Славамір Адамовіч

Пісьмёны з камэры 59

Відаць, я так ніколі і не даведаюся ні пра ейныя сапраўдныя імя і прозьвішча, ні пра тое, паводле якога артыкулу яна была асуджана. Праўда, па дарогах турмы хадзілі чуткі, што свае тры гады Ірка-паліцаіха дастала за забойства мужа. Казалі таксама, што “мокрую” справу за яе зрабілі ейныя ж хахалі-палюбоўнікі, а сама яна праходзіла толькі як заказчыца і арганізатар злачынства. Пасьля таго, як карпусную сматрашчую Галку адправілі ў калёнію, Ірка-паліцаіха заступіла на ейнае месца.

Я нават ня ўпэўнены, што менавіта Ірчын голас чуваць было з суседняй камэры, калі прыгожымі пагоднымі днямі мы прынікалі да ваконных кратаў, выклікаючы з жаночых камэраў на палюбоўныя перамовы “сваіх” жанчын.

Маё турэмнае каханьне ў Віцебскім цэнтрале так і не пасьпела разьвіцца: пасьля першай адсідкі ў карцэры мяне з хаты-малалеткі 60 перакінулі ў агульную “дарослую” камэру паўночнага корпусу. Усё, што засталося мне на памяць ад ніколі ня бачанай мною Іркі-Валянціны — гэта сямнаццаць маляваў, сьпісаных чытэльным настаўніцкім почыркам.

Вячаславу
Прывітаньне, Слава! Атрымала ад Вас маляўку і, калі трохі ачомалася ад сну, села пісаць адказ. Ну, што я магу напісаць пра сябе? Мне 33 гады, сяджу тут ужо год, а далі тры. Была замужам, на дадзены момант — у разводзе. Маю дачку — 15 гадоў. Вось Вам, відаць, шанцавала на жанчын, а мне на мужчын ня вельмі. У гэтых сьценах, мне здаецца, таксама наўрад ці можа быць штосьці сур’ёзнае. А ўвогуле, чым чорт не жартуе, так? Буду спадзявацца, што ў бліжэйшы час Вы напішаце за хату 59 верш. Спадзяюся ў хуткім часе выйсьці на свабоду, бо пагаворваюць пра тое, што будзе вялікая амністыя. Вельмі хачу дамоў і да дачкі. Бабуля зь дзядулем — гэта ўсё ня тое. Ёй патрэбна маці, асабліва ў такім узросьце. Вось, здаецца, і ўсё. Пішыце, чакаю. З шчырай павагаю — Валя.

Славіку
Дарагі Славамір! Добрай ночы, дзякуй за верш, але я па-беларуску не разумею... І таму пастарайся, калі яшчэ ёсьць жаданьне, напісаць па-руску. За маё маўчаньне — прабач, таму што мне трэба было падумаць... А ты сам ні разу не напісаў, значыць, табе гэтая перапіска непатрэбная. З пав. Валя.

Х-60. Славаміру
Славік, за “дарагі” дзякуй гаварыць ня варта, так тут прынята. А вось што ты не настойлівы, дык гэта ня вельмі добра. Трэба быць настойлівым. Што датычыць “штучкі”, то калі штосьці ня так з галавой, дык не павінна гэта адбівацца... Ты разумны мужчына і зусім не дурны. Гэта шчыра. А тое, што ты “якаеш”, дык мне нават цікава, хочацца больш пра цябе ведаць. Да цябе маці прыходзіла, а да мяне ніхто... Ай, не хачу пра гэта. Ведаеш, а чаму ты напісаў, што “Іра”. Ірэна — гэта да Польшчы бліжэй?.. У нас дзьве Ірыны, і адна таксама полька. Славік, чаму ты вырашыў, што цябе ня любяць? Цябе любяць, і сам яшчэ будзеш любіць. Пішы. З павагаю — Валянціна.

Х-60. Славіку...
Прывітаньне, Славік! Адразу хачу напісаць табе, што бел. мову я вельмі дрэнна ведаю. Але як табе лепш, так і рабі, бо калі што, я спытаю. А вось навошта табе маё прозьвішча? Думаю, што гэтага пакуль ня трэба. Адукацыя ў мяне вышэйшая, а артыкул — думаю, ён цябе зьдзівіць. Ня будзем пра маю дзялюгу пісаць. Бацькі жывуць у Віцебску, але я зь імі вельмі кепска жыву. Што тычыцца маёй нацыянальнасьці, дык у мяне ўсе палякі, а па месцы жыхарства, г.зн., дзе нарадзілася — беларуска. Але хрысьцілі мяне ў каталіцкай царкве. Што да майго здароўя, дык тут у мяне цікавасьць да каханьня залежыць ад мужчыны, а не ад мяне самой. Я вось што сабой уяўляю: рост сярэдні, волас русявы, вельмі сьветлы, вочы сінія, сярэдняга целаскладу. Кажуць, што з выгляду намнога маладзейшая за свае гады... Куру, бо цяпер амаль усе кураць. Чыфірыць пачала тут, але толькі раніцай, і ня кожны дзень. А салодкае я вельмі люблю. Але й ня супраць церпкага. Славік, калі мне не пашанцуе з амністыяй, то ў нас будзе час на перапіску, але, думаю, не надоўга. Пішы. Вельмі чакаю ад цябе адказу. Калі ў цябе ёсьць папера, то загані мне, калі ласка. З шчырай павагаю — Валя.

Дарагому Славіку
Славік, вечар добры! Чаму ты лічыш, што пра каханьне трэба гаварыць аглядаючыся? Я лічу, што не. Пляваць я хацела на ўсіх, перш за ўсё трэба думаць пра свой дабрабыт, пра сябе... Ты вось задаў такое пытаньне мне, за свабоду... Усяго таго, што ты мне напісаў — гэтага я ня ведала. Я лічу, што ня ўсе хочуць утаптаць чыстае ў бруд. Напрыклад, я вельмі хачу любіць і каб мяне любілі, хачу чыстых і шчырых пачуцьцяў. І тое, што тут некаторыя падманваюць жанчын, дык гэта паскуды, ні на што ня здольныя. Славік, думаю, ты зможаш зразумець тое, што я табе напісала. А калі чагосьці не зразумееш, то пытайся. Дамовімся? Слухай, ты гуляць ходзіш? І ты бачыў каго-небудзь зь дзяўчат нашай хаты? А вось што я ізноў хацела напісаць — “Ірына”, дык ты правільна заўважыў. Яна затуманіла мне Лёшкам усю галаву. Але чаму ты вырашыў, што я — Ірына? З шчырай пав. Валя.

P.S. Прабач, калі ёсьць капэрта, дык выручы мяне.

***

Славік, а чаму гэта ты вырашыў такім спосабам весьці перапіску? Але гэта тваё жаданьне, і мне няма розьніцы. Слухай, а вось вас адзін раз вялі з прагулкі, і ў кармушцы сядзела адна дзяўчына, цябе тады часам не было сярод хлопцаў? А сон твой... Мне здаецца, нехта да цябе прыйдзе, ну, увогуле, прыб’ецца, як кажуць у народзе. Мяне затуманіў ня Лёша, а Ірына, што чаму так доўга ён ёй ня піша. Увогуле ўсе дзяўчаты любяць з мной гаварыць, раіцца. І ты нават не дапускай такой думкі, што ў нас малявы чытаюць услых. Ці ты думаеш, што калі ў вас так, то і ў нас? Чаму ты не дапісваеш сваю думку? Я маю на ўвазе, што хочаш з мной трымаць кантакт ня толькі як мужчына з жанчынай?... З табой я ў многім згодная, толькі ты мяне няправільна, відаць, зразумеў, і ўсё тое... Пра сябе пісаць няма чаго, бо сяджу ў невядомасьці і нічога ня ведаю. Да мяне ня йдуць, ніхто ня піша, таму для мяне гэта вельмі балючая тэма... Нікому не патрэбная і ведаю, што вельмі ў многім вінаватая сама, а больш за ўсё перад дачкою. А газэты ў нас такой няма, толькі чытала, што ў канцы восені будзе вырашацца пытаньне пра амністыю.

Свае першыя дні на свабодзе я не магу ўявіць, праўда... А тэрмін у мяне ўжо ёсьць — тры гады. У грыбы вельмі люблю хадзіць і зьбіраць... А грудзі ў мяне сярэднія. Славік, мне так сорамна, але мне вельмі хочацца чаго-небудзь смачненькага. Ага, я вось усё спытаць хацела цябе: ты курыш? Калі так, то выручы да заўтра. Пішы. Чакаю. З шчырай пав. Валька.

Славіку
Прывітаньне, Слава! Я ўчора сябе дрэнна адчувала і таму заснула. Напілася таблетак, ты ўжо даруй мне. У мяне дзень нараджэньня 29 красавіка. Ведаеш, усе пагаворваюць пра амністыю, думаю, што яна будзе, і спадзяюся, што траплю пад яе, дакладней, мой артыкул. Вось ты напісаў, што марыў пра тое, каб у цябе была першай дачка, а я наадварот. А што мяне цікавіць, я ў прынцыпе і ня ведаю... А так усё нармальна. Бацькі нагадваюць пра сябе. Мужа ў мяне няма. Памёр ён. Мы былі разьведзеныя, але жылі разам. Ведаеш, што жанчыны ў многім мудрэйшыя і мацнейшыя за мужчын — гэта дакладна. Я ня маю на ўвазе фізычна. Пішы, пытайся, я табе заўсёды з прыемнасьцю адкажу. Я хацела ў цябе спытаць: як ты ставісься да такой перапіскі? Пішы ўсё-усё... На гэтым пакуль спыняюся. З шчырай павагаю да цябе Валянціна.

Х-60. Славіку
Добры дзень, Слава! Ну, вось ты мяне ўчора паклаў спаць, а я яшчэ доўга не магла заснуць. Рэч у тым, што ты мяне паставіў у такое няёмкае становішча. Я так думаю, што ў той вечар наша Ірына сьпяшалася, і таму я так падпісала. Ай, ня буду апраўдвацца, ня варта. Ты правільна думаеш, што я хачу знайсьці сабе сябра. Рэч у тым, што ніколі не прыходзілася мець сябра супрацьлеглага полу. Але ж сяброўства, бывае, з часам пераходзіць у каханьне. Як кажуць, сяброўства — гэта фундамэнт, які пераходзіць у штосьці большае. Ведаеш, я вось не магу падаць сваю думку, не атрымліваецца. Увогуле, ты мне пішы, калі ёсьць жаданьне. З шчырай пав. Валя.

Х-60. Славіку
Слава, прывітаньне! Ты мне даруй за маё доўгае маўчаньне. Я вельмі многа думала... Бо мая маляўка была ў хаце 64, што непажадана. Навошта ты яе туды даваў? Калі цябе што цікавіць, я сама табе адкажу. Тым больш, што я не адмаўляла, што гэта я табе пісала, але замест Валі. І чаму я табе цяпер павінна верыць, што ты ня будзеш даваць чытаць мае маляўкі на абшчак? Мы з табою дарослыя людзі, і давай да гэтага сур’ёзна ставіцца. Проста мне непрыемна, што ў вашай хаце ўсё так выходзіць. Да таго ж я ня ведаю, як пачаць і чым ты дыхаеш: я ў пытаньнях сэксу вельмі тэмпэрамэнтная і таму баюся, што ты мяне няправільна зразумееш. Многія задураны тым, што гэтага нельга, таго нельга... А я аддаюся ўся і таксама люблю даваць асалоду. Здабываць усе вяршыні нашай нястрымнай страсьці. Ну, ты цяпер збольшага ведаеш, чаму я маўчала. Палічыш патрэбным — адкажаш... Цалую. З шчырай павагаю да цябе Ірына.

Славаміру
Слава! Чаму ты маўчыш і ня пішаш? Цалую. З пав. Ірына.

Міламу Славіку!
Прывітаньне, Славік! Ты ўжо мне даруй, але я твой аркушык памяняла на цыгарэту зь фільтрам, бо ў мяне няма курыць. А напісаць мог бы і ты мне першы, бо ты джэнтльмэн. І ўвогуле, пішы, чакаю ад цябе маляўку. Цалую. Ірына.

Славіку
Добры дзень, Слава! Вось крыху вызвалілася ад паўсядзённых справачак і вырашыла накрэмзаць табе колькі радкоў. Пра таго хлопца, што ты ў мяне пытаўся, мне даведацца няма ў каго. Так што дапамагчы табе нічым не магу. Ну, а што да Валі, то я табе вось што скажу... Так, пісала я, але ад ейнага імя, таму што ў яе непрыгожы почырк. Вось такія справачкі, але як ты ня супраць весьці перапіску, дык я табе буду пісаць. Вышэй нос! Не сумуй! З шчырай пав. Іра.

Дарагому і міламу Славаміру...
Мілы! Я захварэла, штосьці кашаль і, відаць, тэмпэратура, бо мне то холадна, то горача. У грудзях усё сьціснула і хрыпіць. Я ведаю толькі адно, што пяшчотай і ласкаю можна было б вылечыць усе хваробы, але гэта каб мы былі не празь сьцены. Ведаеш, Славік, ты вельмі цікавы мужчына, і з табой цікава перапісвацца. А мне цяжка табе што-небудзь напісаць, бо ў многім... Я разумею ўсё, але вось напісаць так граматна і прыгожа, як ты, ня ўмею. А пра тое, пра што я хачу пачуць, ты павінен сам здагадацца. Увогуле, я аддаю ініцыятыву ў твае рукі, і павер, я напішу табе таксама... Толькі вось першая не магу. І яшчэ, ты мне ўчора напісаў, што хто я — акіян ці зямля? Магу адно сказаць: высновы рабіць табе. А ў маёй актыўнасьці будзь пэўны, бо я чалавек не пасыўны. Пішы. Вельмі чакаю. Дарэчы, як наконт маіх просьбаў? Цалую пяшчотна — Ірына.

Дарагому і міламу Славаміру
Прывітаньне, Славік! Вось толькі сёньня адважылася напісаць табе маляўку. Учора вельмі хутка заснула. Я ўжо пісала, што ў мяне тэмпэратура, таму, відаць, і сон змарыў, а яшчэ твая м/в. Слухай, Слава, вось ты каторы ўжо раз пішаш за “сьвяты”. Не магу зразумець цябе. А вось наконт таго, што я куру, то каб я курыла дні, месяцы, то можна было б і кінуць, але я куру 18 гадоў. І яшчэ, Славік, я табе пісала, што так пісаць, як пішаш ты, я не магу. Але я табе ня тое хачу сказаць... Было б лепей, калі б ты пісаў прасьцей, бо мне прыходзіцца адказваць табе, і таму свайго красамоўства я ўстыдаюся. Зразумей мяне правільна! Цыгарэт зь фільтрам у нас учора не было. Таму з затрымкай! Што да перапіскі на грунце любові, дык табе ня варта хвалявацца і перажываць, бо тут кожны гэтым жыве. Так яно і павінна быць. І ты сам сабе закон! Вось такія піражкі! Ты ня думай, я зьбяруся з думкамі і напішу табе маляўку такую, як ты чакаеш ад мяне. Ну а ты мне напішы хоць бы за кунілінгуса. Добра? Цалую цябе. З пав. Ірына. Чакаю адказу.

Дарагому Славаміру
Слава, добры вечар! Дзякуй табе за “калёсы”, яны вельмі дарэчы. У мяне хворыя пячонка і страўнік. Ведаеш, калі шчыра, то я таксама не журуся, сама па жыцьці вясёлая. Але сумую па дзецях. З тваіх маляваў я зразумела, што табе вельмі падабаюцца жанчыны, ты да іх нераўнадушны. Што да тваёй справы, то, можа, усё будзе нармальна. А сон табе прысьніўся ня вельмі добры, але сьпіцца, то й сьніцца.

Цікава, чым гэта я пачынаю табе падабацца? Пішы, я вельмі чакаю ад цябе адказу. З шчырай пав. — Ірына.

Славіку
Добры вечар, Славік! Ведаеш, тут нічога такога няма, што ты мне задаў такія пытаньні. Але ў мяне гэта ўсё прайшло. Я таксама бываю шчырай і не люблю нешта хаваць, толькі калі добра ведаю чалавека. Сплю я наверсе. Усё, што ты напісаў за Храм каханьня і абрады, мне вельмі цікава. А вось інтым па перапісцы... Баюся, у мяне гэта ня выйдзе. Я аддаю ініцыятыву ў твае рукі, а што там будзе — пабачым. Ты мне, між іншым, не адказаў на тыя пытаньні, што я задала. Відаць, ня лічыш патрэбным. Добранька, чакаю ад цябе адказу. З пав. Ірына.

Славіку...
Ну што, Слава? Думаю, што ты прыстойны мужчына, ня тое, што некаторыя. Я буду табе пісаць, але калі табе нешта не спадабаецца, дык ты мне напішы. Я пішу з усімі падрабязнасьцямі...

Мы ляжым з табой у ложачку тварам адзін да аднаго. Нашы вусны зьліваюцца ў доўгім пацалунку, ты гладзіш рукой мае ногі, сьцёгны... Праводзіш рукой уверх і пяшчотна гладзіш мае грудзі, лашчыш смочкі. Паступова нас ахоплівае жаданьне. Я закідваю адну ножку на цябе, абдымаю рукамі і мацней прыціскаю да сябе. Ты адчуваеш, як мае грудзі прыемна кранаюцца тваіх грудзей, гладзіш маю нагу, попку і мацней прыціскаеш да сябе. Я адчуваю ўсяго цябе. Мы пяшчотна цалуем адно аднаго і ўсё больш распаляемся страсьцю, жаданьнем. Па нашых целах прабягае хваля асалоды. Ты павольна спаўзаеш уніз, і я адчуваю, як твае вусны дакрануліся да маіх грудзей, мяне ахоплівае пяшчотнае трымценьне. Ты гладзіш рукой ножку, попку і пяшчотна цалуеш мае грудзі, бярэш смочак і пяшчотна лашчыш яго языкам, сьціскаеш яго вуснамі і падсмоктваеш. Мае рукі кудлацяць твае валасы. Ты падымаесься ўверх, цалуеш шыю. Нашы вусны зноў зьліваюцца ў доўгім і гарачым пацалунку. Я праводжу рукой уніз па тваім целе, туды... Ты рэагуеш на мой дотык, мацней прыціскаесься да мяне. Ён дакранаецца там, па маёй скуры бягуць дрыжыкі. Мне хочацца дапамагчы яму, мне хочацца, каб хутчэй. Але павольна, павольна, каб мне не было балюча!.. Я абхапіла цябе, твае рукі таксама апынуліся ў мяне пад сьпіной. Няхай яны спусьцяцца ніжэй... Мне так прыемна, хутчэй, хутчэй... На нашыя целы набягаюць хвалі трымценьня, нас запалоньвае асалода. Цалуй мяне ў вусны, песьці языкам вушка. Мы зьліваемся целамі, нас ахоплівае яшчэ большая асалода. Празь імгненьне нашыя целы мацней напружваюцца, ты сьціскаеш мяне. Сьціскай, сьціскай, сьціскай, сьціскай... сьціскай...

Ну, вось на што я пакуль здольная. Чакаю ад цябе адказу. Толькі ня думаю, што мы будзем з табою безь перапынку пісаць. На гэтым усё. Чакаю. Цалую. Ірына.

Жнівень-лістапад 1996 г.

* Гэты матэрыял будзе зьмешчаны ў турэмным дзёньніку “Справа № 182”, які рыхтуецца да друку.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0