У ГАЛЕРЭI БАБКОВА
Кніжная сэрыя «Бібліятэка ФРАГМЭНТЫ»
Нацыянальнае кнiгавыданьне ў Беларусi нiяк не параўнаеш з польскiм, дзе кнiгарнi заваленыя айчыннай прадукцыяй усiх кiрункаў, або зь лiтоўскай, дзе на падтрымку кнiгавыдаўцам дзяржава дае паўтара мiльёны бюджэтных даляраў у год. Тым ня менш, пры ўсёй неспрыяльнасьцi палiтычнай i эканамiчнай мiнулыя год-два адзначаныя i ў нас, акрамя iншага, зьяўленьнем двух даволi прэтэнцыёзных кнiжных сэрыяў. Гэта сэрыя «Архiў Найноўшай Гiсторыi», якую выдае БГФ «Наша Нiва», i Бiблiятэка часопiса «Фрагмэнты», якая выходзiць у Цэнтры Эўрапейскага Супрацоўнiцтва «Эўрафорум». Абедзьве сэрыi налiчваюць ужо амаль па дзесяць кнiг, сярод якiх ёсьць бясспрэчныя здабыткi нацыянальнай культуры, абедзьве розныя паводле спэцыфiкi, кола аўтараў, жанраў i зьнешняга выгляду. Сёньня гутарка поўдзе пра адну з гэтых сэрыяў — Бiблiятэку «Фрагмэнтаў», якую каардынуе паэт i фiлёзаф Iгар Бабкоў.
Сэрыя складаецца з дзьвюх калекцыяў — мастацкай «Галерэi Б» i фiлязофскай «Сучаснае мысьленьне». Надалей плянуецца распачаць яшчэ дзьве калекцыi — «Беларуская эмiграцыя» i «Сярэдняя Эўропа». У мастацкай сэрыi выйшлi кнiгi выбраных вершаў самога Iгара Бабкова, зацемкi Леанiда Галубовiча, якiя ўжо некалькi гадоў друкуюцца ў ЛiМе, а таксама кнiгi маладых аўтараў, якiм, на маю думку, не хапае патрабавальнае рэдактуры, г.зн. уласна лiтаратурнае практыкi. Здабыткам калекцыi стаў зборнiк «Рэчаiснасьць» Алеся Разанава.
Ён нават нагадаў тыя кнiгi гэтага паэта, якiя выходзiлi ў глыбокiя савецкiя часы i апанiравалi сыстэме як тэматыкай, формай, так i незвычайнай экспрэсiяй, жывой энэргiяй слова. Пасьля таго Разанава доўга не друкавалi, а яшчэ пазьней выйшла некалькi ягоных кнiг палепшанай палiграфii, але кнiжкi тыя былi, мне падалося, «перагарэлыя» i перачаканыя, i таму мала энэргетычныя. I вось зборнiк у калекцыi «Галерэя Б». Адно, што такога вострага чаканьня Разанава, як у пачатку 80-х, сёньня ўжо няма. Хоць, кажуць, новую кнiгу раскупiлi раней за астатнiя. Гэта натуральна, бо ў лiтаратурным сэнсе астатнiя саступаюць разанаўскай «Рэчаiснасьцi».
А яшчэ я раптам заўважыў дзiўную, на першы погляд, лiтаратурную повязь — блiзкасьць да Разанаўскiх твораў таго, што пiша Адам Глёбус. Гэта вельмi матэрыяльнае пiсьмо, вельмi рэчавае i вельмi мужчынскае. А праз тое — i вельмi беларускае. Лiтаратары падобныя да вясковых мужчынаў, якiя робяць сваю канкрэтную штодзённую працу. Нiякае эфэмэрнасьцi. Верш пiшацца дбайна i настолькi ж выверана, як абкошваецца канал або смалiцца кабан.
Скажам, ужо Галубовiч — не настолькi акрэсьлены пiсьменьнiк. Для лепшых твораў беларускай лiтаратуры апошнiх дзесяцiгодзьдзяў ён — хутчэй правiла, а Разанаў i Глёбус — выключэньне, iншы кiрунак.
Iгар Бабкоў не плянуе выдаць вершы Глёбуса, хоць, на маю думку, ад гэтага калекцыя выглядала б больш цэльна.
Iгар Бабкоў пачынае свае характарыстыкi са слова «стома». I большасьць кнiг мастацкай i фiлязофскай калекцыяў адгукаюцца на гэтае слова. «Стома» выяўляецца як ў недаробленасьцi некаторых тэкстаў i твораў, так i ў тэматыцы, i зьмесьце, на якiх ляжыць пячатка нязбыўнае тугi. Гэта дэкаданс. Здаецца, з часоў Багдановiча ў нас нiколi так шмат i з такiм натхненьнем не пiсалi пра сьмерць.
Тэматыка сьмерцi разьлiтая па кнiжках, i можа быць, асаблiва часта сустракаецца ў Сяргея Дубаўца, для якога «ўсё занадта добра, каб не прыходзiлi думкi пра сьмерць». Адзiн за адным аўтары манерна гавораць пра сьмерць нацыi, лiтаратуры, слова. Вяршыня гэткага манернiчаньня — кнiга Валянцiна Акудовiча «Мяне няма».
У кожным разе, новая калекцыя адлюстроўвае той фiлязофскi дэкаданс канца стагодзьдзя, якi паступова запаноўвае ня толькi ў асяродку Iгара Бабкова i ня толькi ў Беларусi, а цi не паўсюль у фiлязофii i эстэтыцы. Тут i «Канец гiсторыi» Фукуямы, i «Гiбель Тытанiка» ў ролi самага касавага фiльма канца тысячагодзьдзя.
Крыт.
Гутарка Севярына Квяткоўскага з Iгарам Бабковым
Камэнтуючы сучасную беларускую культурную сытуацыю, Iгар Бабкоў прамаўляе слова «стома». Маўляў, мiнуў пэрыяд канца 80-х —пачатку 90-х, калi здавалася, што выйдзе яшчэ адна кнiжка, музычны альбом, прамовiцца яшчэ адно патрэбнае слова, i сытуацыя кардынальна зьменiцца. Сытуацыя, якая базавалася на хiсткiм кампрамiсе памiж руцiннай адраджэнскай iдэалёгiяй i прагай фэерыi. Мiнула таксама постадраджэнская сьцiшанасьць, калi iмёны, якiя перад тым гучалi як адкрыцьцё, сышлi ў цень:
— Сёньняшняя сытуацыя нагадвае мне другi старт. Асаблiвасьцi гэтага старту ў тым, што ўсе проста спрабуюць рабiць клясныя рэчы. Не арыентаваныя на зьмену агульнай культурнай сытуацыi. Арыентаваныя не на адраджэньне, а на тое, што iмкнецца выявiцца.
Iгар Бабкоў гаворыць пра тое, што новая беларуская культура ня здолела выйсьцi з стану iснаваньня ў паралельнай прасторы. Адна з магчымасьцяў перарваць знутры гэтую паралельную прастору для яго — заснаваньне кнiжных сэрыяў «Сучаснае мысьленьне» i «Галерэя Б»:
— «Сучаснае мысьленьне» — гэта спроба паказаць, што ёсьць ня толькi лiтаратура, але й фiлязофiя, i культуралёгiя, такая зьява, як беларускае мысьленьне. Але гэта было б прыгожымi пражэктамi, каб не было самiх кнiжах. Спачатку была iдэя —выдаваць клясныя кнiжкi, потым паўсталi калекцыi. У аснове —мэтафара Борхесавай «Бабiлёнскай Бiблiятэкi». Мы ўявiлi адну з галерэяў i назвалi яе «Галерэя Б» — Галерэя Беларусь. Звышкрытэр, якi, здаецца, удаецца вытрымаць — кожную з гэтых кнiжак можна перакладаць.
Сярод аўтараў, чые творы Бабкоў жадаў бы выдаць у «Галерэi Б» у будучынi — Марыя Роўда, Лявон Вольскi, а таксама «Выбранае» Алега Мiнкiна... Таксама галоўны рэдактар «Фрагмэнтаў» плянуе запачаткаваць калекцыю пад назвай «Сярэдняя Эўропа», дзе ў перакладах выйшлi б Чэслаў Мiлаш, Мiлан Кундэра, Данiла Куш, Мiларад Павiч i iншыя.
— Мы маглi б выдаць дзьве тоўстыя кнiжкi, i на гэтым усё б скончылася. Але мы робiм маленькiя, бо хочам, каб зьяўлялiся самi кнiжкi. Калi кнiжкi зьяўляюцца, то ёсьць адчуваньне жыцьця. Калi кнiжкi выходзяць, тады яны нарэшце пачынаюць пiсацца.
Бабкоў лiчыць, што яшчэ рана казаць пра зьяўленьне новае генэрацыi, якая вырасла на плёне творчасьцi сучасных незалежных культурных асяродкаў. Ён лiчыць, што i часопiс «Архэ», i культурнiцкая дзейнасьць Маладога Фронту i iншыя iнiцыятывы сёньняшнiх дваццацiгадовых так цi iнакш непасрэдна зьвязаныя з «старэйшымi».
— Новая генэрацыя — гэта генэрацыя сёньняшнiх шаснаццацi-сямнаццацiгадовых. У «НН» была нататка пра «Вулей», пра тое, што яны зьбiраюцца... — гэта людзi, якiя нi ў чым не залежаць. Нi станоўча, нi адмоўна... Ёсьць старая кiтайская показка пра тое, што ня трэба цягнуць расьлiны, каб яны хутчэй вырасьлi, бо можна вырваць з коранем.