УЛАДА АД ПРЫРОДЫ

 

Нягледзячы на правал у эканоміцы і непрызнаньне беларускага рэжыму міжнароднай супольнасьцю, унутры Беларусі масавага незадавальненьня ўладамі, на румынскі кшталт, ня бачна. Ці нацыя задаволеная?

 

Апраўданьне ўлады

Месье Талейран казаў некалі Напалеону: усім штыхі добрыя, вось толькі сядзець на іх немагчыма. Інакш кажучы, захапіць уладу зброяй можна, а вось утрымліваць адной толькі зброяй — не. Каб рэжым трымаўся стабільна, патрэбная згода падуладных, як мінімум, маўклівая. Самая жорсткая дыктатура патрабуе легітымацыі ў вачах насельніцтва. Можа быць тры легітымацыі ўлады: традыцыйная, рацыянальная і харызматычная. Традыцыйная ўлада заснаваная на адвечным звычаі, яна апраўдвае сябе як дадзеная ад Бога. Рацыянальная ўлада — выраб Новага часу, яна больш ад гэтага сьвету. Ідэя Бога, як яе гаранта, зьмененая на ідэю народу-заканадаўцы. Таму апраўданьне такой улады — законнасьць і эфэктыўнасьць у вырашэньні праблемаў. Бывае шчэ ўлада, заснаваная на харызьме, гіпнатычным прычараваньні лідэра. Яе грунт — толькі захапленьне падуладных. Апраўданьне такой улады ў самім правадыры. Таму пра яе можна казаць — «улада ад лідэра».

 

Жыцьцё ў промнях харызмы

Вызначаючы месца беларускага грамадзтва ў сям’і народаў, нельга абысьці пытаньне ягонай, так бы мовіць, уладнай прыналежнасьці. З разьвіцьцём сэкулярнай культуры Бог у ролі адваката сацыяльна паноўных памёр. Традыцыйная дзяржаўная ўлада на большай частцы Зямлі саступіла месца рацыянальнай. У любым разе, усялякая ўлада, зрынуўшы традыцыйную, з часоў Вялікай Францускай рэвалюцыі выпраўдвала сябе праз служэньне богу Розуму. Так было і ў Расеі ў сямнаццатым годзе. Але па забойстве памазаніка божыя ў новай дзяржаве ўзьнікла не рацыянальная, а квазырацыянальная сыстэма ўлады. Бо ступень рацыянальнасьці ўлады вызначаецца яе эфэктыўнасьцю ў забесьпячэньні ўзроўню жыцьця, абароны і магчымасьцяў вольнай творчасьці грамадзянаў. Але гэта пры ажыцьцяўленьні формулы «ўлада для народу», пры дэмакратыі. У шэрагу істотных пунктаў улада ў Беларусі — зусім не дэмакратычная; па ступені эфэктыўнасьці — зусім не рацыянальная. Што да яе боскага паходжаньня — як бы там ні немагаліся праваслаўныя гіерархі — пры браку належнай рэлігійнасьці насельніцтва ніякія «памазаньні» не дапамогуць.

Застаецца харызма. Пра велізарны патэнцыял харызматычнай улады прэзыдэнта ўжо шмат напісалі. Добра, няхай непарушнасьць пазыцыяў ППРБ і яго апарату дагэтуль забясьпечвалася гэтай харызмай. Але нават калі параўнаць колькасьць галасоў за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах з колькасьцю галасоў супраць і колькасьцю тых, хто не хадзіў галасаваць, застанецца добрая частка насельніцтва, на якую яго харызма ня дзейнічае. Незадаволеная цяперашнім узроўнем жыцьця, бясьпекі й магчымасьцяў самарэалізацыі, гэтая частка паціху расьце, але ж трывае, маўчыць. Магчыма, таму што запас трываньня яшчэ ня вычарпаны. Але недзе ў Лацінскай Амэрыцы, ды нават у Румыніі пры такой поўнай неэфэктыўнасьці эканомікі, плюс узурпацыі ўлады, плюс бяспраўі людзей атмасфэра ўжо накалілася б да белага. У нас жа палітычныя замаразкі. Пэўна, клімат ня той. Ці мэнталітэт. Хіба што прэзыдэнцкія выбары трохі разагрэюць сытуацыю.

 

Легітымацыя не да канца

З часткай беларускага грамадзтва, якая падпала пад чэпкія чары прэзыдэнта й нястомных афіцыйных СМІ, здаецца, усё зразумела. Яе паводзіны ўкладваюцца ў клясычную схему легітымацыі палітычнай улады, прапанаваную Максам Вэбэрам. Крыху дзіўна паводзіць сябе іншая частка. Дакладней, яна ніяк сябе не паводзіць. Хоць знае, што дэмакратычныя краіны адназначна не прызнаюць рэжым Лукашэнкі. Дадамо, што легітымнымі ў поўным сэнсе слова могуць лічыцца толькі традыцыйная ці рацыянальная ўлада, бо яны сыходзяць ад самога грамадзтва, яго чаканьняў і прэфэрэнцыяў. Харызматычная ўлада перагружаная суб’ектыўным чыньнікам. Яна зручная для таго кіраўніка, які хоча атрымаць яшчэ большую ўладу, але зь цягам часу яе ўсё больш будуць ацэньваць з гледзішча эфэктыўнасьці альбо традыцыйнасьці. Нашая не ўпісваецца ні туды, ні сюды. У духоўным дачыненьні яна яшчэ больш безгрунтоўная, чым улада КПСС. Штодзённае выкарыстаньне зашмуляных ідэалягемаў саўка дазваляе ацаніць гэтую ўладу як у нечым традыцыйную, хаця больш слушна было б сказаць — квазытрадыцыйную. Бо ў сутнасьць любога таталітарызму ўваходзіла разбурэньне традыцыйных вартасьцяў. Казаць аб посттаталітарным грамадзтве як традыцыйным можна толькі зь велізарнымі агаворкамі.

Харызматычная ўлада прыбіраецца то ў традыцыю, то ў рацыянальнасьць, але прытым па сваёй сутнасьці застаецца безгрунтоўнай, прамежкавай. Чатыры гады на харызьме. Пара б ужо легітымізаваць сябе па ўсіх правілах. Але з аднаго боку не атрымліваецца, а зрэшты — ня надта й трэба. А навошта? І так добра. Народ жа маўчыць.

 

З апорай на нішто

Напэўна, будучыя сацыёлягі й палітолягі будуць распрацоўваць на нашым прыкладзе новую канцэпцыю палітычнае ўлады. Магчыма, гэтаму тыпу ўлады дадуць найменьне «нэгатыўна легітымізаваная».

Рэч у тым, што значная частка беларускага грамадзтва не ацэньвае ўладу ў катэгорыях законнасьці-незаконнасьці. Улада ўспрымаецца як самадастатковая дадзенасьць. Для процьмы нашых суайчыньнікаў яна ня ёсьць зьявай сацыяльнай, хутчэй гэта нешта накшталт прыроднай зьявы, такой як зіма, навальніца, паводка, паморак на сьвіньні. Такая ўлада не падпадае ні пад формулу «ўлада ад Бога», ні пад «улада ад народу», ні пад «улада ад лідэра». Ёй хутчэй пасуе формула «ўлада ад прыроды». Прыродныя зьявы ня маюць патрэбы ў апраўданьні з чалавечага гледзішча. Яны ёсьць, і ўсё. Прыродныя законы не мяняюць, да іх прыстасоўваюцца. Вось і эвалюцыя значнай часткі беларускага насельніцтва традыцыйна ідзе ня шляхам барацьбы, а шляхам адаптацыі.

Дагэтуль Беларусь застаецца ў ценю эсхаталягічных мітаў камунізму. Адсюль і мэнтальнасьць — міталягічная на новы лад. Як у першабытным сьветапоглядзе, зьявы сацыяльнага сьвету і зьявы прыроды беларусамі не разрозьніваюцца. Сацыяльная рэчаіснасьць атрымліваецца як бы другой прыродай. Тое, што адбываецца ў гэтай другой прыродзе, гэтаксама мала залежыць ад волі й жаданьняў канкрэтнага чалавека, як і ў сапраўднай прыродзе. Ментавіта такое разуменьне грамадзтва і яго гісторыі прышчаплялася пакаленьням савецкіх людзей праз прапаганду вульгарызаванага марксізму зь яго ідэяй жалезнае гістарычнае заканамернасьці. Менавіта такое ўспрыманьне сацыяльнай сыстэмы ствараецца ў таго, хто знаёмы з савецкай і постсавецкай бюракратычнай машынай. Жыцьцё простага чалавека пранізанае абсурдам на пабытовым узроўні. Здаровы сэнс і абсурд зьмешваюцца.

Сьвет саўка — гэта ня больш-менш ясны й разумны сьвет, а сытуацыя татальнай непрадказальнасці. Схавацца ад гэтай гранічнай неўкаранёнасці ва ўласным лёсе можна толькі ў моцнай ідэалёгіі, якая б давала простыя й ясныя адказы на ўсе сумненьні, турботы; у рэлігіі, якой у савецкі час не спрыялі; ці ва ўласным высокаарганізаваным унутраным сьвеце, чаго дасягалі адзінкі. Але ж уласна сацыяльная рэчаіснасьць не ўспрымалася чалавекам як сваё, сваімі рукамі створанае чалавечае асяродзьдзе, у якім можна кантраляваць падзеі. З 90-га году тут мала што зьмянілася. Шматлікія грамадзяне Беларусі дагэтуль не ўспрымаюць дзяржаўныя і грамадзкія інстытуты як вынік чалавечай дзейнасьці. Сучасны рэжым усяляк паразытуе на гэтай рысе постсавецкага сьветапогляду. Бо калі палітычная ўлада ўспрымаецца як існая ад прыроды, то і ўзьдзейнічаць на яе ва ўласных інтарэсах — гэта, на ўзроўні саўковага здаровага сэнсу, усё адно што кіраваць надвор’ем. Паняцьці прычыны і наступства ў міталягічнай рэчаіснасьці саўка не існуюць.

У гэтай міталягічнай рэчаіснасьці, у пустэчы паміж харызмай, традыцыяй і законам, і ўладкавалася цяперашняя ўлада. Улада, заснаваная на недахопе здаровага сэнсу, недахопе палітычнай і любой культуры. Улада, заснаваная не на ідэі традыцыі ці закону, а на іх адсутнасьці. Улада ад пустэчы.

Аляксей Маковец

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0