У інтэрвію журналістам краінаў G8 У. Пуцін паведаміў, што за атрыманьне Кіевам у 90-я газу па льготных цэнах, расейскі газ для ўкраінцаў у будучыні будзе прадавацца па цэнах, даражэйшых за рынкавыя на 12-17%. Залежнасьць Беларусі ад паставак расейскага газу нашмат большая. Ці ня ёсьць гэта нагодай для паўтарэньня агучанага расейскім прэзыдэнтам сцэнару ў дачыненьні да свайго найбліжэйшага хаўрусьніка? Камэнтар экспэртаў.

Тацяна Манёнак, аглядальнік газэты «Белорусы и рынок»: Цаной працяглых перамоваў беларусы атрымалі даволі лагодныя і празрыстыя ўмовы паставак газу на наступныя чатыры гады. Асаблівасьці міждзяржаўных стасункаў не дазволяць Расеі ў найбліжэйшай пэрспэктыве выставіць ці не адзінай на сёньня саюзьніцкай краіне такія патрабаваньні. Украіна ўжо вызначылася ў сваім кірунку, што, здаецца, незваротна. Гэтым і тлумачыцца такая пазыцыя Расеі. Беларускае кіраўніцтва пакуль ня мае выразна акрэсьленай канцэпцыі напрамку разьвіцьця краіны. Вядзецца гульня, гандаль за лепшыя ўмовы, і пакуль што ён удаецца. Такая сытуацыя пакуль задавальняе абодва бакі.

Віталь Сіліцкі, палітоляг: Украіна атрымлівала з Расеі толькі 20% газу, дый тое кампэнсавала яго кошт паслугамі за транзыт. Таму ў яе ёсьць усе магчымасьці канчаткова пераарыентавацца на іншыя крыніцы атрыманьня энэргарэсурсаў. Беларусь на 100% залежыць ад паставак расейскага паліва. Таму ў нашым выпадку сцэнар можа быць нашмат больш жорсткі. Хіба гэты ціск ня будзе вельмі відавочны цягам часу, покуль будуць дзейнічаць апошнія міждзяржаўныя дамоўленасьці. І найхутчэй гэтым пытаньнем будзе займацца новае расейскае кіраўніцтва.

Натальля Тагановіч, загадчыца сэктару праблемаў паліўна-энэргетычнага комплексу Інстытуту эканомікі Беларусі: Наша краіна мае вельмі прывабнае геапалітычнае становішча, асабліва гэта датычыць пытаньняў транзыту. Таму для нас дачыненьні з Расеяй у сфэры паставак паліва будуць у цэлым спрыяльныя заўсёды.

Запісаў Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0