МЯСТЭЧКА ЗА 100 ГАДОЎ

Спиридонов М. Заславль в XVI в. — Менск: Дзяржаўны гiсторыка-культурны запаведнiк «Заслаўе», 1998 — 95 с.: iл. — Наклад 100 ас.

Апошнiм часам ўсё часьцей зьяўляюцца кнiгi па гiсторыi, наклад якiх — 100 асобнiкаў. Пэўна, гэта ня сьведчыць пра абыякавасьць чытача да тэматыкi. Прычына ў магчымасьцях кнiгавыдаўцоў i аўтараў, якiя часам укладаюць у выданьне ўласныя сродкi. Трэба падзякаваць iм i пашкадаваць, што найкаштоўныя выданьнi не задаволяць попыту ўсiх цiкаўных. Гэта можна сказаць i пра брашуру вядомага гiсторыка Мiхаiла Сьпiрыдонава пра Заслаўе XVI ст. Горад вядомы, з багатай гiсторыяй, месца шматлiкiх экскурсiяў, знакавы горад нашай гiсторыi. I вось маем такi мiзэрны наклад. Нагадаем, што папярэдняя кнiга пра Заслаўе археоляга Юрыя Зайца «Заслаўе ў эпоху фэадалiзму» выйшла ў 1995 годзе накладам не нашмат большым — толькi 550 асобнiкаў. Брашура М.Сьпiрыдонава, як падкрэсьлiвае i сам аўтар, напiсаная як своеасаблiвы працяг кнiгi Ю.Зайца, каб «больш поўна i канкрэтна асьвятлiць некаторыя важныя пытаньнi гiсторыi Заслаўя XVI ст.», а менавiта — «гiсторыю Заслаўя ў сувязi зь лёсам яго ўладальнiкаў — прадстаўнiкоў шляхецкiх родаў князёў Жэслаўскiх i паноў Глябовiчаў у XVI ст.».

Брашура мае арыгiнальную структуру i складаецца з тэксту «Жаслаў Жэслаўскiх i Глябовiчаў», кронiкi Заслаўя за 1547-1613 г., новай рэдакцыi рэцэнзii аўтара на кнiгу Ю.Зайца; у дадатку зьмешчаны пяць юрыдычных дакумэнтаў пра маёнтак Заслаўе за 1558-1583 г., маецца некалькi фотакопiяў iх старонак, карта Беларусi з пазначанымi на ёй асноўнымi маёнткамi Яна Янавiча Глябовiча, малюнкi з гербаў, выява подпiсу, дзьве генэалягiчныя таблiцы. Брашура ўтрымлiвае вялiзны фактычны матэрыял, большасьць фактаў упершыню зьявiлася на старонках друку. Як i iншыя працы М.Сьпiрыдонава, яе вызначаюць выверанасьць фактаў, скрупулёзнасьць, абгрунтаванасьць высноваў, агулам кажучы, акадэмiзм, якi даволi рэдка сустракаецца ў нашых акадэмiчных выданьнях. Блага, што аўтарскi акадэмiзм адлiўся ў фразу «так званая нацыянальна-дзяржаўная канцэпцыя гiсторыi Беларусi старога мiту перашапачатковай беларускай нацыяналiстычнай гiстарыяграфii». Штампы такога кшталту дорага абышлiся нашай навуцы.

Сярод розных праблем аўтар закрануў вельмi важны прынцып гiстарызму ў перадачы асабовых iмёнаў. Праблему гэтую ня можна вырашыць абсалютна. Сапраўды, чаму цяпер назву гораду мы пiшам як «Заслаўе»? Адказу няма. У летапiсах сьпярша сустракаем форму «Изяславль», пасьля «Ижеславль», у дакумэнтах XVI ст. —»Жаслав», «Жаславль», «Жослав», « Жославль», «Жеслав», «Жеславль», «Заслав», «Заславль», «Заславъе». А зацьвердзiлася ўсё ж апошняя форма. Толькi як пiсаць у гiстарычных працах? Згодна з прынцыпам гiстарызму М.Сьпiрыдонаў крытыкуе Ю.Зайца за парушэньне гэтага самага прынцыпу для XVI-XVII ст., бо той выкарыстоўваў толькi назву «Заславль». Ад сябе зазначым, што ва ўсiх гэтых спрэчках адыгрывае ролю i мова гiсторыка. Свае працы Ю.Заяц i М.Сьпiрыдонаў напiсалi на расейскай. А як пiсаць тым, хто абраў беларускую? Як нi напiшаш па-беларуску, гэтая форма будзе адрозьнiвацца ад пiсьмовай беларускай формы XVI ст. На гэты конт М.Сьпiрыдонаў вядзе даўнюю дыскусiю зь «Беларускай Энцыкляпэдыяй». Дасьледчык мае аргумэнт, што «беларусiзацыя» даўнiх геаграфiчных назваў iстотна скажае «гiстарычныя формы напiсаньня» большасьцi тапонiмаў. А цi сказiла «беларусiзацыя» гiстарычныя формы вымаўленьня тых тапонiмаў? Пэўна, самi «гiстарычныя формы напiсаньня» скажалi вымаўленьне тагачасных назваў. А як сучасная беларуская мова арыентуецца на вымаўленчую практыку, дык можа, нiякага скажэньня не адбываецца?

Крытыкаваць розных дасьледчыкаў можна i за iхную прыхiльнасьць да пэўных формаў назваў. Але тыя заўсёды могуць знайсьцi аргумэнты на сваю карысьць. У гэтым выпадку праблема цiкавая тым, што акрамя мястэчка Заслаўя iснаваў княскi род, прозьвiшча якога па-сучаснаму пiшацца як Заслаўскiя. У крынiцах XVI ст. iх называюць «Жаславские», «Жеславские», «Жославские». У любым выпадку, калi ў дакумэнце ёсьць «Жеслав», то адпаведна сустракаем форму «Жеславские», а калi «Жослав» — «Жославские». Такой лёгiкi не стае ў брашуры, дзе сустракаем разьдзел «Жослав Жеславских», а на вокладцы —»Заславль».

Асаблiвую цiкавасьць выклiкае зьмешчаны ў брашуры дакумэнт XVI ст., дзе падаецца радавод вядомага панскага роду Глябовiчаў. Звычайна дасьледчыкi ўважаюць яго за славянскi i праваслаўны з паходжаньня, сыходзячы зь iмя родапачатнiка Глеба Вяжэвiча, якi жыў у сярэдзiне XV ст. Згодна з дакумэнтам, Глябовiчы паходзяць ад лiтоўскага баярына Манiвiда. Магчыма, так i было, аднак дакладнасьць знойдзенага дакумэнта сумнеўная, бо Глеб у iм названы як Глябовiч Вяжэвiч Манiвiд. Аднак можна падабраць довады, якiя б тлумачылi наданьне праваслаўнага iмя прадстаўнiку каталiцкага роду: такое магло здарыцца пасьля Канстанцкага сабору 1414-18 г., калi ў колах тагачаснага грамадзтва пэўны час панавала эйфарыя ад злучэньня праваслаўнай i каталiцкай цэркваў. З другога боку — каталiк з праваслаўным iмем — зьява выключная ў беларускай гiсторыi. Але якiх толькi цудаў яна не хавае.

Валеры Пазьнякоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0