МАЛАДЫ ФРОНТ ПАДТРЫМАЎ АКЦЫЮ «НН»

 

2 сьнежня на некалькiх пiкетах, дзе маладыя трымалi плякаты ў 20-градусны мароз, людзi даведвалiся, што ў Беларусi абвешчаны дзённы моўны пост. Так здарылася, што менавiта ў гэты дзень была адмененая шматтысячная акцыя пратэсту супраць палiтыкi рэжыму — прафсаюзы папросту здалi працоўных. I ў гэты ж самы дзень са спэцпрыёмнiка-разьмеркавальнiка выходзiлi на волю з 15 сутак адсiдкi два палiтвязьнi — «Хросны бацька» Маладога Фронту Вячаслаў Сiўчык i старшыня Партызанскай рады МФ Вадзiм Канапацкi. Iх сустракалi духавым аркестрам (ад трубаў валiла пара), абдымкамi й, натуральна, роднай мовай.

А назаўтра, 3 сьнежня, у расейскамоўнай апазыцыйнай газэце «Имя» выйшаў вялiкi артыкул «Попробуй без языка» — аб тым, як перайсьцi на беларускую мову. Артыкул быў узяты з маладафронтаўскiх «Збораў Беларушчыны».

Увечары 3 сьнежня мы апыталi маладафронтаўцаў, якiя сабралiся на сваё шточацьверавае паседжаньне: якiя ўражаньнi пакiнуў Дзень? Прапануем вашай увазе найбольш характэрныя адказы:

Зьмiцер, 17 гадоў:

— Другога сьнежня? Ды на беларускай трэба кожны дзень размаўляць! Пастаянна, няспынна, i я заўсёды так раблю. У мяне, можна сказаць, усё жыцьцё скрозь без чужога слова, i нiчога — жывы. Увогуле, кожны маладафронтавец проста павiнны быць цьвёрда беларускамоўным, прычым увесь час. Зараз гэта асаблiва неабходна.

Павал, 21 год:

— Зайшлi мы зь сябрам у вакзальную залю чаканьня, сталi ля прылаўка буфэту i, як сьлед, па-беларуску, пачалi абмяркоўваць зьмесьцiва вiтрыны. Два мiлiцыянты, якiя стаялi побач, ня вытрымалi такое дзёрзкасьцi й цынiзму i, па складах разабраўшы надпiс на значку, зьедлiва запыталi, што гэта за такi фронт i чаму на вулiцах малавата маладых людзей з такой мовай i гэткай сымболiкай. Я адказаў: «Малавата, але хопiць. Вось зараз нас двое на вас дваiх». Рэакцыя была iмгненнай: «А ў мяне шаснаццаць патронаў!..»

Нiчога, мы й без патронаў абыдземся. Мы здольныя й словам забiваць. Напавал.

Яўген, 22 гады:

— Другога сьнежня, каюся, ужыў багата дрэнных расейскiх словаў. Справа ў тым, што даводзiлася размаўляць зь мiлiцыянтамi, а гэты «электарат» разумее толькi так. Лiчу, што ня трэба пэцкаць нашае чыстае мовы ў стасунках з тымi, хто сьпярша мент, а потым ужо чалавек.

Алег, 27 гадоў:

— Я не зьяўляюся сябрам Маладога Фронту, БНФ цi ТБМ, але заўсёды ў курсе апазыцыйных справаў, чытаю незалежнiцкiя газэты. Яшчэ зь вечара 1-га я растлумачыў жонцы й цешчы, як сябе трэба паводзiць заўтра. I, хаця сам толькi час ад часу пераходжу на беларускую, Дзень без чужога слова, я лiчу, вытрымаў. Нiчога страшнага. Людзi, якiя мяне ведаюць, трохi зьдзiўлялiся — але варта было патлумачыць, што «Наша Нiва» аб’явiла такi Дзень, i ўсе пачыналi казаць: «Правiльна, трэба хаця б раз на месяц...»

Мiкола, 20 гадоў:

— Да гэтага дня я лiчыў, што ведаю на сваiм факультэце ўсiх беларускамоўных — iх было чалавек пяць-шэсьць. Але 2 сьнежня падыходжу да ганку — бац, стаiць купка першакурсьнiкаў, i нейкi незнаёмы хлапчук так i шпарыць, так i шпарыць, а ўсе кругам сталi й слухаюць. Я ледзь не пасьлiзнуўся, думаю, трэба з малым перагаварыць, падтрымаць хоць як... А потым разважыў — ну i што, беларуская мова... Нiчога незвычайнага, працэс пайшоў. Толькi калi дамоў сыходзiў, да мяне дайшло — сёньня ж Дзень без чужога слова!

Падрыхтаваў П.С.