Дзень добры, паважаная «Наша Нiва»!

Як пастаянны чытач газэты, жадаў бы выказаць некаторыя сумненьнi наконт шматбаковасьцi самай першай беларускай газэты. Але ж спачатку крыху шчырасьцi. Па-першае, статус «НН», заваяваны асобамi беларускага адраджэньня пачатку стагодзьдзя i сучаснай Беларусi, не дазваляе адмовiцца ад адзiнай правiльнай газэты, па-другое, прафэсiйны калектыў «НН» прымушае прыслухоўвацца да разумных i заўсёды цiкавых пунктаў гледжаньня. Аднак нiякая газэта не застрахаваная ад хiбаў, у дачыненьнi да «НН» — ад некарэктнасьцi. Калi ў пытаньнях нацыянальнага разьвiцьця, рэфармаваньня мовы вы застаецеся самымi першымi, прасунутымi, беларускiмi, дык у пытаньнi полавога раўнапраўя, прапагандаваньня гэтага раўнапраўя вы знаходзiцеся нароўнi з усiмi астатнiмi беларускiмi газэтамi. А хiба ж новая Беларусь, да якой мы iдзем разам, ня будзе эгалiтарным грамадзтвам? Няўжо сучасныя праблемы, якiя тычацца палiтычнай маргiналiзацыi беларускiх жанчын альбо эканамiчнага нераўнапраўя, павiнны заставацца па-за межамi вашай увагi? Лiчу, што прагрэсiўныя органы друку павiнны надаваць увагу ўсiм праблемам i вырашаць iх.

Часам некарэктныя артыкулы, што прапагандуюць толькi i досыць «мачысцкiя» iдэi Славамiра Адамовiча («Спарон» i некаторыя iншыя) альбо занатоўкi Адама Глёбуса, якi лiчыць мужчынскае мастацтва больш «дасканалым», чымся жаночае, i адсутнасьць хаця б аднаго артыкула пра жыцьцё i лёс беларускай мастачкi, скульптаркi (бо, мусiць, толькi мужчыны стваралi беларускае мастацтва цi яно сталася больш «дасканалым» дзякуючы iм?!) сьведчаць пра незацiкаўленасьць «НН» гендэрнымi праблемамi, г.зн. пра пэўную аднабаковасьць.

I калi для чытачоў «Советской Белоруссии» «Наша Нiва» не зьяўляецца «НАШАЙ», г.зн. «iхнай», што, дарэчы, i не турбуе нас i «НН», дык калi жанчыны пачнуць адрывацца ад гэтае газэты i не лiчыць яе «сваёй», тады можа наблiзiцца крызыс самай першай беларускай газэты. Цi, можа, калектыў «НН» спадзяецца на вядомую талерантнасьць, пасыўнасьць (палiтычную, сацыяльную) нашых жанчынаў? Калi ж мы «людзьмi станем», калi ж быццам iнтэлiгентныя людзi пазбавяцца сэксiзмаў, гомаiзмаў i будуць спасылацца ня толькi на «дасканалых» Багушэвiча-Коласа-Купалу, але ж i на Цётку? Раней думалася, што нацыянальнае i, галоўным чынам, моўнае адраджэньне цесна зьвязанае зь пераглядам погляду на статус, ролю жанчыны ў нашым грамадзтве, бо лёс мовы нагадваў (нагадвае) лёс жанчыны: абедзьве знаходзiлiся i знаходзяцца ў апазыцыi да дамiнуючых мужчыны i расейскай мовы. Цi той шлях выбрала «Наша Нiва»? Чаму ж гiбее мова разам з жанчынай? Цi толькi таму, што «антыбеларускiя сiлы» кiруюць сучаснай Беларусяй? А можа яшчэ й таму, што дасюль не зразуметая кроўная сувязь мiж жанчынай i мовай, якiя нараджаюць дзiцё i кiдаюць яго ў сьвет барацьбы (iснаваньня) расейска-беларускага слова?! Адстойваючы мяккi знак, трэба было б адстойваць новае стаўленьне да жанчыны, як, дарэчы, i мужчыны. Здаецца мне, на беларускай нiве ёсьць месца ўсiм: мужчынам i жанчынам, фэмiнiстам i мачыстам, простым i гомасэксуалiстам, i г.д. Толькi вось у «НН» больш чуваць адзiны шэры голас (i гэта не таму, што калектыў амаль цалкам мужчынскi!). Ведаеце, калi афiцыйныя царква i дзяржава нагадваюць стэрыльных iстотаў, хворых на эксклюзывiзм, што стаяць за iканастасам ля алтара i ня ведаюць словаў, а астатнiя чакаюць па-за межамi гэтага «элiтнага мужчынскага кутка» — стомленыя, але ж стрыманыя, ня можна, каб i апазыцыя маўчаньнем падтрымлiвала гэты гармiдар.

Годзе ўжо ўздрыгваць ад стагнаньняў Жанчыны i бязьдзейнасьцi Мужчыны. Нiзкi лёт чалавечае душы не задавальняе, няўтульнасьць проста злуе. Для высокага лёту трэба скiнуць прымхi вакол праблемаў полу.

Хочацца мець адзiную «Нашу Нiву», прасоўвацца зь ёй на працягу ўсяго жыцьця, чытаць яе поўнасьцю, двума вачыма, а не адным, шукаючы iншую крынiцу спагнаньня беларускамоўнае iнфармацыйнае смагi i адчуваць сябе простым чалавекам, а не дасканалым, моцным, узвышаным i разьдзеленым болем iгнараваньнем другой часткi насельнiцтва.

Посьпехаў!

Шчыра ўдзячны вам — Уладзiк, Вiцебск

Добры дзень!

Шаноўныя спадары, я зьвяртаюся да вас па дапамогу, бо дзе яе знойдзеш. Улады i вэртыкаль дапамагаюць толькi сабе, як бы лепш расхвалiць адзiнага i неўмiручага. Дажынкi ды дажынкi, Расея ды Сэрбiя, мафiя ды жульлё, ну i г.д. Адным словам, трэск i брахня — шчасьце кожнага дня. Ну ды самi ўсё добра бачыце, што зараз робiцца.

Дык вось вам i праўда-матка. Што рабiць простым людзям, што сьлепа вераць «бацьку», а самi жывуць абы-як. У нас на вулiцы такая дарога, што нi праехаць, нi прайсьцi — i зiмой, i летам, гэта вам ня ў Омск на гульнi ў футбол i г.д. Туды грошы ёсьць у брахуна, а сюды — не. А славутая эканомiя электрычнасьцi, што, як сьцямнела, дык хоць вока выкалi, пра цэны ды заробкi i гаворкi няма. Ну ды бог зь iмi, як была брахня пры камунiстах, так яна цяпер стала дзяржаўнай праўдай сёньняшнiх уладаў. Ганарыся, беларус, сваiм адзiным. Вось i ўсё.

З такой нагоды я зьвяртаўся ў «Звязду» — цiшыня, што iм да якойсьцi там вулiцы, ды яшчэ ў глушы чарнобыльскай. Вось дэкрэты ды ўказы вусатага няня — гэта да.

I яшчэ да вас з такiм захадам. Трэ’ ўжо рыхтавацца да выбараў новага прэзыдэнта, шукаць разумных, сумленных людзей. Ды такога трэба нам прэзыдэнта, каб i наша роднае шанавалася, i перад iншымi было ня сорамна, як за гэтага, што зьбiвае паветраныя шары, судзiць журналiстаў ды лётае ў Японiю на Алiмпiяду — гуляць. На што й грошы ёсьць.

Чытач «Нашай Нiвы» ды падпiсчык —
Фiлiповiч Пятро,
ад сябе ды сваiх вяскоўцаў з вулiцы, дзе нi прайсьцi, нi праехаць, вёска Чамярысы, Брагiньскi раён

Добры дзень!

Дыктар Беларускага радыё Нiна Чайка вядзе перадачы ў Беларускiм радыё на расейскай мове. А чаму?

Мы, беларусы, забываем сваю мову родную. Яны што, ня ведаюць мовы беларускай? Хай вывучаюць... А то яны вядуць перадачы ў Беларускiм радыё i заўсёды па-расейску. Калi яны ня ведаюць цi ня хочуць весьцi перадачы ў дзяржаўным радыё па-беларуску, хай мяняюць працу. Дапамажыце гэтаму.

Да пабачэньня,

жыхары г.Жодзiна

Вiтаю, «Наша Нiва»!

Дзень без чужога слова — тое, што патрэбна! Адчуваньне еднасьцi з чытачамi ды з табой, «НН», у гэты дзень было найбольш выразным.

Дзякую! Трымайцеся!

Ваш чытач Юры Чарнякевiч, Пiнск

Добры дзень, «Наша Нiва»!

Унутраны голас ня хоча маўчаць, i таму хачу выказаць свае думкi й меркаваньнi пра нашае найноўшае жыцьцё-быцьцё.

Чаму наша беларуская элiта аказалася такая кiсельная, што дазволiла на сваёй зямлi прыйсьцi да ўлады расейскiм нацыстам? На маю думку, клiн выбiваецца клiнам. Трэба ж рабiць якiясь практычныя захады. Нацызм прызнае толькi сiлу — гэта аксiёма. Значыць, трэба iсьцi ў сiлавыя i дзяржаўныя структуры цi ствараць падпольна свае. Беларусы маюць вялiкi вопыт партызанскай барацьбы зь нямецкiмi фашыстамi. Цi на гэта здольныя адно бальшавiкi, а беларуская элiта можа толькi плакацца ў некалькiх газэтах i часопiсах?

Трэба капаць яму пад кожнага калянiзатара i «перакiдчыка», каб iх месцы займалi сьвядомыя беларусы, як наверсе, так i на месцах. Павiнна гарэць зямля пад нагамi акупантаў, калi яны ня хочуць прызнаваць беларусаў i iх мову. У некалькi разоў падняць контарпрапаганду супраць калянiяльных сьпеваў платных прапагандыстаў рэжыму i iх поўнай нэўтралiзацыi. Гэта ж вопыт усiх народаў, якiя дабiлiся незалежнасьцi. А хачу закончыць прыказкай: «Пад ляжачы камень вада не бяжыць».

Курыльчук М., Берасьце
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0