Мiхаiл Чыгiр:

«Мой iдэал — Фiнляндыя i Швэйцарыя...»

 

Міхаіл Чыгір – былы прэм’ер-міністар, вяртаецца. Вяртаецца гучна і дэманстратыўна, прапанаваўшы сябе на месца першай асобы ў краіне. Адным крокам Міхаіл Чыгір стаў наперадзе ўсёй беларускай апазыцыі. Ацэнкі гэтага ягонага ўчынку палярныя. У сваiм студзеньскiм iнтэрвiю “Белорусской газете” Мiхаiл Чыгiр сказаў: “Пра якую стабiльнасьць разважае Лукашэнка, калi ў маёй вёсцы, у маiм родным Капыльскiм раёне, у сялянаў парвалiся апошнiя боты, а на што купiць новыя, яны ня ведаюць...”. Нас, у сваю чаргу, зацiкавiла, каму кандыдат у прэзыдэнты Беларусi аддае перавагу ў беларускай культуры.

Мiхаiл Чыгiр: Вядома, нашым клясыкам — Багдановiчу, Купалу, Броўку. А перад усiм — Якубу Коласу.

“НН”: А каго вы шануеце з сучасных беларускiх лiтаратараў?

М.Чыгiр: Васiля Быкава. Я чытаў ягоныя ранейшыя творы. Вельмi шаную яго як чалавека i паважаю як грамадзянiна. На жаль, ня выпала мне зь iм пазнаёмiцца асабiста. Затое знаёмы зь Нiлам Гiлевiчам. Дарэчы, вось зараз чытаю ягоны зборнiк вершаў. Вядома, – зь Някляевым, аўтарам шматлiкiх песень, якiя мне прыемна слухаць.

“НН”: За часамi Лукашэнкi беларуская мова падлягае сьведамай дыскрэдытацыi i дыскрымiнацыi. Колькасьць беларускiх школаў, выданьне беларускiх кнiг сьцяліся да памераў меншых, чым нават за савецкiм часам. Што прапанавалi б вы?

М.Чыгiр: Я думаю, што ня можа быць беларускай дзяржавы безь беларускай мовы! Ужо шмат было зроблена дзеля адраджэньня мовы: пашыралася выкладаньне ў школах, перакладалiся дакумэнты. Той Закон аб мове, якi быў да Лукашэнкi, быў нармальны. На яго падставе i трэба было рухацца далей. Шмат добрага было зроблена... Але сёньня мы ўсё згубiлi. Трэба будзе вяртацца на тыя ранейшыя пазыцыi, вяртаць на сваё месца нашу мову. Для мяне гэта прынцыпова.

 “НН”: Сёньня ў Беларусi ня толькі мова, але й помнiкi архiтэктуры i культуры знаходзяцца ў катастрафiчным стане. Патрэбнае апэратыўнае ўмяшаньне, каб захаваць для нашчадкаў хоць нешта...

М.Чыгiр: Нашыя помнiкi... Шмат было зьнiшчана ў войнах i ў паваенны савецкi пэрыяд. Нейкiм наскокам гэткiя рэчы ня вырашаюцца. Паглядзiце, колькi спатрэбілася часу, каб прывесьцi ў больш-менш належны стан замкi ў Мiры i Нясьвiжы, якія для мяне ёсьць увасабленьнем культуры Беларусi. Не ахоўваць помнiкi нельга! Трэба знаходзiць сродкi абавязкова. Тут для нас павiнна быць узорам Лiтва. Але я не хачу даваць канкрэтныя рэкамэндацыi там, дзе я не спэцыялiст. Я ведаю пэўна, што без эфэктыўнай эканомiкi нам не адбудаваць гiстарычных помнiкаў. Таму першае, што трэба неадкладна рабiць — гэта паляпшаць стан эканомiкi.

“НН”: Вы прывялi станоўчы прыклад Лiтвы ў справе аховы помнiкаў. А досьвед якiх краiнаў варта пераймаць у эканомiцы?

М.Чыгiр: Нам вельмi блiзкая Лiтва. У галiне палiтыкi i эканомiкi нам блiзкi i прыклад Польшчы. Аднак я паўсюль кажу, што ў будучынi я асабiста хацеў бы, каб Беларусь сталася гэткай, як Фiнляндыя. Хоць у iх неспрыяльны клiмат, але дзяржаўны бюджэт Фiнляндыi сёньня большы, чым у Расеi. Праўда, там да гэтага йшлi доўга i цяжка. Нам, бадай, блiжэйшы прыклад, дзе за вельмi кароткi тэрмiн дасягнулi выдатных посьпехаў — гэта Чэхiя. Ужо i там бюджэт большы, чым у Расеi! Ну, а зусiм побач — тая ж Лiтва. Яны дасягнулi зайздросных посьпехаў, найперш у сельскай гаспадарцы. Эканомiка Лiтвы стабiльная, ёсьць устойлiвы хуткi рост. Iнвэстыцыяў у Лiтву ўкладаецца ў дзясяткi разоў болей, чым у сёньняшнюю Беларусь. Практыка давяла, што яны абралi адзiна слушны шлях, па якiм трэба будзе йсьцi i нам.

“НН”: Якiя былi б вашыя першачарговыя захады як прэзыдэнта?

М.Чыгiр: У першую чаргу — зьняцьце эканамiчнай i палiтычнай блякады з боку Захаду. Затым усталяваньне самых шчыльных кантактаў з МВФ, Сусьветным Банкам, Эўрапейскім Банкам Рэканструкцыі і Развіцця. Па-трэцяе, адбудова нацыянальнай фiнансавай сыстэмы.

“НН”: У агульных рысах гэта падобна да праграмы “ценявога ўраду” БНФ...

М.Чыгiр: Можа быць. Раней я iх ня надта разумеў. Я ўважлiва вывучаў iх дакумэнты, аднак ня мог пагадзiцца зь некаторымi iх прапановамi, напрыклад, пабудовай другога нафтавага калектару, каб ня быць прывязанымі да аднае Расеi. Гэта, вядома, рэч нядрэнная, але размова пра мiльярды даляраў. Iх няма ў Беларусi, няма й ахвочых iнвэставаць у гэты праект. Ну дык пра што гутарка? Трэба ж хоць у нечым паляпшаць эканомiку сёньня ж. Была яшчэ прапанова павысiць плату за транзыт газу i нафты. Але ж тая плата, якую мы бралi i бярэм з Расеі сёньня — гэта сусьветныя кошты. Можа, недзе ёсьць трохі большыя стаўкi, але вялiкага разрыву няма. I бяз БНФ тут усё ясна. Хоць былi i слушныя прапазыцыi. Напрыклад, павысiць зборы за аўтамабiльны транзыт. Я лiчыў i лiчу гэта разумным. Як i некаторыя iншыя iх прапановы.

“НН”: Якой бачыцца вам роля ўраду БНР ў беларускай палiтыцы?

М.Чыгiр: Пакуль нiякай. Яны восемдзесят гадоў сядзяць за мяжою i могуць прасядзець яшчэ столькi ж. Трэба працаваць на Бацькаўшчыне. Ведаеце, грамадзянства БНР, iх пашпарты — гэта нейкi нерэальны, паралельны сьвет. Гэта гульнi. Вы скажаце, што i маё самавылучэньне ў прэзыдэнты таксама? Пабачым. Я буду гуляць на сваёй тэрыторыi. I ўсё вырашыцца ў самой Беларусi. Калi самi беларусы выберуць сабе будучыню, то тут ня дасьць рады нi Расея, нi Амэрыка, нi хто iншы. А кiраўнiцтва БНР можа далучацца. Я яшчэ ня чуў ад iх канкрэтных прапановаў, напрыклад, эканамiчнай праграмы.

“НН”: Лiдэр БНФ сьцьвярджае, што за Вамi стаяць расейскiя службы, а з другога боку кажуць, што Масква Вас не падтрымлiвае.

М.Чыгiр: Хай гавораць, што хочуць. Нядаўна я прачытаў у адной зь беларускiх газэтаў, што я — агент ЦРУ. Што да пазыцыi Масквы, то я вам скажу — адны лiдэры не падтрымлiваюць, другiя — гатовыя падтрымаць. У мяне насамрэч там добрыя сувязi, як, мiж iншым, i на Захадзе.

“НН”: Якiя ў Вас замежнапалiтычныя сымпатыi?

М.Чыгiр: У замежнай палiтыцы не патрэбныя нiякiя сымпатыi цi антыпатыi. Патрэбны прагматычны падыход. Паколькi мы ня можам выбiраць сабе суседзяў, то з Расеяй давядзецца мець шчыльныя эканамiчныя кантакты. Але што да блёкаў, групаў i гэтак далей, гэта нас не ўратуе. У любым выпадку мы апынемся на сумежжы, на лiнii супрацьстаяньня. Для мяне iдэал – Швайцарыя, якая нават сёньня не зьбiраецца разьвiтвацца з нэўтралітэтам. Трэба разьлiчваць не на Расею цi Эўропу, а толькi на саміх сябе.

“НН”: А якая пры Вашым магчымым прэзiдэнцтве будзе дзяржаўная сымболiка?

М.Чыгiр: Яна ж ня будзе “маёй”. Я асабiста быў рашучым працiўнiкам сумнавядомага рэфэрэндуму. Цяпер жа папярэднюю Канстытуцыю аўтаматычна не вярнуць. Дарэчы, менавiта з-за яе палажэньняў мы маем тое, што маем. Усё павiнен вырашаць Вярхоўны Савет. Пытаньнi пра сьцяг i пра герб таксама. Абавязак прэзыдэнта — выконваць закон. Калi вернецца папярэдняя сымболiка — я ня супраць. Аднак спачатку няхай сам народ абярэ сабе законны парлямэнт.

Гутарыў Сяргей Харэўскі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0