КАСАВАРЫ ГАТОВЫЯ ДА ЗДАБЫЦЬЦЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

 

Балканская паўвыспа — край, дзе Захад сутыкаецца з Усходам і дзе вострыя цені мінарэтаў засьцяць крыжы хрысьціянскіх бажніцаў. Там, на Балканах, здавёнчасу сышліся бітыя шляхі з Эўропы ў Азію, геапалітычныя інтарэсы вялікіх дзяржаваў, спляліся ў адзін клубок міжканфэсійныя і міждзяржаўныя спрэчкі, старыя крыўды. На Балканах няма міру, і канфлікт у Косаве ёсьць толькі чарговым зьвяном бясконцага ланцуга ўзрушэньняў апошняга стагодзьдзя.

Расейскія, а сьледам за імі і беларускія афіцыйныя СМІ, апавядаючы пра Косава, не стамляюцца сьцьвярджаць: альбанцы зьявіліся тут толькі пасьля другой сусьветнай вайны. Маршал Ціта нібыта спрыяў ад’езду праваслаўных сэрбаў і засяленьню прывезенымі з Альбаніі мусульманамі.

Працяглы час пра Альбанію і яе насельнікаў мала што было вядома. Краіна горных арлоў была ізаляваная ад вонкавага сьвету, і таму яе называлі няйначай “чорнай дзіркай” у цэнтры Эўропы. Між тым шчыптары (так сябе называюць альбанцы) — адзін з самых старажытных эўрапейскіх народаў. Яны вядуць свой радавод ад ілірыйскіх плямёнаў і зьяўляюцца аўтахтонным насельніцтвам Альбаніі й заходняй часткі Косава. Паводле гісторыкаў, ілірыйцы (племянны хаўрус дарданаў) апанаваў тэрыторыю Косава дзесьці на мяжы XIX—XVIII ст. да н.э., тым часам як сэрбы прыйшлі ў тыя мясьціны не раней за VII ст. пасьля Хрыста.

У мінулым продкі сучасных альбанцаў і сэрбаў жылі разам, а калі весьці гаворку аб іхнай канфэсійнай прыналежнасьці, дык у раньнім сярэднявеччы і першыя, і другія былі хрысьціянамі. Так што косаўскія храмы ХІІ ст. зусім ня сьведчаць аб пракаветна-сэрбскім характары Косаўскага краю.

На пачатку XV ст. тэрыторыя Косава падпала пад уладу туркаў, але й пасьля гэтага касавары — косаўскія альбанцы — доўгі час заставаліся хрысьціянамі. Масавае навярненьне ў іслам распачалося толькі ў XVII ст.

Югаслаўскія гісторыкі ў сваіх працах ствараюць яшчэ адзін міт — пра хаўрус турэцкіх заваёўнікаў і альбанцаў. Насамрэч шчыптары неаднаразова ўздымаліся супраць асманскага валадарства, і цэнтар гэтай барацьбы, прынамсі ў другой палове ХІХ ст., знаходзіўся ў Косаве. Менавіта тут у 1878 годзе была ўтвораная так званая Прызрэнская ліга, якая паставіла за мэту вызваленьне Альбаніі з-пад асманскага ярма і якая была разгромленая туркамі.

Толькі ў 1912 годзе Альбанія здабыла незалежнасьць, але межы новай дзяржавы з ласкі Лёнданскай канфэрэнцыі паслоў правялі без уліку этнаграфіі, і вызваленая ад туркаў тэрыторыя Косава была далучаная да Сэрбіі. Сталася так таму, што за сьпінаю сэрбаў стаяла царская Расея.

У складзе каралеўскай, а затым Цітавай Югаславіі касавары напоўніцу зьведалі, што такое сэрбскі шавінізм. А непасрэдна далучэньне Косаўскага краю да Сэрбіі прайшло пад знакам гвалтоўнай дэпартацыі з родных мясьцінаў у Турцыю блізу 400 тысяч мусульманаў. І хаця дэпартаваных і называлі “туркамі”, гэта былі збольшага косаўскія альбанцы. У наступныя гады сэрбскі, а затым югаслаўскі ўрад былі апанаваныя ідэяй высяленьня ў Турцыю рэшты касавараў, а вядомы югаслаўскі гісторык Васа Чубрылавіч нават напісаў на гэты конт адпаведны мэмарандум, у якім “тэарэтычна” абгрунтаваў ідэю масавых дэпартацый.

Этнічныя чысткі ды гвалтоўная славянізацыя краю далі плён: увесну 1941 году касавары, хаця й без асаблівай радасьці, але даволі прыязна сустрэлі новых акупантаў — італьянскіх фашыстаў. Ну, а калі Мусаліні, гуляючы на нацыянальных пачуцьцях шчыптараў, далучыў значную частку Косава і Заходнюю Македонію да акупаванай італьянцамі Альбаніі, маладыя касавары гамузам сталі ў шыхты арганізаваных фашыстамі нацыянальных вайсковых фармаваньняў. Але значная частка альбанцаў выступіла супраць акупантаў, і ўжо ў 1941 годзе ў гарах былі створаныя партызанскія атрады. Змагаліся партызаны зь цьвёрдай пэўнасьцю, што пасьля перамогі альбанцы Косава і Альбаніі будуць жыць у адной дзяржаве. Пра гэта сьведчыць канфэрэнцыя антыфашыстоўскіх сіл Косаўскага краю, якая сабралася ў апошні дзень 1943 году і прыняла рэзалюцыю аб далучэньні Косава да Альбаніі.

Адразу ж па вайне цітаўцы жорстка расправіліся ня толькі з калябарантамі, але і з тымі альбанцамі-антыфашыстамі, якія выступалі за стварэньне Вялікай Альбаніі. Аж да пачатку пяцідзясятых гадоў баракі Голага Востраву — канцлягеру, у якім Ціта гнаіў ворагаў “народнай улады” — папаўняліся альбанцамі.

Камуністычны дыктатар кінуў касаварам недагрызены яблык — надаў краю аўтанамічны статус у складзе Сэрбіі. Аднак тая аўтаномія мела фармальны характар; альбанцы па-ранейшаму заставаліся палітычна бяспраўнай нацыяй, а Аўтанамічная вобласьць Косава й Мэтохія — так па вайне называлася косаўская зямля — па-ранейшаму заставалася самай занядбанай, глухой і эканамічна адсталай югаслаўскай правінцыяй. Усе значныя пасады ў Косаве займалі сэрбы, касавараў неахвотна прымалі ў Саюз камуністаў, а ўсе альбанскія грамадзкія суполкі знаходзіліся пад пільным наглядам югаслаўскіх спэцслужбаў. Штогод, ратуючыся ад беспрацоўя, тысячы маладых касавараў выяжджалі на заробкі ў краіны Захаду. Прычым улады ня толькі ня ставілі таму перашкодаў, але і ўсяляк спрыялі працоўнай эміграцыі. У выніку на Захадзе апынуліся 140 тысячаў альбанцаў. Двух- і трохпавярховыя дамы касавараў, якія паказвае беларускае тэлебачаньне, пабудаваныя не за югаслаўскія крэдыты, а за даляры і маркі, дасланыя з-за мяжы.

У сярэдзіне 60-х гадоў, падчас адлігі ў Югаславіі, альбанцы пачалі патрабаваць ад уладаў рэальнай аўтаноміі. Пачатак масавых выступленьняў прыпаў на 1968 год, калі дзясяткі тысячаў шчыптараў маніфэставалі на вуліцах косаўскіх гарадоў. Ад тае пары выступы косаўскіх альбанцаў не сунімаліся, і састарэлы маршал Ціта апынуўся перад дылемай: альбо ўжыць сілу, альбо ўтварыць у славянскай краіне неславянскую рэспубліку, якая аднойчы можа паспрабаваць выйсьці з складу фэдэрацыі. Урэшце быў падпісаны праект Канстытуцыі Сацыялістычнага Аўтанамічнага краю Косава, паводле якога край хаця й заставаўся ў складзе Сэрбіі, але атрымліваў практычна такія ж правы, як і югаслаўскія рэспублікі.

Сьмерць Ціты сталася пачаткам новага этапу альбанска-сэрбскага супрацьстаяньня. У сакавіку 1981 году ў адной з прышцінскіх сталовак пабіліся два студэнты, сэрб і альбанец. Бойка справакавала міжэтнічныя сутычкі, у выніку якіх некалькі альбанцаў былі застрэленыя сэрбскай паліцыяй і яшчэ сотні параненыя. Аналягічныя падзеі паўтарыліся ў 1987 годзе. На шматлюдных мітынгах альбанцы рашуча запатрабавалі рэспубліканскага статусу для Косава, але на той час уладу ў Бялградзе ўжо пераняў Слабадан Мілошавіч, і Косаву давялося разьвітацца нават із статусам аўтаноміі. У сакавіку 1989 году сэрбская Скупшчына скасавала канстытуцыю Косава і абвясьціла край неад’емнай часткай Сэрбіі. У адказ 27 і 28 сакавіка ў Прышціне, Мітровіцы, Дэчане ды іншых косаўскіх гарадах прайшлі дэманстрацыі пратэсту, расстраляныя паліцыяй (22 забітыя). Сакавік 1989 году стаў паваротным пунктам разьвіцьця канфлікту.

Бялград працягваў пацыфікацыю: альбанцаў выкінулі зь мясцовых адміністрацыяў, альбанскі ўнівэрсытэт зачынілі, гарады й мястэчкі апанавалі атрады спэцсілаў паліцыі. У Косаве — краі, на 90 адсоткаў населеным альбанцамі — разгарнулі своеасаблівую “культурную рэвалюцыю”, укараняючы ў аднаэтнічым рэгіёне дзьвюхмоўе ў яго югаслаўскім варыянце. У выніку альбанцы вымушаныя былі стварыць уласную сыстэму школьнай адукацыі, і заняткі ў новым вучэбным годзе пачаліся на прыватных кватэрах, у пунях, а то й проста пад адкрытым небам.

Арганізацыяй школаў справа ня скончылася. У сьнежні ўсё таго ж 1989 году ў Прышціне была ўтвораная першая альбанская партыя — Дэмакратычная ліга Косава, — а на наступны год разагнаны Мілошавічам косаўскі парлямэнт сабраўся ў мястэчку Качанік і прыняў Дэклярацыю аб незалежнасьці Рэспублікі Косава. Неўзабаве незалежнасьць была пацьверджаная рэфэрэндумам, а ў 1992 годзе адбыліся новыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог лідэр Дэмакратычнай лігі доктар Ібрагім Ругова. І ўсё гэта праводзілася падпольна, з масавым удзелам насельніцтва.

Ніводная краіна сьвету не прызнала новай рэспублікі, але прэзыдэнт Ругова распачаў актыўную дзейнасьць на міжнароднай арэне. Бялградзкія ўлады ня надта перашкаджалі такой дзейнасьці і мелі рацыю. Прэзыдэнт самаабвешчанай рэспублікі — перакананы прыхільнік Гандзі: для яго непрымальныя сілавыя мэтады ў палітыцы. Тады, на пачатку дзесяцігодзьдзя, Мілошавіч баяўся, што на зьмену Ругову прыйдуць лідэры радыкальнага кшталту. Дык жа не памыліўся: імі сталі палявыя камандзіры ўтворанай у сярэдзіне 90-х гадоў Арміі вызваленьня Косава (АВК).

Напачатку гэтая вайсковая арганізацыя абмяжоўвала сваю дзейнасьць дробнымі тэрактамі, але пазалетась, здабыўшы зброю, стала рыхтавацца да шырокіх вайсковых апэрацыяў. Летась увесну сэрбскія войскі атачылі вайсковую базу АВК у горнай мясцовасьці Дрэніца, а затым, пасьля штурму, забілі 80 альбанцаў, сярод якіх былі й мірныя жыхары. Пасьля дрэніцкай масакры ў Косаве распачалася сапраўдная вайна, пад час якой сотні людзей — у асноўным альбанцы — былі забітыя, тысячы — параненыя, дзясяткі тысячаў дамоў былі спаленыя сэрбамі, і ня меней як 300 тысячаў касавараў сталі ўцекачамі.

Характарызуючы сёньняшнюю сытуацыю ў Косаве, можна сказаць толькі адно: сваёю выдатнай арганізаванасьцю, высокай грамадзкай сьвядомасьцю і самаадданай барацьбой за незалежнасьць касавары даказалі ўсяму сьвету, што яны ўжо здольныя стварыць паўнавартасны самастойны дзяржаўны мэханізм.

Вінцэсь Мудроў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0