад страху. I чым хутчэй будуць сябе праяўляць адважныя адзiнкi, тым хутчэй будзе вызваляцца ад дурнаты й самаабмежаваньня ўсё грамадзтва.

Ты вось пiшаш, што табе хочацца пагаварыць «на нашай роднай мове». Дык гавары, мiлая Зоська, гавары! Будзь сабою! Не ламi сябе праз калена! Iначай усе твае ўздыханьнi й словы будуць марнымi. Гэта нiчога, што ты дзяўчына й прыналежыш да гэтак званага слабага полу. А ты будзь моцнай! Ты — цэнтар, ты паўсюль гаворыш па-беларуску (з выкладчыкамi на занятках, з суседкамi па пакоi, з хлопцамi-кавалерамi). Гэта спачатку, месяц-два яны пасьмяююцца, паглядзяць на цябе «як на цуд нейкi». Потым сьмяяцца будзеш ты, ты ўбачыш, як гэта файна —заставацца самой сабою, ломячы любыя перашкоды. А вось калi ты пачнеш iнтэнсыўна вучыцца сацыяльнай мiмiкрыi, г.зн. пераходзiць у горадзе на расейскую мову, уступiш у «лукашэнкаўскую партыю» (я так зразумеў, што гэта БПСМ), сапраўдныя думкi свае будзеш хаваць, то, па-першае, табе самой будзе гiдка ад гульнi ў хованкi з уласным ценем, а, па-другое, пры такiм развароце тваёй жыцьцёвай хады i я згублю цябе. Не, ты, магчыма, i будзеш чытаць, слухаць мяне i пра мяне, але жывыя ўзаемiны, бадай, згаснуць. Бо не хачу дараваць таму, хто ў нашай справе беларускай можа нешта зрабiць, ды ня хоча. Ад таго, хто ня можа, i не патрабуюць. А ты — можаш! Твая справа — быць сабою, беларускай з Пастаўшчыны, вартай родзiчкай твайго дзядзькi Вiтольда. А ён мог i заставаўся самiм сабою; чытаў кнiгi, якiя хацеў, казаў, што думаў, уголас i прылюдна, а не шаптаўся па завугольлях (бо вядома, што шэпты хату зводзяць).

Дарэчы, пра твайго дзядзьку. У сьнежнi Беларускi гуманiтарны фонд «Наша Нiва» мяркуе арганiзаваць выставу, прысьвечаную беларускiм нонканфармiстам (дысыдэнтам) 60-70-х гадоў. Спадзяюся, iмя твайго родзiча Вiтольда Дзiсько, якое цяпер вядомае ўжо ня толькi вашай сям’i, будзе гучаць на гэтай iмпрэзе.

Я хоць i выступаю тут у ролi катэгарычнага дыдакта, але зразумець тваё становiшча магу, бо ў любым выпадку ты мне паводле свайго натуральнага, наiўна-маладога беларускага духу блiжэй, чым сотнi, калi ня тысячы, нашых гора-iнтэлiгентаў. I з граматай у цябе ўсё нармальна. Каб так зьмястоўна пiсалi нашыя настаўнiцы бел. мовы, мы маглi б лiчыць сябе генiяльнай нацыяй.

Пра В.С. Ня ведаю, дзе вы зь iм зьляцелiся, толькi мушу сказаць, што гэта цьмяны чалавек. Блытаньнiк. А нам патрэбныя людзi сталёвай волi, перад якiмi ня ўстояць нiякiя запоры. Ну а моладзь, якая за Беларусь, яна ёсьць. I ня толькi ў Менску. Прыйдзе час, i ты яе спаткаеш. Але толькi ў разе тым, калi будзеш заставацца сабою сапраўднай.

Зоська, дзяўчынка, я таму такi рэзкi ў сваiм адказе, што не хачу згубiць яшчэ аднаго знаёмага чалавека, якi можа стаць Нармальным Беларусам i праз гэта — маiм сябрам цi хоць бы проста таварышам. Зрабi так, каб я не згубiў цябе.

Заставацца здаровенькай, жадаем табе я i мае таварышы!

Мiрон.

P.S. Каб ведаць пра нашую дзейнасьць — чытай «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0