КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ

айца Аляксандра Надсана,

апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў Усходняга абраду

 

Некалькi гадоў таму назад у Лёндане перад Калядамi зьявiлiся плякаты з напiсам «Вярнiце Калядам Хрыста!» Адна газэта зьмясьцiла з гэтай нагоды жартаблiвы малюнак, на якiм два даўгавалосыя юнакi ўглядаюцца на плякат i адзiн зь iх кажа: «Што за нахабства! Нават на Каляды нельга абысьцiся без рэлiгii!»

Гэты сумны жарт паказвае, што думаюць у наш час многiя пра сьвята Нараджэньня Хрыстовага.

Беларуская паэтка Цётка на пачатку гэтага стагодзьдзя пiсала: «Дзевятнасьце сотняў як Езус радзiўся, i за гэту пору мужык не зьмянiўся...» Горкiя словы паэткi былi несумненна выклiканыя цяжкiм становiшчам беларускага народу. Але яны маюць i больш шырокае значэньне. Сёньня, калi мы стаiм на парозе трэцяга тысячагодзьдзя, нам варта спытацца, цi сапраўды за дзьве тысячы гадоў ад прыйсьця на сьвет Сына Божага нiчога не зьмянiлася. На першы погляд такое пытаньне можа выдацца дзiўным. Спосаб жыцьця ў час Хрыста настолькi розьнiцца ад нашага спосабу жыцьця ў веку касьмiчных палётаў i iнтэрнэту, што мы маглi б жыць на розных плянэтах.

Прыйсьце на сьвет Сына Божага было ўнiкальным здарэньнем сусьветнага значэньня, драматычнай сустрэчай вечнасьцi з дачаснасьцю. Тым ня менш у сваiм часе яно засталося амаль незаўважаным. Нават на месцы самога здарэньня людзi аднесьлiся да яго з абыякавасьцю: для нованароджанага Дзiцяцi i ягонай Мацi не знайшлося нават месца ў хаце, i iм прыйшлося шукаць прытулку ў пячоры, якая служыла начным сховiшчам для жывёлы. Вiдаць, людзi, якiя маглi дапамагчы, вырашылi, што iм няма нiякай справы да чужога гора, i не пажадалi мець лiшняга клопату. Крыху як той малады чалавек, якi сядзеў у аўтобусе i глядзеў упорыста ў вакно, каб ня бачыць бабулькi, якая стаяла побач, i ня быць абавязаным уступiць ёй месца...

Перад тым, як ехаць у Беларусь зь першым транспартам лекаў для хворых дзетак, ахвяраў Чарнобыльскай бяды, я паведамiў пра гэта маiм належным уладам. У адказ я пачуў ад адной высокапастаўленай асобы, што дапамагаць дзецям ахвярам Чарнобыля — ня нашая справа. Iншымi словамi, я займаюся ня тым, чым трэба. Мне адразу прыгадалiся жыхары Бэтлеему, у якiх не знайшлося месца для нованароджанага Хрыста.

Хоць нельга сказаць, што нiхто не заўважыў нараджэньня Хрыста. Адным зь iх быў Iрад, маленькi дэспат, якi панаваў над ускрайкам вялiкай дзяржавы з ласкi сваiх iмпэрскiх гаспадароў. Ён убачыў у Немаўляцi пагрозу для сваёй улады i вырашыў зьнiшчыць яго. Дзеля ўпэўненасьцi ён загадаў замардаваць сотнi iншых дзетак, вiною якiх было толькi тое, што ўсе яны былi прыблiзна ў тым самым веку, што й нованароджаны Хрыстос. Цiкава было б ведаць, цi Iрад стараўся апраўдаць свой учынак «гiстарычнай неабходнасьцю». Падобны спосаб дзеяньня добра знаёмы нам, якiя ў наш век бачылi больш як удосталь дэспатычных рэжымаў зь iхнымi няўстаннымi падазрэньнямi, нянавiсьцю да iншадумцаў i пошукамi ворагаў, на якiх можна звалiць вiну за свае няўдачы. Звычайна гэтымi ворагамi былi не адзiнкi, але групы людзей, незалежна ад веку й полу, вiной якiх было тое, што яны належалi да нейкай расы, этнiчнай групы цi сацыяльнай клясы, або мелi палiтычныя погляды цi рэлiгiйныя перакананьнi адрозныя ад афiцыйна прынятых i адобраных уладамi. Часта такiя рэжымы пакрываюць свае дзеяньнi прыгожымi фразамi пра пабудову «справядлiвага грамадзтва» цi «сьветлай будучынi». Беларускi народ добра адчуў на сабе вартасьць гэтых фразаў. Крыж у Курапатах назаўсёды застанецца сымбалем сотняў тысячаў бязьвiнных ахвяраў, у якiх была адабраная магчымасьць мець ня тое што сьветлую, але наогул якую-колечы будучыню.

Вялiкi францускi вучоны Люi Пастэр, сам глыбока пабожны, неяк сказаў, што хацеў бы, каб ягоная вера была падобная да веры звычайнай брэтонскай сялянкi. Тут маем дзьве крайнасьцi. З аднаго боку — асоба, якая ня мае прэтэнсiяў на вялiкую вучонасьць, але несумненна адораная здаровым розумам, вера якой простая й непасрэдная, што ня ведае нiякiх сумневаў i якую ня могуць пахiснуць нiякiя нягоды. З другога боку —чалавек, якi сваё жыцьцё прысьвяцiў вывучаньню тайнiцаў сьвету. Як сапраўдны вучоны, ён не прымае нiчога бескрытычна, але, з другога боку, ведае свае абмежаваньнi i таму ён iнтэлектуальна сьцiплы i адкрыты на праўду. Сьвяты Павал некалi сказаў, што «Ягонае (г.зн. Божае) нябачнае, вечная Ягоная сiла i Боства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах робiцца бачным» (Рым 1:20). Такiм чынам, «разважаньне», вывучэньне тварэньня можа прывесьцi да пазнаньня Творцы, як тая зорка, што прывяла трох мудрацоў да Бога, якi стаўся чалавекам. Пра iх калядная песьня кажа, што «тыя, што зоркам служылi (г.зн. вывучалi зоркi), ад зоркi навучылiся пакланяцца Табе, Сонцу справядлiвасьцi». Побач з пастухамi, людзьмi, што знаходзiлiся на другой крайнасьцi людзкога грамадзтва, але зь якiмi яны былi зьяднаныя адной вераю, яны былi першымi, што прыйшлi пакланiцца нованароджанаму Хрысту.

Такiм чынам, нягледзячы на вялiкую вонкавую розьнiцу, людзi ў наш час засталiся ў асноўным такiмi самымi, якiмi былi ў час Хрыста. Хоць гэта, можа, не зусiм дакладна. Хрыстос параўнаў Валадарства Божае да «закваскi, якую жанчына, узяўшы, уклала ў тры меры мукi, пакуль усё ня скiсла» (Лк 13:21). Дык вось закваска Хрыстовая працуе ўжо амаль два тысячагодзьдзi, i немагчыма, каб яна не пакiнула сьледу на ўсiх, нават на тых, што не прызнаюць навукi Хрыстовай, або яе адкiнулi. Гэтымi днямi ўвесь сьвет адзначаў 50 гадоў ад прыняцьця ўсеагульнай дэклярацыi правоў чалавека. З усёй павагай да аўтараў гэтага дакумэнту вялiкай важнасьцi, нельга не прыгадаць, што першая дэклярацыя правоў чалавека, калi так можна сказаць, была прагалошаная Госпадам i Богам нашым Iсусам Хрыстом, якi прыйшоў на сьвет, ушанаваў нас успрыняцьцем нашай людзкой прыроды i паклiкаў усiх людзей да боскага ўсынаўленьня, дзе, паводле сьвятога Паўла, «няма больш нi габрэя нi грэка, няма нявольнiка нi свабоднага, няма мужчыны нi жанчыны, але ўсе вы адно ў Хрысьце Iсусе» (Гал 3:28).

Здаецца, гэта быў сьвяты Аўгустын, якi сказаў, што Бог жадае збавiць нас, але не бяз нас. Закваска Божай ласкi, якую прынёс Хрыстос сваiм нараджэньнем, працуе, i калi ня так спраўна й хутка, як нам хацелася б, то прычыну гэтага трэба шукаць у перашкодах, якiя мы ёй ствараем. Прыгадаем словы Гасподнiя: «Вось, стаю пры дзьвярах i стукаю: калi хто пачуе мой голас i адчынiць дзьверы, дык Я ўвайду да яго й буду вячэраць зь iм» (Адкр 3:20). Дык адчынiм дзьверы нашых сэрцаў Госпаду, каб нам увайсьцi ў трэцяе тысячагодзьдзе новымi людзьмi, бо, як кажа сьвяты Павал, «хто ў Хрысьце Iсусе, той новае стварэньне; старое мiнула, вось настала ўсё новае» (2 Кар 5:17).

У гэтае вялiкае й радаснае сьвята жадаю ўсiм, каб Госпад i Бог наш Iсус Хрыстос, якi стаўся чалавекам дзеля нас, захаваў усiх нас у супакоi, умацаваў у дабрадзейнасьцях, блаславiў усе нашыя добрыя намеры i асаблiва даў усiм людзям у сьвеце ўсьведамленьне таго, што яны паклiканыя да вечнага i непрамiнальнага шчасьця быць дзецьмi адной Божай сям’i.

а. Аляксандар Надсан

Каляды 1998

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0