Простая праўда


Фальшывая iдэалёгiя растае, як дым, а iдэя незалежнасьцi свае краiны перажывае любыя паклёпы. Што сёньня засталося ад камунiзму? Яшчэ ўчора, здавалася, магутная iдэалёгiя ператварылася ў сьвятарнага бажка кучкi маргiналаў. А iдэя змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны, на якую камунiстычнай прапагандай было вылiта столькi хлусьнi, кожнага разу адраджаецца ў чыстым выглядзе, бо адпавядае самой прыродзе нацыi. Гэта мы бачым на прыкладзе суседзяў — Лiтвы, Латвii, Польшчы, Украiны, гэта тычыцца й нас самiх. Ня будучы незалежным, немагчыма выявiць свой самабытны патэнцыял. Усё астатняе — iдэалёгiя, кiрункi разьвiцьця i саюзы — мае сэнс толькi пасьля гэтага.

Старыя iсьцiны даводзiцца паўтараць сёньня, калi iх зноў актыўна аспрэчваюць на старонках афiцыёзнай i камунiстычнай прэсы, калi зноў дастаюць сталiнскiя фальшыўкi пра «варожую» дзейнасьць беларускiх незалежнiкаў у сябе на Бацькаўшчыне. Мала таго, што гэткi тэзыс хлусьлiвы ўжо паводле вызначэньня, дык даводзяць яго, спасылаючыся на «аўтарытэт» таталiтарнае прапаганды. Даўняя традыцыя прывазной камунiстычнай iдэалёгii — выдаваць сапраўдных абаронцаў беларускiх людзей на акупаванай тэрыторыi за «саўдзельнiкаў у злачынствах», «нямецкiх паслугачоў» i г.д. Аднак простая лёгiка падказвае, што ня можна верыць тым, хто рэпрэсаваў беларускую iнтэлiгенцыю, хто вынiшчаў сьляды самабытнае нацыянальнае культуры, зачыняў нацыянальныя школы, выцiскаў мову з грамадзкага ўжытку, урэшце, быў чалавекам, як правiла, у Беларусi прыежджым. Цi можна верыць рэжыму i iдэалёгii, якiя наглуха схавалi ад гiсторыкаў архiвы КГБ?

Адваротная лёгiка называе Барыса Рагулю i ягоных паплечнiкаў «изменниками», маючы на ўвазе iхную неадданасьць СССР. Аднак пры гэтым замоўчваецца, што Рагуля i рагулёўцы нiколi не былi грамадзянамi гэтай краiны. Адваротная лёгiка называе iх «палачами», аднак нiколi не прыводзiць сапраўдных доказаў. Злачынцаў трэба судзiць. А калi няма за што, тады «палач» — гэта паклёп. Мы ж цудоўна ведаем, што ў Амэрыцы, у Англii ды iншых краiнах прайшоў не адзiн судовы працэс над тымi, хто сапраўды спрычыняўся да зьнiшчэньня мiрнага насельнiцтва. Зь iншага боку, варта нагадаць, што ў Беларусi органы ўлады i сёньня ўсяляк хаваюць злачынствы савецкiх партызанаў, якiя забiвалi мiрнае насельнiцтва, нават тады, калi сапраўдныя факты такiх злачынстваў вядомыя й пацьверджаныя сьведкамi. Гэтак здарылася з заявай Архiву Найноўшай Гiсторыi, на якую генэральны пракурор адказаў адпiскай (гл. «НН» за 13 лiпеня сёлета).

Нармальная лёгiка падказвае прыняць бок бязьвiнных ахвяраў — людзей тутэйшых, якiя з iдэяй незалежнасьцi Беларусi i з мовай прайшлi вайну, ГУЛАГ i ў паваенным жыцьцi не былi ўшанаваныя чужою iдэалёгiяй. Адзiн з такiх людзей — Кастусь Шышэя — прынес свой допiс у «Нашу Нiву».


Наваградзкi эскадрон арганiзаваўся ў лiстападзе 1943 году i праiснаваў да 5 лiпеня 1944 году. У той памятны дзень на Замкавай гары Барыс Рагуля выступiў перад эскадронам не як камандзiр, а як сябра з наступнай прапановай: у зьвязку з падыходам расейскай чырвонай армii мы, змагары за незалежную Беларусь, павiнны кожны вырашыць самастойна: тыя, хто будзе й далей змагацца з акупантам, заўтра (г.зн. 6 лiпеня) уранку павiнны выехаць з Наваградку з поўным вайсковым рыштункам —як баявая адзiнка; а тыя, хто адчувае, што бальшавiцкiя акупанты iх перасьледаваць ня будуць, могуць вярнуцца дадому, бо ў сапраўднасьцi мы за сваю службу нiкому крыўды не ўчынiлi.

I вось, калi ласка, сяньня нейкi С.Градов публiкуе ў газэце «Товарищ» артыкул «Изменник и палач в роли гуманиста. Штрихи к портрету Бориса Рагули», у якiм, як за часоў сталiнскага тэрору, прыводзiць цытаты з кнiжкi крыважэрнага Цанавы «Саўдзельнiкi ў злачынствах». Кнiжка тая была сьпярша выдадзеная як сакрэтная, для сьледчых МГБ. А ўжо пасьля расстрэлу Цанавы — як садыста дзяржаўнага маштабу — другi аўтар, Васiль Раманоўскi, дапоўнiў гэтую кнiжку фотаздымкамi i камэнтарамi i 13 лiпеня 1964 году выдаў у колькасьцi 7500 асобнiкаў для агульнага карыстаньня.

Лiчу, калi ў Беларусi можна сяньня публiкаваць такiя «творы» з сталiнскiх часоў цi цытаты з аповесьцi «Волчья гряда» Анiконава, надрукаванай у часопiсе «Нёман» у 1987 годзе на Фiлiстовiча Янку, дык можна падумаць, што ў Беларусь вярнулася бальшавiцкая ўлада. I якi жаль, калi амаль усе народы былой сталiнскай iмпэрыi скiнулi бальшавiцкае ярмо, наш беларускi народ iзноў захоплiваюць у кiпцюры цанаўскiя апрычнiкi.

Ня маючы намеру спрачацца з хлусьнёю i паклёпам, хачу паўтарыць простую праўду, як я яе бачыў перад вайной, у часе вайны, i як бачу сяньня.

Жывучы ў даваеннай капiталiстычнай Польшчы, мы вучылiся ў школе на польскай мове й ведалi, што гэтая ўлада нам чужая. Але калi ў 1939 годзе прыйшлi расейска-бальшавiцкiя акупанты, за няпоўныя два гады мы адчулi дзiкае бяспраўе. Ноччу без суда i сьледзтва хапалi сем’i нават з малымi дзецьмi i ў суровыя маразы 1940 году вывозiлi ў цялятнiках у неабсяжную расейскую глыбiнку. Зьнiшчалi iндывiдуальныя гаспадаркi, а жыхароў заганялi ў калгасы. Хто ж такую дзяржаву прызнае сваёю?

Прыход нямецкiх акупантаў у 1941 годзе мясцовае насельнiцтва спаткала з трывогай. У акупацыйную адмiнiстрацыю, а таксама ў палiцыю большасьцю ўступалi людзi польскае нацыянальнасьцi. Вось яны й даказвалi немцам, што мясцовае беларускае насельнiцтва перахоўвае расейскiх партызанаў. I трэба прызнаць, што калi ў 1941 годзе савецкая армiя ў панiцы ўцякала ад наступаючых немцаў, некаторыя савецкiя байцы, каб не папасьцi ў нямецкi палон, сапраўды пераадзявалiся ў цывiльную вопратку i йшлi працаваць да мясцовых гаспадароў на палявыя работы. Аднак восеньню 1941 году немцы загадалi былым байцам чырвонай армii, што жылi на нашай тэрыторыi, зьявiцца ў павятовую ўправу на рэгiстрацыю, а калi некаторыя прыйшлi, iх забралi пад канвой i вывезьлi ў Нямеччыну. Тых, якiя асталiся, не пайшлi на рэгiстрацыю, мясцовае насельнiцтва сапраўды перахоўвала амаль год часу.

У 1942 годзе ўлетку быў выкiнуты расейска-бальшавiцкi дэсант, якi раскiдаў улёткi з загадам да былых байцоў чырвонай армii зьявiцца ў лес, а хто ня зьявiцца, будзе залiчаны дэзэртырам. У лесе выдавалi зброю i, паводле распрацаванага Масквой мэтаду, партызаны пачалi дзейнiчаць. Мэтад быў просты: у вёску засылаўся снайпэр, якi, затаiўшыся мiж будынкаў, страляў у немцаў, што праяжджалi мiма. За гэта немцы акружалi вёску i запальвалi будынкi, расстрэльвалi жыхароў. Тыя, хто мог уцалець, папаўнялi партызанскiя атрады.

Ва Ўкраiне й Прыбалтыцы такi мэтад ня меў жаданага для бальшавiцкiх партызанаў эфэкту. Там збройныя сiлы ўласных народаў хутка лiквiдавалi гэткiх «змагароў», а хто заставаўся жывы, як Каўпак, напрыклад, зь невялiкай групай уцякаў з Прыкарпацьця ў беларускiя лясы.

Каб зьнiшчыць партызан у Беларусi, немцы прысылалi карныя батальёны. У акцыях удзельнiчалi карнiкi з РОА (Русская Освободительная Армия) генэрала Камiнскага, з Украiны —генэрала Мельнiка, былi лiтоўскiя батальёны, казакi. I ўся гэтая армада ўсялякага зброду нiшчыла наш люд i дабытак.

Каб пазьбегнуць падобнага зьнiшчэньня й рабунку з боку расейскiх партызанаў на вёсках, дзе большасьць жыхароў былi католiкi, польская АК (Армiя Краёва) у асобе падпаручнiка Чэслава Заянчкоўскага (Рагнэр) зьвярнулася ў Лiдзе да нямецкiх уладаў, каб iм дазволiлi арганiзаваць самаабарону. I немцы выдалi iм зброю й дазволiлi арганiзаваць адзiн батальён. За гэты падарунак АК сваiмi сiламi, безь нямецкай помачы за двое сутак баёў у лесе каля вёскi Кабыльнiкi разграмiла расейскую партызанку.

Наваградчанам арганiзаваць самаабарону немцы дазволiлi толькi ў кастрычнiку 1943 году. Як было сказана вышэй, наш эскадрон, жаўнерам якога я быў з дня заснаваньня, цалкам арганiзаваўся ў лiстападзе 1943-га. Зазначаю, што як у Наваградзкi эскадрон, так i ў дэсантныя вызваленчыя групы нiхто нiкога ўступаць не змушаў, усе сьведама йшлi служыць Радзiме. I калi б немцы дазволiлi арганiзаваць у Беларусi збройную самаабарону хаця б на год раней, не было б столькi бязьвiнных ахвяраў.

Польская АК у сваiх зонах не палiла вёсак, але бязьлiтасна забiвала беларускую iнтэлiгенцыю. Бальшавiцкiя партызаны палiлi вёскi, рабавалi й забiвалi людзей. Як пiша сам былы камандзiр партызанскай разьведкi Калесьнiк Ул. у газэце «ЛiМ» у артыкуле «Адвечны клiч», «прысланы з-за фронту камандзiр партызанскага атраду даваў загад расстрэльваць жыхароў лясных вёсак, якiя не жадалi ўцякаць разам з атрадам у лес».

I як нi крыўдна, сёньня, праз паўвеку часу ў Беларусi працягваюць паклёпнiчаць на нацыянальны ўздым, на людзей, якiя ў найцяжэйшы для Радзiмы пэрыяд былi адданыя барацьбе за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Савецкiя партызаны падступна забiвалi беларускiх партызан-незалежнiкаў. Гэтак загiнуў патрыёт Ул.Шавель, якi з групай аднадумцаў у 1941 годзе выйшаў у лес, каб змагацца зь нямецкiм фашызмам за незалежную Беларусь. Расейска-бальшавiцкiя дывэрсанты ў 1942 годзе расстралялi ўсю групу. У 1943 годзе Масквою быў закiнуты дэсант асобага прызначэньня пад камандай палкоўнiка Рыгора Лынькова, якi пад выглядам перамоваў завабiў палескага нацыянальнага важака палкоўнiка Шанько на хутар каля Iвацэвiчаў i там расстраляў яго й ягоных сяброў, а ўся група Шанько, якая налiчвала каля 5000 жаўнераў, рассыпалася, пазьбягаючы расейска-бальшавiцкiх рэпрэсiяў.

Наваградзкi эскадрон на чале з Б.Рагулем ня меў задачы змагацца з расейска-бальшавiцкай партызанкай, бо ў лесе ў атрадах шмат у каго з жаўнераў былi сваякi, якiя змушаныя былi ўцякаць не з-за любовi да Сталiна й ягоных калгасаў, а каб ратавацца ад нямецкiх карнiкаў. Мэта эскадрону была вярнуць гэтых людзей дадому ў вёскi i тут арганiзаваць самаабарону. У той час немцы нарэшце зразумелi, што вайна для iх прайграная, таму дазволiлi беларусам узяць зброю.

Пасьля згаданага збору на Замкавай гары Наваградзкi эскадрон выехаў за межы Бацькаўшчыны. А ўжо неўзабаве мы адгукнулiся на заклiк Беларускай Незалежнiцкай Партыi ляцець у акупаваную бальшавiкамi Беларусь, каб падняць у насельнiцтва дух хуткай свабоды. Мы былi ўпэўненыя, што пасьля вайны ў Беларусi пройдзе рэфэрэндум пад мiжнародным наглядам. А праз тое, што адна частка насельнiцтва запалоханая расейска-бальшавiцкiмi партызанамi, а другая — польскай АК — дык людзi ня змогуць зарыентавацца, за каго аддаць свой голас. Мы, прысутныя тут як незалежная збройная сiла, павiнны былi падрыхтаваць насельнiцтва i даказаць мiжнародным прадстаўнiкам, што Беларусь змагаецца за сваю незалежнасьць. Беларускi дэсант прызямлiўся ня з мэтай узрываць цягнiкi цi разбураць дарогi, як пiшуць цанаўскiя кручкатворы, а менавiта будзiць народ да змаганьня за вольную Радзiму.

Калi б рагулёўцы з эскадрону БКА ў часе вайны паводзiлi сябе тут як акупанты, цi ж насьмелiлiся б яны вярнуцца з вызваленчай прапагандай да гэтых людзей i вербаваць iх да сумеснай барацьбы?

За маю службу ў эскадроне БКА, за службу ў групе асобага назначэньня дэсантнага батальёну i прызямленьне на Бацькаўшчыне ў часе вайны, маскоўскае ОСО, так званая тройка, засудзiла мяне на 10 гадоў у лягер спэцыяльнага прызначэньня «Минлаг» i прышыла на сьпiне нумар Н-296.

Чытаючы кнiжку «Саўдзельнiкi ў злачынствах», падумайце, чаму мяне не судзiлi Ваенным Трыбуналам, а судзiлi тройкай —закрытым судом. У гэтай кнiжцы напiсана, што рагулёўцы забiвалi, рабавалi, палiлi. А сьледчыя старалiся даказаць гэта сваiмi мэтадамi: на працягу няпоўных 10 месяцаў бiлi, надзявалi «сьмiрыцельную рубашку», садзiлi ў «амэрыканскi кош», ставiлi на «смирно» пасярэдзiне досьледнага пакою ў падвале «Амэраканкi», i стаiш, пакуль не абамлееш. Нарэшце сьледчы ўгаворвае: «чаго ты мучаесься i мяне мучыш, усё адно цябе ня выпусьцяць, а так падпiшаш, i ты паехаў у лягеры i працуй там на здароўе».

Многiя не вытрымлiвалi такога зьдзеку — падпiсвалi й ехалi этапам у цялятнiках або ў сталыпінскiх вагонах у лягеры: Карлаг, Озерлаг, Рэчлаг, Мiнлаг цi Сухабязводныя лягеры на непасiльныя работы, галодныя, асуджаныя на 25 гадоў, пад наглядам «праслаўленага» валагодзкага канвою.

Зь немалога ўласнага досьведу мушу сказаць, што катамi беларускага народа былi расейска-савецка-бальшавiцкi рэжым, а таксама ў часе вайны нямецкi фашызм.

Мясцовыя людзi ў Беларусi, якiх лёс закiнуў у партызанскiя атрады — цi то ў польскую АК цi ў чырвона-бальшавiцкiя партызаны — былi ахвярамi вайны, якiх жыцьцёвыя абставiны змусiлi ратавацца ў лясах ад немiнучай сьмерцi.

Жыцьцё паказвае, што толькi вызваленьне ад любых iншаземных путаў дасьць магчымасьць народу, а ў iм кожнаму чалавеку, быць вольным i шчасьлiвым.

Кастусь Шышэя
Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0