Мастацтва — бляск духу

Размова мастака Пятрова з Хруцкiм

 

Хруцкi: Нейкiя мастацкiя акцыi адбылiся ў Польшчы ды Францыi. Ты ў iх удзельнiчаў.

Пятроў: Улетку я падарожнiчаў ў гэтыя прыстойныя дзяржавы i гэта дало мне падставу стварыць text, развагу аб вiзуальнай, канцэптуальнай iнфармацыi, якую раней называлi «выяўленчае мастацтва» цi «жывапiс», «скульптура»...

Х.: А што, назвы нехта ўжо зьмянiў? Адбылася зьмена шыльдаў?

П.: Проста самi канвэнцыi патрапiлi ва ўласную пастку. Пастаянна зьменлiвы сьвет наблiжаецца да ветрагоннай трубы. Уся справа ў тым, што ён такiм быў заўсёды, толькi ляжаў не на паверхнi нашых сэнтымэнтаў, накшталт чапляньня за паняцьце «культура».

«Сьвет» заўсёды быў без анiякага апiрышча, бо ён «ляцiць» у космасе i тое, што ў нас ёсьць глеба пад нагамi, дазваляе меркаваць, што мы ёсьць нейкiя мурашы, якiя толькi й заклапочаныя, што працай дзеля выжываньня.

Адзiн чапляецца за матэрыяльнае, другi — за духоўнае, як за спробу выжыць, пакiнуўшы пасьля сябе ўласны сьвет. Па вялiкiм рахунку гэта так i ёсьць, i кожны ў глыбiнi разумее, што ўсё, што па-за гэтым — дзяржава, культура i г.д., — справа другасная.

Кожны жадае кiраваць прасторай i быць агрэсарам дзеля распаўсюджваньня ўласнай прасторы на iншы сьвет. Прыкладам —апошнi рамантык ХХ стагодзьдзя А.Шыкльгрубэр, якi думаў распаўсюдзiць сваю ўласную культуру на ўвесь сьвет, а сьвет, у вынiку, звузiўся да 9 мм прасторы ствала.

Цывiлiзацыя выпраменьвае ўласную энэргiю, якая ствараецца нейкiм агульным «яно», на якое ўвесь час узьдзейнiчае космас. У кожнага ёсьць спроба ўласнай агрэсii, бо ён не жадае падпарадкавацца, ён лiчыць сябе свабодным, нейкiм «я», але, маючы насамрэч iнстынкт самазахаваньня i страх, вымушаны кармiцца ў агульным стойле. Кожны красуецца на свой узор i ад страху не выглядаць звычайным iдыётам можа так «напружыцца», што стане акадэмiкам цi ляўрэатам Нобэля. Па сутнасьцi, няма розьнiцы памiж двума iдыётамi, адзiн зь якiх сядзiць у пячоры Нэпалу, а другi — у крэсьле ляўрэата цi фiнансавага магната. Адзiн адмовiўся ад «я», другi не. Справа толькi ў тэрмiнах, якiя адпушчаныя аднаму i другому. I той, i iншы — захопнiкi, агрэсары, разьнiцца толькi мэтад. Цывiлiзацыя нагрувасьцiла мэгаполiс iмёнаў, багоў i аўтарытэтаў, а сутнасьць адна. Не дапаможа нi плюс, нi мiнус.

Х.: А як да ўласнай творчасьцi? Усе гэтыя вампiры...

П.: Мае вампiры найчасьцей займаюцца каханьнем, добрай справай, якая палягае за межамi паняцьцяў, канвэнцыяў ды тлумачэньняў. Яно альбо ёсьць, альбо яго няма, але ж трэба дадаць, дзеля праўды, у маiх творах няма замiлаваньня, гэта таксама агрэсiя. Мабыць толькi ў самых глыбiнях застаецца нешта накшталт надзеi — пустой iлюзii нашага iснаваньня. «Вампiры Грэнляндыi — каханьне ў лядовай прасторы» — такi творык я зрабiў у былых нямецкiх казармах, а цяпер асяродку культуры, што ў Падкове Лесьнай, пад Варшаваю. Добры ён цi благi — гэта ўжо застаецца выключна маёй справай, ды тых, хто ў сваiх глыбiнях блiзкi да мяне. Па сутнасьцi, гэта прастора традыцыяў i агрэсiўнага кансэрватызму.

Х.: А без кансэрватызму?

П.: Зараз цывiлiзацыя i ейныя мастацкiя моды змутавалi ў бок дманстрацыi тэхналёгiяў ды прымiтыўных гульняў аслабленага камунiкацыяй iнтэлекту Нью-Ёрскай тусоўкi. Старыя здабыткi —толькi з падпоркаю «тэхналёгiяў» ды грошай на iх закупку i дэманстрацыю. Усё той жа прынцып улады i агрэсii, «групаўшчыны» i пратэкцыi, эксплюатацыi i пакорму тых, хто мудры i мае гаспадара, гэта значыць i грошы. Трохi захапiць «новай» прасторы i стаць «сучасным».

Ня згодны — iдзеш ад «крэсла» да «пячоры». Усё адно шляхi нязгоды ды арэсii.

Х.: А што ў Францыi?

П.: Абклаўшыся помнiкамi даўнiны, усе сядзяць на зацукраваных «фактурах». Цi ў пакрытых дыванамi галерэях, за высокiя кошты, цi без дываноў, за нiзкiя — паўсюль асьцярожна, «каб чаго не адбылося», «абы цiха» — дэманструюць традыцыю. Але ж густ ёсьць, — на тое яна й Францыя, хоць i антыкварыят.

Х.: А ў Польшчы?

П.: У Польшчы ёсьць дынамiка, гэта адчуваецца ў дзейнасьцi музэю сучаснага мастацтва ў Варшаве i ў новых галерэях у правiнцыi. Зьмяняецца моцна грамадзтва, а зь iм i мастацтва. Ёсьць рух, iдзе працэс.

Х.: А што ў нас?

П.: «Зона». У мастацтве справы цалкам несуцяшальныя. Па сутнасьцi, калапс, адставаньне назаўсёды. Разам з цывiлiзацыяй, але ж у апошнiм шэрагу. Усе больш-менш прыстойныя мастакi празябаюць у эмiграцыi, бо едуць туды ўжо зламанымi. Можна канстатаваць, што ўсё жывое тут даўно загiнула.

Дэгенэратыўны салён, дэкаратыўны краявiд — пад ХIХ стагодзьдзе, сюррэалiзм-парсуна — вось вынiк працы мясцовага парабка-iмiтатара. Увесь гэты хлам нiколi ня будзе мастацтвам. Мастацтва перастала быць працэсам мысьленьня, ня мела й ня мае яно тут шаманскай, магiчнай сутнасьцi. Ня мае экзiстэнцыi, бо мастацтва — гэта жывы працэс, рух, моц, жэст.

Х.: Несуцяшальна.

П.: Вядома ж. I тут, i там ад страху дзёргаюцца. Справа ў тым, што трэба ўмець адрозьнiваць мастацтва ад камэрцыi й дэкору. Мастацтва функцыянуе ў сфэры духу, усё, што па-за гэтым —звычайны дэкор, зроблены шарагоўцам дзеля задавальненьня абываталя, якi не зьбiраўся нiколi атрымлiваць якую-кольвек адукацыю дзеля задавальненьня сваiх прымiтыўных пачуцьцяў. Дзеля яго iснуюць супэрмаршэ, салён, сэрыйны дызайн, поп-камунiкацыi, шмат палiграфii, рэклямы i iнш., дзе абсалютна не патрэбная дзейнасьць шэрага рэчыва галаўнога мозгу. Гэтая субкультура не ўтрымлiвае анiякiх энэргiяў, нi сэнсаў, усё на патрэбу бязмозгласьцi i прымiтыву.

Х.: А мастацтва?

П.: Мастацтва ва ўсё часы ўсiх народаў было выключна элiтарным, такiм яно захавалася й цяпер, нягледзячы на татльны наплыў спажывецкай усяеднай культуры. Сапраўдная вiзуальная культура адчувае на сабе моцны штурм гэтага камэрцыйнага гiбрыда-мутанта. Але ж яна нiколi ня будзе асымiляваная. Бо немагчыма зруйнаваць Дух, мэханiзмы якога спраўна працуюць вечна i, прынамсi, дзеля нас прыкладна на працягу 4 тысяч гадоў.

Культура дае супрацiў, хаця вельмi часта скарыстоўвае зброю «масоўкi» дзеля змаганьня зь ёю. Iснуе мастацтва, якое элiта заўсёды адрозьнiць ад падробкi i рознага кшталту мутацыяў ды спрашчэнняў. Усе гэтыя размовы аб тым, падабаецца, не падабаецца — пустое. Сапраўднае — гэта бляск Духу, хваляваньне, а не развагi — можа быць, цi ня можа.

Х.: Разам з рэлiгiямi i культамi зьнiкаюць i iхныя вiзуальныя коды? Цi зьiкае мастацтва як культ?

П.: Можа зьнiкнуць усё, што заўгодна. Увогуле, нiдзе ў сьвеце не йснуе, ды й ня можа йснаваць школа цi iнстытут рэлiгiйнага, свабоднага мастацтва, ён немагчымы ў калектыўным стойле дзяржавы. Няма на яго попыту, няма пакупнiкоў. Свабодная трактоўка сюжэтаў гэтага ўнiвэрсуму раздражняе ўсiх, адных за неканон, другiх — увогуле, бо не вытрымлiваюць пачуцьцё духу, не разумеюць, а па сутнасьцi й ненавiдзяць творцу за ягоны жэст свабоды, за тое, што нiчога не разумеюць, нязгодныя, не адпавядае камэрцыi, бо незразумелае. Сам стан чалавечага духу таксама ня можа доўга трываць у гэтым асяродку абыякавасьцi. Можа адзiнае, што яшчэ трымае яго ў гэтым сьвеце — унутраная духоўная прастора i тое, што ўжо напрацавана лепшай часткай сапраўдных творцаў, асаблiва ў такiх вышынях чалавечага духу й космасу, як Эгiпэцкая, Крыта-Мiкенская i старажытная Кiтайская цывiлiзацыi. Адкрытасьць стыхiям прыроды й космасу, звышпрастата i гармонiя, манумэнтальнасьць i касьмiчнае паходжаньне ў любой маленькай рэчы; таямнiца, якая й ёсьць «нiшто». Прынамсi, файная калекцыя эгiпэцкага мастацтва ёсьць у Музэi Нарадовым у Варшаве.

Х.: Дык цi ёсьць мастацтва?

П.: Мы ўсе зьмянёныя, жывем у iншым часе, але гэта не азначае, што мастацтва няма. Яно ёсьць, яно пранiкае праз звычайныя вобразы, яно зьмяшчае ў сабе дух космасу, яго таямнiцу, ягоную бездань i жах. Не адчуваюць, не разумеюць? Так, гэта не для прасталюдзiнцаў. Яны толькi пах грошай ды ежы чуюць. Такое яны й мастацтва ядуць. Сьлiнява-сэнтымэнтальнае.

Х.: А што тычыцца ўласна фэстывалю пэрфомансу?

П.: Такi фэстываль натуральная зьява у цывiлiзаваных краiнах. Магчыма каранi пэрфомансу — у шаманстве, а сёньня гэта такi жэст чалавека, якi iмкнецца выказаць уласную мадэль сьвету. На маю думку, зашмат у гэтай форме мастацтва зараз неэнэргаёмiстых падпорак у выглядзе звычайнага кiна-вiдэа, слайдаў. Усё гэта выглядае слабейшым за звычайнае авангардавае кiно, няма нiякай дынамiкi — усё абпалена-соннае.

Затое сам, уласна кажучы, клясычны, чысты пэрфоманс жыве й перамагае спэкулятыўныя гульнi й патугi на iнтэлект. На фэстывалi «Замак вображнi - 6» сваё мастацтва прадстаўлялi каля 30 творцаў з 24 краiнаў сьвету. Беларусь была прадстаўленая ўпершыню.

Х.: Як бы ты паглядзеў на вiртуальны сьвет, электронiку?

П.: У электроннае цела павiнен увайсьцi дух драпежнiка. Сучасная тэхналёгiя i электроннасьць пакуль не дасягнулi сваiх вышыняў i могуць утрымлiваць у сабе слабую салённую натуру, якая не дыктуе, а хаваецца ў яшчэ слабых дасягненьнях сучаснага электроннага генiя. Сапраўдны катарсiс павiнен увайсьцi ў навакольную прастору, у сьвет. Мастак не зьяўляецца вязьнем нейкага «яшчыка» i ўсiх гэтых экранаў. Так званы вiртуальны сьвет гэта не «харчблёк», якi можна схаваць у скрыню, гэта адна з формаў так званай рэальнасьцi i гэты прарыў ў невядомае зробiць пярэварацень-воўк, ужо ў электронным целе адвечнага мастацкага жэсту.

Усё ёсьць прастора, любыя межы — толькi пячатка ў мазгох.

Размову запiсаў Вiктар Хаменка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0