Адам Глёбус

Цяперашнi час

хоку

* * *

Пад самым небам
найсьпялейшыя вiшнi
пагойдваюцца.
06.07.1996

* * *

Над тэлевежай
кружляюць у сiнечы
якаркi стрыжоў.
08.07.1996

* * *

Вечаровая
цiшыня... Раптам муха
зазунзонiла.
08.07.1996

* * *

Наступiў на шпрыц
аднаразовы, якi
валяецца ў пяску.
14.07.1996

* * *

Ведаеш якi,
духмяны й тонкi водар
у грыбоў-смарчкоў?
27.04.1998

* * *

Дзень-другi счакай,
i ў менскiх хмурных дварах
закрасуе бэз.
07.05.1998

* * *

Выпаў першы сьнег,
у майстэрнi мастака
стала больш сьвятла.
14.11.1998
* * *

Па замеценай
сьнегам дарозе вецер
коцiць чорны лiст.
16.11.1998

* * *

На цёмным камлi
старой лiпы сьвецiцца
круглы сьлед сьнежкi.
16.11.1998

* * *

Халады. Каля
самага ложка стаўлю
абагравальнiк.
17.11.1998

* * *

Сонечны мароз.
У касьцёл кiруюцца
футра й палiто.
21.11.1998

* * *

Хлопчык малюе,
прутком па сьнезе: зорку,
крыж i свастыку.
22.11.1998

* * *

Ноч. Сузiраю
пад высокiм лiхтаром
танцы сьняжынак.
22.11.1998

* * *

Згубiў нататнiк.
Прутком на чыстым сьнезе
запiсваю верш.
29.11.1998