ЗА ПЕРАХОД МЯЖЫ

 

Абвiнавачаньне суграмадзянаў у «незаконным» пераходзе савецкай мяжы для энкавэдыстаў было самай бяспройгрышнай справай... Сёньня ў «Нашай Нiве» мы друкуем расповед пра адзiн такi беларускi лёс.

 

4 лiстапада 1937 году адпаведныя органы Якуцку адзначылi штэмпэлем прапiску ў пашпарце Сяргея Савiча Лiнкевiча, якi дагэтуль працаваў начальнiкам забесьпячэньня трэста «Золатаразьведкi» ў Нелькане i ўпаўнаважаным рыбанарыхтоўчага пункту ў Ахоцку Далёка-Усходняга Краю (ДУК). Але яшчэ 3 лiстапада 1937 г. малодшы лейтэнант дзяржбясьпекi Медлеў «знайшоў: што Лiнкевiч у мiнулым пражываў у Польшчы, будучы там завэрбаваны, а затым у 1925 годзе перакiнуты на тэрыторыю СССР для вядзеньня шпiёнска-дывэрсiйнай працы на карысьць адной з замежных разьведак... У дадзены час Лiнкевiч прыбыў зь Нельканскага раёну ДУК, праз Алах-Юньскую капальню... i пражывае ў горадзе Якуцк, Глухi завулак, дом №4...» i «пастанавiў: Лiнкевiчу... прад’явiць абвiнавачаньне па арт. 58-6 КК РСФСР. Меру стрыманьня спосабаў ухiленьня ад сьледзтва i суду — абраць утрыманьнем пад вартаю пры Якуцкай турме». Выгадная, бяспройгрышная справа, як кажуць, сама iшла ў рукi. Свой «дазвол» адразу ж даў i намесьнiк наркама МУС ЯАССР капiтан дзяржбясьпекi I.А.Дарафееў, якi, мiж iншым, у 1920 г. ваяваў на Заходнiм фронце ў Беларусi, камiсарам палка ў Тухачэўскага.

5 лiстапада 1937 г. сяржанту дзяржбясьпекi Замлiннаму быў выдадзены ордэр №207 на арышт Лiнкевiча. Пры вобыску (як паняты прысутнiчаў, пэўна, гаспадар хаты Дубовiк Хведар Якаўлевiч, 1886 г. н., урадж. в. Пясочная Слуцкага павету Менскай губ., кустар у Якуцку, якi 5.I-1940 быў асуджаны да 3 г. п/в.1) з асабiстых рэчаў быў выяўлены партфэль ды палявая сумка з дакумэнтамi, якiя датычылiся працы Лiнкевiча ў ДУК, пашпарт, выдадзены ў Якуцку 4 мая 1935 г., 2 акрэдытывы па 2000 руб., 13 аблiгацыяў па 430 руб. ды 2 лiсты ад мацi з допiсамi бацькi i пляменьнiкаў, дасланымi з Лужкоў ды Друi. У лiстах былi фотакарткi мацi i пляменьнiкаў, якiя «хадзiлi ў польскую школу» ды самастойна крэмзалi дзядзьку па-польску. Мацi пiсала аб хатнiх справах, зьдзiўлялася ягонай зарплаце ў «800 р.», i тут жа паведамляла, што бацька «зрабiўся стары, ён у брата Сьцяпана пастухом», атрымлiвае «амэрыты цэлых 12 злот». Таксама зь вясковай непасрэднасьцю яна пiсала: «Сярожа, ты, мабыць, вельмi жартуеш, калi гаворыш, што цюленевае сала смачнае, а ў нас кажуць, што iм шмаруюць коней у летнi час дзеля таго, каб не кусалi авады...» Таксама прасiла даслаць здымак ягонай дзяўчыны. Як бачым, анiякага кампрамату не было.

Першы допыт правёў 7 лiстапада 1937 г., у гадавiну рэвалюцыi, усё той жа Замлiнны. Падсудны паказаў: «Нарадзiўся я ў вёсцы Казяны Вiленскай губэрнi ў 1900 годзе 11 красавiка. Бацька мой быў псаломшчыкам у гэтай жа вёсцы. У 8 гадоў я пайшоў вучыцца ў царкоўную школу ў вёсцы Казяны. Па заканчэньнi царкоўнай школы бацька аддаў мяне вучыцца ў Вiленскае духоўнае вучылiшча. У сям’i нас было трое дзяцей, брат Васiль з 1901 г. нараджэньня, i сястра Зоя з 1905 г. нар. У 1916 годзе, калi я быў у апошнiм класе духоўнай вучэльнi, наша сям’я ўцякла са свайго месца жыхарства з-за ваенных дзеяньняў i перабралася ў г. Тамбоў, да месца радзiмы маёй мацi. Я сьпярша паступiў у духоўную сэмiнарыю, брат таксама вучыўся ў духоўнай сэмiнарыi. Рэвалюцыя 17-га году застала мяне ў апошнiм класе духоўнай сэмiнарыi. У 17 годзе духоўная сэмiнарыя была зьлiквiдаваная, i я перайшоў у школу 2-й ступенi, там жа ў Тамбове. Паступiў на 3 курс i з 4 курсу ў 18 годзе ўступiў у камсамол. Знаходзячыся ў камсамоле, у тым жа годзе я папрасiў, каб мяне камандзiравалi на захад для працы. Блiзкасьцi грамадзянскай вайны мы не адчувалi ў Тамбове. Я пераехаў у Менск у 18-м годзе i паступiў адразу ў партыю РКП(б). Абставiнаў уступленьня у партыю я ня памятаю. Менскiм партыйным камiтэтам я быў накiраваны на працу ў Гарадзенскi Губ. Ваен.-Рэўкам. Гэта было зiмою 18-га году. Губ-Рэўкам быў у горадзе Слонiм, недалёка ад Баранавiчаў, i там я працаваў. Недалёка ад Слонiма знаходзiлiся ў гэты час немцы i палякi. Празь некалькi месяцаў у лiпенi 19-га году наш Рэўкам быў пераведзены ў мястэчка Лунiнец. У Лунiнцы мы прабылi вельмi мала часу, i нас адправiлi ў Менск. У Менску мяне цэнтральнае бюро партыi на маю просьбу накiравала працаваць у Вiльню сакратаром пры Рэўкаме Савета Лiтвы i Беларусi2. Ня памятаю дакладна час, прыкладна вясной 19-га году ў Вiльню прыйшлi палякi i без анiякага, прычым, супрацiву захапiлi места. Мы ўцяклi зь Вiльнi, i я прыбыў у Менск. Зьявiўся ў Савет Гораду i Абароны да старшынi Капсукас-Мiцкевiча. Ён, распытаўшы мяне пра стан у Вiльнi, прапанаваў мне працаваць у Савеце Працы i Абароны ў якасьцi справавода3. Прапрацаваў я ў СПА некалькi месяцаў i атрымаў тэлеграму ад родных аб тым, што мацi знаходзiцца пры сьмерцi. Я папрасiў водпуск у Тамбоў. Мне яго далi, i я зьехаў у Тамбоў. Прыехаўшы ў Тамбоў i правёўшы там водпуск, назад я не паехаў, а застаўся працаваць там жа ў Тамбове. У гэты ж час я, якi ня ўстаў на партыйны ўлiк, мэханiчна выбыў з партыi. У Тамбове я пачаў працаваць у чыгуначным крымiнальным вышуку ў якасьцi агента. Працуючы агентам, я шмат справаў рабiў сам, не даносячы вышэйшай iнстанцыi, за што ў 20-м цi 21-м годзе, дакладна ня памятаю, быў асуджаны Тамбоўскай ЧК на 5 гадоў канцэнтрацыйных лягераў. Быў пасаджаны ў Тамбоўскi канцэнтрацыйны лягер i сядзеў ў iм каля году, пасьля чаго быў адпушчаны з канцлягера на ўсе чатыры бакi ў сувязi з голадам... Я, як выйшаў з турмы-канцлягера, вырашыў уцякаць за мяжу. У той час у Тамбове жылi мацi i сястра (Анастасiя Васiльеўна Лiнкевiч, мая мацi i сястра знаходзiлiся ў хворым стане, асаблiва мацi, якая ад недаяданьня моцна хварэла), а бацька зьехаў на сваю радзiму на Вiленшчыну яшчэ да акупацыi яе белапалякамi. Як выйшаў, я ўзяў сястру i паехаў зь ёй за мяжу ў Польшчу да свайго бацькi. Брат сышоў туды яшчэ раней. Сястру я сам пасьпяхова даставiў да бацькi i паехаў празь мяжу назад да мацi, перайшоўшы яе iзноў нелегальна. Забраўшы мацi, я паехаў зь ёй i там жа пасьпяхова зь ёй перабралiся празь мяжу да бацькi. Бацька служыў тады там жа псаломшчыкам, толькi ў iншай царкве, у вёсцы Лужкi. Прабыўшы некалькi дзён дома, я па парадзе бацькi, як былы прадстаўнiк рэўкаму па Вiльнi, вырашыў зьехаць у Савецкую Расею, але пры гэтай 3-й спробе пераходу быў затрыманы белапалякамi. Гэта адбылося, наколькi я памятаю, у верасьнi 21-га году. Мяне затрымалi i этапам адправiлi ў Вiльню, у турму на Лукiшках. Палякi мяне шукалi яшчэ за былую працу ў Рэўкаме. Мне прад’явiлi абвiнавачваньне, што я прыехаў арганiзоўваць камунiстычныя ячэйкi i што я, якi па бацьку зьяўляюся палякам, здрадзiў Айчыне. Мяне судзiў акруговы суд у Вiльнi i асудзiў на 6 гадоў цяжкага турэмнага зьняволеньня. Да суда я год i 8 месяаў сядзеў у адзiночцы, а сам суд быў праз 2 гады пасьля майго арышту. Як я ўжо адзначаў, я быў асуджаны на 6 гадоў i зьняволеньне пачаў адбываць там жа ў Вiльнi4. Потым мяне перавялi ў Беластоцкую крэпасьць. У 1925 годзе я быў абмяняны, у лiку iншых 50 чалавек, як палiтзьняволены. Прыехаўшы ў СССР, я ў Менску адразу ж пайшоў у ГПУ i заявiў, як я трапiў у Польшчу5. Гэта было ў лютым цi сакавiку 25-га г. ГПУ разгледзела маю справу, мяне асудзiлi на 3 гады Салаўкоў. У Салаўках я прабыў 3 гады i 3 месяцы, пасьля чаго мне далi высылку ў Кiрэнск. Па адбыцьцi ссылкi я выехаў у лiпенi 31-га году ў Якуцк. У Якуцку я працаваў на розных працах... у туб. бальнiцы... i г.д.6 У лiпенi 35-га я выехаў у Алах-Юнь. У Алах-Юньскiм капальнiцкiм упраўленьнi й ягонай сыстэме я працую да сёньняшняга часу. Сувязь з роднымi меў пiсьмовую да 1935 году, пасьля чаго анiякай сувязi ня меў. Брат, сястра i бацькi да апошняга часу жылi ў Польшчы».

Вось i ўсё, што сьледчыя, сяржант дзяржбясьпекi Замлiнны ды лейтэнант дзяржбясьпекi Дабраклонскi даведалiся ў справе Лiнкевiча. 2 сьнежня 1937 г. яны склалi абвiнаваўчае заключэньне, у якiм казалася, што «... дапытаны ў якасьцi абвiнавачанага Лiнкевiч Сяргей Савiч прызнаў сябе вiнаватым толькi ў тым, што неаднаразова нелегальна пераходзiў дзяржмяжу з боку СССР у Польшчу i з Польшчы ў СССР... Праведзеным дасьледаваньнем вiноўнасьць Лiнкевiча ў злачынстве, прадугледжаным арт. 58-6 КК РСФСР ня вызначаная. Але прымаючы пад увагу, што Лiнкевiч у 1921 годзе неаднаразова i нелегальна вяртаўся з Польшчы ў СССР i назад у Польшчу, дзе таксама неаднаразова быў дапытаны з боку Польскай дэфэнзiвы... На пачатку 1925 году, як палiтабменны, быў накiраваны ў Савецкi Саюз. Будучы ў г. Менску, у 1925 годзе выяжджаў у вайсковыя часьцi Беларускай вайсковай акругi, дзе па даручэньнi МОПРаўскай арганiзацыi БССР рабiў даклады i адначасова з гэтым атрымлiваў зьвесткi аб палiтыка-маральным стане часьцей БВА, на працягу шэрагу гадоў Лiнкевiч меў пiсьмовую сувязь са сваiмi сваякамi, якiя жывуць у Польшчы, якiя мелi блiзкiя адносiны да Польскай дыфэнзiвы, брат, Лiнкевiч Васiль Савiч, раней служыў у Польскiм войску i быў у блiзкiх адносiнах з афiцэрамi Польскага войска, усё гэта зьяўляецца падазроным на шпiянаж i тым самым характарызуе яго як сацыяльна-небясьпечны элемэнт. На падставе вышэйвыкладзенага i кiруючыся апэратыўным загадам НКВД за №00485 1937 году, прапануем накiраваць справу на разгляд Асобай Нарады НКВД СССР». Таксама было адзначана, што «рэчавых доказаў па справе няма». 4 сьнежня 1937 г. сваю вiзу на заключэньне наклаў Дарафееў, а 9 сьнежня 1937 г. —пракурор ЯАССР Iваноў.

Меддаведка ад 14.I-38 г. засьведчыла, што ў Лiнкевiча «... працаздольнасьць па I групе. Здаровы», а пратакол Асобай Нарады ў Маскве ад 22 лютага 1938 г. запатрабаваў яго «... зьняволiць ў папраўча-працоўны лягер тэрмiнам на 10 гадоў...» 16.III-38 г. у Якуцк прыйшло распараджэньне: «Належыць накiраваць зь першым этапам на ст. Яр-Фасфарытная Горкаўскай чыгункi ў распараджэньне аховы НКВД».

Каб неяк вырвацца зь лягера, Лiнкевiч напiсаў 2 лiсты Наркаму МУС СССР, дзе сябе прадстаўляе савецкiм разьведчыкам, спадзеючыся на асабiстую сустрэчу з наркамам. Гэтыя лiсты паказваюць усю безвыходнасьць чалавека, якi трапiў у лягер, ягоную прагу да жыцьця i марнасьць надзеяў.

«Сакрэтна.

Народнаму Камiсару Ўнутраных Справаў СССР

Лiнкевiча Сяргея Савiча

З./п. Вятлага НКВД на тэрмiн 10 гадоў — (Кр)

Грамадзянiн Наркам!

Я рашэньнем Асобай Нарады НКВД СССР (1938 г.) зьняволены ў Вятлаг на тэрмiн 10 гадоў.

12.ХII-38 г. рашэньне Асобай Нарады зацьвердзiў Прэзыдыюм Вярхоўнага Суда СССР.

Я ажно чацьверты раз за адну й тую ж справу пакараны, у той момант, калi нiякiх злачынстваў за мною няма й не было, акрамя добрай сумленнай працы.

Я працую Вашым супрацоўнiкам, супрацоўнiкам слаўнай Савецкай разьведкi з 1932 году (здаецца) верасьня пад псэўданiмам, дадзеным мне Якуцкiм НКВД, — «Мiлюкоў». З тых часоў пад кiраўнiцтвам НКВД я сумленна, зь вялiкай ахвотай i гонарам выконваў i выконваю маю ганаровую працу па сёньняшнi дзень. За гэты час з нашым НКВД раскрыў не адну арганiзаваную крымiнальную справу, а таксама i к.-р. асобаў. Будучы ў Якуцкай турме пад сьледзтвам i тут, у Вятлагу, трымаю сувязь з НКВД i раскрыў ужо не адну асобу, варожую Савецкай уладзе.

Я бясконца атрымлiваю тэрмiны пакараньня, мяне судзяць, судзяць i судзяць, i судзяць толькi за даўняе мiнулае — за пераход мяжы ў 1921 годзе ў Польшчу i назад. За гэты пераход мяжы, будучы абмененым з Польскай турмы, у 1925 годзе меў пакараньне тры гады Салаўкоў — па рашэньнi калегii ОГПУ Масквы, адбыўшы якiя, iзноў атрымаў другое пакараньне —ссылку ў Кiрэнск на тры гады, пасьля адбыцьця якой атрымаў зноў тры гады высылкi ў Якуцк i зараз у чацьверты раз, праз 4 гады вольнага грамадзянства, 10 гадоў Вятлагу НКВД.

Няўжо гэтыя тэрмiны будуць бясконцыя?

Злачынстваў я не рабiў, працуючы сумленна ўвесь час на вачах НКВД, i ўсё ж тэрмiны i тэрмiны.

Грамадзянiн Наркам, прашу пазбавiць мяне ад гэтых 10 гадоў, я празьмерна ўжо быў пакараны за свой пераход мяжы. Нiколькi не крыўдую за тэрмiн — Салаўкi, атрыманы па заслугах, за нелегальны пераход мяжы.

Якуцкi НКВД у сваёй пастанове трактуе: «У 1921 годзе ўцёк з СССР у Польшчу, адкуль пад выглядам палiтэмiгранта засланы для вядзеньня падрыўной дывэрсiйнай працы», але гэта абсалютна голая гiпотэза.

Што ж прымусiла мяне сысьцi ў Польшчу, да бацькi?

Знаходзячыся ў Тамбове, як бежанцы iмпэрыялiстычнай вайны, у 1921 годзе мы (бежанцы) на падставе дырэктываў Савецкага Ўраду павiнны былi выехаць на сваё месца ў Лужкi Вiленскай губ., дзе знаходзiўся бацька, але так як 1921 год быў годам голаду ў Тамбоўскiм раёне i далей, то нам — сям’i — не выпадала чакаць афiцыйныя дакумэнты на выезд, то вырашылi хутчэй выехаць з Тамбову. Я тады быў асуджаны на 5 гадоў Тамбоўскiм ЧК за слабую барацьбу са спэкуляцыяй, будучы агентам 1-га разраду Тамбоўскага крымiнальнага чыгуначнага вышуку. Канцэнтрацыйны лягер па прычыне голаду мне даў водпуск у Друю Вiленскай губэрнi, з гэтым дакумэнтам я й паехаў да бацькi ў Вiленскую губэрню, перайшоўшы нелегальна Савецкую мяжу зь сястрою, а пазьней з мацi.

У Польшчы я ня жыў, бацька мяне перасьцярог, што палякi могуць мяне арыштаваць за маю службу ў 1918 годзе ў Вiльнi супрацоўнiкам Рэўваенсавету Лiтвы i Беларусi. Адпачыўшы ў бацькi дзень цi два i нiкуды не паказваючыся, я накiраваўся ў СССР i, не дайшоўшы некалькi мэтраў да самой мяжы, белапалякамi быў затрыманы i этапаваны ў м. Вiльню. Вiленскi акруговы суд асудзiў мяне да 6 гадоў катаржнай турмы за тое, што я, будучы польскiм падданым, уступiў у камунiстычную партыю i выступаў са зброяй у руках супраць панства польскага. Седзячы ў адзiночцы Лукiскай турмы, я ледзь не загiнуў ад жахлiвых умоваў у ёй. Дзякуй прыезду прадстаўнiка Сав. улады i Чырвонага Крыжа тав. Семпалоўскай, якая ў турме Лукiшкi апытала мяне, за што i колькi сяджу i цi пажадаю зьехаць у СССР, i ёй адказаў: «Калi буду гэткiм шчасьлiвым, ахвотна паеду». Празь некалькi месяцаў я быў Сав. Урадам абмяняны (2 лютага 1925 г.) i ўрачыста сустрэты тысячамi працоўных дэманстрантаў г. Менску. У мяне няма словаў удзячнасьцi Савецкай уладзе. Сталiнскi Ўрад, Савецкая ўлада выратавалi мяне ад сьмерцi ў польскiх казэматах. Я ўдзячны, мiльёны разоў казаў i кажу: «Пакуль я жывы, да апошняй кроплi крывi буду старацца за слаўную Савецкую ўладу, якая выратавала мяне, усяляк буду старацца весьцi непрымiрымую барацьбу зь яе ворагамi ўсiх масьцей». Я гэта раблю. Я чуйны й бязьлiтасны да найменшых варожых выяўленьняў, аб усiх ворагах адразу даводжу да ведама сваёй дарагой Савецкай разьведкi — НКВД, якую люблю i ахвотна ў ёй працую. Мой бацька белапалякамi рэпрэсаваны (ня памятаю даты), у яго польскiя войскi, калi адступалi ад Чырвонай Армii, адабралi ўсё, што было, пакiнуўшы толькi тое, што было на iм. Да 1932 году бацька быў псаломшчыкам у мястэчку Лужкi Вiленскай губэрнi. У тым жа годзе кiнуў службу i зараз жыве ў вялiкай нэндзы. У лiстах, якiя адабраў Якуцкi НКВД, пiша: «Дапамажы, калi можаш, засталiся без усялякiх сродкаў да жыцьця». Бацька паходзiў зь сялянаў мястэчка Друi Вiленскай губ. Мацi зь сялянаў Тамбоўскай губ., вёска Саланцоўская, да замужжа была ўвесь час у прыслугах. Брат жыве ў мястэчку Лужках Вiленскай губ., жанаты, жыве ў цесьця, дзякуючы сьлюсарнай працы. Сястра замужам, шлюбам не задаволеная, жыве зь дзецьмi ў мацi — у Друi. (...)

Грамадзянiн Наркам! Прашу Вас, праверце мяне на жывой справе, я сапраўдны савецкi чалавек. Я павiнен быць на волi. Я павiнен працаваць i сумленна рабiць. Я гэта заслужыў. Я хачу жыць. Я ўпэўнены, што Вы пакладзеце канец маiм пакараньням i вызвалiце мяне зь Вятлагу. Я маю 39 год, халасты, жадаў ажанiцца i жыць савецкiм, жывым сямейным жыцьцём, але арышт абарваў усё.

Я рыбапрамысловец, жадаю працаваць у гэтай галiне, замацоўваць i падвышаць свае веды, у лягеры выкарыстоўваюся не па спэцыяльнасьцi.

Прашу мяне вызвалiць, я буду працаваць iзноў у галiне рыбнай прамысловасьцi, разам з гэтым з, як савецкi разьведчык, буду выкарчоўваць усiх трацкiсцка-бухарынскiх, усiх варожых Савецкай уладзе жывёлiн, зь якiмi я непрымiрымы, зь якiмi вёў, вяду i буду весьцi барацьбу, кiраваны слаўнымi органамi НКВД.

Чакаю Вашай санкцыi, чакаю працы па спэцыяльнасьцi, чакаю новай, яшчэ большай працы Савецкага разьведчыка.

14.ХII-38 г. Вятлаг НКВД

3-i лагпункт. Брыгада цесьляроў №62.

P.S. Скончыўшы свае дамовы ў залатой прамысловасьцi, дзе я працаваў начальнiкам забесьпячэньня (Нелькан ДУК) i ўпаўнаважаным рыбанарыхтовак на Ахоцкiм моры (ДУК), па лiнii НКВД (меў сувязь з Аянскiм НКВД, якой здаў цэлую сэрыю зводак) я зацеў i ехаў у Маскву на прадмет атрыманьня парад i ўказаньняў асабiста ад Наркама Ўнутраных Справаў. Па шляху руху, зь Нелькана ў лiсьце разам са зьвесткамi Аянскаму НКВД (начальнiку Марозаву) я пiсаў: еду ў Маскву да сваiх i нашых, г.зн. да НКВД i трэст «Золатаразьведка», але Якуцкi арышт мяне затрымаў. З турмы Якуцка я на iмя Наркама Ўнутраных Справаў СССР Яжова пiсаў тэлеграму, у якой прасiў адклiкаць мяне з турмы ў Маскву па справах НКВД. Напэўна, ён гэтай тэлеграмы не атрымаў. Праўда, з прычыны тэлеграмы я быў выклiканы лейтэнантам Якуцкага НКВД Медлевым, якi мне сказаў: «Вы хiба ў яго (Яжова — НКВД) працуеце». Да гэтага часу не магу расшыфраваць я гэтых слоў. Я ўпэўнены, калi б тэлеграма пайшла ў Наркамат, то ў Вятлагу я ня быў бы».

Не дачакаўшыся адказу, Сяргей Лiнкевiч пiша другi лiст, дзе iзноў працягвае называць сябе разьведчыкам.

«Народнаму Камiсару Ўнутраных Справаў СССР

з/к Лiнкевiча Сяргея Савiча

Глыбока прашу Вас прыняць самыя рашучыя меры да майго вызваленьня зь Вятлагу... Будучы праездам у парту Аян, як савецкi разьведчык я зьявiўся да начальнiка НКВД Марозава, здаў патрэбныя для НКВД зьвесткi i, атрымаўшы ад яго шэраг карысных парад i ўказаньняў па частцы маёй далейшай працы, я выбыў з Аяну да месца службы ў Нелькан, дзе атрымаў частковы разьлiк i выехаў праз Алах-Юнь, Якуцк у Маскву. Пры ад’езьдзе зь Нелькану я з адным работнiкам нельканскага НКВД паслаў зьвесткi i фальшывы лiст, у якiм указаў: «Еду ў Маскву, буду ў сваiх i нашых, дзякуй за газэту — аб распазнаваньнi трацкiстаў (даклад т. Сталiна)». Пад сваiмi меў на ўвазе НКВД СССР, нашымi — трэст «Золатаразьведка».

Яўка ў НКВД СССР для мяне была i застаецца надзвычай неабходнай па шэрагу важкiх гаспадарча-дзяржаўных пытаньняў i мерапрыемстваў.

Жывучы ў Якуцку i маючы сувязь з НКВД, мне апошнi ў 1933 годзе даў свой псэўданiм «Мiлюкоў», якi захаваўся за мною па сёньняшнi дзень.

Я надзвычай абураны тым, што, зьяўляючыся сумленным Савецкiм разьведчыкам i савецкiм служачым, стаўся арыштаваным i атрымаў 10 гадоў Вятлагу, як к.-р.

Iнiцыятарам майго арышту быў начальнiк 3-га аддзяленьня Якуцкага НКВД Дабраклонскi, якi, ня маючы супраць мяне якiхсьцi кампраматных доказаў, сфабрыкаваў яўна паклёпнiцкую пастанову, iнкрымiнаваўшы мне падрыўную, дывэрсiйную працу ў СССР дзеля Польшчы...

Толькi мая сумленная праца ў Савецкай разьведцы i дзяржаўнай установе ёсьць i будзе закладам падзякi Савецкаму Ўраду за тое, што ён вырваў мяне зь белапольскай турмы, выратаваў мяне ад сьмерцi ў ёй, аказаў мне вялiкi гонар i давер, i я, як сумленны сын Савецкай Радзiмы (беларус), ганаруся сваiм Сталiнскiм Урадам, люблю яго i, пакуль жывы, вёў, вяду i буду весьцi барацьбу са ўсялякiмi ворагамi, карчуючы i ўскрываючы iх.

Грамадзянiн Наркам УС СССР, я ўпэўнены, Вы спусьцiце Вашае распараджэньне аб адклiканьнi мяне зь Вятлагу...

28.V-39 г. Сяргей Лiнкевiч».

Гэты лiст, як i папярэднi, неадкладна быў перапраўлены ў Наркамат МУС i там зарэгiстраваны. Быў зроблены запыт у Якуцк. (Тут зьдзiўляе тое, што не зрабiлi запыт у Магадан, каб неадкладна ўсё праверылi ў Нелькане.)

«Я, малодшы сьледчы сьледчай часткi НКВД ЯАССР Шэiн, разгледзеў скаргу... i праверкай выяўлена, што:

1) Матывы, выкладзеныя ў скарзе асуджанага ў тым, што ён зьяўляецца сакрэтным супрацоўнiкам органаў НКВД ЯАССР, праверкай не пацьверджаныя.

2) Атрымаць дакумэнты аб асуджэньнi Лiнкевiча за нелегальны пераход мяжы з Польшчы ў СССР немагчыма, таму што апошнi быў асуджаны калегiяй ООПУ гор. Масквы.

3) Правесьцi праверку шэрагу асобаў, якiя ведалi асуджанага па лiнii былой працы, немагчыма з прычыны iхнай адсутнасьцi ў межах Якуцкай АССР, i таму, грунтуючыся на вышэй выкладзеным, меркаваў бы... у хадайнiцтве аб вызваленьнi i спыненьнi справы... адмовiць... Шэiн».

Гэтую дакладную 28.III-40 г. зацьвердзiў нач. сьледчай часткi НКВД ЯАССР л-т дзяржбясьпекi Вiшнякоў. Згодна з гэтым адказам зь Якуцка адрэагавала i Масква:

«Я, нам. апэр. упаўнаважанага 3-га аддзяленьня сакратарыяту Асобай Нарады НКВД СССР, сяржант дзяржбясьпекi Гразноў, разгледзеўшы архiў на сьледчую справу №659/675630 па абвiнавачаньнi Лiнкевiча С.С. у сувязi са скаргай, якая паступiла ад асуджанага... даводжу, што... праведзенай на падставе яго праверкi ягоных довадаў у частцы таго, што ён супрацоўнiчаў з органамi НКВД, не пацьверджаны, разам з тым нiякiх зьвестак дзеля перагляду справы дадатковаю праверкаю не здабыта... таму, улiчваючы пажаданьне Якуцкага НКВД... скаргi Лiнкевiча пакiнуць без задавальненьня, аб чым праз I спэцаддзел НКВД паведамiць падаўцу скаргi.

Сьлед. Гразноў

л-т Пiнюгiн

капiтан Iваноў

г. Масква 8.V-1940 г.»

Гэтую паперу адразу зацьвердзiў нам. Наркама камiсар 3 рангу дзяржбясьпекi Мяркулаў.

Прасiла аб памiлаваньнi свайго сына таксама i мацi з «Друi Вiленскай вобл. Мёрскага павету, вул. Валадарскага №18».

«Скарга Старшынi Вярхоўнага Савету СССР.

Дарагi Мiхаiл Iванавiч.

... Слаўная Чырвоная Армiя вызвалiла нашу Зах. Беларусь ад польскiх паноў. Мы атрымалi поўную магчымасьць жыць шчасьлiвым жыцьцём Савецкiх грамадзянаў... Я састарэла, жыву ў вялiкай нэндзы. Са мною на ўтрыманьнi двое дзяцей школьнiкаў маёй дачкi-удавы, якая настаўнiчае ў школе Малыя Сьцяпанiшкi Гарадзенскага павету, сын Васiль настаўнiчае ў Лужках Вiленскай вобл., ягоная маёмасьць уся згарэла, i дапамогi мне няма нi ад каго... муж Сава памёр ад голаду...»

Неўзабаве ёй адказалi, што «у пераглядзе справы сына... адмоўлена», а копiю даслалi нач. упр. Вятлагу НКВД у п. Руднiчны Кiраўскай вобл.

Больш анiякiх скаргаў ад Лiнкевiча ў ягонай асабiстай справе не знаходзiцца, але адзначана, што ў лягерны лязарэт №1 «22 красавiка 44 г. прыбыў з калёны №41... з крупозным запаленьнем лёгкiх» зьняволены Сяргей Лiнкевiч. А неўзабаве, 24.IV-44 г., зьявiўся «Акт аб пахаваньнi» зьняволенага асабiстай справы №66786, якi памёр 23.IV-44 г., i якога «пахавалi на могiлках лязарэта №1 у 25 км да Паўднёвага Захаду зь бiркаю i подпiсам з усiмi ўстановачнымi зьвесткамi» з парадкавым нумарам К-38.

Гэтак скончылася пакутлiвае жыцьцё чалавека, якi пасьля 1917 году займаўся толькi тым, што ўвесь час сядзеў у лягерах.

I толькi 21.II-90 г. «за адсутнасьцю складу злачынства» Сяргей Савiч Лiнкевiч быў рэабiлiтаваны пасьмяротна. Зь Беларусi на ягонае iмя запытаў у УФСБ па РС(Я) не паступала.

Алесь Баркоўскi

1Дарэчы, у лiпенi 1997 г. у Якуцкi ЗАГС паступiў запыт з Расейскага дваранскага сходу наконт удакладненьня датаў жыцьця Дубовiка Мiхаiла Мiхайлавiча, са «старажытнага беларуска-польскага шляхецкага роду», якi нарадзiўся 9.ХI-1940 г. у г. Алёкмiнску Якуцкай вобласьцi.

2На допыце 2 сьнежня 1937 г. было зробленае ўдакладненьне: «Пасьля лiквiдацыi камэнданцкага ўпраўленьня ў пасадзе Лунiнец у сьнежнi месяцы 1918 г. прыбыў у г. Менск i зьявiўся ў ЦК партыi, адкуль атрымаў пiсьмовае распараджэньне Вiленскага камiтэту партыi, куды я зьявiўся ў сьнежнi 1918 году. Ён накiраваў мяне на працу ў Рэўваенсавет Лiтвы й Беларусi, дзе ў сьнежнi 1918 году я атрымаў прызначэньне на пасаду сакратара апэратыўнага аддзела Рэўваенсавету Лiтвы i Беларусi».

3На допыце 2 сьнежня 1937 г. Лiнкевiчу загадалi пералiчыць усiх асобаў, зь якiмi ён працаваў у Савеце Працы i Абароны, на што ён паказаў: 1) старшыня СПА Капсукас-Мiцкевiч, iмя i iмя па бацьку ня памятаю. 2) Кiраўнiк справаў СПА Шутко. 3) Сакратар СПА Антанiкоўскi — дзе яны знаходзяцца цяпер, ня ведаю, бо я потым зь iмi нiякай сувязi ня меў i больш нiкога па працы СПА ня ведаю».

4На допыце 20 лiстапада 1937 г. у 03 г. 5 хвiл. Сяргею Лiнкевiчу былi зададзеныя дадатковыя пытаньнi пра брата i сястру — пэўна вядомыя з папярэдняй справы. На што Лiнкевiч паказаў: «Мой брат сапраўды служыў у Польскiм войску у 1921 г. у якасьцi барабаншчыка, а потым абслугоўваў аднаго польскага афiцэра, у падначаленьнi якога ён у той час знаходзiўся, у якой частцы i падразьдзяленьнi, ня ведаю... Я знаходзiўся тады ў Лукiшках...» «У 1924 годзе мая сястра Лiнкевiч-Тамаровiч сапраўды апавядала аб тым, што яна ў 1924 годзе пад чужым прозьвiшчам нелегальна выяжджала з Польшчы ў СССР, у горад Полацак, па золата, пасьля чаго тут жа неўзабаве, гэтак жа нелегальна, перайшла мяжу з СССР у Польшчу...»

5На допыце 20 лiстапада 1937 г. у 01 г. 15 хвiл. С.Лiнкевiч удакладняў: «Пражываў у Менску ў iнтэрнаце палiтэмiгрантаў... Прыблiзна на працягу аднаго месяца я грамадзкай арганiзацыяй, у прыватнасьцi, МОПР БССР, выкарыстоўваўся на працы ў якасьцi дакладчыка, як палiт. абмен., якi прыбыў з Польшчы ў СССР. Я выяжджаў у вайсковыя часткi Беларускай вайсковай акругi, якiя разьмяшчалiся на тэрыторыi памежнага раёну БССР, дзе я рабiў даклады, па чыёй просьбе, я цяпер ня памятаю. Рабiў даклады аб эканамiчным стане працоўнага класа Польшчы, аб тых зьверствах, якiя палякi ўчыняюць над працоўнымi, аб тым, як працоўны клас Польшчы вядзе барацьбу з памешчыкамi i фабрыкантамi ў сваёй краiне i г.д.»

6У газэце «Ленский водник» за 1931 г. пачалi з жнiўня месяца зьяўляцца допiсы i вершы за подпiсам «грузчык Лiнкевiч». Прыкладам:

 

БУКСИР

Буксир —

хорошая вещица.

И для всех

Она годится.

Бе-р-е-гись!

Бухи, памбухи

И резолюций писатели

— Буксиром навернем!

Товарищи!

Ведь все мы

Сыны Союза ССР

Задачи и пути

У нас одни...

— А где же вы?

Мы, грузчики,

Вас всех зовем:

Подпишитесь на заем!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0