ГРЫПАВIРУС

 

Пра тое, што нашае грамадзтва хварэе, вядома даўна. Пра тое, што нашая эканомiка хварэе, мы таксама ведаем даўна. Таксама i з экалёгiяй, i з культурай, i з апазыцыяй. Вiдаць, ня хворая ў нас толькi ўлада. Ёй няма калi хварэць, яна занятая сваiмi справамi — экспансiяй на Ўсход, рыканьнем на Захад i нацыянальным хакеем. У пэўны час дзяржаўныя чыноўнiкi цалуюцца з расейцамi, сварацца з NATO i гуляюць у хакей. Тыя, хто iм супрацьстаiць унутры краiны, гуляюць у гульнi iншыя — яны шукаюць. Агентаў у сваiх шэрагах. Гульня цiкавая, апошнiя кампутарныя прыдумкi — не канкурэнты, тут жа — нiякай вiртуальнасьцi. З «агентам» можна выпiць фiлiжанку кавы цi пляшку пiва, а пасьля заняцца вельмi цiкавай аналiтычнай справай. Прыкiнуць усе «за» i «супраць», падзялiцца канфiдэнцыйнай iнфармацыяй з праверанымi таварышамi i вызначыць плян дзеяньняў у гэтым кiрунку на заўтра.

Праблема «агентаў» заўжды актуальная, тым болей, калi ня ладзяцца ўласныя справы, а па расейскiх каналах шуруюць з зайздроснай пэрыядычнасьцю сэрыялы пра 007. Як тут не прасякнуцца праблематыкай.

У самых разнастайных апазыцыйных арганiзацыях цi незалежных сродках масавай iнфармацыi, асаблiва за чаркай, тым больш калi вы ня маеце дачыненьня да хаця i братняй, але канкурэнтнай канторы, вам распавядуць пра «агентаў» усё — рост, вагу, памер ботаў, на якiм паверсе жыве, дзе i якiя заданьнi выконвае, нават службовую мянушку i пароль. Усе шукаюць i... вядома, знаходзяць. Тым часам на мiтынг да дзесяцiгадовага юбiлею БНФ ледзь зьбiраецца тысяча адданых фанатаў, уплыў разам узятых апазыцыйных партыяў добра калi сягае дзесяцi адсоткаў, наклады незалежных выданьняў уражваюць сваiмi памерамi, а радыёстанцыi — слухацкай аўдыторыяй. Гэта пры тым, што папулярнасьць нават гуляючай у хакей улады не расьце. Можа, i там ужо перасталi гуляць у хакей i шукаюць... Дзе падзелiся зьнiклыя працэнты папулярнасьцi. Усе шукаюць, ад экзальтаваных асобаў да арганiзацыяў, якiя прэтэндуюць на салiднасьць.

Восень. Грыпавiрус. Электарат таксама шукае... бульбу на палетках i што таньнейшае ў крамах. Дзе зарабiць капейку i як яе захаваць.

Усё пераблыталася, усiх апанаваў паляўнiчы азарт, усе зрабiлiся «сьмершаўцамi» — сьмерць шпiёнам. Калi зьнiкаюць грошы — агенты, калi завалiлася справа — агенты, дзiця ў школе двойку атрымала — таксама «проiскi», карацей, татальны наступ ГБ. Цi магчыма пазбавiцца ад ГБ? Цi магчыма пазбавiцца ад хiмii, якая «широко простирает руки свои в дела человеческие»? Некаторыя новапаўсталыя аўтарытэты вышуку лiчаць, што магчыма. Я ж сьцiпла мяркую, што мафiя ня гiне, таму, шаноўныя спадарове, хай ГБ займаецца сваёй справай, а мы — кожны сваёй, як той казаў, Богу богава, ГБ гэбэшнае. Жывуць жа некаторыя шмат гадоў з дамавiкамi i барабашкамi, i нiчога. Бывае нават, што дамавiкi й барабашкi прасякаюцца iхнымi праблемамi i дапамагаюць, бо й дамавiкi, i барабашкi —таксама людзi, хоць i былыя, i нiшто чалавечае iм не чужое. Галоўнае, каб усе працавалi прафэсiйна i рабiлi сваю справу так, каб за яе не было сорамна. Профi будзе паважна ставiцца да профi, нават апанэнта. Пакуль жа, гледзячы на прафэсiйную дзейнасьць апазыцыйных арганiзацыяў i незалежнай прэсы, застаецца адно шукаць агентаў. Але кiньце дурное, хай ГБ гуляе ў свае гульнi з ЦРУ, ФСБ, «Масадам» цi само з сабой.

Празь нейкi час адкрыюцца архiвы, магчыма, значна раней, чым хтосьцi сабе ўяўляе, i кожны з тых, хто прагне даведацца —хто, дзе й калi быў яго «добразычлiўцам», вiдаць, атрымае такую магчымасьць, бо напiсана — няма нiчога таемнага, што ня стала б яваю, але цi зробiцца ад гэтага лягчэй, бо iзноў жа сказана — нашыя веды памнажаюць наш смутак. А каб не сумаваць, працуйце, спадарове, працуйце сур’ёзна, на СВАЁЙ дзялцы, бо што ёсьць лепшае за добрасумленна зробленую справу, тады, можа, i пасьля адкрыцьця архiваў вы ня будзеце надта сумаваць, бо зразумееце, што аказалiся мацнейшымi, а для моцных людзей гэта ня суць важна, бо «ёсьць рэчы, важнейшыя за атамную вайну».

Алег Дашкевiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0