Славамiр Адамовiч

ВАРШАЎСКIЯ ВЕРШЫ



 
  АПТЫМIСТЫЧНЫЯ РАДКI Ў ЧАС АДВЭНТУ

Над нашай Вiльняй зорнае неба,
у «Нашай Нiве» зварылi каву,
таварыш пайшоў па хлеб i да хлеба,
а ў мяне якiсьцi настрой кучаравы.

Панi Юдзя на кухнi шынкуе капусту,
я адкаркоўваю пiва «Жывец»
i намазваю масла на хлеба лусту,
нiбы жоўты пясочак на ўласны капец.

6 сьнежня 1998 году, Варшава

***

Мароз. Нiкога не люблю
(часова).
Паўзе нiзамi курс валют,
як гук басовы.

Купляю ў краме капялюш
вялiкi, чорны,
каб захiнаў мяне ад сьцюж
сырых, надворных.

Заходжу ў паб, дзе пiва дух,
i п’ю там каву,
раве з дынамiка рок-зух —
радыё «Wawa».

13 сьнежня 1998 году, Варшава
 

МАКАБРЫЧНЫЯ СТРОФЫ ДА ВАРШАВЫ

Ад Belfastu 1 да Makabry 2,
па Маршалкоўскай 3, праз Новы Сьвят 4
я iду, беларускi, зграбны,
пяшчотны i цёплы, нiбы пассат.

Iду свабодны, пiльны, вясёлы,
наведваю антыкварныя крамы...
Варшава, ня трэба высокiх словаў,
мне вядомы кошт хлеба i Ramy 5.

Свой хросны ход спыню ў Praksime 6,
запрашу варшавянку на цiхi танец,
але застануся верны Радзiме,
як невядомы варшаўскi паўстанец.
14 сьнежня 1998 году, Варшава

1 Belfast — начны паб на вулiцы Пулаўскай у Варшаве.
2 Makabry — неафiцыйная назва таннага бiстро-бара на вул. Кракаўскае Прадмесьце, у якiм зьбiраюцца варшаўскiя студэнты i анархiсты.
3 Маршалкоўская, 4 Новы Сьвят — цэнтральныя вулiцы Варшавы.
5 Rama — гатунак iмпартнага маргарыну, якi карыстаецца попытам у беларускiх сьледчых турмах.
6 Praksima — клюб i дыскатэка варшаўскiх студэнтаў (знаходзiцца ў раёне вулiцы Жвiркi i Вiгуры).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0