Курт Тухольскі

У фае гатэлю

Сямёх адным паглядам

 

Мы сядзелі ў фае вялікага гатэлю, у адным з тых фае, дзе ўсё падобнае да кіно — кіно ўдае тое самае. Было дваццаць пяць хвілінаў на шостую, маім суразмоўцам быў нэўрапатоляг, гадзіны прыёму ў яго скончыліся, і мы пілі слабую гарбату. Яна была такая дарагая, што нават варта было б знайсьці больш шляхетнае слова, чымся “пілі”.

“Разумееце, — казаў ён, — рэч адно ў практыцы. Вось яны прыходзяць і сыходзяць — мужчыны, жанчыны, немцы й іншаземцы... і ніхто іх не пазнае. Я пазнаю іх. Па адным толькі поглядзе — файна, калі чалавек трохі знаёмы з псыхалёгіяй. Я гартаю людзей, як адкрытыя кнігі.”

“І што вы чытаеце?” — спытаўся я ў яго.

“Вельмі цікавенькія апавяданьні. — Ён агледзеўся наўкола, прышчурыўшы вочы. — Тут няма ніводнай загадкі — я ведаю іх усіх. Пытайцеся”.

“Ну... напрыклад: кім ёсьць во той мужчына?”

“Які?”

“Той стары пан... з бакенбардамі... не, ня той... але, гэты...”

“Гэты?” — ён не разважаў ні сэкунды.

“Гэта... гэты чалавек, як бачыце, мае выяўнае падабенства да старога кайзэра Франца-Ёзэфа. Можна нават сказаць, што ён праўдзівая копія кайзэра — ён выглядае... ён выглядае на старога паштальёна, які разносіць грошы і якога людзі лічаць зычлівым, таму што ён прыносіць ім паштовыя пераводы. Ягоная пастава — ягоныя манеры... я ўважаю гэтага чалавека за былога прыдворнага чыноўніка зь Вены — нават вельмі высокастаўленага. Крушэньне Габзбургаў блізка закранула яго, нават вельмі блізка. Так. Але ж вы толькі паглядзіце, як ён размаўляе з кельнэрам: гэта арыстакрат. Памыліцца немагчыма. Арыстакрат. Паглядзіце — у гэтым чалавеку бальная заля; Вена; суцэльная старая культура Аўстрыі; высокая школа верхавой язды, якую яны там мелі — tu, Felix, Austria... Гэта, безумоўна, ягамосьць — нейкая зусім высокая істота. Вось так”.

“Неверагодна. Сапраўды — неверагодна. Як толькі вы пра ўсё гэта даведаліся?”

Ён усьміхнуўся занадта ўсьцешана, каб быць усьцешаным насамрэч; якім жа пыхлівым мусіць быць гэты чалавек! — “Як я вам казаў: гэта практыка. Я навучыўся гэтаму на сваіх прыёмных гадзінах — я ня Шэрлак Голмз, вядома, не. Я нэўрапатоляг, такі ж, як і іншыя — толькі я ўмею глядзець. Глядзець і бачыць”.

Ён задаволена зацягнуўся тытунёвым дымам.

“А тая дама ззаду? Якая сядзіць за сталом і, здаецца, чакае кагосьці — бачыце, яна ўвесь час паглядае на дзьверы...”

“Тая? Дарагі сябра, вы памыляецеся. Гэтая дама не чакае. Прынамсі, яна не чакае тут нікога. Яна чакае... так, можна сказаць, яна чакае. Цуд — вось чаго яна чакае. Дазвольце... адзін момант...”

Ён выцягнуў з кішэні камізэлькі манокль, уціснуў яго ў вачніцу, манокль не сядзеў, і ён паправіў яго.

“Гэта... Дык вось, гэта адна зь нешматлікіх вялікіх какотак, якія яшчэ ёсьць на гэтым бедным сьвеце. Вы ж ведаеце, што какоткі выміраюць, як само гэта слова. Буржуазная канкурэнцыя... Адылі, што я хацеў сказаць: каралева прадажнага юру. Менш патэтычна: дама вялікага, але ж сапраўды вялікага паўсьвету. Чорт... Чорт пабірай... Вы бачылі гэты рух рукі? Яна пажырае мужчынаў. Яна іх пажырае. Яна... І ў яе вачах — вы толькі прыгледзьцеся да яе вачэй... прыгледзьцеся да яе... у яе вачах комплекс смутку, цэлы сад ніцых вербаў. Гэтая жанчына прагне чагосьці; пасьля столькіх зьдзяйсьненьняў жаданьняў, якія не былі жаданымі, яна прагне. Што да гэтага, няма сумневу. Пытаньне ў тым, ці знойдзе яна калі-небудзь тое, чаго шукае. Вельмі цяжка знайсьці тое, чаго яна хоча — вельмі цяжка. Яна мела ўсё, у яе жыцьці было ўсё. А цяпер яна хоча большага. Гэта нялёгка. Якая мінорнасьць пад гэтым вэлюмам! Можа быць, які-небудзь мужчына празь яе скончыў жыцьцё самагубствам — можа быць — гэтага я ўжо не магу сказаць напэўна. Я не ўсяведны, я толькі лекар душы... Я хацеў бы кахацца з гэтай жанчынай. Разумееце мяне — не кахаць. Кахацца. Небясьпечна кахаць гэтую жанчыну. Вельмі небясьпечна. Так”.

“Доктар... Вы — Каліёстра... Вашым пацыентам не да сьмеху”.

“Мяне нельга ўвесьці ў зман, — сказаў ён. — Толькі не мяне. Што вы яшчэ хочаце ведаць? Калі мы ўжо распачалі...”

“Вось той! Так, таўстун, які зараз уздымаецца сыходзіць — не, вяртаецца. Той мужчына з трохі чырванаватым тварам. Кім ён можа быць?”

“Ну, а вы як лічыце?”

“Так... гм... але ж сёньня людзі так падобныя адно да аднаго... можа...”

“Падобныя адно да аднаго? Вы проста ня ўмееце глядзець — умець глядзець — гэта ўсё. Гэта ж зусім проста”.

“Дык хто ён?”

“Гэты мужчына — гандляр віном. Ён альбо сам шэф, альбо пракурыст буйной вінагандлёвай фірмы. Энэргічны, адукаваны мужчына; валявы мужчына — мужчына, які рэдка сьмяецца і, не зважаючы на віно, ня надта цэніць гумар. Сур’ёзны мужчына. З тых, што жывуць справай. Няўмольны. Ненавідзіць вялікія зборы людзей. Гэта чалавек сур’ёзны. Вось хто ён”.

“А гэтая? Гэтая маленькая мадам, трохі банальная на выгляд?”

“Пантэр, як вы можаце казаць такое! Гэта — (манокль) гэта прыстойная, сумленная жонка правінцыйнага буржуа... (манокль вяртаецца ў стойла) ...добрапрыстойная жонка, маці прынамсі чатырох дзяцей, узгадаваная ў паняцьцях гонару, уласьцівых дробнабуржуазным сем’ям — штонядзелі ходзіць да царквы — гатуе для свайго мужа, цыруе сваім гарэзам нагавіцы й сукеначкі — тут усё ў парадку. “Вызнае вернасьць і сумленнасьць і не адхіляецца ані на цалю... яна — не”.

“Доктар, а вось той?”

“Глядзіце: вось тыповы чалавек грошай нашага часу. У гэтым уся ягоная сутнасьць. Я нават мог бы распавесьці вам гісторыю ягонага жыцьця — так ясна я бачу душу гэтага чалавека. Хапун. Умее трываць удары. Такі ня дасьць сябе ў крыўду. Ён не губляе часу на розную лухту; не чытае кніг; яму пляваць на ўсё, што не датычыць ягонай справы. Перад вамі замэрыканізаваны эўрапеец. Што да кабет, — крыж нябесны! — ужо шостая... Не крыўдуйце — але маю яшчэ неадкладную сустрэчу. Мушу зараз жа ўзяць таксоўку. — Вазьміце грошы! — Рахунак...” — паправіўся ён. Кельнэр падышоў, узяў і пайшоў. Доктар узьняўся.

“Колькі я вам вінен?” — жартам спытаўся я.

“Неаплатна, неаплатна. Усяго добрага! Ну... бывайце!”

Ён пайшоў.

І тады мяне апанавала цікаўнасьць, тады яна мяне апанавала. Усе ахвяры аналізу яшчэ сядзелі на сваіх месцах — усе. Я прабраўся да парцье, якому з-за стойкі добра было відаць усю залю. І я загаварыў зь ім. І нешта з маёй рукі прасьлізнула ў ягоную руку. І я пытаўся. І ён адказваў. І я прыслухоўваўся:

Аўстрыйскі прыдворны аказаўся гандляром швейнымі машынкамі з Гляйвіца. Вялікая прасталытка з комплексам суму — пэўнай місіс Бімштайн з Чыкага, а цяпер да стала падышоў таксама і яе муж, безумоўна, пан Бімштайн. Пракурыст вялікай вінагандлёвай фірмы быў клёўнам Грокам. Пухленькая матуля — гаспадыняй гасьціннага дому ў Марсэлі; нахабны фінансіст — паэтам найноўшае школы; і толькі псыхоляг быў псыхолягам.

Пераклаў зь нямецкай Алесь Пяткевіч

Курт Тухольскі — нямецкі пісьменьнік (Бэрлін, 1890 — Швэцыя, 1935). Крытыкаваў мілітарызм і шавінізм. Пасьля прыходу Гітлера ягоныя кнігі палілі, а самога яго пазбавілі грамадзянства. Вымушаны эміграваць у Швэцыю, ён там неўзабаве скончыў самагубствам. Друкаваўся пад рознымі псэўданімамі. Гэтае апавяданьне выйшла за подпісам Пэтэр Пантэр (1930). Ягоныя кнігі — “Пад пяцьцю псэўданімамі” (1928), “Нямеччына, Нямеччына па-над усім” (1931) ды інш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0