Што аб'яднае нас?..

 

Што аб’ядноўвае i што магло б аб’яднаць беларусаў як нацыю? Напрыканцы 1980-х, у прадчуваньнi вялiкiх пераменаў, гэтае пытаньне ў Беларусі ўпершыню было пастаўленае шырока. “Калі імпэрыя зьнікне, як дым, Дзе будзеш ты і з кім?.. — сьпяваў рок-гурт “Улiс”. — Што будзе заўтра тут, карчма цi турма?..” Пасьля тэма нацыянальнага аб’яднаньня неяк ацiхла, бо асноўныя аб’яднаўчыя матывы — незалежнасьць, сымболiка, мова — далiся быццам самi сабою, без напружаньня. Загаварылі пра расчараваньне ў гэткіх “незаслужаных” нацыянальных ідэалах. Нарэшце, уся ўвага сканцэнтравалася на харызматычнай постацi першага прэзыдэнта. Аб’яднаўчымі матывамі сталі электаральная любоў, перамяшаная з боязю, і інтэлігенцкая нянавісьць. I вось сёньня прадчуваньне пераменаў зноў залунала ў паветры. Што аб’ядноўвае i што можа аб’яднаць нас як нацыю? Пра гэта гавораць на Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў, з гэтым зьвязваюць спадзевы на 99-ы год, гэтай тэме прысьвечаны і сёньняшні нумар “НН”.

Iснуе вялiкае мноства мэтадаў вызначэньня таго, што нас аб’ядноўвае. Ёсьць аб’ектыўныя паказчыкi — супольнасьць тэрыторыi, расы i неўсьвядомленага гiстарычнага лёсу. Але сёньня нас цiкавяць якраз суб’ектыўныя, усьвядомленыя матывы.

Незалежнасьць краіны, пра якую гавораць найчасьцей, сапраўды злучае цяперашнюю апазыцыю — беларусаў і рускамоўных, правых і левых. Але сам сабою такі аб’яднаўчы матыў пасыўны, бо незалежнасьць — гэта сродак. На пэўным этапе яна робіцца мэтай, але як толькі мы пачынаем зазіраць далей — “за незалежнасьць” — там, у суплёце традыцыйных, сьвядомасных, этычных і эстэтычных уяўленьняў лучнасьць часта зьнікае. Урэшце мы робімся ахвярамі яшчэ аднаго “жарту гісторыі”. За што, як кажуць, бароліся, на тое й напароліся...

Што ж аб’яднае нас?

Усё чалавецтва любiць глядзець на агонь, на бег вады ў рацэ i аблокаў у небе. Такiя зьявы заварожваюць усiх. Пасьля прыхiльнасьцi разгалiноўваюцца, разыходзяцца ў розныя геаграфiчныя куткi.

Напрыклад, пачуты далёка ўначы брэх сабак, разьлiты ў сьцюдзёным паветры дым з комiнаў хат, рахманая густая гамана ў насычаным пахамi страваў i пiтва паветры... Ужо згаданы дым будзе пахнуць у розных краiнах па-рознаму. Тым болей па-рознаму гучыць i ўспрымаецца бяседная гамана... Свае асабiстыя матывы нацыянальнага аб’яднаньня мы шукаем менавiта ў гэтым кiрунку — там, дзе спэцыфiчна выяўляецца наша нацыянальная прырода.

І тут пазнаньне сябе й свае нацыi найлепей даецца ў параўнаньнi. Напрыклад, паспалiтых амэрыканцаў яднае супольнае сядзеньне ў кавярнi-клюбе, дзе яны пад пiва й гаману сочаць у тэлевізары за матчам бэйсбольнай каманды свайго штату... Хто б ты ня быў, але калi ты амэрыканец, ты абавязкова зразумееш i падзелiш пачуцьцi гэтых людзей. А вось беларусаў ня лучыць супольнае знаходжаньне ў прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня. Колiшняя традыцыя карчмы страчаная незваротна i калi вернецца, дык будзе ўжо зусiм новай. Зь iншага боку, беларусаў яднае заўзятарства на стадыёне. Шкада, што апошнiм часам мiлiцыя адбiрае ў заўзятараў нацыянальныя сьцягi, бо тут — не палiтыка, а штосьцi нашмат большае — крэўнасьць...

Чарнобыльская бяда, якая закранула ўсю нацыю, урэшце засталася прадметам клопату некалькiх энтузiястаў, таго ж айца Надсана, якi не аднойчы прывозiў зь Лёндану ў пацярпелыя раёны лекi. Штосьцi аб’яднаўчае было ў тых, першых Чарнобыльскiх шляхах, а пасьля... Усё ж тонкая гэта матэрыя — аб’яднаньне. Калi яго ня песьцiць, не гадаваць з малога, не даглядаць, дык яно можа й не разьвiцца. Тое чарнобыльскае яднаньне было вельмi разумовым. Гэта не пажар i не вайна, калi ўсе разам несьвядома ўцякаюць ад небясьпекi. Чарнобыльскую бяду нельга было пабачыць вiзуальна. Патрабавалася думка, якая б злучала ў адзiн ланцужок выбух на АЭС i павелiчэньне статыстыкi хваробаў. Думка патрабуецца i сёньня, каб гнеў за дэфiцыт тавараў абрушваць не на прадаўшчыцу ў краме, а на заганную эканамiчную палiтыку і яе першых праваднікоў. Такая думка сапраўды аб’ядноўвае нацыю. Але ж думка — эфэмэрная па сутнасьцi сваёй. Як любiлi казаць кіроўцы “Совтрансавто” на беларускiх дарогах, “спасiба ў стакан не нальеш”.

Удзельнікі сёньняшняга нашаніўскага абмеркаваньня раскрылi цэлае поле магчымых аб’яднаўчых матываў: ад вайны i эканамiчнай бяды — да хрысьцiянскiх каштоўнасьцяў. Не магу не пагадзiцца зь імі, але сам для сябе шукаю чагосьцi не агульнага, а канкрэтнага, намацвальнага, блiзкага i адначасова пазытыўнага, таго, што мусiла б культываваць беларуская iнтэлiгенцыя i адначасова таго, што жыве ў народзе само сабою, не названае ў якасьцi аб’яднаўчага матыву.

Нядаўна прыяцель падзялiўся сваiм наiўным зьдзiўленьнем. Сядзiм, кажа зь сябрам-бiзнэсоўцам у ягоным офiсе, раптам сябра зiрнуў на гадзiньнiк, спахапiўся i кажа, пара. Куды — пытаецца мой прыяцель. На вёску, бульбу капаць, — адказвае бiзнэсмэн. Якая вёска, якая бульба, у цябе заробак як бюджэт калгаса, купi сабе машыну бульбы й ня кратайся. Бiзнэсмэн задумаўся на iмгненьне, пасьля паглядзеў на прыяцеля й сказаў: нiчога ты не разумееш.

Асабiста я перакананы, што беларусаў найлепей яднае вёска. Ня тыя вычварныя соткi, на якiя цэлым нашэсьцем едуць у электрычках сотнi тысяч гараджанаў — вынiшчальнiкаў прыроды, а традыцыйная вёска, зь якой так цi iнакш пралягаюць каранi кожнага з нас. Адмовiўшыся ад усяго вясковага дзеля таго, каб хутчэй стаць гараджанамi, беларусы амаль страцiлi свой самы галоўны аб’яднаўчы матыў. Менавіта здрада вёсцы наймацней разьяднала беларусаў як нацыю. Пра гэта яшчэ раз нагадаў нядаўні выпадак у Маладэчне, горадзе ўчорашніх вяскоўцаў, дзе памерлая бабулька праляжала ў кватэры паўтара гады і ператварылася ў мумію...

Паказальна, што беларусы так i не стварылi сваю гарадзкую культуру.

I тут я зьвяртаюся да прыкладу iншых нацыяў. Скажам, да лiтоўцаў, у якiх гарадзкая культура — гэта прывезеная ў працэсе урбанiзацыi культура вясковая. У клапатлiвае нацыi гэтая культура выдатна спалучылася i з дыпляматычным пратаколам i з кампутарнымi навацыямi, а ўрэшце аб’ядноўвае ўсiх — ад малога да вялiкага — перад аблiччам небясьпекi.

Лiтоўцы — таксама, як i мы, напачатку стагодзьдзя былi цалкам вясковай нацыяй. Таму iхны прыклад абнадзейвае. Аб’яднацца для нас — значыць, павярнуцца да вёскi i палюбiць яе так, як любiлi нашыя продкi.

Сяргей Паўлоўскі


 

Што аб'яднае нас?..

Адам Мальдзіс, культуроляг:

На маю думку, беларусаў як нацыю могуць аб’яднаць агульначалавечыя й агульнанацыянальныя каштоўнасьці, якія знаходзяцца па-за партыйнымі і, можа быць, нават, па-за дзяржаўнымі межамі, але якія могуць успрымацца кожным, хто жыве на беларускай зямлі. Найперш гэта беларуская зямля. Мой сябра Ўладзімер Караткевіч калісьці казаў, што гэтая зямля нам Богам дадзеная, мы яе павінны берагчы ад усялякіх катаклізмаў накшталт чарнобыльскага. Значыць, кожны беларус, які жыве на гэтай зямлі, павінен дбаць пра яе. Другая каштоўнасьць, якая павінна аб’яднаць усіх беларусаў — гэта праца. Беларус ня мае права быць дрэнным гаспадаром на сваёй зямлі. Калі ён дрэнны гаспадар, значыць, ён не беларус, не грамадзянін Рэспублікі Беларусі. Ён перакаці-поле, чалавек, якіх мы добра ведаем і якія нікому й нідзе не прыносяць шчасьця. Трэцяе, вакол чаго мы можам аб’яднацца, — гэта наша спадчына: культурная, гістарычная, моўная. Тым жа Богам нам дадзена беларуская мова, і мы яе павінны шанаваць, зьберагаць і перадаць наступным пакаленьням. Гэта аксыёма, якая не падлягае сумненьню і вакол якой, мне здаецца, павінны аб’яднацца ўсе. Ну, і наступныя каштоўнасьці — хрысьціянскія. Не каталіцкія, не праваслаўныя, не ўніяцкія, не пратэстанцкія, а хрысьціянскія каштоўнасьці, бо мы ўсе хрысьціяне. Той раскол, які ў свой час быў зроблены ня з нашай волі, існуе дагэтуль. Мы ў паўсядзённым побыце дзелім людзей на ўсходнікаў і заходнікаў, на каталікоў і праваслаўных. У той час як мы павінны памятаць, што мы найперш хрысьціяне, а потым грамадзяне сваёй краіны. І апошняя каштоўнасьць — гэта сям’я. Я проста ў жаху ад таго, што ў нас творыцца цяпер. Дзікунства даходзіць да тых межаў, якія раней ніколі не пераступаліся. Кожны дзень я чытаю ў прэсе, што сын забівае маці, жонка забівае мужа і гэтак далей. Але гэта ўсё залежыць ад першых чатырох каштоўнасьцяў. Мы былі б наіўнымі, калі б думалі, што, даўшы людзям большы заробак, але ня даўшы выразных маральных, нацыянальных арыентыраў, мы нечага дасягнем. Калі мы ня будзем мець выразных арыентыраў, няхай яны называюцца грамадзкімі ідэаламі, дзяржаўнай ідэалёгіяй, наша насельніцтва, якое пакуль што зьяўляецца насельніцтвам, нікуды ня прыйдзе.

 

Надзея Дударава, адвакат і праваабаронца:

На маю думку, беларусаў сёньня можа аб’яднаць адна бяда. Радасьці няма, толькі жабрацтва, гора, голад, розныя зьдзекі. Не ўсьміхаецца беларус. А вось бяда ёсьць, нават у кожнай сям’і. Бяда расплюшчвае вочы і таму, думаю, яна будзе тым стымулам, які аб’яднае беларусаў у адну нацыю. Бяда аб’яднала беларусаў у другую сусьветную вайну і ў іншых падобных сытуацыях, калі было вельмі цяжка. Можа, такі лёс у беларусаў, я ня ведаю, але, на маю думку, гэта так. Цяжка пра гэта казаць, але калі прыходзіць бяда, прыходзіць і радасьць. І наша нацыя павінна прайсьці празь бяду, каб жыць у радасьці й шчасьці. Я перакананая, што радасьць абавязкова да нас прыйдзе, і на тварах беларусаў абавязкова будзе ўсьмешка, яны будуць усьміхацца так, як усьміхаюцца эўрапейцы.

 

айцец Аляксандар Надсан:

Калі я апошнім разам быў у Беларусі, на вуліцы да мяне падыйшоў нейкі яшчэ не стары чалавек і спытаўся, каб я паказаў дарогу, я яму сказаў па-беларуску (ён у мяне пытаўся па-расейску): прабачце, кажу, я не тутэйшы, я зь Лёндану прыехаў. Ён на мяне глянуў і кажа: да ты БНФ какой-то! Я адчуў, што быццам першы раз прыехаў у чужую краіну. Але ж я прыехаў на Бацькаўшчыну. Другое такое ўражаньне было, калі да нас у Англію на аздараўленьне й адпачынак прыехалі зь Беларусі хворыя дзеці. І вось адна сымпатычная дзяўчынка па-расейску гаворыць. Пытаемся: а ці можаш размаўляць па-беларуску? Яна сказала: магу. А чаму не гаворыш? Не люблю. Гэткае маладое пакаленьне расьце... Што можа аб’яднаць беларусаў цяпер? Я ня ведаю. Хіба ж вялікая эканамічная бяда толькі. Адзінае, што можа аб’яднаць. Не інтэлігенцыя. Рабочыя. Калі яны зразумеюць, што гэтак больш жыць нельга. Патрэба лепшага жыцьця можа аб’яднаць. І патрэба свабоды, якой цяпер няма. Але пакуль яны добра адчуваюць сябе ў тых абставінах, якія ёсьць... Што можа аб’яднаць Беларусь? Ня ведаю. Нацыянальная ідэя, напэўна, не яшчэ. Яшчэ далёка да гэтага. Можа, з зразуменьнем, што іхная бяда ад таго ідзе, што яны не адна нацыя. Але гэта адбудзецца за гады, не цяпер.


 

Боязь незваротнага выбару

Беларусаў лучаць уласныя комплексы i расейскае тэлебачаньне.

Агульных комплексаў цэлая жменя. Пераважна гэта комплексы непаўнавартасьцi — убогая дзяржаўнасьць, неразьвiтасьць нацыянальнае культуры, абмежаванае поле мовы, малая колькасьць i занядбаны стан помнiкаў, апакалiптычныя карцiнкi экалягiчнай катастрофы, якiя малявалiся яшчэ да Чарнобыля, i гэтак далей. Ёсьць таксама агульныя комплексы завышанай самаацэнкi — самыя прыгожыя жанчыны, самыя лепшыя жаўнеры, самы працавiты народ, самыя чыстыя вулiцы i дысцыплiнаваныя пешаходы...

Беларусаў разьядноўваюць высновы, якiя яны робяць з уласных комплексаў. Адныя, напрыклад, гатовыя ўзяць кулямёт i... выправiць сытуацыю з помнiкамi. Другiя, грэблiва падцiскаючы вусны, чакаюць, калi, нарэшце, скончацца гэтыя гульнi ў тутэйшую “дзяржаўнасьць” i “самабытнасьць”. А трэцiя, збольшага ўсiм задаволеныя, чакаюць, пакуль улады падправяць, умацуюць i “здымуць пытаньнi”. Ёсьць, вядома i чацьвертыя, i пятыя. Ёсьць урэшце i беларусы бяз комплексаў, што вымушаныя лiчыцца зь iх наяўнасьцю ў iншых беларусаў. I ўсе робяць высновы. Зрабiўшы высновы, кожны сваю, беларусы разам глядзяць расейскае тэлебачаньне i зь цiкавасьцю сочаць за чужым жыцьцём.

Беды й навалы ня лучаць беларусаў з часоў падзелаў Рэчы Паспалiтай. Не злучыў iх, насуперак прагнозам, i Чарнобыль. Наадварот, большасьць жыхароў “чыстых” раёнаў, нiбы той маладзён у тралейбусе, якi раптам ўтароплiваецца ў вакно, абы не саступiць месца кабеце, iмкнуцца не зважаць на бяду пацярпелых.

Харызматыкi таксама нiколi не лучылi беларусаў. Чым большая была харызма ў царкоўнага цi палiтычнага дзеяча, тым больш палярныя ацэнкi давалi iм людзi. Для адных Апанас Фiлiповiч — сьвяты, для другiх — здраднiк. Адпаведна, амбiвалентна ўспрымалi беларусы i Веньямiна Руцкага, i Язафата Кунцэвiча, i Касьцюшку, i Калiноўскага. Той, хто не дае iншым права на ўласную рацыю, урэшце застаецца сам-насам са сваёй харызмаю. Прыклад: два найбольш яркiя й найбольш палярныя палiтыкi сёньняшняе Беларусi.

Зь непрыманьня апантанай харызмы вынiкае й беларускае непрыманьне апалягетыкi. У сёньняшняй Беларусi нярэдкi прыклад, калi людзi ходзяць адначасова i ў цэрквы, i на малельныя зборы пратэстантаў, як некалi ўнiяты хадзiлi i ў касьцёл, i ў царкву. Беларусаў не яднае рэлiгiя, бо яны ня хочуць рабiць незваротнага выбару.

Што ж гэтак аб’ядноўвае беларусаў вакол расейскага (падкрэсьлю — не свайго) тэлебачаньня? Па-першае, яго можна глядзець паўсюль i задарма. Па-другое — там нiхто не патрабуе ад беларусаў саўдзелу, а значыць усё можна сузiраць пасыўна, разважаць без напругi. Пасьля, натуральна, лепшая якасьць перадачаў. Па-чацьвертае, нiхто не вярэдзiць там нашых комплексаў, хоць бы з-за палiтычнае карэктнасьцi. Па-пятае — апантаная апалягетыка розных харызматыкаў там рассыпаецца, прапануючы цэлую палiтру думак. I нарэшце, самае прывабнае для беларуса — там у яго ёсьць права выбару на шасьцi каналах. Хочаш чаго-небудзь шчымлiва савецкага — бяры, чаго-небудзь гарачэйшага — калi ласка.

Беларусаў яднае расейскае тэлебачаньне.

Сяргей Харэўскі


 

Мёртвы горад

Паводле статыстыкi за мiнулы год насельнiцтва нашай краiны скарацiлася прыкладна на 25 тысячаў чалавек. На беларускiя маштабы гэта не такi ўжо й малы горад. Уявiце сабе, быў Шклоў — i няма. Цi, напрыклад, з мапы назаўжды зьнiк Валожын...

Натуральна, гораду, пра якi йдзе гаворка, няма й нiколi не было. Але мне няцяжка намаляваць яго ў сваiм уяўленьнi. Там усё пабудавана з шэрай сылiкатнай цэглы. Аднатыпныя дамы, больш падобныя на лягерныя казармы, пара крамаў ды цырульня. Там заўжды стаiць адно й тое ж надвор’е — студзеньская iмжа пад бясколерным небам. Жылыя кварталы арганiчна пераходзяць у могiлкi — галоўную прыкметнасьць гарадка. Вялiзныя плянтацыi стандартных новенькiх помнiкаў з мармуровае крошкi. Але нi на водным надмагiльлi няма нiводнага ймя. Невясёлы, адным словам, атрымлiваецца гарадок.

Некаторых жыхароў гэтага гораду я ведаў асабiста. Людзей рознага веку, дабрабыту, сацыяльнага статусу. Гэта сябрук майго дзяцiнства, забiты ў п’яной бойцы ўласным татам — рэдкага гратэску, дарэчы, камэдыянтам. Гэта муж дырэктаркi гомельскага Незалежнага тэатру, бяскрыўдны жыдоўскi чалавечак, да непазнавальнасьцi замардаваны ва ўласнай машыне нелюдзямi, якiх ён, на сваю бяду, падабраў на начной вулiцы. Гэта й мой сусед на пляцоўцы, малады, талковы кампутаршчык, што надзвычай

радасна памяняў Беларусь на Канаду. I яшчэ тысячы й тысячы невядомых мне старых, чый натуральны адыход быў сустрэты альбо з скрухаю — калi сьмерць забiрала разам з сабою нiколi ня лiшнюю пэнсiю, альбо з палёгкаю — калi яна вызваляла квадратныя мэтры жыльля.

Сымбалiчна, што гiсторыя гэтага мёртвага гораду пачалася з чэрвеня 94-га. Менавiта тады, ад моманту першага вялiкага выбару, якi ўпершыню за колькi гадоў падараваў гэтай зямлi лёс, пачалося неадступнае скарачэньне яе насельнiкаў.

А пройдзе яшчэ адзiн год — як чакаецца, больш ураджайны на сьмерцi нямоглых i ўцёкi жывых. А за iм яшчэ... I насельнiцтва гэтага гораду будзе год за годам толькi павялiчвацца. А празь пяць гадоў нас, жывых, ужо будзе менш за дзесяць мiльёнаў. Так спакойна й мэтадычна, без вайны й генацыду, мудрая прырода будзе па чарзе адбiраць дзьве тысячы чалавек штомесяц. Тых, што аказалiся няздольнымi пакiнуць пасьля сябе зьмену. Чые ймёны забудуцца з той самай хуткасьцю, зь якой яны самi забывалiся на свае радаводы...

“Нацыя выраджаецца” — ва ўнiсон гучаць усе камэнтары гэтай зьявы. (Некаторыя разумнiкi нават падлiчылi, праз колькi часу Беларусь павымiрае цалкам.) Але мяне патас гэтае высновы не закранае. Таму што нiводзiн чалавек ня ведае даты сваёй сьмерцi. Нават прысуджаныя да расстрэлу. Але ў прысуджаных прага жыцьця нашмат мацнейшая. Цi ня гэтая дзiўная вайна павiнна аб’яднаць нас, чыя мова, чые сымбалi ды iдэалы ўжо якi год прысуджваюцца да вышэйшай меры. Каб зьдзяйсьняць прысуд ужо не было каму.

Зьміцер Бартосік


 

Разьяднаныя мовай

Апытаньне на вуліцах Менску

 

Неяк ехаў я ў тралейбусе па праспэкце Францiшка Скарыны. У салёне людзей было што селядцоў. Проста перад выхадам цясьнiлiся два сталыя спадары, выгляд якiх тактоўна можна было б акрэсьлiць як “пакамечаныя iнтэлiгенты”. Адзiн спытаўся ў другога на чыстай беларускай мове, маўляў, цi выходзiць спадар на наступным прыпынку. У адказ адбыўся зацяжны iстэрычна-агрэсiўны пэрфоманс — што ён у мяне пытаецца?! Я не разумею! Я пацiкавiўся, няўжо спадар не разумее беларускую мову? Салён прыцiх. Аж раптам некалькi кабет пачалi прасiць мяне “не чапаць мужыка”, намякаючы, што ён крыху не ў сабе. Тралейбус спынiўся, дзьверы расчынiлiся, i... Беларускамоўны iнтэлiгент зьнiк з “поля бою” цi не хутчэй за ўсiх. Людзi разыходзiлiся моўчкi, схаваўшы вочы. Анi слова падтрымкi, анi абвiнавачаньняў у нацыяналiзме...

Цi можна назваць гэтую сытуацыю тыпова беларускай? Увогуле, што аб’ядноўвае беларусаў? Дакладней, што iх можа аб’яднаць? Гэтым разам я пытаўся ў менскiх мiнакоў, цi ёсьць iдэя, якая б магла стварыць зь беларусаў адзiную нацыю?

Вось адказ былога адваката, якi некалі ўдзельнiчаў у нацыянальна-дэмакратычным руху. Гэты чалавек перакананы, што iдэя для аб’яднаньня ёсьць:

— Можа аб’яднаць iдэя незалежнасьцi. Калi ўсе разам аб’яднаюцца i пойдуць бiць Лукашэнку, можа, з гэтай нагоды і аб’яднаюцца разам. Нічога станоўчага я пакуль ня бачу. Ну, жаданьне жыць больш годна... Але людзi гатовыя жыць за дзесяць-пятнаццаць даляраў, i пакуль што iх гэта задавальняе...

Цiкава, што тыя ж самыя думкi мне выказала неангажаваная ў нацыянальныя колы сталая кабета з вышэйшай гуманiтарнай адукацыяй. Яна казала пра патрэбу агульнага ворага, i прыводзiла ў прыклад паваенную Заходнюю Эўропу.

Яшчэ адна канцэптуальная думка. На гэты раз — пятнаццацiгадовага школьнiка:

— Любоў да ўсiх людзей, каб усе людзi жылi ў мiры...

Тры навучэнцы тэхнiкуму шчыра зьдзiвiлiся майму пытаньню. Яны лiчаць, што беларусы ўжо ёсьць адзiнай нацыяй. Зрэшты, падумаўшы, адзiн зь iх iзноў прамовiў слова “вайна”. Маўляў, калi яна пачнецца, тады ўсе зразумеюць, хто ёсьць хто. Другi выказаў меркаваньне, што трэба зьмянiць прэзыдэнта. Але адразу ж абмовiўся: “у нас мазгоў ня хопіць”. Трэцi ўступiў у спрэчку:

— Калі прэзыдэнта зьменіш, усё адно нацыя не аб’яднаецца.

А вось студэнтка, якая стаяла побач, лiчыць, што ў нас ёсьць усе шанцы стаць нацыяй. Бо мы аб’ектыўна адрозьнiваемся ад суседнiх народаў, прынамсi, мэнталiтэтам. Яна лiчыць, што мусiць мiнуць час.

— Напэўна, тут нават не iдэя, тут патрэбная дзяржава, патрэбная ўлада.

Мiлая дзяўчына прывяла ў прыклад Iвана Жахлiвага, Сталiна i Пiначэта.

Напрыканцы я зьвярнуўся да дваццацiпяцiгадовага хлопца. Ён сказаў, што беларусы аб’яднаюцца, i жыць будуць нармальна, i прэзыдэнта выберуць iншага:

— Не бабулькі яго будуць выбіраць, а тыя, хто хоча тут жыць нармальна.

Нармальна жыць, а што яшчэ трэба для шчасьця?!

Iдэя дабрабыту. За час апытаньня выразна яна прагучала толькi адзiн раз. Але і ў iншых адказах час ад часу мiльгаў цень гэтай думкi. Я згадваю, як у 1992–93 гадох у тралейбусным упраўленьнi кiроўцам, якiя аб’яўлялi прыпынкi па-беларуску, павышалi заробак на дзесяць працэнтаў. У тыя часы ў грамадзкiм транспарце наша мова гучала часьцей.

Севярын Квяткоўскі


 

Чарговая хлусьня

Пытаньне гэтае ня менш страшнае, чым адказ на яго. Гляньма ў гiсторыю: праўдзiвыя iдэi й памкненьнi лепшай часткi цэлых пакаленьняў беларусаў сканчалiся правалам... Касьцюшка, Лялевель, Калiноўскi. Браты Луцкевiчы, лiдэры БНР i слуцкiя ваяры. Далей: сябры падпольных рухаў рознага кшталту, якiя йснавалi ў Беларусi пасьля вайны, беларуская эмiграцыя i, урэшце, Беларускi Народны Фронт.

Што аб’ядноўвае пералiчаныя ймёны й зьявы? — Чысьцiня i Праўда... З другога боку, цэлыя сьцiжмы здраднiкаў, хлусаў, халуёў i падхалiмаў, карацей — Бруд i Мана. I насуперак усялякiм лёгiкам адукаваных i разумных, насуперак чалавечай маралi, яны — гэтыя Бруд i Мана заўсёды перамагалi. У Беларусi мала шанцаў выйграць хаця б якую прыстойную будучыню для народу ў таго, хто думае пра народ.

Мы любiм спасылацца на ўрокi гiсторыi. Дык гляньма ж ёй у вочы i прачытаем: выйграе той, хто хлусiць, i чым хлусьня бруднейшая, тым болей у манюкi шанцаў на перамогу. Сёньняшняе становiшча Беларусi — яскравы доказ... Насельнiцтва аб’ядналася вакол прэзыдэнцкай маны. Яно не хацела нi культуры, нi мовы, нi маралi. Дакладней, яно ставiлася да iх абыякава, бо хацела хлеба, дываноў, упэўненасьцi ў заўтрашнiм днi.

Аб’яднаць сёньняшнiх беларусаў можа толькi чарговая мана. Iншая справа, куды яна павядзе гэтыя аб’яднаныя масы.

У дзяцiнстве мы захаплялiся казкамi. Дзяцiнства прайшло, а мы ўсё спрабуем жыць паводле казачных законаў. Мы ўпэўненыя, што дабро перамагае зло i што сапраўды нехта заб’е Цмока, нехта павешае на неба месяц i сонца. Мы верым, што “з рога ўсяго многа” i што певень абавязкова адбярэ ў пана жаронцы. Нам падабаецца кавалак тканiны, на якой намаляваны непраўдзiвы агонь, а над iм непраўдзiвы чоп зь непраўдзiвай ежай. Бо мы ведаем, што за гэтай маной ёсьць чароўныя дзьверы. Варта толькi знайсьцi залаты ключык... Тата Карла разам з Бурацiнам увайшоў у тыя дзьверы i, што зь iм сталася, мы ня ведаем. Затое ведаем, што тата Карусь ужо нiколi гэтага ключыка ня знойдзе. Але ён упарта верыць у ягонае йснаваньне, а таму спадзяецца.

I апошняе: сёньняшнiя сьветлыя галовы Бацькаўшчыны нiколi не апусьцяцца да маны самi й ня прымуць яе ад iншых, а гэта значыць, што насельнiцтва iзноў аб’яднаецца вакол чарговай хлусьнi...

Сяржук Сокалаў-Воюш

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0