Мiрча Элiадэ

МIТЫ СУЧАСНЫХ МЭДЫЯЎ

 

Супэрмэн, фантастычны пэрсанаж стаўся надзвычай папулярны дзякуючы дваiстасьцi сваёй асобы: трапiўшы на Зямлю з плянэты, зьнiклай у вынiку катастрофы, супэрмэн жыве пад маскай сьцiплага журналiста Кларка Кента. Ён сьцiплы, незаўважны, ягоны калега Лойз Лейн увесь час выпераджае яго. У гэтай масцы сьцiпласьцi героя, якi валодае сапраўды бязьмежнымi магчымасьцямi, рэпрадукуецца вядомая мiталягiчная тэма. Калi па сутнасьцi, мiт пра супэрмэна задавальняе падспудныя жаданьнi сучаснага чалавека, якi ўсьведамляе сябе бяздольным i маласiльным, але марыць пра тое, што аднойчы стане «героем», выключнай асобай, «звышчалавекам».

Тое самае можна сказаць пра дэтэктывы: з аднаго боку, мы стаем тут сьведкамi барацьбы мiж дабром i злом, мiж героем (дэтэктыў) i злачынцам (сучаснае ўвасабленьне дэмана). З другога боку, чытач падсьвядома ўцягваецца ў працэс самаатаесамленьня, бярэ ўдзел у драме, мiстэрыi, у яго ўзьнiкае пачуцьцё асабiстай далучанасьцi да дзеi, адначасова нябясьпечнай i «гераiчнай».

Гэтаксама даказана, што мас-мэдыi мiталягiзуюць людзей, ператвараючы iх у вобраз-прыклад. [...]

Мiталягiчныя паводзiны раскрываюцца таксама ва ўпартым iмкненьнi дасягнуць «посьпеху», такiм характэрным для сучаснага грамадзтва i выражаючым цьмянае й неўсьвядомленае жаданьне выйсьцi за межы чалавечых здольнасьцяў. Гэта знаходзiць свой выраз i ў памкненьнях зьмены месца жыхарства, iншы раз зусiм не рацыянальных, што можна праiнтэрпрэтаваць як настальгiю за «першапачатковай дасканаласьцю», i ў палкай цязе да «культу сьвятое калясьнiцы». Як заўважыў Эндру Грылi, «дастаткова наведаць штогадовы аўтамабiльны салён, каб зразумець, што гэта — сапраўдны рэлiгiйны рытуал. Колеры, асьвятленьне, музыка, пабожнае захапленьне прычараваных наведнiкаў, прысутнасьць храмавых танцорак — манэкеншчыц, бляск i раскоша, марнатраўства, сьвет народу — усё гэта ў дачыненьнi да iншай культуры мы маглi б назваць сапраўднай культавай iмшой (...). Культ сьвятое машыны мае сваiх адэптаў i ўтаямнiчаных. Гностык не чакаў думкi-адкрыцьця аракула з большай нецярплiвасьцю, чым адэпт аўтамабiля чакае першых зьвестак пра новыя мадэлi. Менавiта ў гэты пэрыяд гадавога цыклю ўзрастае значэньне й роля служкаў культу — гандляроў аўтамабiляў, а неспакойны натоўп нецярплiва чакае новага збаўцы».

Менш увагi надавалася так званым элiтарным мiтам, у прыватнасьцi, тым зь iх, што зьвязаныя з мастацкай творчасьцю й яе адлюстраваньнем у культуры й грамадзтве. Найперш трэба ўдакладнiць, што гэтыя мiты замацавалiся ў вузкiм коле ўтаямнiчаных пераважна таму, што шырокая публiка i афiцыйныя iнстанцыi ня надта разумеюцца ў мастацтве. Агрэсiўнае неразуменьне публiкай, крытыкамi i афiцыёзам такiх мастакоў як Рэмбо i Ван Гог, адмоўныя наступствы, што мела для калекцыянэраў i музэяў няўвага да наватарскiх плыняў у мастацтве, пачынаючы ад iмпрэсiянiзму i да кубiзму й сюррэалiзму, паслужылi суворым урокам для крытыкаў, публiкi, кнiгароў, калекцыянэраў i адмiнiстрацыi музэяў. Цяпер усе яны апанаваныя адным страхам: прапусьцiць, не заўважыць новага генiя, не пазнаць будучы шэдэўр у цалкам незразумелым творы. Здаецца, нiколi не было гэтак вiдавочна, што чым з большым выклiкам i дзёрзка ставiць сябе мастак, чым ён абсурднейшы, больш незразумелы й недаступны, тым больш у яго прызнаньня, узнагародаў, вагi. У сiх-тых краiнах узьнiк нават своеасаблiвы акадэмiзм наадварот, акадэмiзм авангарду, прычым настолькi татальны, што мастак, якi ня ўлiчвае гэтага новага канфармiзму, рызыкуе застацца незаваўжаным або адцiснутым канкурэнтамi.

Мiт аб праклятым мастаку, якi панаваў у ХIХ ст., сёньня састарэў. У ЗША, але i ў Заходняй Эўропе таксама, найбольш карысьцi мастаку прыносяць нахабства, дзёрзкасьць i выклiк у паводзiнах. Ад яго патрабуецца быць «дзiваком», нi на кога не падобным i ствараць толькi «цалкам новае». У мастацтве адбываецца свайго роду пэрманэнтная рэвалюцыя. Сказаць, што ўсё дазволена, — гэта мала сказаць: любое наватарства наперад абвяшчаецца й прыраўноўваецца да генiяльнасьцi Ван Гога цi Пiкасы, i няважна, iдзецца пра iрваныя афiшы або кансэрвную банку, падпiсаную мастаком.

Значэньне гэтай культурнай зьявы тым больш сучаснае, што ўпершыню, можа быць, у гiсторыi мастацтва не iснуе больш напружанасьцi мiж мастакамi, крытыкамi, калекцыянэрамi й публiкай, пануе поўная i агульная згода яшчэ да таго, як узьнiкне новы твор, як адкрыюць яшчэ нiкому не вядомага мастака. Адно важна: каб нi ў якiм разе ня трапiць у такое становiшча, што ў будучынi мы мелiся б прызнацца: мы ня ўцямiлi новага мастацкага досьведу, праганiлi новага генiя.

Наконт такой мiталёгii сучасных элiтаў абмяжуемся толькi парай заўваг. Перадусiм адзначым выкупляльную функцыю панятку «недаступнасьцi», як ён праяўляецца ў сучасным мастацтве. Элiта захапляецца «Хаўтурамi па Фiнэгане», атанiчнай музыкай або ташызмам, бо гэтыя творы ўяўляюць сабой замкнёныя сусьветы, гермэтычныя прасторы, куды можна пранiкнуць адно коштам вялiзных высiлкаў, параўнальных з выпрабаваньнямi, празь якiя праходзяць утаямнiчваныя ў першабытных супольнасьцях. З аднаго боку, узнаўляецца адчуваньне «iнiцыялiзацыi», што амаль зьнiкла ў сучасным грамадзтве. Зь iншага боку, у вачах «iншых», у вачах «масы» афiшуецца прыналежнасьць да нейкай таямнiчае меншасьцi, не да «арыстакратыi» (сучасная элiта схiляецца хутчэй да «лявiцы»), але да гнозiсу, адначасова вечнага, трывалага й духоўнага, апазыцыйнага як афiцыёзным вартасьцям, так i традыцыйнай царкве. З дапамогаю культу экстравагантнай i недаступнай арыгiнальнасьцi элiта пазначыла разрыў з банальным мяшчанскiм сьветам сваiх бацькоў, адначасова паўстаўшы супраць сучасных ёй фiлязофiяў адчаю.

Па сутнасьцi, гiпноз недаступнасьцi, незразумеласьцi твору мастацтва выдае жаданьне адшукаць новы, таямнiчы, невядомы да гэтага сэнс сьвету й чалавечага iснаваньня. Мы маем жаданьне «iнiцыяцыi», жаданьне знайсьцi падспудны сэнс гэтага разбурэньня мастацкай мовы, усiх гэтых «арыгiнальных» досьведаў, якiя на першы погляд, ня маюць з мастацтвам нiчога агульнага. Разьдзёртыя афiшы, парожнiя палотны, праткнутыя нажом або згарэлыя «прадметы мастацтва», што ўзьлятаюць у паветра падчас вэрнiсажу, iмправiзаваныя спэктаклi, дзе акторы цягнуць жэрабя: хто будзе падаваць рэплiкi, — усё гэта мусiць мець значэньне, гэтак жа як нейкiя незразумелыя словы з «Хаўтураў па Фiнэгане» для ўтаямнiчаных набываюць мноства сэнсаў i надзвычайнае хараство, калi адкрываецца, што яны паходзяць ад словаў новагрэцкай мовы або суахiлi, калi яны ўзбагачаюцца крыжаванымi намёкамi на магчымыя калямбуры, калi вымаўляць iх гучна й хутка (...).

Гэта быццам бы новы сьвет, што рэканструюецца з абломкаў i загадак, сьвет амаль прыватны й свой, якi йснуе толькi для вузкага кола ўтаямнiчаных. Аднак прэстыж «складанасьцi» й незразумеласьцi такi вялiкi, што шырокая публiка неўзабаве ўцягаецца ў гэты працэс i абвяшчае пра сваю поўную згоду з адкрыцьцямi элiты.

Мастацкая мова была разбураная кубiзмам, дадаiзмам i сюррэалiзмам, дадэкафанiзмам i «канкрэтнай музыкай», Джойсам, Бэкетам i Ёнэско. Разбураць далей могуць толькi эпiгоны. Як мы ўжо казалi раней, сапраўдныя мастакi не жадаюць ствараць на руiнах. Усё кажа нам, што зьвядзеньне «мастацкага сусьвету» да першаснага стану materia prima, першаматэрыi, зьяўляецца толькi момантам больш складанага працэсу. Як у цыклiчных канцэпцыях першабытных супольнасьцяў за «Хаосам», рэгрэсам усiх формаў у першаформы materia prima, сьледам iдзе новая творчасьць, падобная да касмагонii.

Крызыс сучасных мастацтваў не цiкавiць нас як такi, але варта, аднак, спынiцца на полi лiтаратуры, найперш эпiчнай лiтаратуры, зьвязанай зь мiталёгiяй i мiталягiчнымi паводзiнамi. Вядома, што i эпас, i раман, як i iншыя лiтаратурныя жанры, у iншым пляне i зь iншымi мэтамi працягваюць мiталягiчнае апавяданьне (...). Наратыў i, у прыватнасьцi, раман занялi ў сучасных грамадзтвах месца мiталягiчных аповедаў i казак у першабытных грамадзтвах. Больш таго, апраўдана казаць пра «мiтычную» структуру асобных сучасных раманаў, можна даказаць, што шмат якiя значныя мiталягiчныя тэмы й пэрсанажы атрымаюць новае жыцьцё ў лiтаратурным аблiччы (гэта асаблiва верна што да тэмы iнiцыяцыi, тэмы выпрабаваньняў, празь якiя праходзiць герой-выкупляльнiк, ягоных змаганьняў з цмокамi, мiталягiчнай тэмы здароўя й багацьця). Улiчваючы ўсё гэта, можна зрабiць выснову, што сучаснае захапленьне раманамi выяўляе схiльнасьць да дэсакралiзаваных або сукрытых пад сьвецкiмi формамi «мiталягiчных гiсторыяў».

Iншы шматзначны факт: патрэба ў «гiсторыях» i аповедах, якiя можна было б назваць парадыгматычнымi, бо яны разгортваюцца паводле традыцыйнай мадэлi.

Якi б сур’ёзны нi здаваўся крызыс сучаснага раману, патрэба занурацца ў «iншыя» сусьветы й сачыць за прыгодамi «гiсторыi», мабыць, унутрана ўласьцiвая чалавеку i таму незьнiшчальная i нязводная. Ейную сутнасьць вызначыць цяжка: тут выяўляюцца й жаданьне камунiкацыi зь «iншымi», «невядомымi», жаданьне падзяляць iхныя драмы й падзеi, i патрэба ведаць тое, што магло б адбыцца. Цяжка ўявiць сабе чалавека, якi б не паддаўся чарам «аповеду», дзе гаворыцца пра значныя падзеi, што напаткалi людзей, уладальнiкаў «падвойнай рэальнасьцi» лiтаратурных пэрсанажаў, якiя адначасова адлюстроўваюць гiстарычную й псыхалягiчную рэчаiснасьцi грамадзянаў сучаснага грамадзтва i надзеленыя магiчнай сiлай творчае фантазii. Аднак «выйсьце за межы Часу», ажыцьцяўлянае з дапамогай чытаньня, прагляду — гэта тое, што найбольш зблiжае функцыi мастацтва й мiталёгii. Бадай, час, што «перажываецца» пры чытаньнi раману, ня ёсьць часам, якi ў архаiчных супольнасьцях iнтэгруецца, злучаеццца ў адно цэлае пры праслухоўваньнi мiту, але ў абодвух выпадках адбываецца «выйсьце» з гiстарычнага й асабiстага часу й пагружэньне ў выдуманы, трансгiстарычны час.

Чытач уваходзiць у сфэру ўяўленага, чужога, рытмы якога зьменныя да бясконцасьцi, бо кожны аповед мае свой уласны, спэцыфiчны й выключны час. Раман ня мае выйсьця ў першародны, першасны час мiтаў, але ў той меры, у якой ён апавядае аб праўдападобнай гiсторыi, раманiст выкарыстоўвае як бы гiстарычны, але ўзяты ў разгорнутай або згорнутай форме час, якi, гэткiм чынам, валодае ўсёй свабодай уяўных сусьветаў. У лiтаратуры, больш чым у якiх iншых мастацтвах, праяўляецца бунт супраць гiстарычнага часу, жаданьне адшукаць i ўвесьцi ва ўжытак iншыя часавыя рытмы, чым тыя, у рамках якiх мы змушаныя жыць i працаваць (...).

Як i трэ’ было чакаць, гэта тая самая барацьба супраць часу, тыя самыя надзеi скiнуць цяжар «мёртвага часу», часу, якi душыць i забiвае.

Пераклаў з францускай А.Д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0