UBER ALLES

 

Беларускi рок-н-рол перажывае сёньня новы вiток свае актыўнасьцi. Канцэртныя пляцоўкi запаўняюцца ўдзячнай публiкай. Рок-хiты выконваюцца пад гiтару ў дворыках i сквэрах. Энтузiясты з тэлевiзii фактычна бясплатна робяць вiдэаклiпы, а «партызаны» з FM-станцыяў круцяць беларускiх рокераў. Улады паступова адмаўляюцца ад палiтыкi забароны канцэртаў i спадзяюцца «прыручыць» рок-кумiраў, хоць як такое можа быць — нават уявiць сабе цяжка.

 

«NeuroDubel» — беларускi гурт, якi нават ускосна немагчыма назваць заангажаваным: анi палiтычна, анi музычна. Паводле прызнаньня лiдэра гурта АЛЯКСАНДРА КУЛIНКОВIЧА, на пачатку дзейнасьцi ND перахварэў на «музычную» расейшчыну. Але сёньня ND мае ўласную ўнiкальную канцэпцыю, якую я акрэсьлiў бы як «драматычны рок». Гэта песьнi, дзе экспрэсiя вобразу пераўзыходзiць хардавую-панкавую моц музыкi. ND — гэта музычныя мiнi-драмы, якiя зрабiлiся аднымi з самых папулярных сярод беларускай альтэрнатыўнай моладзi.

А.Кулiнковiч: Мы жывем у выдатнай краiне ў абсалютна паганых умовах. Словы «незалежная Беларусь» для мяне не пусты гук. Я люблю Беларусь, я лiчу яе сваёй краiнай, я ёсьць беларусам. Я ня думаю, што ў гэтым мы адрозьнiваемся ад нашай публiкi. Тым больш ня думаю, што наша публiка з сымпатыяй ставiцца да таго, што робiцца з нашай краiнай. Я не магу сказаць, што граю пэўную сацыяльную ролю. Бадай, нашая сацыяльная чыннасьць заключаецца ў тым, што мы не бярэм удзелу ў акцыях, якiя ладзяцца ППРБ альбо БПСМ. Я не хачу, каб з-за нашага неабдуманага кроку хаця б адзiн наш прыхiльнiк пахiснуўся i ўступiў у дзярмо.

«НН»: У тваiх тэкстах выразна бачныя вобразы з савецкiх часоў. У сярэдзiне 90-х, калi пачало зьяўляцца пакаленьне, якое цьмяна ўяўляе, хто такi «дзедушка Ленiн», гэта падавалася недарэчным. Але сёньня твае «ехалi ўроды на памiнкi» ажываюць канкрэтнымi тварамi. Нiбы iх вяртаньне было прадбачанае.

А.К.: Я сапраўды люблю вобразы з савецкiх часоў, але тыя часы не кiруюць маёй творчасьцю. Да таго ж, вельмi шмат песень, якiя сёньня ўспрымаюцца на ўра, былi напiсаныя вельмi даўно, але толькi нядаўна загучалi на поўную моц. Iх паклiкаў час, якi ня хоча даць моладзi забыцца на «дзедушку Ленiна». Але, пагадзiся, у вобразах савецкiх часоў ёсьць шмат карыснага для роздуму. Iнакш мы сапраўды вельмi хутка на iх забылiся б. Мы ўсе павiнныя ў гэтым, i ты, i я... Зрэшты, нашыя песьнi пра душу чалавека, пра тое, што ён думае. А гэта заўжды аднолькава, будзь чалавеку восем цi восемдзясят гадоў...

Кулiнковiч кажа пра агрэсiўную асуджанасьць, якая апанавала ягоную творчасьць:

А.К.: На сытуацыю ў краiне я гляджу як на фатальную. Раней мне падавалася, што выйсьце зь непрымальнай сытуацыi — набiць каму-небудзь морду. Нават у творчасьцi ў нас iшла агрэсiя не ад галавы, а ад рук. Цяпер я разумею, што гэта ня правiльна, таму ня бачу выйсьця з сытуацыi, у якой апынулася краiна.

Наступны альбом гурта мусiць быць цалкам пэсымiстычным. Зь iншага боку, Аляксандар не выключае, што пэсымызм можа ў любы момант зьмянiцца на аптымiзм:

— Я бачу па сваёй публiцы, што вырастае новае пакаленьне, якое ведае, што ёсьць свабода, i якое не адмовiцца ад гэтага.

Кулiнковiч выключае магчымасьць жыцьця па-за межамi Беларусi. У выпадку, калi навакольнае жыцьцё зробiцца зусiм невыносным, ён гатовы зьехаць у вёску. Сярод iншых рэзонаў — ён вельмi ня хоча, каб краiна засталася без такога гурта як ND. На пачатку 90-х ён стварыў песьню «Belarus Uber Alles»:

А.К: Гэта праўда, што песьня стваралася як свайго кшталту сьцёб. Але ў альбом мы яе ўключылi толькi ў 1996-м. I для мяне, i для публiкi сэнс словаў «Беларусь перад усiм» стаў iншым, глыбокiм. Для мяне гэтыя словы азначаюць сумленьне. Сумленьне вышэй за ўсё.

КАСЯ КАМОЦКАЯ таксама лiчыць што новае пакаленьне зьявiлася. Але пакуль яна ня бачыць плёну дзейнасьцi моладзi. Кася мяркуе, што юнацкi экстрэмiзм важная рэч, але не дастатковая для таго, каб стварыць штосьцi новае. Зрэшты, яна не адмаўляе, што знаходзiцца пад уплывам сваёй значна памаладзелай публiкi:

К.Камоцкая: Я не жыву асобна ад грамадзтва, ад дзяржаўнай тэлевiзii... Я зрабiлася больш знэрваванай, таму на канцэртах бываюць выплескi агрэсii. Але гэта не выяўляецца ў заклiках i тэкстах. У любым выпадку, я лiчу, што тое, што робяць сёньня беларускiя рок-музыкi, вельмi важнае для Беларусi.

ЗЬМIЦЕР ВАЙЦЮШКЕВIЧ з гурта «Крывi» кажа пра музыкаў, якiя наракаюць на сытуацыю ў краiне. Маўляў, калi кепска —зьяжджай, альбо заставайся й рабi, каб стала лепей. Зьмiцер лiчыць, што наша грамадзкая дэпрэсiя зробленая намi самiмi. Бо беларусы за свае грошы ствараюць вядомасьць у краiне расейскiм зоркам i грэбуюць беларускiмi выканаўцамi. У той жа час на Захадзе шмат хто з тых расейскiх зорак папросту не цiкавы, а некаторыя беларускiя ўспрымаюцца як сапраўднае адкрыцьцё. Зьмiцер кажа, што нават у самых складаных умовах можна рабiць кляснае мастацтва, проста ня трэба ленавацца ўздымацца «супраць эскалятара».

А яшчэ ён кажа пра тое, што ў краiне зьявiлася шмат файнай моладзi, якая на канцэртах вяртае музыкам станоўчую энэргiю.

ЛЯВОН ВОЛЬСКI з НРМ, як i 10 гадоў таму, грае ў першую чаргу для падлеткаў. Праўда, ягоная «Мроя» была «беларускiм савецкiм гуртом» кшталту «беларускiх савецкiх пiсьменьнiкаў», якiя зьнiклi з культурнага поля разам са зьнiкненьнем СССР. Сёньняшнi гурт нарадзiўся разам з зараджэньнем уласна беларускага грамадзтва пасьля рэфэрэндуму 95-га году i вулiчных падзеяў 96-га. Вольскi мяркуе, што ўзьлёт папулярнасьцi рок-музыкi непасрэдна зьвязаны з дэпрэсiўнай грамадзкай сытуацыяй:

Л.Вольскi: Для публiкi, як i для выканаўцаў гэта нiбы выйсьце ў паралельную прастору. Там за сьценамi ходзяць мiлiцыянты i гапата... Я выходжу на вулiцу пасьля канцэрту й не разумею, што адбываецца вакол.

У розныя часы мы хацелi давесьцi рознае... Мы хочам даць пачуцьцё разьняволенасьцi, пачуцьцё ўнутранай свабоды.

Беларуская моладзь сёньня шукае разьняволенасьцi рознымi шляхамi. У сучаснай Беларусi iзноў зьявiўся такi фэномэн як падзел моладзi на субгрупоўкi. Падчас сёлетняга фэстывалю «Рок па Вакацыях» шматтысячная аўдыторыя з аднолькавым iмпэтам скандавала «Жыве Беларусь!» i «Гамон гапаце». Агрэсiўнае адмаўленьне люмпэнiзацыi раўналеткаў у абарону ўласнай нармальнасьцi.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0