«НАША НIВА» АДВАЯВАЛА ПРАВА ВЫДАВАЦЦА КЛЯСЫЧНЫМ ПРАВАПIСАМ

 

«Загадваю: спагнаць зь Дзяржаўнага камiтэту Рэспублiкi Беларусь па друку на карысьць рэдакцыi газэты «Наша Нiва» 2500000 (два мiльёны пяцьсот тысячаў) рублёў выдаткаў па дзяржпошлiне...»

Так напiсана ў загадзе Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублiкi Беларусь «Аб прымусовым выкананьнi рашэньня» ад 22 сьнежня 1998 году па iску рэдакцыi беларускай газэты «Наша Нiва» да адказчыка, Дзяржкамiтэту па друку, аб прызнаньнi нядзейным папярэджаньня ад 29 траўня 1998 г. №26.

Гэта значыць, што Вышэйшы гаспадарчы суд у вынiку працяглай судовай працэдуры прызнаў прэтэнзii да газэты «Наша Нiва» з боку Дзяржкамiтэту па друку беспадстаўнымi.

 

ГIСТОРЫЯ ПЫТАНЬНЯ

Нагадаю, што 29 траўня 1998 году Дзяржкамiтэт па друку Рэспублiкi Беларусь вынес на адрас газэты «Наша Нiва» пiсьмовае папярэджаньне аб парушэньнi Закона «Аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi». Падставай папярэджаньня стала нiбыта «скажэньне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы» (ч.2 арт.6 Закона). Фактычна газэта была «абвiнавачаная» ў тым, што карысталася арфаграфiчнымi правiламi, якiя йснавалi ў беларускай мове ў 20-х гадах ХХ ст. (так званая «тарашкевiца»). Гэтыя правiлы былi скасаваныя праз «сталiнскую рэформу» правапiсу — пастановай СНК БССР ад 26 жнiўня 1933 году «Аб зьменах i спрашчэньнi беларускага правапiсу».

Рэдакцыя газэты не пагадзiлася з гэтым папярэджаньнем i зьвярнулася зь iскавай заявай у Вышэйшы гаспадарчы суд (такi парадак прадугледжвае дзейнае заканадаўства ў дачыненьнi да скаргаў на рашэньнi рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiраваньня. — Аўт.) аб прызнаньнi несапраўдным i скасаваньнi вынесенага папярэджаньня.

 

СУДОВЫЯ ПЭРЫПЭТЫI

Першае паседжаньне суда адбылося 12 жнiўня 1998 году. Прадстаўнiк iсца Сяргей Дубавец, галоўны рэдактар газэты, i Мiхаiл Пастухоў, член Беларускай асацыяцыi журналiстаў, адразу ж паставiлi пад сумнеў аб’ектыўнасьць i абгрунтаванасьць заключэньня члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэмii навук А.Жураўскага, падрыхтаванага на запыт Дзяржкамiтэту па друку. Менавiта на падставе гэтага заключэньня было пазьней вынесенае папярэджаньне газэце. Прадстаўнiкi iсца запатрабавалi прызначыць камiсiйную экспэртызу зь лiку аўтарытэтных i незалежных спэцыялiстаў у галiне беларускай мовы.

Судзьдзя I.Петухова пагадзiлася з гэтай прапановай i адклала на два днi паседжаньне дзеля таго, каб бакi маглi прапанаваць свае пытаньнi для экспэртызы i магчымыя экспэртныя ўстановы (кандыдатуры экспэртаў).

14 жнiўня суд, выслухаўшы прадстаўнiкоў бакоў, прызначыў фiлялягiчную экспэртызу. Яе правядзеньне было даручанае Iнстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. На патрабаваньне Сяргея Дубаўца ў склад экспэртнай камiсii суд уключыў «незалежных» спэцыялiстаў: прафэсара катэдры тэарэтычнага i славянскага мовазнаўства БДУ, доктара фiлялягiчных навук Б.Плотнiкава; загадчыка катэдры беларускага мовазнаўства Гарадзенскага дзяржунiвэрсытэту iмя Янкi Купалы, доктара фiлялягiчных навук, прафэсара П.Сьцяцко; загадчыка катэдры беларускага мовазнаўства БДПУ, кандыдата фiлялягiчных навук, дацэнта П.Мiхайлава; старшыню Арфаграфiчнай камiсii Таварыства беларускай мовы iмя Францыска Скарыны, доктара фiлялягiчных навук, прафэсара Г.Цыхуна.

На разгляд экспэртнай камiсii суд паставiў наступныя пытаньнi: 1) вызначыць паняцьцi «агульнапрынятыя нормы мовы», у тым лiку беларускай мовы; 2) якiя прававыя i (альбо) фiлялягiчныя крынiцы вызначаюць паняцьце «агульнапрынятыя нормы беларускай мовы»; 3) цi зьяўляецца выкарыстаньне правапiсу, якi iснаваў у Беларусi да 1933 году, «скажэньнем агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы»?

Адначасна судзьдзя зьвярнулася з запытам у Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь аб неабходнасьцi тлумачэньня выразу «агульнапрынятыя нормы выкарыстоўваемай мовы», якi ўжываецца ў новай рэдакцыi артыкула 6 Закона аб друку i якое зьявiлася прававой падставай для вынясеньня газэце папярэджаньня.

У зьвязку з прызначэньнем экспэртызы судовы працэс па справе быў прыпынены. Ён аднавiўся толькi 14 сьнежня 1998 году. Прадметам судовага разгляду стала заключэньне экспэртнай камiсii. Супрацоўнiкi Iнстытуту мовазнаўства, за выняткам члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэмii навук, доктара фiлялягiчных навук, прафэсара А.Булыкi, выказалi адну агульную пазыцыю. Экспэрты ж, прадстаўленыя iсцом, выклалi па пастаўленых пытаньнях асобныя меркаваньнi.

Адзiнымi экспэрты былi толькi ў тым, што ў сучаснай фiлялягiчнай лiтаратуры паняцьце «агульнапрынятыя нормы мовы» не выкарыстоўваецца. Адсутнiчае гэтае паняцьце i ў прававой лiтаратуры. На меркаваньне экспэртаў, ня маецца практычнай магчымасьцi вызначыць названае паняцьце.

Па трэцiм пытаньнi спэцыялiсты Iнстытуту мовазнаўства прыйшлi да высновы, што выкарыстаньне правапiсу, якi iснаваў у Беларускай ССР да 1933 году, зьяўляецца парушэньнем сучасных правiлаў правапiсу беларускай мовы. Яны выказалi меркаваньне, што абавязковымi для выкарыстаньня трэба лiчыць нормы правапiсу, замацаваныя ў падручнiку «Правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi» (Менск, 1959). У той жа час «незалежныя» экспэрты ня ўгледзелi ў правiлах арфаграфii, якiмi карыстаецца рэдакцыя газэты «Наша Нiва», якiх-небудзь адхiленьняў ад агульнапрынятых нормаў беларускай мовы. Так, прафэсар Г.Цыхун лiчыць, што ў сучаснай беларускай мове ўвогуле няма адзiных агульнапрынятых нормаў правапiсу. Яны iснавалi якраз да 1933 году i былi замацаваныя ў вядомай кнiзе Бранiслава Тарашкевiча «Беларуская граматыка для школ». «Рэформа правапiсу», у аснове якой ляжалi палiтычныя матывы, разбурыла адзiнства беларускага правапiсу. На меркаваньне прафэсара Б.Плотнiкава, зацьверджаныя ў 1933 годзе нормы нельга прызнаць агульнапрынятымi, паколькi амаль палова беларусаў пражывала ў той час за межамi савецкай часткi краiны (як вядома, Заходняя Беларусь з насельнiцтвам у 4 млн. жыхароў была далучаная да СССР толькi ў 1939 годзе). Прафэсар П.Сьцяцко таксама мяркуе, што нормы беларускай мовы, замацаваныя ў 1933 годзе, лiчыць агульнапрынятымi нельга, таму што яны «ўзаконеныя» насуперак рэкамэндацыям Акадэмiчнай навуковай канфэрэнцыi 1926 году i зьяўляюцца актам палiтычнага ўмяшальнiцтва ў моўную палiтыку. Экспэрт П.Мiхайлаў заявiў, што ён падтрымлiвае меркаваньнi, якiя выказалi А.Булыка, Г.Цыхун i Б.Плотнiкаў.

З Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь суду паведамiлi, што яны не гатовыя даць тлумачэньне выразу з артыкула 6 Закона аб друку — «агульнапрынятыя нормы выкарыстоўваемай мовы».

Прадстаўнiкi бакоў, абмеркаваўшы заключэньне экспэртнай камiсii i задаўшы ўдакладняльныя пытаньнi намесьнiку дырэктара Iнстытуту мовазнаўства, кандыдату фiлялягiчных навук А.Лукашанцу, засталiся на сваiх папярэднiх пазыцыях.

Суд зрабiў перапынак для падрыхтоўкi рашэньня па справе. 22 сьнежня 1998 году рашэньне было абвешчанае на карысьць iсца —рэдакцыi газэты «Наша Нiва».

 

ВЫНIКОВЫЯ АЦЭНКI

У якасьцi асноўных доказаў свайго рашэньня суд назваў неадэкватнасьць зьместу новай часткi артыкула 6 Закона — «не дапускаецца скажэньне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы» — паняцьцям, якiя выкарыстоўваюцца ў фiлялягiчных крынiцах («норма (лiтаратурнай) мовы», «моўная норма», «норма моўная»), а таксама неадпаведнасьць гэтай часткi ўказаньням нарматыўных актаў Рэспублiкi Беларусь у частцы абавязковасьцi ўжываньня правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi.

Тым самым суд прызнаў некарэктнасьць фармулёўкi часткi 2 артыкула 6, якую можна трактаваць на любы густ. Распрацоўнiкi паправак да Закону аб друку ўжылi такi выраз, якi нiхто з спэцыялiстаў ня змог растлумачыць. Не спасьцiгнуўшы сутнасьцi прававой нормы, суд вымушаны быў прызнаць неабгрунтаванасьць прэтэнзiяў да газэты.

Вядома, акрамя прававых нюансаў, у гэтай справе можна ўгледзець i палiтычны падтэкст, а менавiта тое, што Дзяржкамiтэт па друку неаб’ектыўна ставiцца да газэты, якая дае сабе волю карыстацца правiламi клясычнай беларускай мовы i гэтым уносiць разлад у сучасную беларускую мову. Папярэджаньне газэце за адхiленьне ад усталяваных нормаў правапiсу можна расцанiць i як недапушчальную форму дзяржаўнага ўмяшальнiцтва ў моўную сфэру, якая складае сьвятая сьвятых кожнай нацыi. Як юрыст зь вялiкiм стажам i як удзельнiк судовага працэсу, лiчу, што норма Закона аб друку аб «недапушчальнасьцi скажэньня агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы» супярэчыць агульнапрынятым нормам мiжнароднага права ў галiне свабоды iнфармацыi, i ў прыватнасьцi, артыкулу 19 Мiжнароднага права аб грамадзянскiх i палiтычных правах, артыкулу 34 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь аб праве грамадзян на вольнае атрыманьне i распаўсюджваньне iнфармацыi, а таксама артыкулу 23 Канстытуцыi, якi не дапускае абмежаваньня правоў i свабодаў грамадзян. Гэтае «новаўвядзеньне» нiяк ня ўпiсваецца ў сыстэму заканадаўства аб друку i ёсьць грубым парушэньнем свабоды слова i iнфармацыi.

Акрамя таго, указаная фармулёўка, якая прэтэндуе на ролю нормы права, не тлумачыцца нiякiмi прававымi i фiлялягiчнымi крынiцамi. Яна не адпавядае прававым парамэтрам, бо выказвае нешта адцягненае i надта агульнае. Скарыстаньне такой фармулёўкi ў практыцы непазьбежна прывядзе да самавольства органаў дзяржаўнага кiраваньня i судоў (у чым мы мелi магчымасьць пераканацца на прыкладзе папярэджаньня газэце «Наша Нiва» — Аўт.). Я мяркую, што неабходна як мага хутчэй адмянiць гэтую неакрэсьленую i небясьпечную норму Закона аб друку. У адваротным выпадку яе скарыстаньне можа павярнуцца новымi неабгрунтаванымi прэтэнзiямi да беларускiх выданьняў.

Мiхаiл Пастухоў,
доктар юрдычных навук, прафэсар, дырэктар Цэнтра прававой абароны СМI пры Беларускай асацыяцыi журналiстаў

P.S. Пакрыўджанае самалюбства чыноўнiкаў Дзяржкамдруку не дазволiла iм прызнаць сваю «паразу» ў спрэчцы з газэтай «Наша Нiва». 30 сьнежня 1998 году старшыня Дзяржкамiтэту М.Падгайны накiраваў скаргу старшынi Вышэйшага гаспадарчага суда на прадмет скасаваньня вынесенага рашэньня. Значыць, спрэчка газэты зь Дзяржкамiтэтам па друку атрымае працяг.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0