Рэванш фашыстаў на плошчы Перамогі

 

Увечары 5 лютага каардынатар праваабарончага руху Хартыя-97 Андрэй Саньнікаў і прэс-сакратар Хартыі Алег Бябенін былі жорстка зьбітыя на плошчы Перамогі ў Менску сябрамі арганізацыі Расейскае Нацыянальнае Адзінства (РНЕ). Саньнікаву паламалі нос і рэбры. Паводле Саньнікава, яны разам зь сябрам аргкамітэту Хартыі Зьмітрам Бандарэнкам вярталіся дахаты з штаб-кватэры сваёй ініцыятывы. У раёне плошчы Перамогі яны зрабілі заўвагу двум маладзёнам, якія раздавалі ўлёткі РНЕ. “Было відаць, што тыя шукаюць нагоду для бойкі”, — сказаў Саньнікаў. У адказ на заўвагу ён атрымаў удар у твар, і яго абступілі і пачалі зьбіваць каля 20 маладзёнаў з павязкамі РНЕ. Саньнікаў страціў прытомнасьць. Міліцыя мэтро адмовілася затрымліваць хуліганаў, а патрульная машына міліцыі таксама хуценька зьехала, мабыць, баючыся зьвязвацца. На мінулым тыдні менская моладзь разагнала фашыстаў, якія звычайна зьбіраюцца на плошчы Якуба Коласа. Цяпер яны ўзялі рэванш. Улады ніякіх захадаў супраць фашысцкай арганізацыі дагэтуль не прадпрымалі.

Тацяна Каліноўская


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0