Дзецi ў старых беларускiх актах
(Раманаў, 8, C.314)
Зьвесткi пра iх рэдка сустракаюцца на старонках актавых кнiг, свае пачуцьцi да iх амаль не выказваюць дарослыя. Калi апошнiя й заўважаюць малых, дык хiба што як кагосьцi, хто замiнае, дакучае, блытаецца пад нагамi, альбо трапляе пад конскiя капыты.
Сьвет дзяцiнства iснуе паводле сваiх законаў, цалкам адрозных ад таго, што прынята ў сьвеце дарослых. Гэта — патаемны мацярык, iншая цывiлiзацыя. Мяжа памiж гэтымi сьветамi для большасьцi незваротная. Пераступiўшы яе, хутка губляеш памяць пра мiнулае. Перастаеш звацца проста Паўлюком, Насьцюхай, Хведкам, Андрэйкам, Iванцом, Жданцом, Агацiцай...; а абрастаеш новымi для сябе iмёнамi й «прозвисками». Тут i бацькавае, i мужавае, i родавае. Разам з абцяжараным iмем запавольваюцца рухi й рытмы новага жыцьця ў новым аблiччы. Часам сны вяртаюць сталым людзям зблытаныя ўспамiны, фантастычныя краявiды маленства, адно ранкам усё гэта цьмяна прыгадваецца як падарожжа ў iншасьвет.
Незафiксаваная нiдзе культура дязцiнства мае свае глыбокiя каранi, сваю гiсторыю. Мова гэстаў, гульняў, воклiчаў пераходзiць з пакаленьня ў пакаленьне. Пра яе забываюцца, стаўшыся дарослымi, але ж яна ўсё адно адраджаецца з новай хваляй малых пестуноў. Гэтаксама, як вечна iснуюць вада й каменьчыкi, жвiр i глiна, дрэвы й кветкi — нязьменныя спадарожнiкi дзяцiнства на ўсе часы.
Сьляды iснаваньня дзяцей у судовых актах ХVI стагодзьдзя нязначныя й няпэўныя. Дзецi яшчэ ня сталi «героямi» дарослага жыцьця, iх нiбыта «няма» на тле пануючага сьвету бацькоў. Iхныя адчуваньнi палягаюць у iншай прасторы, на iншым ўзроўнi — там, дзе ўладараць гукi, пахi й колеры, дзе час ад Калядаў да Купальля, ад Раства да Вялiкадня — цэлая Вечнасьць. Але ж ня меншая вечнасьць — час ад ранку да вечара, напоўнены падзеямi як нерат рыбамi. Дзяцей у сем’ях было багата, што таго гароху. Нездарма зьявiлiся й Пакацiгарошак, i Сямёра з аднаго струка. Дарэчы, бегаць па тыя самыя струкi — найлепшы занятак дзятвы. Дарослыя на гэты конт трымалiся пэўнага меркаваньня: «калi хто, злавiўшы ў гаросе хлопчыка цi дзяўчынку, пачне бiць iх, то на такi гарох абавязкова нападуць чарвякi», «калi ў час сяўбы гароху паблiзу нiвы гуляюць вялiкiм гуртом дзецi, то гарох добра ўродзiць», «той гарох будзе ўмалотны, куды найчасьцей ходзяць па струкi дзецi». Такiм чынам, параўнаньне дзяцей з гарохам — сьведчаньне стаўленьня да дзяцей, як да зьявы прыроды са сваiмi законамi й таямнiцамi. Гэтак град i дождж тлумачылi, як пакараньне кабетам, якiя не схацелi гадаваць, прыспалi або ўтапiлi сваё дзiця. Калi зьвечара дзецi доўга гулялi — тое на дождж цi сьнег. Чым больш жвавыя гульнi, тым мацнейшыя ападкi. «Перад дажджом не суняць дзяцей, яны граюць, бегаюць бы шалёныя». Тое самае казалi дарэчы й пра цялятаў. Калi прападзе сабака, то просяць, каб яго паклiкала малое дзiця. Тое лезе ў печку, потым у комiн i клiча прапажу. Верылi, што праз кароткi час сабака вернецца ў хату. Безьлiч забабонаў зьвязана зь дзецьмi. Празь iх бачны клопат i адначасова стаўленьне да дзяцей як бы звонку, як да iстотаў, адрозных ад сябе. У час выпечкi хлеба — цэлы рытуал: малому нельга пралазiць пад лапатаю, калi пякуць хлеб, бо ня будзе расьцi. Рошчына выбежыць зь дзяжы, —яе не кладуць назад, а пякуць аладкi для дзяцей. Першы блiнец — заўсёды дзецям. Хлопчыкам абстрыгалi валасы толькi пасьля аднаго году, ставячы на дзяжы, iнакш дзiцё магло стаць касавокiм. Валаскi не выкiдалi, а пускалi на цякучую ваду цi запiхвалi ў шчылiны сьценаў. Калi дзiця не давалася часаць валасоў, то казалi, што вошы вяроўку саўюць ды зацягнуць малое ў рэчку. Каб дзецi не баялiся Перуна, мацi прыпальвала iм грамнiцай валасы, каб засьцерагчы ад страху. А ўжо страхаў-жахаў было нямерана. I ваўкi — бяда пастушкоў, i кажаны, ад якiх губляеш рост, i чорт, што любiць гушкацца на назе.
Але ўсё гэтае жыцьцё-быцьцё пiсьмова не было зафiксаванае. Успамiны пра яго маюць схарон у памяцi, суворая нiтка якой ня мае пярэрвы, хiба што безьлiч вузельчыкаў. Прыгадайма бабулiну калыханку, цi злосную мянушку, кiнутую наўздагон цёткай-суседкай, цi каторую зь лiчылак перад пачаткам дваровай гульнi: «... Кацiлася торба зь вялiкага горбу...» Шмат што лучыць нас з часам, пра якi маўчаць дакумэнты.
Тым цiкавей вышукваць у пiсьмовых крынiцах сярод разнастайнай iнфармацыi, якая тычыцца жыцьця дарослых, драбкi зьвестак пра дзятву, якая ва ўсе часы iснавала поруч, падпарадкоўваючыся як бацькам, так i ўласным законам. Тым болей, што гэтыя крынiцы маюць адмысловы характар, бо зьяўляюцца судовымi дакумэнтамi, якiя адлюстроўваюць дачыненьнi чалавека й закону часоў Рэнэсансу. Наезды на маёнткi, гвалтоўныя напады на падарожнiкаў, рабаўнiцтва, забойствы, ашуканства, абразы, маёмасныя падзелы — вось тло, на якiм зрэдку сустракаюцца й згадкi пра дзяцей. «Дзецi обоего рожаю, мужского и невестего», «мурзы дитя», «детина постух», «дите небожчыковское», «детки», «внучата», «выросток», «выхованица», «пасынок» — сьцiплыя прыгадкi сярод мiтульгi крымiнальных выпадкаў. Характар зьвестак пра дзяцей таксама адпаведны, збольшага гэта трагiчныя здарэньнi.
Здаралася так, што дзiця гiнула, яшчэ не пабачыўшы гэтага сьвету. Жахлiвае здарэньне адбылося ў двары Белая Паўлаўшчына, што на Слонiмшчыне, у 1592 годзе. Зямянiн Якуб Вiскоўскi з памагатымi жорстка зьбiў цяжарную кабету, пасьля чаго яна нарадзiла мёртвае дзiця. Вось як апавядаў судовым выканаўцам бацька няшчаснай: «зоставши у дому дочку мою Марину... (Якуб Вiскоўскi. — В.Б.) з свiрна идучы за нею почал гоняти, аж она ледве убегла (ў хату) и там была завалилася, а так тот Якуб Вёсковский як ударил у двери, завалка зломилася, а дочка моя на завалце седела и с тою завалкою о землю пала, будучи в том часе бременна... Якуб Висковский дочку мою Марину у груди кулаком ударил, лежачую при земли, ногами почал бити и топтати... Оная дочка моя от Висковского збита и старсована на завтрей у понеделок... детя неживое мужчизну породила...» Возны агледзiў цела немаўляцi й даў запiсаць пiсару: «тела того дитяти... мертвое еще недоношеное, вжо в теле зупэльном..., ручка правая переломлена, носок збит...» Яшчэ двое малых не нарадзiлiся пасьля зьбiцьця кабеты дзевяткаўскiм баярыным пана Грыгорыя Трызны Хведарам Непрановiчам, якi «... невесту бременую увередил и двое детей мертвых народу мущизного нежывых породила» i якая ў роспачы «волала, иж если сама умру, тогды ни от чеего бою, только от рук того боярина...»
Небясьпека чакала дзiця ў любым месцы, хай то быў свойскi двор, рэчка, лес цi поле... Гэтак разам з дарослымi пацярпела й малая Марушка, калi татарын Маско Мартузiч «... наехавши гвалтом» на поле, дзе жалi жыта падданыя зямянiна Шчаснага Тамковiча «... челяд позбивал i старсовал и дитя конем мало не рострутил... иж дей дитя, девочка в пети летах Марушка с престраху от татарына Маска не ведаю если жыва будеть». Пры наезьдзе зямянiна Мiкалая Шостака «рано перед всходом слонца» на маёнтак Бусяж зямянкi Галены Юндзiл таксама пад капытамi каня пацярпела малая дзяўчынка: «сестрычка мое девочка Ганна в чотырох летех конми здоптана, и не вем, естли буде жива...»
Разам з дарослымi пераносiлi дзецi ўвесь цяжар тагачаснага жыцьця, якое складалася са штодзённай працы й змаганьня з рознай напасьцю. Мор i голад зьнiшчалi дзяцей i дарослых без шкадаваньня. 1572 год быў страшным годам «морового поветрия», калi загiнула шмат насельнiцтва. Некалькi радкоў з актавых кнiг сьведчаць пра гэтыя цяжкiя часы. «... В теперешнем семдесят втором з допущеню Божего в поветрею моровом, которое было в месте Слонимском и по волостям, тая жона его Татяна з детми вмерли...» Бяда раскрывала як добрыя, так i благiя чалавечыя якасьцi. Такiмi словамi сустрэла кабета мужа сваёй дачкi пасьля ўцёкаў таго ў цяжкую гадзiну: «Тепер, коли дочка моя, а жона товоя умерла, тобе тот дом и маетность мила, а коли на тот дом наважене Боже было поветреем моровым, ты ся отрек жоны, детей и маетности своей и з дому втек проч, а до дому не ходил боли. Псы грешное тело жоны твоей ели, аж дей я грешное тело, чого псы не зъели, сховала...»
Бабкi часта бралi на сябе выхаваньне сваiх унукаў «будучы прымушоны повинностью крви своее», бо тыя часам трацiлi сваiх родных, або былi сiротамi пры жывых бацьках. Зямянка Тамiла Станiслававая Венцлавая Тулкоўская, «яко невеста щырая» «... тую внуку свою взявши з владзы отца ее яко от марнотратного чоловека в моц и опеку свою, ... за немалым накладом своим... яко власное дитя свое ховала, ... абы за марнотратными поступками зятя своего, а отца ее, она, внука ее, при згубе маетности и до згубы учстивого шляхетского стану своего и злого выхованя не прышла...» «Пани внука моя... Ку мне, бабце своей...» — ласкавы прытулак для сiроцкай душы.
У адну з начэй не дачакалася сваёй бабулi малое дзiця, бо якраз пад вечар зямянiн Гаўрыла Грыгоравiч пiў з папом рускiм узлоўскiм Гаўрылам Лабкоўскiм, а потым, едучы ў вазку, спаткаў на «дарозе добровольной, которая лежит от церкви св. Или... баярку... невесту сталую учстивую ему и никому иншому нивчом невинную найме Павловую Михновича Галену Лискевичовну. До себе у вазок свой всадивши и до двора пани матки своее везучы... окрутне кием ее биючи и мордуючи безвинне ее ледве... до матки своее живую привез и оттуль дей иж тая ж матка его пани Тамила Скипоровна посланцом боярыном своим найме Иванцом... до двора пана Сымонова отослала, бо дей тая Павловая до двора пана своего до дитяти маленького наноч хоживала, яко бабою оному будучы... Пры том бою згинуло у ее тры локти полотна кужелю...»
«Иж дитяти своего никому не дам...» — заявiў слонiмскi мешчанiн бацькам сваёй памерлай жонкi, калi тыя прыехалi забраць яго ў свой дом. А вось зямянка Багдана Чыжовая не ўберагла свайго малалетняга сына Яна, народжанага ад першага мужа, цяпер нябожчыка Яна Сухадольскага. Яго адабраў у яе войскi слонiмскi Абрам Мялешка, гвалтам наехаўшы на «... дом шляхетский прозываемый Бусязский». «Сына моего... з рук моих отнял и з собою взял... есми его у себе живого держить або забил».
Здаралася так, што дзецi бралi ўдзел у крадзяжы. Часам з дапамогай дарослых. Падрабязную гiсторыю пра ўдзел дзяцей у рабаўнiцтве запiсаў са словаў слонiмскага мешчанiна Юхна Яновiча i вознага пiсар Слонiмскага земскага суда: «иж в него з дому скринка украдена, в которой грошей готовых осм коп, два таляри, поес сребром оправеный..., иншых дробных речей немало. А так дей был в дому моем детина волопащая, которая мешкала у слесарчика за мостом, тот и скринку украл... Детина, именем назвал себе Янком, оповедил добровольне кром всякого примушеня, — ям дей тую скринку украл за направою Евхимца слесара, который дей мене в понеделок привел до дому того Юхна и батька его барбера и вказал ми украсть скринечку малую..., ям дей во второк тую скринку вкрал и отнешши до дому его дал дотце Ждане и сыну Хведорову Иванчику, которые яко девка, так и детина... вызнали, иж тая скринка в дому батька их ест... и знашли в избе Хведорове под лавою у глине пас сребром оправеный, крижик перловый сребром оправеный, пуговочок сребреных две, ку чому ся тые дети признали, иж они скринку отодрали и спалили, а потом девка до грошей довела, и 3 коп не достовало... А так я порозумевши, иж тот детина, который скринку украл лет недорослый, о горло му не пойде, так и тые, которые от того детины скринку взяли лет немли, тое лицо вернути казалом, а за тот выступ, казалом всих трох робят скарать хлостою...» Таксама скардзiўся ў судзе «молодец жидовский Аврама Великого Павлюк на сына мещанина слонимского Олехнова Козчича наймя Тимофея, иж познал в него кожушок свой бараний ноползношоный, который дей в мене вкраден вже две недели будуть...» Суд шукаў вiнаватага, а тым часам жыцьцё рушыла па сваiх каляiнах. Кагосьцi злавiлi ў садзе пад час абтрасаньня чужых яблыкаў, хтосьцi атрымаў кухталёў за «ловене силом куров».
Дзiця можна было пакараць, аддаць у навуку цi ў заставу. Гэтак слонiмскi мешчанiн Давыд Падлытковiч «зоставил был» чабатару Далбенку сына Максiмца за 30 грошаў... А староста Трэйданскi Пётр Стаброўскi аддаў пад заруку зямянiну Станiславу Сакалоўскаму хлопца-падданага разам з канём у маёнтак Дзеравенскi за 200 коп грошай. Бывала, што падлеткi ўцякалi з новага месца. Ад лучнiка слонiмскага ўцёк ягоны вучань; пра што апошнi падаў скаргу ў суд: «... тот Давыд дал мне на науку з рук своих молодца, которого мел научить луки робить, а тот молодец за науку мел тры годы служить, а естли бы служить за науку не хотел, тогды Давыд за то пять коп грошей дати мел, а ток оного молодца луков робить навчилом,... дей он втек от мене, починивши шкоды...» Два «молодца» Грышка й Ян уцяклi ад сваiх гаспадароў, узяўшы з сабою «хорцiцу моруговатую», ручнiцу, кажух баранi вялiкi й кажушок кароткi. Слугi доўга шукалi ўцекачоў «... опыт чынили, многие люди поведили, иж бачыли двух на конях едучы, а за ними хортицу моруговатую бегучи...»
Праходзiў час, i пасталелыя дзецi рабiлiся падмогай як у сваiх сем’ях, так i ў чужых, асаблiва, калi дзiця было сiратою. Пра гэта пакiнуў лiст баярын з Плаўскага Захары Чарнышэвiч —»будучы я чаловеком в летех при старости своей, а не маючы в себе сына лет дорослого, который бы за мене часу потребы военное службу господарскую земскую служыл мале не до живота моего ховал, про то без жадного примушеня, одно по свое доброй воли взял есми в дом свой за сына Павла Игнатовича...» Гэтак жа падданая з Рэпнiкаў прыняла ў свой дом «братанича» Iвана —»... маючы в себе тепер одного сына пры собе именем Степан лет недорослых, а сама будучы невеста летная, не есть дужа яко повиноватостей королевских сполняти, так и около роботы домовое... приняла до себе в дом за сына того Ивана и тому Ивану часть яко земли, так и дому всего и речей всих рухомых... яко и сыну тому Степану поступила, а так теж Иван мает ее яко матку свою мети и до живота ее ховати, будучи ее послушен во всем...»
Малыя дзецi — малы клопат, вялiкiя — непамерны. Толькi скрайняя роспач i безнадзейнасьць прымусiлi зьвярнуцца ў суд зямянку Раiну Туганоўскую са скаргай на сваiх родных сыноў. У сваiм аповедзе жанчына казала, як доўга трывала й шкадавала сваiх недарэчных сыноў, бо «прирожоная милость материнская завжды их передомною заступовала», ня скардзiлася на iх нават у малiтвах «абы Пан Бог не вылил на них гневу своего справедливого», але нарэшце трываньне скончылася, i няшчасная мацi з плачам паведала судзьдзi наступнае: «... з горким плачом моим, в котором я, надзная мать, на неосушаючи очю моих трваю... сама ку ведомости... доношу и оповедаю, иж Андрей, Иван — сынове мои, зъехавши з служб, маючы пры собе по кольконасту коней и слуг, от часу немалого яко лежни якие при мне лежат, ани маючи и згляду на Пана Бога самого, матки своей не шануюць, учтивости ми не выражають, ... терплю од них, того бы и поганские дети маткам своим не чинили, тоесть мешкаючи при мне, дознавам того, чтого подобно жаден родич от детей своих не показал. Слуг перед очима моими бьют и других слугам своим мородовати кажуть, свовольне с пивницы, з спижарни, з гумна и з оборы быдло, вепри кормные беручи, в маетности моей мене нищат и оную таким свовольством забирают...»
Бацькi ж чакалi ад дзяцей дапамогi з малых гадоў, догляду ў старасьцi, прыстойных праводзiнаў у апошнi шлях. У большасьцi тэстамэнтаў таго часу гучыць сапраўдны клопат пра сваiх дзяцей. Шчаслiвыя, мусiць, былi тая мацi цi бацька, якiя ў сваiм апошнiм наказе выказвалi словы падзякi сваiм улюбёным дзецям: «описую и дарую сынам моим двум Стэфану и Федару... побачивши схильность и повинность их ку мне, матце их...» —пiсала перад сьмерцю зямянка Федора Рэзанавая i загадвала: «мает сын мой Стэфан грешному телу моему слушный а почтивый погреб вчинить, так теж память и вси доходы церковные отправить мает водле обычая хрестиянского... А хто бы кольвек тую остаточную волю мою мел з детей моих нарушить, так сыны яко и дочки мои розсудятся зо мною перед милостивым створителем Богом нашим...»
Пасьля сьмерцi бацькоў дзецi заставалiся сам-насам са сваiм жыцьцём. У большасьцi зь iх былi апекуны, якiя часам выкарыстоўвалi нададзеныя iм правы на сваю карысьць, але, зразумела, былi сярод iх i сумленныя людзi. Падрослыя дзецi атрымлiвалi свае часткi маёмасьцi й заводзiлi свае сем’i (дарэчы, хлопцы лiчылiся сталымi ў 18, а дзяўчаты — у 13 гадоў), для меншых жа дзяцей сьмерць бацькоў была сапраўднай трагедыяй. Хiба можна праз дакумэнт 400-гадовай даўнасьцi ўявiць пачуцьцi падлетка, якi стаiць перад ложкам памiраючага бацькi? Але ж мы можам паспрабаваць? «... Пане отче, вижу дей, аж ваша милость есть на воли Божай и на смертельной постели. А если на вашу милость пан Бог раши смерть допустить? Кому мене в опеку поручаеш, а при ком мене зоставуеш? Сынов своих, а братю мою ваша милость поженил и отделил, а я зостатся муша один, жоны не маючи. Хто надомною яко сиротою измилуется и хто мене яко сироту пригорнет?» Памiраючы бацька, возны Слонiмскага павету, Матыс Мiкалаевiч кажа малодшаму сыну апошнi наказ: «Мiлы сыну, Пану Богу тебе в опеку поручам..., я уже сынов своих, а братю твою оженивши и поделил и не мают уже они до тебе жадное потребы, тоест до будованя дворного, до избы у которой я лежу... и до светлочки, до свирна, до лазни, бо дей то я своим грошом покупил..., то тобе, сыну, отказую. Одно ж маете уси сполом... землю... на ровные части делить...»
Крымiнальны характар гэтых дакумэнтаў высьвятлiў тую прастору iснаваньня дзяцей у тагачасным сьвеце, якая знаходзiцца як бы «па той бок месяца». Жыцьцё ж паўставала ў розных праявах, прымушаючы душу чалавека трымцець ня толькi ад жаху, але й ад хараства. Навакольны сьвет хаваў столькi таямнiц, што на iх адкрыцьцё наўрад цi хапала часу, адведзенага чалавеку на дзяцiнства...
«Часам аблокi прадзiруцца, тагды лiне дождж, бы зь вядра, а за iм разам падаюць i кускi аблокаў. Нашыя дзецюкi колькi раз самi находзiлi пасьля дажджу гэтыя аблокi...»
Слоўнiк старабеларускiх словаў
выростак — падлетак
барбер (бальвер) — лекар, цырульнiк
лицо — рэчавы доказ, сама ўкрадзеная рэч
выступ — злачынства, лiхадзейства
братанич — пляменьнiк
Вольга Бабкова
У тэксьце выкарастаныя матэрыялы з кнiгi «Зямля стаiць пасярод сьвету» кн. 1, укладальнiк Ул.Васiлевiч, Менск, 1996.
Тэкст напiсаны паводле дакумэнтаў з актавых кнiг Слонiмкага гродзкага i земскага судоў канца ХV1 ст., якiя захоўваюцца ў Нацыянальным Гiстарычным Архiве ў Менску.
Беларускi Гуманiтарны Фонд «Наша Нiва» засноўвае ў 1999 годзе новую кнiжную сэрыю «Чытанка», у якой таксама выйдзе кнiга Вольгi Бабковай.