Я СЛАВЯНIН! ШТО ГЭТА ЗНАЧЫЦЬ?

Я — славянiн. Мы — славяне... Што гэта значыць? Калi гэта самахарактарыстыка, дык цi пазнаем мы сябе паводле славянства? I цi пазнаюць нас iншыя? Лаўлю сябе на думцы, што прамовiў гэтыя словы цi не ўпершыню ў жыцьцi: я — славянiн. Мiж тым, увесь наш сёньняшнi дзяржаўны лад i недзяржаўны быт трымаецца толькi на гэтым адным-адзiным паняцьцi. Яно абавязкова гучыць у праграмах навiнаў, праяўляецца ў посьпехах аўтамабiлебудаўнiкоў i ў чорных дзiрах спажывецкага рынку. Яно замянiла сабою ўсiх учарашнiх апорных сланоў i чарапах, на якiх трымалася наша грамадзкае бытнаваньне: Ленiн, партыя, камунiзм. Ды бадай усё, што магло аб’ядноўваць i дысцыплiнаваць народныя масы, сёньня зьвялося да аднаго — славянства. Я славянiн. Мы славяне. Што гэта значыць?

З кiм сябраваць, з кiм злучацца, з кiм жыць? Эканамiчныя, палiтычныя i ўсякiя iншыя рацыянальныя мэтазгоднасьцi адыходзяць на заднi плян перад гэтай — мы славяне. Ну сапраўды, чаго б нам яднацца зь неабдымнай iмпэрскай Расеяй, якая крызысуе, развальваецца на вачах? Або з Сэрбiяй, якая не вылазiць з вайны? Адказ адзiн — мы славяне. I галоўнае не задумвацца пра тое, чаму б нам не яднацца з славянамi-палякамi або з славянамi-чэхамi? Урэшце, i з украiнцамi ў нас штосьцi ня йдзе. А калi задумацца? Калi славянства — гэта сапраўды наш шлях, а значыць, i лёс кожнага з нас, дык што ж гэта ўсё ж такi значыць — славянства?

Цiкава, што нiхто з апытаных мiнакоў на менскiх вулiцах не спаслаўся на гiсторыю. Хоць гэта, вiдаць, адзiная сфэра, у якой паняцьце славянства што-небудзь значыць. Мы паходзiм ад славянскiх плямёнаў. Праўда, гэта занадта далёкая гiсторыя, каб там усё было дастаткова ясна i зразумела. Але iснуе нешта накшталт грамадзкай дамоўленасьцi пра тое, што мы — нашчадкi крывiчоў, дрыгавiчоў, радзiмiчаў, i што плямёны гэтыя славянскiя.

Праўда, калi пачынаеш паглыбляцца ў дэталi жыцьця тых плямёнаў, якая-кольвек рэальная блiзкасьць растае як дым. Напрыклад, беларускi гiсторык i археоляг мiнулага стагодзьдзя Адам Кiркор пiша, што нашыя продкi-славяне мелi звычай пасьля сьмерцi мужа забiваць i ягоную жонку, а таксама маленькiх дзяцей i ўсiх хавалi разам. Прычым дзяцей тапiлi, i чамусьцi тапiлi разам зь пеўнямi. Якое гэта мае дачыненьне да сёньняшняга славянскага братэрства? — спытаецеся вы. А якое дачыненьне гэтае братэрства мае да нас? Я славянiн i спрабую самаiдэнтыфiкавацца, гэта значыць, зразумець, у чым заключаецца маё славянства. З гiсторыяй не атрымалася. Можа быць, прасьцей будзе з мовай? Славянскiя мовы.

Але моўная практыка таксама не выводзiць на разуменьне ўласнага славянства. Дастаткова згадаць Югаславiю, дзе прадстаўнiкi трох славянскiх народаў вынiшчалi адзiн аднаго зь лютасьцю неверагоднай. Да распаду Югаславii мову гэтых народаў — сэрбаў, харватаў i мусульманаў — ва ўсiм сьвеце ведалi як адну — сэрбска-харвацкую. Аднак гэткая еднасьць не перашкодзiла югаслаўскiм славянам ствараць для сваiх аднамоўцаў i аднарасцаў канцэнтрацыйныя лягеры ў найгоршых традыцыях трэцяга рэйху.

Адзiнае, што падзяляе гэтыя народы, — рэлiгiя. Яны — праваслаўныя, каталiкi i мусульмане. Але ж пры гэтым нiхто зь iх не адмаўляецца ад сваёй прыналежнасьцi да славянства.

Калi славянства — гэта гонар за паходжаньне ад славянскiх плямёнаў, дык варта згадаць, што плямёны тыя былi паганскiмi, i менавiта з хрысьцiянствам яны ператварылiся ў нацыi, якiя ў вынiку перападзелаў ужо нельга назваць уласна або чыста славянскiмi. Беларусы — гэта славяне на балцкiм субстраце, расейцы — на цюрскiм i фiна-вугорскiм, украiнцы — на раманскiм i г.д.

Прывязку славянства да праваслаўя вось ужо некалькi стагодзьдзяў прапагандуе Расея. На бытавым узроўнi можна часам пачуць падзел на славянаў i палякаў, на хрысьцiянаў i каталiкоў. Адбіваецца ўплыў iдэалягiчных iмпэрскiх стэрэатыпаў. Дык можа праваслаўе злучае сапраўдных элiтных славянаў? Але што тады рабiць з праваслаўнымi японцамi? Альбо зь беларускiм гетманам Канстанцiнам Астроскiм, «ревнителем православия», якi ўвайшоў у гiсторыю найперш блiскучай перамогай у бiтве пад Воршай, дзе на галаву разьбiў войска сваiх адзiнаверцаў-маскавiтаў? Адным словам, i рэлiгiя тут нiчога не тлумачыць. Наадварот, цi не панславiсцкая расейская прапаганда прывяла да таго, што i беларусы, i ўкраiнцы сталiся ўрэшце шматканфэсiйнымi народамi, падзеленымi на праваслаўных, каталiкоў, унiятаў, пратэстантаў. А югаслаўскi прыклад паказвае, наколькi гэта небясьпечны падзел.

Апошняя надзея — гэта знакi, сымболiка, паводле якой нас iншыя i мы самi сябе пазнавалi б як славянаў. Уявiўшы птушку Гамаюна, я паставiў на сабе экспэрымэнт — цi зварухнецца ў душы што-небудзь блiзкае й роднае. Не зварушваецца. Разумею, што гэта вельмi суб’ектыўны падыход. Але што зробiш, калi славянскае братэрства ўрэшце мусiць браць пачатак з кожнай асобна ўзятай славянскай душы. Бо толькi ў душы яно й можа матывавацца, калi не знаходзiць сабе падставаў анi ў мове, анi ў мастацтве, анi ў гiсторыi пра патопленых разам зь пеўнямi немаўлятаў.

Пасьля ўсяго сказанага «я славянiн» не загучала больш зразумела, чым напачатку. Наадварот, зьявiлася iншае пытаньне: чаму яно не гучыць? Напэўна, таму, што гэтая забытая рэалiя, калi й мела сур’ёзныя падставы для разгляду, дык толькi ў далёкай гiсторыi. Настолькi далёкай, што яна з нашай сучаснасьцю ня мае нiчога агульнага. А яшчэ таму, што iдэя славянства найчасьцей выкарыстоўвалася менавiта як iмпэрская, i тымi дзяржавамi, якiя прэтэндавалi на тое, каб дамiнаваць спамiж iншых — перадусiм гэта тычыцца Расеi i Сэрбii.

Сёньня гэтая iдэя ўжо зусiм не такая драпежная й зубастая, як было яшчэ на пачатку стагодзьдзя, калi галоўнай справай расейскiх славянаў сталi жыдоўскiя пагромы. Панславiзм не абнаўляецца, а толькi паўтарае старыя формулы, як правiла, далёкiя ад гуманнасьцi. Аргумэнты ўзыходзяць да крывi i да расы. У такой, расiсцкай форме, панславiзм, магчыма, i змог бы атрымаць нейкае разьвiцьцё на парозе трэцяга тысячагодзьдзя. Але наўрад цi ён меў бы якое-кольвек сур’ёзнае пашырэньне, большае за яшчэ адзiн Ку-клукс-клан. Нават калi яго падтрымлiвае дзяржава.

I яшчэ адно пытаньне: чаму ў вуснах сёньняшняга беларускага кiраўнiцтва заклiнаньне пра агульнаславянскае братэрства гучыць пераканаўча i не выклiкае анi ўнутранага, анi вонкавага пратэсту з боку слухачоў. Прычына, вiдавочна, у мэтодыцы папулiзму, адно з залатых правiлаў якога сьведчыць: лёзунг павiнен быць просты i няясны.

Сяргей Паўлоўскi


Севярын Квяткоўскi

Бяз розьнiцы

«Пасьля таго, як я трэцi раз ня здаў залiк па гiсторыi паўднёвых i ўсходнiх славянаў, я не хачу адчуваць сябе славянiнам», — гэтак паўжартам адзiн мой знаёмы адказаў на пытаньне, што для яго значыць быць славянiнам. А вось што мне адказалi мiнакi на менскiх вулiцах:

— Цяжка мне сказаць, што такое быць славянiнам. Проста гэтае пытаньне не стаiць наогул.

Перад тым, як прыйсьцi да такой высновы, чалавек спрабаваў зьвярнуцца да рэлiгii альбо да мовы. А вось наступны мой рэспандэнт ня меў анiякiх сумневаў:

— Як гэта можна адчуваць, што я славянiн? Табе будуць казаць, што ты немец, i ты будзеш адчуваць сябе немцам.

Ягоны сябра быў менш катэгарычны:

— Адчуваеш, вядома. Ну, зь дзяцiнства i мэнталiтэт, накладаецца культура наша славянская на характар чалавека.

Увогуле, найперш мяне цiкавiлi адказы маладых людзей, вольных ад савецкiх стэрэатыпаў. Вось, напрыклад, меркаваньне студэнта адносна iдэi славянскага брацтва:

— Я быў у Польшчы, там да беларусаў i ўкраiнцаў ставяцца нашмат лепей, чым да туркаў i румынаў. Магчыма, у гэтым i праяўляецца тое самае славянскае братэрства?

Маладых менчукоў, да якiх я зьвяртаўся, найчасьцей мала абыходзiла iхная славянскасьць. Адзiн студэнт сказаў, што ўпершыню задумаўся пра сваю нацыянальнасьць толькi ў Расеi, дзе яму намякнулi на тое, што беларус — гэта славянiн другога гатунку... Адна дзяўчына прыгадала, што чытала, быццам славянкi лiчацца самымi прыгожымi эўрапейкамi... Але збольшага:

— Калi ў цябе ў пашпарце напiсана або не напiсана, што ты беларус, дык ты можаш сябе адчуваць або не адчуваць беларусам.

— Я лiчу, што славянiн — гэта чалавек, якi адчувае сябе славянiнам i не задумваецца пра тое, чаму ён славянiн. А проста нарадзiўся i вырас у славянскiх традыцыях, у славянскiх звычаях, магчыма, еў бульбу з малаком...

А вось адказ маладога, але сталага чалавека:

— Ведаеце, цяпер асаблiвага гонару за сваю прыналежнасьць да той цi iншай нацыянальнасьцi няма. Цяпер усё перамяшалася, i так зручней. Асаблiвай розьнiцы я не адчуваю.

Гэты спадар распавёў пра тое, што, працуючы за мяжой побач з палякамi, славакамi i югаславамi, заўважыў, што дзяржавы гэтых людзей нашмат больш дбаюць аб сваiх грамадзянах, чым дзяржавы ўкраiнцаў, беларусаў цi расейцаў.

Што да найстарэйшага пакаленьня нашых грамадзянаў, дык яны альбо пачыналi цытаваць дзяржаўныя газэты пра велiч i неабходнасьць усходнеславянскага трыадзiнства, альбо адказвалi так:

— Якi славянiн? Мяне не цiкавiць нi славянiн, нi габрэй, нi амэрыканец. Галоўнае — чалавекам трэба быць у першую чаргу.


Сяргей Харэўскi

Фантастычныя птушкi i Сьвяты Юры

 

Славянскае мора, за рэдкiм выключэньнем, заўсёды аддавала перавагу «драпежнай» сымболiцы: арлы i львы, як i стагодзьдзi таму трывала ўплеценыя ў геральдыку славянскiх народаў. Што праўда, гэтыя сымбалi былi запазычаныя з Захаду. Нават баўгарскi леў стаў сымбалем гэтае краiны найперш як родавы гэрб дынастыi Гагенцолернаў, запрошанай цараваць у адроджанай краiне. Аднагаловыя, белыя й чорныя арлы былi запазычаныя ў германцаў. А дзьвюхгаловы арол прыйшоў у Расею непасрэдна зь Бiзантыi. Папярэдне гэта была рымская хiмэра, якую выяўлялi яшчэ этрускi.

Заўважу, што арламi птушыная славянская сымболiка не вычэрпваецца. Фантастычныя птушкi альбо пярнатыя стварэньнi са зьвярынымi й чалавечымi галовамi ва ўсiх славянаў сталi ўлюбёнымi пэрсанажамi дэкаратыўнага мастацтва. Аднак жа й яны былi запазычаныя. Сырэны, то з крыламi, то без, адна зь якiх стала гербам Варшавы ды яшчэ тузiну славянскiх гарадоў ад Балканаў да Сiбiры, узыходзяць да антычных часоў, i палюбiлiся славянам позна, у эпоху Рэнэсансу. Нашмат старэйшы пэрсанаж —птушка Сiрын, з жаночым торсам, якая яшчэ з дахрысьцiянскiх часоў шануецца ў Эўропе менавiта славянамi. Яна вядзе сваё паходжаньне ад птушкi Сiмург, генiя замагiльнага сьвету з iранскае мiталёгii, i яе прынесьлi ў Эўропу скiфскiя плямёны, а на Дунай — вугорцы. Яшчэ адзiн дэманiчны пэрсанаж — птушка Гамаюн, iзноў жа запазычаная, у фiноiдаў. Ува ўсiм гэтым птушыным карагодзе насамрэч ёсьць нешта непапраўна славянскае. Памятаеце словы гераiнi «Навальнiцы» Астроўскага: «Чаму людзi ня лётаюць, як птушкi!» Пасьля чаго гераiня топiцца.

У гэтай любовi да фантастычных пярнатых ёсьць нешта НЕДАхрысьцiянскае. Бо, прынамсi, хрысьцiяне мусяць ведаць пэўна, каму дадзена лунаць у нябёсах. Прага дадаць свайго прыроднага разуменьня, расквецiць аскетычную, ва ўяўленьнях славянаў, хрысьцiянскую сэмантыку, прыводзiць да парадаксальных вынiкаў. Павы, якiя паводле раньнехрысьцiянскiх, катакомбавых традыцыяў, увасабляюць неўмiручасьць i ўваскрашэньне, ператварылiся ў славянаў у Жар-птушку, пяро якой можа ашчасьлiвiць якога-небудзь Iвана-дурака. Лебедзь, сымбаль чысьцiнi й цнатлiвасьцi, ператварыўся ў спакусьлiвую хiмэру «Цароўну-лебедзь»...

З Блiзкага Ўсходу прыйшла таксама выява Сьвятога Юрыя (Георгiя, Ежы), якi забiвае (коле, сячэ) страшнага цмока. Уяўленьнi пра яго маюць невялiкiя разыходжаньнi: у заходнiх славянаў цмок — гэта ўсё ж не крылатая зьмяя, а грувасткая вялiкая пачвара з чатырма нагамi. Але сам пэрсанаж — ваяр прыйшоўся даспадобы ўсiм славянам аднолькава. Калi ў часы адраджэньня славяншчыны, у сярэдзiне мiнулага стагодзьдзя, мастакi пакутлiва шукалi сымбалi й вобразы, якiя б маглi характарызаваць славянскую еднасьць, то ўсё зьвялося да аднаго: вобраза волата на канi, якi гатовы адным махам сьсекчы сем галоваў. Насамрэч, што можа быць агульнага памiж нашчадкамi баўгарскага хана Аспаруха, польскага караля Пяста ды нашага князя-ваўкалака Ўладзiмера? Прага збройнага чыну. Менавiта мiлiтарная гiсторыя стала духовым апiрышчам славянскага сьвету.

Славянскiя народы, якiя апынулiся ў 19 стагодзьдзi на ўскрайку цывiлiзацыi, адраджаючы сваё мастацтва, зьвярнулiся найперш да батальнага жанру, i найперш з палiтычнымi мэтамi. Калi ў мастацтве Францыi, Iталii цi Гiшпанii гiстарычны жывапiс займаў сьцiплае маргiнальнае месца, у славянаў ён стаў найбольш шанаваным. У Матэйкi палякi б’юцца з маскалямi, у Брулова расейцы б’юцца з палякамi. Нават улагодненыя цывiлiзацыяй чэхi, Алеш цi Чэрмак, пiсалi найперш крывавую гiсторыю. Лiшне казаць, што выяўлялi яны мячы, штыкi i кроў.

Бадай, цi ня самы славянскi сымбаль — гэта меч, чыя б рука яго нi сьцiскала: варшаўскай Сырэны цi жаўнера-беларуса ў Трэптаў-парку. Ну а палёты, палёты сiрынаў, усьмешлiвых грыфонаў цi канька-Гарбунка — гэта для дзяцей, славянскiх дзяцей, пакуль яны ня могуць узяць у рукi меч...


Сяргей Шупа

Несымэтрычнае разуменьне

 

Самае вострае, амаль экстатычнае адчуваньне славянскага кантакту я заўважаю ў сабе падчас зносiнаў з украiнцамi, асаблiва заходнiмi, калi кожны з нас гаворыць сваёй мовай i рознасьць нашых моваў ня толькi не стварае бар’еру, а наадварот дадае нашаму кантакту непаўторныя нюансы. Да таго ж агульнасьць нашага гiстарычнага лёсу, сувымернасьць нашых краiнаў, падобнасьць нашых нацыянальных праблемаў дапамагаюць нам разумець адзiн аднаго з паўслова. Гэта — выпадак сымэтрычнага разуменьня.

Цяпер — пра несымэтрычнае разуменьне. Ясна, што беларус заўсёды здолее паразумецца з расейцам (я маю на ўвазе мову — у гэтым сэнсе лiтаральна: здолее дамовiцца). Аднак беларуска-украiнская iдылiя тут не паўтараецца. Або расеец будзе разумець беларуса непараўнальна горш, бо практыка паказвае, што расейцы ў масе сваёй па-беларуску разумеюць зь вялiкай цяжкасьцю, або — якраз дзеля гэтай прычыны — беларус проста сам пярэйдзе на расейскую мову. У гэты самы момант славянская еднасьць распадаецца. Бываюць i шчасьлiвыя выняткi — гэта нашыя, беларускiя расейцы, грамадзяне Беларусi ня толькi паводле пашпарту, або нейкiя сьветлыя галовы ў самой Расеi.

Вельмi падобная сытуацыя несымэтрычнага разуменьня назiраецца i ў беларуска-польскiм кантакце. Розьнiца ў неаднолькавай палiтычнай дыстанцыi да Польшчы й Расеi ды яшчэ ў тым, што Польшча для нас — натуральная брама ў Эўропу, а Расея —напэўна, брама ў нiкуды.

Кантакт з усiмi астатнiмi славянскiмi народамi стварае даволi камiчную сытуацыю сымэтрычнага неразуменьня. Што з таго, што мы паводле ягонай гаворкi апазнаем чалавека як македонца, славенца або кашуба? Як нам, не зьвяртаючыся да чараў алькаголю, спазнаць слодыч славянскай еднасьцi ад кантакту з прадстаўнiкамi гэтых бясспрэчна славянскiх народаў? Памятаю, маё першае ўражаньне ад горнясэрбскай (або як нас вучаць казаць расейцы — верхнялужыцкай) мовы — гавораць па-нямецку, толькi не зразумець нiводнага «нямецкага» слова. На леташнiм Усеславянскiм зьезьдзе ў Празе я цэлы дзень прабавiў у кампанii двух славенцаў. Уратавала нас тое, што мы гаварылi па-ангельску. Ня ведаю, што адчувала пры гэтым мая славянская душа, але гэтыя хлопцы з Марыбору былi мне значна блiжэйшыя, чым расейцы ў казацкiх папахах. Зноў жа — зь якiм iрляндцам бывае лягчэй паразумецца, чым з чэхам, бо для звычайнага чэха — хоць ты беларус, эстонец, якут або таджык — ты ўсё адно застанесься расейцам.

Вось жа, падсумоўваючы, зазначу, што памiж беларусамi i ўкраiнцамi iснуе нешта значна большае за славянскую еднасьць; памiж беларусамi i славенцамi-македонцамi-кашубамi ды iншымi далёкiмi славянамi — нешта значна меншае. А ў кантактах з расейцамi асобная славянскасьць беларуса або супярэчыць расейскай, або проста ў ёй зьнiкае. Так шуканая мною славянская еднасьць растае ў нябыце.


Зьмiцер Бартосiк

Бой

Калi дзяржаўны эфiр усё часьцей i ўсё больш навязьлiва пачынае нагадваць пра маю славянскую кроў у надзеi на пераможны барабанны бой, што павiнен загучаць у маёй душы, я нават ужо не раздражняюся. Каб даведацца, што такое гэтае загадкавае славянскае братэрства, мне хапiла прысутнасьцi на адным баксэрскiм паядынку, што адбыўся летась на чэмпiянаце Эўропы ў Менску.

У боксе я разумею прыкладна столькiсама, колькi ў славянскiх узаемасувязях, але не адседжвацца ж было ў хаце, калi непадалёк прынародна й беспакарана б’юць хлопцаў у чырвона-зялёнай форме з капусным гербам на грудзёх.

А патрапiў я, як высьветлiлася, на самае цiкавае. На паўфiнальны бой ў цяжкой вазе памiж пасланцамi Югаславii ды Iзраiля. Спачатку пад воплескi й братэрскiя вiтаньнi на рынг выйшаў высокi магутны бляндын Аляксандар Урбанавiч. А праз хвiлiну пад сьвiст i рогат выбег нязвыкла для боксу таўстазады iзраiльцянiн Туфiк Нузiзi. Акрамя аспэкту, трапна выяўленага ў дактрыне «Бей жидов, спасай Россию», бой заiнтрыгоўваў яшчэ й тым, што, хоць байцы былi ў роўнай вагавай катэгорыi, але тая вага разьмеркавалася ў iх па-рознаму. Жыдоўскi спартовец быў на тры галавы нiжэйшы i недзе ў паўтары разы таўсьцейшы за свайго славянскага асанiстага вiзавi.

Зь першых хвiлiнаў паядынку публiкай авалодала незвычайная весялосьць. Туфiку з-за малога росту было значна цяжэй дацягвацца да славянскага аблiчча, прыходзiлася крыху падскокваць, але затое югаславу ня так проста было манэўраваць вакол шырокага iзраiльскага зада. За трыма вясёлымi хвiлiнамi публiка й не заўважыла, што па ачках вядзе жыд. Што, безумоўна, толькi дадало iнтрыгi.

З пачаткам другога раўнду ў сэктары, якi займала дэлегацыя заўзятараў з Расеi, узьняўся рускi чалавек i, не шкадуючы нi ўласнага горла, нi суседзкiх вушэй, пачаў падтрымлiваць югаслава выкрыкамi «Саша, мы с тобой!» «Славяне! Поддержим брата!» Лянiвыя беларусы, мiж тым, марнаваць свае галасы на падтрымку братана ня надта сьпяшалiся. I мелi рацыю. Трымацца славянiну пад цяжкiмi ўдарамi божага абранца прыходзiлася ўсё цяжэй i цяжэй. Напрыканцы паядынку, да расчараваньня расейскага заўзятара, сымпатыя залi амаль цалкам перайшла на бок Давыдавага нашчадка. Хацелася сьпяваць «Хава Нагiлу». I пад чарговае расейскае «Славяне!» югаслаў атрымаў апошняе прывiтаньне зь берагоў Ярдану, пасьля якога больш ня ўзьняўся. Ягоны маскоўскi прыхiльнiк, зьлёгку расчараваны тармазнутасьцю беларусаў, цяжка апусьцiўся на сваё крэсла. Наколькi ж моцным было ягонае й маё зьдзiўленьне на незвычайны ўздым тутэйшых трыбун, калi ў наступным баi супраць беларуса выйшаў ягоны зямляк-масквiч! «Спасаць Расею» ахвочых не знайшлося...

Напэўна, нi ў воднай славянскай краiне няма столькi славянскага, як у Беларусi. Славянскiя вулiцы, унiвэрсамы, бэнзакалёнкi, цырульнi ды банкi. Славянскiя рэстарацыi, у якiх абавязкова ёсьць якiя-небудзь чэбурэкi, таксама абавязкова й выключна славянскiя. Не зьдзiўлюся, калi хутка зьявiцца славянскае мыла цi пiва. Гэта ўсё можна набываць, есьцi, але як гэта ўсё пераварваць душою — не ўяўляю. А пераможа ўсё адно Туфiк Нузiзi. Бо перамога заўжды будзе за тым, хто змагаецца пад сваiм сьцягам. Наколькi гэта банальна, настолькi ж абнадзейвае. Я славянскага сьцяга ня ведаю, а «Славянскiх» пяльменяў не ўжываю прынцыпова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0