КАЗКА ПРА БУТЭРБРОД

Тацяна Сьнiтко

 

Днямi разгаварылася зь сяброўкаю. «Яек, масла ўдалося назапасiць на Каляды» — «А мне сваякi таксама прывезьлi...» Пра тое самае чуваць жаночыя размовы ў транспарце. I ўсе ў такiм выпадку канстатуюць: во, маўляў, шчасьце прывалiла!

Аж сьмешна, «скажы мне, што ты лiчыш шчасьцем, i я скажу, хто ты». Дакладней, дзе ты маеш шчасьце жыць. Для большасьцi беларусаў звычайнае, натуральнае, нармалёвае перасоўваецца ў бок экстрэмiзму — да паняцьцяў «звыш». Тры дзясяткi яек i чатыры пачкi масла «на чорны дзень» — гэта як бы супэр.

На прыпынках ля менскай Камароўкi альбо па крамах напаўголасу выконваецца й выказваецца нейкае таемства празрэньня. Галоўныя словы — «Дзе?» i «Ён». «Ён абяцаў усiх накармiць, як на ўбой, — i дзе?!» «Кошты? Я iх толькi малюю на цэньнiках! Спытайце Яго!» Гэткiя дыялёгi вядуць часьцей маладыя пакупнiкi i прадаўцы. Пэнсiянэры ходзяць у чэргi, як моладзь — на мiтынгi: сустрэць знаёмых i патусавацца. Прынцыповая розьнiца палягае, праўда, у псыхалёгii. Я й мае сябры, сустрэўшыся на акцыi, ня слухаемся камандаў, пра што б нi папярэджвалi ахоўнiкi заўгоднага рэжыму парадку. У чарзе з пэнсiянэраў усё ня так. Вось у нашай «бульварнай» краме (адной з трох) «выкiдаюць» малако. Прадаўцы рухаюцца з такой хуткасьцю, што ты дакладна не пасьпееш на працу. Я ўлажу без чаргi, кладу iм грошы й бяру два пакеты. Па чарзе прабягае ропат: «Маладыя абнаглелi!» Варта паглядзець у вочы блiжэйшага выкрывальнiка твайго нахабства i безапэляцыйна адрэзаць: «Маладыя працуюць у гэты час на карысьць Беларусi! Самi стойце ў савецкiх чэргах!» — як усталёўваецца маўчаньне (знак згоды, калi такая трэба). Толькi прадаўшчыца ўсьлед крычыць: «Дзяўчына! Забярыце рэшту!» Рэшты (тысяча рублёў!) ня трэба. Гэта вам, плата за маё нахабства!

Народ у сваёй масе здольны падпарадкоўвацца практычна любому загаду. Усё залежыць ад тону, якiм ён дадзены. Я гэта зразумела ў сярэднiх клясах школы пасьля выпадку з бацькавымi сябрамi. Яны вырашылi зьлёгку «замачыць» нейкае цi сьвята, цi ўдалую пакупку, цi чыёсьцi падвышэньне па працы i зайшлi ў госьцi якраз тады, калi тата абяцаў падвезьцi мяне на аўтобусную станцыю. Мае дзiцячыя просьбы й сьлёзныя ўкленчаньнi на дарослых не падзейнiчалi, як i тое, што зрываецца вельмi важная справа. Я пакрыўдзiлася i раззлавалася, а потым нечакана прыкрыкнула на дзядзькоў: «Усе ўсталi! Бутэлькi — у кiшэнi! Апранулiся! Выйшлi!» Мо таму, што служылi ў войску, а мо — ад нечаканасьцi, але разгон сьвяточнай п’янкi ўдаўся. Выходзячы з аўтамабiля на вакзале, бацька перапрашаў, а ягоныя таварышы й зараз узгадваюць пра той выпадак — чамусьцi з захапленьнем: «Ну ты нас i пашыхтавала тады!» — i могуць нават узьняць тост за мяне, нахабнiцу гэткую... Але я проста лiчу, што абяцаньнi трэба выконваць.

Мне часам здаецца, што па тым жа прынцыпе дзейнiчаюць i мiлiцыянты. Сама назiрала, калi падчас суду над Лабковiчам i Шыдлоўскiм амонаўцы адганялi людзей далей ад ганку суда (калi ля ганку быў учынены «хапун»). Аднаклясьнiца Вадзiма Лабковiча, маленькая худзенькая дзяўчынка, адступiўшы некалькi крокаў, спынiлася, зiрнула ў вочы здаравякоў у форме i спакойна абвясьцiла iм, што ня сыдзе з гэтага месца нi на крок. Сэкунду абодва з пагражальным выглядам насоўвалiся на яе, як дзьве шэра-сiнiя хмары. Потым — спынiлiся. Яшчэ празь iмгненьне адзiн зь iх ня вытрымаў позiрку дзяўчыны, рэзка адвярнуўся i... адышоў прэч. Той, што застаўся, ажно зьмянiўся з твару i паспрабаваў крыкнуць: «Вось я цябе зараз!..» «Мы цябе самога зараз!..» — тым жа тонам крычу яму я (стаю ў некалькiх кроках). Жах у вачах амонаўца мiльгае, хоць ён iмкнецца валодаць сабой. А тут яшчэ iхны камандзiр падыходзiць i, выслухаўшы нашыя скаргi й патрабаваньнi, на падначаленага прыкрыквае. «А вы, калi ласка, можаце падысьцi», — гэта нам. «Дзякуй, хоць адзiн сапраўдны мужчына сярод вас знайшоўся». Цiкава, што празь нейкi час, перад пачаткам патасоўкi з захопам дэпутата Шчукiна, блiжэйшы з «ахоўнiкаў парадку» выцiскаў мяне з тэрыторыi каля суда са словамi: «Ну ня бойся, я табе нiчога не зраблю, толькi, калi ласка, адыдзi, нам загадалi, я не вiнаваты...»

Выснова: галоўнае — нашая цьвёрдасьць, а баяцца — грэх.

Каля адной з нашых «бульварных» крамаў ёсьць невялiкi пляц, ператвораны ў мiнi-рынак. Там здараецца баранiць бабуль-гандлярак ад мiлiцыянтаў-правяральшчыкаў. Так мы пасябравалi з гандляркамi малака. «Нашто вы iх ганяеце, калi малака няма ў краме? Вось вы, — гэта адносiцца да маладога мiлiцыянта, — свайму малому дзiцёнку дзе сёньня возьмеце малако, га?» Ён губляецца. Старэйшы пачынае апраўдвацца. I зноў гучыць таямнiчае слова «Ён»: «Гэта Ён вiнаваты, а ня мы!..» Мiлiцыянтам таксама абрыдае роля жандараў. А бабулькi цяпер здароўкаюцца са мною i прадаюць вясковае малако таньней. Калi няма грошай, заклiкаюць нават узяць у доўг пару лiтраў. Я зьбiраю дома плястыкавыя пляшкi з-пад розных «Трайплаў» i адношу цэлы мех малочнiцам: «Усё роўна выкiдаць, а вам спатрэбяцца». Наколькi ў краме я даведваюся ад старых пра свае адмоўныя якасьцi, настолькi ж на «пятачку» каля крамы — пра станоўчыя. Наш бульвар — вулiца кантрастаў.

А наогул, жыцьцё iдзе, як у казцы. Казцы пра Фядота-стральца Л.Фiлатава. «Утром мажу бутерброд — сразу мысль: а как народ?» Едучы днямi на цягнiк недзе а шостай ранку, я знайшла частку народу з авоськамi па шляху ў чэргi. Пад уплывам нашых казачных рэалiяў адны мае сябры вырашылi набыць сабе маленькую хату ў вёсцы — затое зь вялiкiм зямельным участкам. Тыя ж рэалii давялi да самагубства маладую прадаўшчыцу зь менскай крамы «Палесьсе», што ў Серабранцы. Праз знаёмых я выпадкова даведалася: дзяўчына памылкова выбiла тры пакеты малака замест двух, i правяральшчыкi-рэвiзоры ўляпiлi ёй штраф у 18 мiльёнаў. Загадчыца аддзела заступiлася за дзяўчыну — яе спасьцiгла тое ж, толькi ў значна меншай суме. Пакуль разьбiралiся, дзяўчыну знайшлi ў пятлi. Людзi кажуць, што яна была адзiнай здабытчыцай i кармiцелькай сям’i з чатырох дзяцей i мацi-алькагалiчкi...

Можа, кiнуць усё ды падацца i мне да сяброў у вёску? У любым выпадку — не дамо нiкому сапсаваць у нашай казцы хэпi-энд! I ня толькi на Хрыстовае нараджэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0