Напярэдаднi вечнага жыцьця



Што можа быць найлепшым iндыкатарам чалавечага жыцьця сёньняшняга, як ня думка пра жыцьцё вечнае. Нават не ў рэлiгiйным сэнсе — пра вечнае iснаваньне душы, а ў экзыстэнцыйным. Вось так вось проста: цi хацелi б вы жыць вечна? Жыць вечна? Як правiла, чалавек ня думае пра такiя рэчы штодня i таму сьпехам пачынае падшукваць адказ. I першае, што ён робiць, гэта iмкнецца зараз жа даць абсалютную ацэнку свайму будзённаму жыцьцю. Цi хацеў бы ён вось так — вечна. Не, — разважае чалавек, — у краiне цяжкая сытуацыя, невыносныя чэргi, благое начальства, малыя заробкi. Праўда, некалi сытуацыя напэўна зьменiцца i, магчыма, настане сапраўды райскае жыцьцё. Але, зь iншага боку, цi не закладзеныя ўсе мае цярпеньнi ды няўдачы ўва мне самiм? I тады ўжо мала што залежыць ад сытуацыi. Пасьля гэткай унутранай палемiкi чалавек прыкiдае, чаго яму не стае для поўнага душэўнага камфорту, i выстаўляе свае ўмовы: так, я хацеў бы жыць вечна, калi б быў маладым, здаровым, бязьбедным, калi б у краiне было вольна i сытна i г.д.

Сёньня ў Беларусi большасьць людзей ня хочуць жыць вечна. Напэўна, гэта таму, што людзi не пачуваюцца свабоднымi. Iнакш, па-мойму, чалавек настолькi перапаўняецца ўсё новымi плянамi, яму так моцна не стае часу, каб зрабiць усё задуманае, а кожны новы дзень прыносiць так шмат новых iдэяў, што вечнае жыцьцё выглядае сапраўдным паратункам.

Каб не пераводзiць гэтую тэму ў сфэру чыстае мiстыкi або фантастыкi, заўважу, што сучасная навука можа ўзнагародзiць нас вечным жыцьцём ужо заўтра, а гадоў празь дзесяць — дык напэўна. Таму давайце рыхтавацца да такога павароту падзеяў i часьцей разважаць пра ўласную вечнасьць, рабiць свой выбар.

Ня ведаю чаму, але мне, у адрозьненьне ад мiнакоў на менскiх вулiцах, якiя адказвалi на пытаньне Севярына Квяткоўскага, нiяк ня хочацца адмаўляцца ад вечнага жыцьця. Можа быць, гэта адваротны эфэкт нашага недасканалага й несвабоднага iснаваньня. Адзiн скажа, што ТАК жыць вечна — катарга, а другi наадварот, разважае пра каласальны нявыкарыстаны патэнцыял свае краiны, нацыi, культуры i пра тое, што каб рэалiзаваць гэты патэнцыял, ня хопiць i вечнага жыцьця. Што да беларусаў, дык яны iснуюць у такiм затарможаным сьвеце, што самую навуку жыцьця не адольваюць i на малую частку. Не пасьпяваюць анi пабачыць, анi зразумець анi сьвет, анi сябе. I краiна гадамi топчацца на месцы.

Аднак зробiм з усяго сказанага выснову.

Вечнае жыцьцё чалавека, якi ўсьведамляе сваю несвабоду i недасканаласьць у несвабоднай i недасканалай дзяржаве, сапраўды iнакш, як пакута, не выглядае. Але, можа быць, гэта й ёсьць найвялiкшы стымул для вызваленьня i ўдасканаленьня свае краiны i сябе самога? Вечнае жыцьцё...

Сяргей Паўлоўскi

Memento mori — цi ня самая недарэчная фраза для чалавека, якi выходзiць з рэстарацыi МсДональдс. Менавiта ля ўваходу ў гэтую ўстанову я вырашыў распачаць сваё дасьледаваньне. Я задаваў менчукам толькi адно пытаньне: цi жадаюць яны жыць вечна?

— Ня ведаю. Хутчэй за ўсё, не. Як я магу хацець таго, ня ведаю чаго. Навошта жадаць таго, што немагчыма сабе ўявiць?

Ад пачатку я сьвядома зьвяртаўся да маладых людзей. Да тых, хто яшчэ не далёка адыйшоў ад дзяцiнства — часу, калi сам панятак сьмерцi iснуе ня больш, чым незразумелая абстракцыя. Цi не ва ўсiх першай рэакцыяй было адмаўленьне iдэi. Найчасьцей траплялiся адказы кшталту «Мне й шасьцiдзесяцi хопiць». Альбо:

— Вечна, напэўна, не. Хоць увогуле цiкава, я пра гэта ня думаў.

— Я хацеў бы, але не хачу. Жыць падабаецца, а вечна ня хочацца.

Зрэшты, шмат хто пагаджаўся на вечнае жыцьцё, але з разнастайнымi ўмовамi. Напрыклад:

— Калi вечна, дык толькi зь нейкiмi добрымi сябрамi, блiзкiмi людзьмi. Толькi ў такiм выпадку.

Праз пэўны час мае размовы зь менскiмi мiнакамi прывялi да высновы, што прыняцьце альбо адмаўленьне iдэi вечнага жыцьця мала залежыць уласна ад узросту. Вось i школьнiца, i трыццацiгадовы спадар былi блiзкiя ў сваiх адказах:

— Хацела б. Вечна жыць — класна вельмi.

— Цiкавае пытаньне... Жыць — люблю.

Такога кшталту адказы нельга назваць тыповымi, але яны й не ўнiкальныя. Праўда, часьцей за ўсё маладыя апэлявалi да досьведу старых. Маўляў, мы ж бачым, што iм пад старасьць па-просту надакучвае жыць. Гэтак адказаў васямнаццацiгадовы хлопец, якi выходзiў з МсДональдсу разам са сваёй сяброўкай. Але дзяўчына ўступiла зь iм у спрэчку, сказаўшы, што ведае старых iншага кшталту:

— Гэта мой дзед. Яму не надакучыла жыць, ён хоча жыць.

Калi моладзь найчасьцей успрымае пытаньне аб вечным жыцьцi як жарт, дык сталыя людзi акцэнтуюць сваю ўвагу на тым, ДЗЕ жыць:

— Шчыра ў такой краiне жыць немагчыма. Калi па-iншаму, можа быць i хацеў бы.

Гэты спадар з задавальненьнем жыў бы вечна, але у добрай краiне. Ён хацеў бы, каб такой краiнай стала Беларусь. Цiкава, што кабеты думаюць ня столькi пра тое, ДЗЕ жыць, колькi, ЯК жыць:

— Не, напэўна. Тады ўсё атрымлiваецца неяк бессэнсоўна. Калi ёсьць нейкi тэрмiн, можна ставiць нейкую мэту. Гэта ўсё ж чалавека падсьцёбвае. А так — калi вечна, можна ляжаць сабе i думаць пра штосьцi... Не. Калi б яшчэ вечна маладой заставацца, а так...

А вось дзьве кабеты-гандляркi ў падземным пераходзе. Адна прадае кнiжкi, другая — кветкi:

— Лепей ужо, напэўна, ня будзе. Чакаеш, чакаеш, пачынаецца, здаецца, лепей, а потым зноў...

— Будучыня палохае. Усё зьмяняецца, але ў нас зьмяняецца толькi да горшага. Прынамсi, пакуль будзе цяперашняя ўлада, гэта так. За лепшае трэба змагацца, а змагароў не вiдаць i не чуваць.

На тралейбусным прыпынку недалёка ад мэтро я падыйшоў да кабеты зь неверагодным спакоем у вачох. Ейнай першай рэакцыяй, як у большасьцi, было адмаўленьне. Але ў працэсе размовы яна прыгадала старых людзей, якiх бачыла ў вёсцы. Яна сказала, што гэтыя людзi жывуць нiбы ва ўласным, непадобным на наш сьвеце:

— А ўвогуле — так, можна было б паспрабаваць.

Нарэшце я зьвярнуўся да кабеты пэнсiйнага веку. Ад пачатку яна адмоўна паставiлася да iдэi вечнага жыцьця. Маўляў, была вайна, галоднае дзяцiнства, iншыя цяжкасьцi, i спадзевы на лепшае, якiя ня спраўдзiлiся:

— Вечна — не, не хачу, бо жыцьцё цяжкое. Я не дачакаюся, пакуль яно зьменiцца.

Але ўрэшце ў сваiх развагах пра вечнае жыцьцё яна прыйшла да высновы:

— Я згодная жыць маладой.

Ужо вяртаючыся, у прыцемках на пляцы Волi я напаткаў дзяўчыну, якая радасна-задуменна кагосьцi чакала:

— Вечна? Я й так буду жыць вечна.

На заканчэньне хачу прыгадаць адно з колiшнiх апытаньняў на менскiх вулiцах. Яно датычылася таго, як менчукi ўяўляюць будучыню краiны праз 50 гадоў. Тады многiя малявалi вельмi прывабную краiну, i людзей, якiя яе насяляюць. Але пераважная большасьць маладых ня верыла, што дажыве, каб убачыць новую дзiва-краiну. Колiшняе i сёньняшняе апытаньнi сьведчаць толькi пра адно — беларусы дагэтуль не атаясамлiваюць магчымыя зьмены ў краiне i ў прыватным жыцьцi з уласнай асобай. Iндывiдуалiзм навыварат як нацыянальная адметнасьць.

Севярын Квяткоўскi

Сяржук Сокалаў-Воюш:

Жыць вечна? Гледзячы з кiм. Але ж гэта на пабытовым узроўнi. Хаця бяз тых, каго любiў i хто ўжо адыйшоў, — цяжкавата. Жыць вечна, у сэнсе фiзычна прысутнiчаць на гэтым сьвеце, кепска для iншых i перадусiм найгорш для цябе. Я супраць самой iдэi вечнага жыцьця i нават супраць iдэi ягонага падаўжэньня. Вечнае жыцьцё больш адбiрае, чым дае. Вечна жывы ты будзеш толькi замiнаць. Каму, напрыклад, патрэбная твая праўдзiвая памяць? Гiстарычная праўда цi аб’ектыўнасьць — розныя i наўпрост залежныя ад сёньняшнiх патрэбаў. Твой жыцьцёвы досьвед? Яшчэ адна бздура. Бо нiхто з твайго досьведу карыстаць не зьбiраецца. Чалавечага веку цалкам хапае на тое, каб перадаць нашчадкам усё, што маеш, нават без твайго на тое жаданьня. А яны, нашчадкi, занясуць усё гэта на сьметнiк i пачнуць жыць слушна, г.зн. паводле свайго, а не твайго разуменьня. Iм не патрэбная твая вечная прысутнасьць. Уяўляю, што было б, калi б яшчэ жыў мой прапрадзед, удзельнiк расейска-турэцкiх войнаў. Ну i куды ён мне са сваiм досьведам змаганьня за матухну-Расею? I куды яму я са сваiм досьведам змаганьня супраць? Хаця i цiкава было б час ад часу, скажам, раз на дзесяць гадоў зьяўляцца на тыдзень-другi ў гэты сьвет бяз права актыўнага ўмяшаньня ў справы часу. На пагасьцiны. I калi ты не скандалiст, дык магчыма, i нашчадкi твае не былi б супраць. А яшчэ лепш — зьяўляцца са сваёй невялiчкай прыжыцьцёвай кампанiяй, чалавек пяць-сем. Калi б такое мог рабiць кожны, дык пасьля сьмерцi i Лукашэнка змог бы наведаць гэты сьвет. Я нават хацеў бы зьяўляцца зь iм у Беларусi ў той самы час: я — цень паэта, i ён — цень прэзыдэнта. Хiба ня зручны момант рэалiзаваць сваю даўнюю мару. Якую? Каб жыў вечна, сказаў бы.

Аляксандар Лукашук:

Мы i так жывем вечна. Вечнасьць ёсьць катэгорыяй ня часу, не працягласьцi, а якасьцi i стану. Мы маем боскi iнструмэнт —свабоду волi — празь якi дасягаецца стан вечнасьцi. Вiно, малiтва, каханьне, паэзiя, параза i перамога — усё гэта са слоўнiка вечнасьцi. У гэтым слоўнiку абавязкова ёсьць i тэрмiн «сьмерць». Бязь сьмерцi вечнасьць няпоўная. Толькi сьмерць не дае вечнасьцi ператварыцца ў хаос i так загiнуць. Вечнасьць гаворыць з намi штодня. Трэба толькi не пабаяцца i адказаць ёй узаемнасьцю.

айцец Кастусь Бандарук:

Цi я хацеў бы жыць вечна? На маю думку, гэта рытарычнае пытаньне, як тое, цi хацеў бы жыць добра цi дрэнна. Аднак мушу адразу разьмежаваць жыцьцё вечнае ў рэлiгiйным сэнсе ад бясконцага жыцьця на зямлi. Для вернiка, а я не магу гаварыць зь iншай пазыцыi, жыцьцё вечнае — гэта збаўленьне несьмяротнай душы. Душа нiколi не памiрае. Яна толькi будзе iснаваць у стане блiзкасьцi да Бога або ў стане адчужанасьцi. Жыцьцё вечнае для вернiка — гэта запаветная мара, канчатковая мэта, узнагарода за ўсё жыцьцё ў целе, за тое, што зрабiлася ў зямным жыцьцi. Як жа аб гэтым ня марыць, калi верым, што зямное жыцьцё — толькi кароткi этап, падрыхтоўка да iншага стану.

Калi аднак гаварыць пра зямное жыцьцё, дык нават калi б гэта было магчымае, не магу сказаць, што хацеў бы жыць вечна. Даўжэй — так, але ня вечна. Не хачу зьведаць недалужную старасьць, не хачу быць бездапаможны, слабы, хворы, залежны ад людзей. Проста не хачу быць нiкому цяжарам. Калi б нехта мне гарантаваў, што заўсёды буду малады i здаровы, дык адклiкаю ўсё сказанае. Але цi ж гэта магчымае?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0