Алесь Аркуш

На парозе трэцяга сьвету

 

З прыемнасьцю назiраю, як адлiга зьлiзвае сьнег на двары. Не таму, што я такi мярзьляк. Прычына больш глябальная, нават геапалiтычная. Каб стаць паўнавартаснай краiнай тэцяга сьвету, поруч з Iракам, трэба каб у Беларусi значна пацяплела. Бо назавiце мне хоць адну паўночную краiну, якую можна залiчыць да клюбу трэцявартасных. Канада. Фiнляндыя. Нарвэгiя. Швэцыя. Iсляндыя... Усё ня тое. Трэцявартасныя ня любяць сьнегу, марозу, завеяў, ледзяшоў, iртаў... Не загонiш нiкога з бананава-каўчуканосных краёў у палонку. Яшчэ чаго — жыўцом ды ў халадэчу. Вар’яцтва. Таму й не даюць нам веры. Не прымаюць за сваiх. А як нацыянальныя iнтарэсы ў Афрыцы адстойваць, калi ня вераць, што яны там ёсьць? Дзякуй Богу, у Эгiпце пачалi здагадвацца. Адразу вiдаць — нашчадкi выбiтнай цывiлiзацыi. Блакiтная кроў фараонаў.

Мае рацыю шаноўны Дарвiн — чалавек пайшоў ад малпы. Там, дзе малпы ня могуць жыць, там i чалавеку кепска. Ад каго тады пайшлi людзi з поўначы? Ад мядзьведзя? Ад расамахi? Цi можа ад ваўка? Бо гэтая жывёлiна на поўначы жыве паўсюль, дзе толькi ёсьць якая-кольвечы спажыва. Апошняя вэрсiя найбольш верагодная, бо й гiстарычныя крынiцы сьведчаць у гэтым ключы. Узяць таго ж полацкага князя Ўсяслава Чарадзея. Перакiнуцца ў ваўка яму было як... вельмi проста. Але ўрэшце мы й ваўкамi ня сталi, i да малпаў не дарасьлi. Трэба неяк вызначыцца. Прыбiцца да аднаго берагу.

Што нам дасьць уваходжаньне ў трэцi сьвет? О, гэта процьма вартасных набыткаў. Па-першае, ня трэба будзе столькi газу на ацяпленьне выменьваць у Расеi за кiлбасы i масла, самi зьямо. Па-другое, адпадуць клопаты з дастаўкай бананаў зь невядома якiх даляў, самасевам на родных гонях вырастуць. Па-трэцяе, увогуле ня трэба будзе столькi працаваць. Бо сёньня мы, як тыя ваўкi, — дзень i ноч у пошуках здабычы. Накручваем кiлямэтры, высалапiўшы языкi. Зусiм ня так паводзяць сябе, напрыклад, iльвы, якiя далёка ня малпы. Спрынтарскi рывок — i цэлы дзень песьцiсься ў цянёчку пад баабабам.

Карацей, усiх вартасьцяў не пералiчыць. Таму — наперад. До стаяць на парозе трэцяга сьвету!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0