IМПЭРЫЯ I РАСЕЯ

 

Раман Шпарлюк

 

Гэтая вялiкая iмпэрыя, якая прасьцiралася ад Балтыкi да Цiхага акiяну, захапiўшы ў Эўропе землi й народы ад Фiнляндыi да Бэсарабii да Крыму, мела глябальныя й палiтычныя праблемы з «уласна Расеяй» — праблемы, створаныя тым, што нiхто ня ведаў, дзе тая «ўласна Расея» канчаецца, i дзе пачынаецца iмпэрыя.

Расейцы адчувалi, што неабходна ўзаконiць сваю прысутнасьць у Эўропе адпаведна з новымi iдэямi аб нацыянальнасьцi. Яны пачалi пiсаць гiсторыю iмпэрыi ды яе папярэднiкаў як расейскую нацыянальную гiсторыю. У сваiм прагненьнi стаць «сваiмi» сярод эўрапейцаў расейцы стварылi сваю гiсторыю (ды перагледзелi свае дачыненьнi з Усходам), узяўшы на ўзбраеньне чыста заходнiя канцэпцыi. Iхныя гiсторыкi ХIХ ст. навучылi расейцаў глядзець на iмпэрыю як на нацыянальную расейскую дзяржаву. Былi створаныя таксама новая фiлялёгiя i этнаграфiя, якiя вызначылi расейцаў як славянаў ды праваслаўных хрысьцiянаў. У працах выдатных расейскiх гiсторыкаў ХIХ ст. гiсторыя шматнацыянальнай расейскай iмпэрыi стала расейскай гiсторыяй. Гэта, у сваю чаргу, спрычынiла вызначэньне неэтнiчных расейцаў, у прыватнасьцi й тых, якiя жылi з этнiчнымi расейцамi ў адной краiне стагодзьдзямi, як «iншародцаў» ды «iншаземцаў», словам — расейскiх нiзоў, альбо ўвогуле калянiзаваных народаў. Гэты падыход прадугледжваў глябальныя адрозьненьнi, для якiх знайшоў трапную характарыстыку Джэфры Госкiнг: «Брытанiя мела iмпэрыю, а Расея была iмпэрыяй — i, мабыць, дагэтуль ёю застаецца». Як тлумачыць Госкiнг, Брытанская iмпэрыя была адчужанай ад сваiх тэрыторыяў (Iрляндыя — хутчэй, вынятак), а таму брытанцы добра адрозьнiвалi Брытанiю ад iмпэрыi. «Расейская iмпэрыя ж была часткова бацькаўшчынай для ўсiх туземцаў, якiя немiнуча зьмешвалiся з расейцамi на базары, на вулiцах ды ў школах — i фактычна зьмешваюцца дагэтуль».

Вiдавочна, расейская iдэнтыфiкацыя з славянамi й зьмена самавызначэньня краiны ў эўрапейскiх катэгорыях мелi пэўны ўплыў на дачыненьнi Масквы з расейскiм Усходам. Не для ўсiх адразу стала вiдавочным, што перанос сталiцы з Масквы ў Санкт-Пецярбург, якi наблiзiў Расею да Эўропы, зрабiў расейскi Ўсход (Казань i далей) больш iншаземным, больш аддаленым. «Славянская iдэя», якая разбурыла габзбурскi дынастычны прынцып i дапамагла стварыць культурны й духоўны бар’ер памiж славянскiмi народамi, з аднога боку, ды раманскiмi й германскiмi — зь iншага, дала Расеi пачуцьцё галоўнага й найбольш моцнага элемэнту ў сям’i славянскiх народаў, аднак сама гэтая iдэя, калi прыгледзецца больш уважлiва, паставiла па-за законам — з этнiчнага пункту гледжаньня — прысутнасьць Расеi на ўсходзе, у «Азii».

Але ўсё гэта стала зразумелым толькi ў ХХ ст. Напрыканцы XVIII i на працягу амаль усяго XIX ст. мантавалiся складнiкi расейскай нацыянальнай гiсторыi. Гэтая новая гiсторыя рабiла маскоўскую, а потым пецярбурскую Расею непасрэдным пераемнiкам Бiзантыйскай iмпэрыi, а празь яе й старажытнагрэцкай культуры, рабiла Расею галоўным народам у праваслаўным сьвеце.

Шмат хто й дагэтуль верыць, што бiзантыйскi ды грэцкi ўплывы мелi вялiкае значэньне для фармаваньня расейскай культуры й палiтыкi, тымчасам як гарвардзкi гiсторык Эдвард А.Кiнан лiчыць гэта «найбольшай мiстыфiкацыяй за ўсю гiсторыю эўрапейскай культуры». «Да другой паловы XVII ст., — пiша ён, — наўрад цi можна было знайсьцi хоць аднога карэннага маскоўца, якi быў бы знаёмы з славутымi грэкамi». Тым ня менш, iдэя «бiзантыйскай спадчыны» стварала гiстарычную базу iмпэрскай расейскай мары пра «адваёву» Канстантынопалю-Царгораду ў мусульман. Iншы мiт зьвязваў Маскву зь сярэднявечным Кiевам. Фактычна, маскоўскiя расейцы й ня думалi пра тое, што яны ёсьць «працягам» Кiева, пакуль iм пра гэта не сказалi гiсторыкi. «Гэтыя людзi нават i ведаць ня ведалi пра Кiеў», — сьцьвярджае Кiнан. Толькi пасьля аб’яднаньня Ўкраiны з Расеяй у XVII ст. была спраектаваная сувязь памiж Масквой i Кiевам у сярэднявечным мiнулым. Гэтую сувязь сталi зноў падкрэсьлiваць пад час падзелу Польшчы, калi большая частка земляў Украiны i ўся Беларусь дасталiся Расеi: кiеўскi мiт дапамагаў адхiлiць польскiя прэтэнзii, а неўзабаве быў выкарыстаны й для таго, каб адмовiць украiнцам у праве называцца асобнаю, незалежнаю ад расейцаў, нацыяй.

Таму ня дзiўна, што пасьля далучэньня Кiева ды Бiзантыi да сваёй генэалёгii, расейцы перайнакшылi адпаведным чынам i свой гiстарычны погляд на Ўсход. Мiт пра «кiеўска-бiзантыйскую спадчыну» быў дапоўнены мiтам «мангола-татарскага прыгнёту». Згодна з гэтай схемаю, сярэднявечная Расея стагодзьдзямi пакутавала пад татарскiм «iгам», зноў i зноў паўстаючы супраць захопнiкаў i паступова дамогшыся вызваленьня. Адным з вынiкаў гэтай гiстарычнай барацьбы была заваёва хрысьцiянскай Расеяй мусульманскай Казанi.

Гэтыя iдэалягiчныя пабудовы ХIХ ст. запачаткавалi пэрыяд палемiкi, такi знаёмы й любы для расейскiх гiсторыкаў. Найбольш вядомымi былi дэбаты славянафiлаў ды заходнiкаў. Як моцна б нi разыходзiлiся iхныя погляды на адносiны памiж Расеяй i Эўропай, усе яны разглядалi Расею з пункту гледжаньня той жа Эўропы. Славянафiлы — абаронцы расейскай выключнасьцi — разумелi сваю Расею як славянскую ды праваслаўную, не ўлучаючы ў гэтае адзiнства татараў. То бок iхнае разуменьне Расеi было сфармаванае цалкам пад уплывам заходнiх тэорыяў. Эўразiйства, якое абвесьцiла, нарэшце, што расейцы i ўсходнiя народы належаць да адной супольнасьцi, зьявiлася толькi ў 1917 годзе. Увогуле, залежнасьць ад тэорыяў была распаўсюджаным расейскiм бязладзьдзем.

Расейская пабудова iмпэрыi разгортвалася ў двух накiрунках: па-першае, Масква, захапiўшы Казань, пачала заваёўваць Усход; трохi пазьней, пасьля далучэньня Ўсходняй Украiны ды Кiева, быў пачаты нацiск на Захад. Расейская экспансiя на ўсход сталася пасьпяховай, нягледзячы на моцныя рэлiгiйныя й культурныя бар’еры, якiя на захадзе, здавалася б, былi значна меншымi. Безумоўна, заваёва Расеяй Каўказу i Цэнтральнай Азii ў ХIХ стагодзьдзi былi адкрыта захопнiцкiмi, калянiяльнымi й мелi такое самае абгрунтаваньне, што й эўрапейскiя заморскiя заваёвы — напрыклад, акупацыя Францыяй Паўночнай Афрыкi.

Пераклад з украiнскай Надзеi Рагалевiч