Вiктар Шнiп

ВЕРШЫ



  ***

Канчаецца дваццатае стагодзьдзе,
Нiбы жыцьцё канчаецца зусiм,
Нiбы над вогнiшчам ацiхлым дым,
Нiбы дарога на вясновым лёдзе,
Канчаецца дваццатае стагодзьдзе.

I ты глядзiш на сьвет, як дамавiну,
Дзе шчэ ня ўсё зьмярцьвела, адцьвiло,
Дзе нашых дзён самотнае сьвятло
Анёлы носяць Богу, быццам глiну,
I ты глядзiш на сьвет, як дамавiну.

Канчаецца дваццатае стагодзьдзе,
Нiбы ў пустэльнi шлях за небасхiл,
Нiбыта з-пад вазоў дзядоўскiх пыл,
Нiбыта крык у зьнiшчанай прыродзе,
Канчаецца дваццатае стагодзьдзе...
 

ХОЛАД

Нiчога няма i нiчога ня будзе...
Сьвiнцовае неба, што па-нада мной,
Нiбыта вакенца турэмнае ў брудзе,
Самотаю шэрыцца мне незямной.

I можна памерцi — раз жыць несалодка,
Ды толькi нiчога ня зьменiцца ўсё ж.
I сьнежаньскi холад зноў студзiць мне глотку,
Нiбыта бандыцкi ў зазубрынах нож.
 

БАЛЯДА ЗАМКА

Замак, нiбы карона,
Якую згубiў мой князь.
Замак — цень Вавiлона,
Якi затаптаны ў гразь.

Замак — грэшнiк каменны,
Якога забыўся Бог.
Замка шэрыя сьцены
Для пылу даўно астрог.

I лётаюць вароны,
Як чорнае лiсьце дрэў.
Замак, нiбы iкона,
Якую занесьлi ў хлеў...

***

На белым прысаку зiмы
Жывём, як пагарэльцы, мы.
I нашы шэрыя дамы,
Як рэшткi спаленай турмы
Стаяць пад небам нежывым,
Стаяць, як скамянелы дым.
I мы глядзiм на гэты сьвет,
Нiбы вар’ят на пiсталет,
Зь якога ён заб’е сябе,
Не разумеючы ў журбе.
Што гэта сьмерць, што гэта тло,
А не анёльскае сьвятло...
На белым прысаку зiмы,
Як чорныя вароны, мы
Шукаем нечага, крычым...
I ўсё, як сьнег, i ўсё, як дым...
 
 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0