«У сьветлай радасьцi змаганьня»

Цi йснаваў беларускi нелегальны друк у пасьляваеннай Беларусi?

 

Не аднойчы даводзiлася чытаць, што падпольны беларускi друк пасьля вайны ўзьнiк толькi ў 60-70 гады. Iншы раз бываюць агаворкi, што ў 1952 годзе нiбыта выдаў газэту «Жыве Беларусь!» Янка Фiлiстовiч, але нiхто яе ня бачыў. I сёньня йснаваньне падпольных газэт Беларускага Супрацiву бярэцца пад сумнеў... Тым ня менш, iснуе шмат фактаў, якiя сьцьвярджаюць iснаваньне беларускага падпольнага друку.

Найбольш распаўсюджанай зьявай у пасьляваенны час былi ўлёткi. Фактычна iх выдавала кожная маладзёжная падпольная арганiзацыя. Пераважалi рукапiсныя ўлёткi, але былi й выкананыя рознымi тэхнiчнымi спосабамi. Напрыклад, «Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусi» (1946-1949) выдаў адну антысавецкую ўлётку, аддрукаваную па-беларуску лацiнкай на пiшучай машынцы. Сябры «Цэнтра беларускага вызваленчага руху» (1946-1947) у Берасьцi выраблялi ўлёткi, выразаючы лiтары з гумы й адбiваючы iх на паперу. Рукапiсныя ўлёткi распаўсюджваў у Слонiме мясцовы «Польскi камiтэт падпольны», у Карэлiчах —падпольная група беларускай моладзi. Iншы раз улёткi рабiлi змагары-адзiночкi. Вядомы фатограф Уладзiмер Кармiлкiн успамiнае, як раскiдваў у Менску на праспэкце Сталiна рукапiсныя ўлёткi. Многiх аўтараў такiх улётак хутка выкрывала савецкая дзяржбясьпека. Ёсьць зьвесткi пра выданьне падпольных адозваў беларускiм паэтам i журналiстам Мiкалаем Няверавым, якi доўгi час знаходзiўся на нелегальным становiшчы.

Асобна трэба разглядаць пэрыядычны друк беларускiх партызанаў. На жаль, дагэтуль ён схаваны ў архiве КГБ i таму пакуль недаступны. На эмiграцыi гэтыя выданьнi, праўдападобна, раскiданыя па прыватных архiвах. Вельмi рэдкiмi былi выпадкi, калi эмiграцыйны друк штосьцi перадрукоўваў з партызанскiх газэт (магчыма, такiя перадрукi былi распаўсюджаныя ў «закрытых» выданьнях накшталт «За Волю. Лiсткi Замежнага Сэктару Беларускай Вызвальнай Армii» ды iншых). У 1950 годзе ў Заходняй Нямеччыне была перавыдадзена ўлётка беларускiх партызанаў. Пра яе згадвае ў сваiм «Паказьнiку беларускiх выданьняў на чужыне» Мiкола Панькоў. Ён прыводзiць i вытрымкi зь яе: «Да змаганьня i перамогi! Нашае змаганьне — змаганьне за волю народу... Апамятайся пакуль час! Наперад, у нашых шэрагах, з намi! Лесавiкi 7 Аддзелу «Волi».

Найбольшую ўвагу беларускай падпольнай прэсе надаваў бюлетэнь «Вольнае Слова», якi выдаваўся ў 1949-51 гадах Саюзам беларускiх журналiстаў у Заходняй Нямеччыне. Пачынаючы са сьнежня 1949 году ён рэгулярна зьмяшчаў матэрыялы пра беларускi партызанскi рух, нелегальны друк i нават перадрукi з падпольных выданьняў. Напрыклад, у нумары 7-9 ад 5 сьнежня 1949 году быў надрукаваны артыкул «Падпольныя выданьнi беларускiх партызанаў i нацыянальных арганiзацыяў». Ён каштоўны тым, што падае сьпiс з 24 падпольных газэт, часопiсаў, брашур i ўлётак, а таксама пэрыядычнасьць i тэхнiчныя спосабы iх выкананьня. Аўтар, беларускi партызан, пiсаў, што «цяжка нам даваць пэрыядычныя газэты, бо часта прыходзiлася пакiдаць машыны, фарбу, паперы... На працягу 1945-48 гадоў, як мне ведама, выдана было некалькi нумароў часапiсаў i кнiжок. Лiстоўкi звычайна выдавала кажная група пасьля кажнае свае акцыi, разчыняючы ману бальшавiцкiх кампанiяў ды сьвятаў...» Ён жа адзначыў, што да 1948 году ў Беларусi выйшла болей за сотню падпольных выданьняў, якiя пашыралiся па ўсёй краiне.

Калi першыя публiкацыi «Вольнага Слова» грунтавалiся на iнфармацыi двух партызанаў, якiя трапiлi на Захад i захавалi шэраг падпольных газэт, дык пасьля эмiграцыйны бюлетэнь стаў, параўнаўча, апэратыўна зьмяшчаць матэрыялы Беларускага Супрацiву. Напрыклад, у нумары 2-3 ад красавiка 1950 году быў перадрукаваны партызанскi плякат «Sto ty zrabiu dla vyzvalennia Radzimy?» («Што ты зрабiў для вызваленьня Радзiмы?»). Тут жа зьмяшчаўся камэнтар таямнiчай «групы сувязi №2»: «Гэты плякат Беларускiя Партызаны пашыраюць на нашай Бацькаўшчыне сярод насельнiцтва: Партызаны патрабуюць трыманьня зь iмi сталае сувязi». Праўдападобна, сувязь гэтая iснавала праз кур’ераў або праз пошту. У нумары 4-5 ад верасьня 1950 году «Вольнае Слова» зьмясьцiла клiчы з партызанскае ўлёткi на 1 траўня 1950 году г. зн. празь некалькi месяцаў пасьля iх зьяўленьня. У тым жа нумары было зьмешчана «Прывiтаньне»: «часапiс беларускiх партызанаў «ЗА ВОЛЮ» пiша: «Перасылаем вам, братом па волi, свае вiтаньнi i цьвердзiм, што змаганьне ня спынецца!»

«Вольнае Слова» ня толькi перадрукоўвала вытрымкi з падпольных публiкацыяў, але й рэцэнзавала нелегальны друк. Падобны артыкул за подпiсам М.Кнiжнiка (Мiколы Панькова — рэдактара «ВС») зьявiўся ў верасьнi 1950 году. Такiм чынам, у архiве ўжо памерлага Панькова павiнны былi захавацца падпольныя выданьнi беларускiх партызанаў.

Праўда, хапала сярод эмiгрантаў скептыкаў, якiя не давяралi «Вольнаму Слову» i яго рэдактару. Пазьней Юрка Вiцьбiч пiсаў Сяргею Хмару: «Хочацца думаць, што весткi аб гэтым паходзяць не ад спадара Панькова — вынаходцы розных весткаў. Неблагi ён чалавек, але ўсё-ж мне калiсьцi мiмаволi здавалася, што яго лучыць з генэралам Вiтушкам просты тэлеграфны дрот» («Летапiс беларускай эмiграцыi», №47). Ня дзiўна, што «Вольнае Слова» неаднаразова згадвала «малаверных чытачоў». Ня ўсе, каму пашчасьцiла вырвацца на Захад з «савецкага раю», маглi паверыць, што за «жалезнай заслонай» у глыбокiм падпольлi iснуе беларускi нелегальны друк.

Тым ня менш, ня толькi адно «Вольнае Слова» сьведчыць пра iснаваньне ў 1945-50-х гадах у Беларусi нелегальнага друку. Адзiн з уцекачоў на Захад расказваў, што ў раёне Барысаў-Радашкавiчы на пачатку 1948 году дзейнiчаў атрад Сакаловiча, партызаны якога пашыралi свае адозвы, i аднойчы ён бачыў «невялiкую газэтку партызанаў» («Бацькаўшчына», 27 чэрвеня 1948). Пра адозвы беларускага падпольля на Беласточчыне згадвае камандзiр УПА, аддзел якога праходзiў тыя мясьцiны падчас рэйду ў 1947 годзе. Яны заклiкалi беларускае насельнiцтва не пакiдаць родных земляў, а таксама зьвярталiся да савецкiх вайскоўцаў («Бацькаўшчына», 9 сакавiка 1949)...

Цi хопiць гэтых фактаў, каб сьцьвярджаць, што беларускi падпольны друк iснаваў? Думаю, што так. Беларускi Супрацiў пакiнуў нам вялiкую й бясцэнную спадчыну, летапiс няроўнага, але гераiчнага змаганьня супроць маскоўска-бальшавiцкiх акупантаў. I мы мусiм зьбiраць i перавыдаваць беларускi нелегальны друк, як гэта робяць тыя ж украiнцы. Тады, падобна «Лiтопiсу УПА», зьявiцца «Кронiка Беларускага Супрацiву».

Сяргей Ёрш