У швэдаў — сацыялiзм

Алег Дашкевiч

 

У Гётэборгу, альбо на швэдзкi манер — Ёттэборы, смачная вадаправодная вада. Такая ж смачная, як у Менску. А пiў я гётэборскую ваду з ласкi БАЖ, якая выправiла мяне й iншых калегаў — незалежных журналiстаў паглядзець на швэдзкi сацыялiзм. Сьведчу — у швэдаў сацыялiзм. З выключна чалавечым тварам.

Крынiчнай вадой падабенства Менску i Гётэборга ня скончылася, але гэта было першае сапраўднае ўражаньне. Дарога ад аэрапорту да самага места — роўная, як украiнскi стэп: вiдаць, горад, дзе вырабляюць дзьве маркi легкавых аўтамабiляў SAAB i Volvo, ня можа сабе дазволiць дрэнных дарог. Зрэшты, гэта тое, што не зьдзiвiла.

Колькасьць каляровага насельнiцтва прымушала задумацца, цi сапраўды Гётэборг самы заходнi горад адной з самых паўночных краiнаў. Тут амаль трацiна iмiгрантаў, гэта пры тым, што тут — эўрапейскi тупiк, далей ехаць няма куды. Але такая карцiна назiраецца па ўсёй Швэцыi: з васьмi мiльёнаў насельнiцтва — мiльён шэсьцьсот тысячаў — iмiгранты. Гэта вынiк лiбэральных законаў 70-80-ых гадоў, калi швэдзкая эканомiка iмклiва разьвiвалася, i краiне патрэбная была працоўная сiла. Швэды дастаткова бестурботна ставiлiся да гэтае зьявы, пакуль не адбылася трагедыя, якая набыла рэзананс па ўсiм сьвеце, — пажар у гётэборскай дыскатэцы ў раёне, дзе жывуць пераважна iмiгранты.

Знэрваваная палiцыя нiчога ўцямнага й канкрэтнага не тлумачыла, адно бубнела, што сьлядоў падпалу ня выяўлена, па месту тым часам кружлялi чуткi пра нейкую падобную да скiнхэдаў моладзь, якую быццам бачылi на дыскатэцы, i страшнае для добраўладкаванай Швэцыi пытаньне вiсела ў паветры. Да таго ж праверка на пажарную бясьпеку, якая прайшла перад трагедыяй, ня выявiла нiчога падазронага. Як бы там нi было, напружаньне памiж карэннымi й iмiгрантамi адчувалася.

Калi на адной з сустрэчаў я крыху нахабна пацiкавiўся, куды глядзеў урад 70-ых, якi мусiў лiчыць наперад наступствы такой лiбэральнай палiтыкi натуралiзацыi, швэды крыху раздражнёна адказалi, што ў iх дэмакратычная краiна, што iхны ўрад не прымае рашэньняў валявым парадкам, а калегi абвiнавацiлi ў таталiтарным мысьленьнi, — маўляў, ты разважаеш па-савецку — урад асобна, народ асобна; калi б урад не задавальняў патрэбаў эканомiкi, ён бы перастаў iснаваць. Магчыма й так, але... але пажар адбыўся ў iмiгранцкай дыскатэцы, i палiцыя ўнiкала канкрэтных адказаў. Таму я ўсё ж мяркую, што ўрад на тое i ўрад, каб лiчыць наперад.

Блукаючы па гётэборскiх вулiцах альбо едучы ў грамадзкiм транспарце, ня мог пазбавiцца думкi, што я не за мяжою. Мне было ўтульна ў гэтым горадзе, час тут цёк з той жа хуткасьцяй, што ў Менску. З гэтага гледзiшча, напрыклад, Масква —большае замежжа. Да таго ж Гётэборг вонкава падобны на Менск, цэнтар без архiтэктурных празьмернасьцяў. Прамысловыя раёны з трубаправодамi, высотнымi кранамi, заводамi. Раёны-спальнi з такiмi ж дзевяцiпавярховымi кубiкамi й «хрушчоўкамi». Наконт апошнiх аказалася, што Швэцыя мела падобную праблему з недахопам жытла. Прачуўшы пра тое, як вырашалася яна ў СССР, швэды накiравалiся па савецкi досьвед, i хутка ў iх таксама зьявiлiся пяцiпавярховыя блёкавыя дамы без гарышчаў i з пляскатымi дахамi, якiя стаяць да гэтае пары, праўда, адаптаваныя да новых умоваў. У Гётэборгу ўсё адаптавана да новых умоваў: партовыя пабудовы былых вэрфяў — пад карпусы шматлiкiх ВНУ й спартовыя залі, плавучыя докi — пад сучасныя гатэлi, самалётная вытворчасьць SААВ — пад аўтамабiльную той жа маркi, магутныя партовыя краны — пад атракцыёны...

Швэцыя, калi меркаваць з Гётэборгу, краiна, дзе цалкам вырашаныя пабытовыя праблемы, краiна, пазбаўленая раздражнёнасьцi, дзе правам перавагi карыстаецца слабейшы. Уладальнiкi аўта саступаюць дарогу пешаходам, аўтобусы й трамваi чакаюць тых, хто не пасьпявае, прадаўцы ўсьмiхаюцца пакупнiкам, парцье — пастаяльцам. Вам паўсюль стараюцца дапамагчы. Журналiстка зь беларускай правiнцыi, дзiця дрымучых лясоў, згубiўшыся ў незнаёмым горадзе глыбокiм вечарам, падыйшла па паратунак да кiроўцы трамваю й здолела назваць толькi назву гатэлю. Кiроўца зрабiў лiшняе кола па маршруце, давез да патрэбнага прыпынку й сказаў два словы на зразумелай мове — мост i направа. Шчасьлiвая, яна са сьлязьмi на вачох прыбыла на месца пастою.

Балаты для гэтага кутка Швэцыi, як i для нас, значаць шмат, Гётэборг стаiць на балоце. Нi высотных дамоў, нi мэтро тут нельга будаваць. Але, тым ня менш, людзi на балоце пабудавалi для сябе пабытовую казку, i вiдаць ужо забылi, што ў ёй жывуць.

У Швэцыi мода на змаганьне з паленьнем, гарэлку набыць даволi складана — у адмысловых крамах, у адмысловы час. Можа, таму п’янога спадара мы спаткалi толькi адзiн раз. Позьнiм вечарам, на прыпынку трамвая ён, хiстаючыся, дапiваў з рыльца пляшку й нешта лапатаў, побач сядзела ягоная сяброўка ў такiм самым стане. Раптам мужык падыйшоў да мяне й пачаў нешта гаварыць, узмахваючы рукамi. Я глядзеў i думаў, прычэпiцца цi не. У адказ ён працягнуў сваю п’яную руку, якую я пацiснуў. Пасьля, зрабiўшы апошнi каўток, ён з размаху ляснуў пляшкай аб брук. Мне падалося, п’яны швэд падобны да п’янога беларуса, абодва больш занятыя сваiмi праблемамi, чым чужымi.

Зьнешне народ у Гётэборгу ня дужа розьнiцца ад менскага, яскравых Конанаў-Барбараў я назiраў няшмат, затое ёсьць сярод этнiчных швэдаў чарнявыя й смуглявыя, як нашыя «гракi», што на Гарадзеншчыне ды Берасьцейшчыне. У iх такiя завуцца балонамi, што некалi ў сярэднявеччы прыйшлi ў Скандынавiю з тэрыторыi Бэльгii.

Як аўтарытэтна сьцьвярджаў калега, якi паезьдзiў па сьвеце — швэды не ядуць супоў. Сапраўды, калi я запатрабаваў суп у нейкай кавярнi, афiцыянт нiяк ня мог сьцямiць, чаго мне патрэбна. Я ўжо быў засумаваў бяз супу, як раптам пашанцавала, накармiлi смачнай гарохавай пахлёбкай... у турме. Пра розьнiцу ва ўтрыманьнi зьняволеных у нас i ў iх вядома шмат, скажу толькi, што ў турме, якая прыкладна займае тэрыторыю «Валадаркi», цягнуць свой тэрмiн сто дзевяць зэкаў. Асобныя камэры, тэлевiзар, радыё, бывае кампутар, санвузел i г.д. Камэры зачыняюцца толькi на ноч. Да таго ж атлетычная заля. Кiруе працэсам шыракакосная казачнiца Астрыд, да якой зэкi зьвяртаюцца на ты, i як сьцьвярджаюць, гатовыя адкруцiць галаву любому, хто рызыкне яе пакрыўдзiць. Тры швэды-дзецюкi, зь якiмi мы размаўлялi, трымалiся разьняволена. На пытаньне, хто вiнаваты ў тым, што яны апынулiся тут, у турме, адказалi — як пасьцелеш, так i спаць будзеш. Гэта, вiдаць, галоўная розьнiца памiж ня толькi нашымi й iхнымi зэкамi, а памiж нашым i iхным грамадзтвам. Як заўважыў калега, тут прычыну ўласных няўдач шукаюць у сабе, у нас — у вонкавых абставiнах. Я зь iм згодны. Дарэчы, большасьць насельнiкаў турмы — iмiгранты.

Швэды — сацыялiсты, столькi размоваў пра прафсаюзную салiдарнасьць я ня чуў з часу хваляваньняў на вэрфях i шахтах Польшчы. Дзе б мы нi знаходзiлiся, гэтая тэма агучвалася на поўны голас, але каштуе iхны сацыялiзм ня танна — сорак працэнтаў заробку. Большасьць швэдаў жыве ў крэдыт, але гэта выгадна i людзям, i дзяржаве. Калi слушнае вызначэньне, што як жывуць старыя, такi сацыяльны ўзровень краiны, то тут у швэдаў парадак. Дамы састарэлых на ўзроўнi гатэляў, прынамсi ў тым прадмесьцi, што мы наведалi. У гэтым кутку Гётэборга знаходзяцца сацыяльныя ўстановы ня толькi для старых, а таксама для дзяцей i разумова адсталых, якiх, наколькi магчыма, грамадзтва стараецца iнтэграваць. Напрыклад, яны працавалi ў кавярнi сацыяльнага цэнтру, дзе нас частавалi кавай. Iх не саромеюцца. Адзiн зь iх вiтаў нас, зь дзiцячым гонарам распавёўшы, чым ён займаецца. Пачуўшы, што мы зь Беларусi, распавёў, што быў у нашай краiне й зьбiраецца наведаць яе яшчэ, разам са сваiмi хлопцамi, паразiўшы напавал сваiмi дзiцячымi летуценьнямi некаторых з нашай каманды, якiя жыва пачалi цiкавiцца, дзе й калi ён быў у Беларусi. Кiраўнiкi сацыяльнага цэнтру пазiралi са спачуваньнем.

Тое ж i зь дзецьмi. Адзiн з цэнтральных гарадзкiх унiвэрмагаў. Мацi зь дзiцём гадоў трох зайшла па нейкi набытак. Раптам дзiцё ўлеглася на падлогу. Нi падвышэньня голасу, нi, пагатоў, сваркi. Наведнiкi спакойна абыходзяць занятае сваiмi мроямi дзiцё, мацi спакойна чакае. Празь якiя дзьве хвiлiны дзiцё паднялося й радасна пакрочыла разам з мацi далей.

У чым розьнiца памiж цярпiмасьцю й цярплiвасьцю? Вiдаць, цярпiмасьць — якасьць свабоднага i ўпэўненага ў сабе грамадзтва, цярплiвасьць — слабога й несвабоднага. Цярпiмасьць — сымбаль Эўропы, сымбаль эўрапейскай Швэцыi — каралеўская сям’я.

Нам пашанцавала, мы бачылi Караля i Каралеву, якiя прыбылi ў Гётэборг на жалобную iмшу з нагоды трагедыi. У катэдральным саборы ўваход быў вольны. Мы стаялi ў некалькiх мэтрах ад сымбаля нацыi, вiкiнгi з аховы, кiнуўшы позiрк у наш бок, не чынiлi нiякiх перашкодаў.

Пасьля iмшы Кароль i Каралева выйшлi з катэдры, селi ў звычайны SААВ мясцовай вытворчасьцi з каралеўскiм гербам на дзьверцах i паехалi па сваiх каралеўскiх справах. Следам у модным мэрсе рушыла ахова. Непадалёк было вiдаць некалькi конных палiцэйскiх. I ўсё.

Я думаю, шкада, што Беларусь не Каралеўства, што ня маем мы нi свайго Караля, нi Каралевы. Можа ад таго нiяк мы ня здолеем дацягнуцца да Эўропы. Любая з эўрапейскiх манархiяў — сымбаль прыстойнасьцi краiны. Дый калi разважыць, Каралеўства Беларусь гучыць значна лепей, чым РБ, а Беларускi Кароль — чым ППРБ. Можа, варта падумаць i зноў паклiкаць «варагаў з-за мора».

Дарэчы, як не хапае Беларусi мора, мусiць таксама, як Караля. Гэта адчуваеш, калi стаiш на верхняй палубе караблiка, што курсуе ў шхерах памiж выспамi, раскiданымi вакол Гётэборгу, там, дзе сыходзяцца Балтыйскае й Паўночнае мора. Марская прастора заўжды правакуе пытаньне: — А што там далей, на тым беразе? — i пазбаўляе комплексу боязi перад незнаёмым.

У аэрапорце афiцэр каралеўскай памежнай варты разлучыў мяне з маiм складным кiтайскiм нажом. Я не спрачаўся зь iм, я падумаў, можа, гэта знак. Можа, дасьць Бог, калiсьцi я вярнуся ў гэтую пабытовую, створаную людзьмi казку — порт Швэдзкага Каралеўства Гётэборг, цi па-швэдзку — Ёттэборы. Можа, да таго часу мы здолеем зрабiць Беларусь — Каралеўствам, а Менск — казкай, i чужое мора ўжо ня будзе нам чужым.