БІБЛІЯТЭКА


 

Да гiсторыi дыпляматыi

 

Алесь Алехнiк. Пад бел-чырвона-белым (memento patriam). — Вiльня: Выдавецтва Таварыства Беларускай Культуры «Рунь», 1999. — 224 с.

Зерне нацыянальнае сьведамасьцi можа запасьці ў чалавечае сэрца па-рознаму. Нехта, начытаўшыся кнiг, сам выпешчвае яго ў сабе. Іншы прымае гэтае зерне зь сяброўскiх рук, iмкнучыся сьпялiць яго супольна. Але, бадай, невынiшчальным становiцца гэтае зерне, калi пасеянае яно родным, крэўным духам. Алесь Алехнiк згадвае: калі яму было блiзу чатырох гадоў, ягоны дзед, Каленiк Алехнiк, на ўнукавы роспыты адказаў: «Мы беларусы!» А.Алехнiк, аўтар новае кнiгi, — адзiн з выбiтных дзячоў беларускай эмiграцыi, генэральны сакратар Беларускага Аб’яднаньня Аўстралii.

Лёс А.Алехнiка, якi нарадзiўся на Пiншчыне, за чатыры дзясяткi кiлямэтраў ад колiшняе польска-савецкае мяжы, пакручасты й складаны, сьведчыць пра трываласьць перакананьняў таго пакаленьня беларусаў, што спасьцiгалi беларускую школьную навуку ў несавецкiх школах. Пасьля было ўцякацтва, лягеры ў Нямеччыне, змаганьне за навуку. I, нарэшце, берагi далёкае Аўстралii, што стала домам яму й бацькам. Але й на iншым канцы сьвету гэты чалавек штодзённа працаваў дзеля Беларусі.

Пачаткам сваёй зьнешнепалiтычнай дзейнасьцi сп. Алехнiк называе 1948 год, калi яго, дзевятнаццацiгадовага хлопца зь лягеру Мiхельсдорф, улучылi ў Беларускую рэпрэзэнтатыўную службу на эмiграцыi. У ягоныя абавязкi ўваходзiла пашырэньне праўды пра Беларусь сярод людзей рознае нацыянальнасьцi, што воляю лёсу апынулiся памiж межаў i дзяржаваў, у лягерох для «перамешчаных асобаў». Пазьней, у Аўстралii, зь сярэдзiны 50-х сп. Алехнiк, якi ачольваў тутэйшую беларушчыну, стаў адным з актывiстаў Антыкамунiстычнага блёку народаў, шматкроць абiраўся дэлегатам на кафэрэнцыi Антыкамунiстычнай лiгi народаў Азii, Сусьветнай антыкамунiстычнай лiгi i Сусьветнага антыкамунiстычнага аб’яднаньня. Менавiта дзякуючы яму ў рэзалюцыях гэтых арганiзацыяў абавязкова гучала патрабаваньне незалежнасьцi Беларусi.

«З таго вопыту, якi я ўжо здабыў, удзельнiчаючы ў розных мiжнацыянальных мiтынгах-нарадах, я знаў, што слабога, нерашучага, заўсёды наракаючага нiхто не любiў i любiць ня будзе».

Спадар Алехнiк нястомна навязваў мiжнародныя кантакты, даносiў беларускi боль i цьвёрдае перакананьне ў незалежнай будучынi нашае краiны да самых далёкiх куткоў сьвету, лiстваўся й абменьваўся iнфармацыяй з калегамi зь дзясяткаў краiнаў на ўсiх кантынэнтах. За гады грамадзкай дыпляматычнай працы ён меў сталыя дачыненьні з прэзыдэнтамі і прэм’ер-мiнiстрамi Аўстралii, Паўднёвага Віетнаму, Карэi, Фiлiпiнаў, Вялiкай Брытанii, Лiтвы (К.Прунскене), Харватыi, старшынём Сэйму Лiтвы В.Ландсбэргiсам, ангельскай каралевай Элiзабэтай II... Невыпадкова ў пасьляслоўi рэдактар кнiгi Алег Мiнкiн кажа: «Мачыма надыйдзе час, калi кнiга А.Алехнiка, вынiк жыцьцёвага шляху й шырокай грамадзка-палiтычнай дзейнасьцi аўтара на карысьць Бацькаўшчыны, стане настольнаю кнiгаю для дыпляматаў сувэрэннай, вольнай i незалежнай Беларусi».

Яшчэ ў 1990 годзе спадар Алехнiк накiроўваў лiсты Кебiчу i Шушкевiчу. Адказ прыйшоў праз два гады, ад кiраўнiка МЗС П.Краўчанкi: «Бацькаўшчына будзе заўсёды ўдзячная за тое, што Вы зрабiлi для яе».

Удзячнасьць была нядоўгаю. I сёньня вэтэран-дыплямат прамаўляе пры канцы свае кнiгі тыя самыя словы, што і 50 гадоў таму: «Сьмерць ворагам i няхай жыве вольная й незалежная Беларусь!»

С.Х.


СУПОЛЬНАЯ БУДУЧЫНЯ

 

«Студэнцкая думка». № 1, 1999. — 40 с.: іл. — Наклад 299 ас.

Калі гаворым пра самвыдавецкі друк, дык найчасьцей гэтая зьява асацыюецца з выданьнямі, што існуюць пэўны час, каб потым зьнікнуць і застацца толькі ў досьледах гісторыкаў. У грамадзтве на іх зазвычай забываюцца, бо іх наклад невялікі ды разьлічаныя яны на вузкае кола чытачоў. Рэдка калі гэткія газэткі набіраюць моц ды становяцца сур’ёзнымі выданьнямі. Але маюцца й выняткі, напрыклад, часапіс «Студэнцкая думка», што выходзіць у Менску зь вясны 1998 году. Гэта ня новае выданьне. Яно мае ажно 75-гадовую гісторыю і гэтым самым вылучаецца сярод ня толькі самвыдавецкага друку, але наагул спасярод іншых мэдыяў. Першы нумар часапісу выйшаў у Вільні ў сьнежні 1924 году ды стаўся пераемнікам зачыненага праз польскія ўлады «Нашага шляху». «Студэнцкая думка» выходзіла як орган Беларускага студэнцкага саюзу, утворанага ў 1920 годзе, ажно да ягонага зьліквідаваньня напрыканцы 1930-х. У прадмове да №1 рэдакцыя гаварыла: «У часе, калі палажэньне Беларускага Народу вельмі цяжкое, беларуская моладзь ня мае права аставацца пасыўнай сьведкаю ў вялікай працы-барацьбе за вызваленьне Беларускага Народу і яго гаспадарсьцьвеннасьці… «Студэнская думка» прадстаўляе агульны кірунак адраджэнскае беларускае моладзі, а дзеля гэтага пры яе пасярэдніцтве ўся сьвядомая беларуская моладзь, ад студэнта высокае школы да малапісьменнага вясковага хлопца ці дзяўчыны, мае прыняць учасьце ў нацыянальнай беларускай працы, у асьведамленьні сваіх несьвядомых братоў і сёстраў, арганізаваньні і г. д.»

Разам зь «перастройкаю» й палітычнымі свабодамі, што зьявіліся пад час распаду савецкае сыстэмы, адрадзілася й «Студэнцкая думка». Гэта быў «грамадзка-палітычны ды культуралягічны часапіс студэнцкага патрыятычнага згуртаваньня «Сьвітанак». Першы нумар таго часапісу выйшаў у сьнежні 1988 году. Пазьней мяняліся шыльды: публікатка суполкі «Сьвітанак», орган студэнтаў Канфэдэрацыі беларускіх суполак, часапісь беларускага нацыянальна-сьвядомага студэнцтва, і нарэшце – орган Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Прыкладна з 1992 году часапіс не выдаваўся й толькі зрэдку абмежаваным накладам сярод «сваіх» распаўсюджвалася пад гэткаю ж назваю газэта.

Што беларускай моладзі, а ў прыватнасьці студэнцтву, патрэбнае было сваё выданьне, у якім адлюстроўваліся б памкненьні й думкі неабыякавых да лёсу свае краіны людзей, гэта заўжды было адкрытае пытаньне. Задумы аднак гэныя ня мелі посьпеху. Увесну 1998 году дбаньнем Задзіночаньня беларускіх студэнтаў зьявіўся пад цьвёрдаю вокладкай часапіс, які не вылучаўся сваім вонкавым выглядам і ніхто ня думаў, што ўлетку выйдзе чарговы нумар, а ўвосень яшчэ адзін… Сёлетні першы нумар уразіў каляроваю вокладкай, што па сутнасьці навінка ў беларускім самвыдавецкім друку.

Галоўная рэдактарка «Студэнцкае думкі» Ірына Віданава кажа, што часапіс ня ймкнецца быць масавым выданьнем ды прыстасоўвацца да чытача, а ёсьць выразьнікам памкненьняў ды шуканьняў студэнтаў-думаньнікаў. Часапіс робіцца высілкамі моладзі «без дапамогі дарослых» і дае магчымасьць выказацца тым, каго не надрукуе ніводнае выданьне з тых, што зараз існуюць. «Студэнцкая думка» выходзіць па-беларуску клясычным правапісам. Галоўнаю праблемаю застаецца пошук чытача. Нялёгка выходзіць на рэгіёны. Вялікім плюсам варта назваць артыкулы праўнікаў – кожнага студэнта хвалююць ягоныя правы й абавязкі. «Студэнцкая думка» – цалкам непалітычнае выданьне, аднак зусім не цураецца праблемаў сучаснасьці. Паколькі часапіс робяць пераважна гуманітары, дык і кірунак адпаведны, але запрашаюцца да супрацоўніцтва аўтары з альтэрнатыўнымі ідэямі.

Некалі «НН» сталася альтэрнатываю савецкай беларускай культуры й выйграла зь ёю «бойку». «Студэнцкая думка», працягваючы традыцыі сваіх папярэднікаў у Заходняй Беларусі, нясе ў моладзевыя асяродкі беларушчыну, не запэцканую ў палітычных авантурах, але з выразным незалежніцкім падтэкстам.

В.М.


ПЕРШАЯ СТАЛІЦА

 

Тарасаў С. Полацак IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 183 с.: іл. — Наклад 1650 ас. ISBN 985-08-0094-1

Першая сталіца — першы Рым беларускай гісторыі — Полацак, дачакаўся яшчэ аднаго апрацаваньня сваёй мінуўшчыны. Праца археоляга С.Тарасава прысьвечаная горадабудаўнічым аспэктам і на палову заснаваная на археалягічным матэрыяле.

У разьвіцьці Полацку вялікую ролю адыгрываў рэлігійны фактар. Першапачаткова, у ІХ — першай палове ХІ ст. Полацак уяўляў сабой невялікае ўмацаваньне і пасад ля яго на рацэ Палата. Горад яшчэ збольшага язычніцкі, прыкметаў хрысьціянства няма. Аднак ня знойдзеныя й паганскія капішчы. Першым паваротным пунктам у горадабудаўнічай гісторыі Полацку стала рашучае ўвядзеньне праваслаўя недзе ў сярэдзіне ХІ ст. На новым, амаль незаселеным месцы ля старога паселішча збудаваны храм Сьв. Сафіі, які на некалькі стагодзьдзяў стаў сапраўдным цэнтрам гораду, умацаваньняў — Верхняга замку.

Наступным пунктам стала Інфлянцкая вайна 1558—1583 г. Горад быў спалены, абарончыя ўмацаваньні разбураныя. Адбудоўваецца Полацак ужо як горад найперш каталіцкі. На спаленым Вялікім пасадзе па-за Верхнім замкам зь яго старажытнымі праваслаўнымі царквамі ўзводзіцца езуіцкі касьцёл Сьв. Стафана — патрона збаўцы гораду, караля Сьцяпана Батуры. Ад касьцёла пацягнулася галоўная вуліца гораду, побач пачалі будавацца новыя каталіцкія храмы, езуіцкі калегіюм. Узьнікае новы горад, эўрапейскі з выгляду, правільнай арітэктуры. Бадай нідзе ў Беларусі панаваньне пэўнай рэлігіі так яскрава не адбілася на горадабудаўнічай гісторыі. Выяўляюцца і некаторыя рысы, што лучаць Полацак зь іншымі беларускімі гарадамі. Гэта бачна ў разьмяшчэньні першай полацкай каталіцкай сьвятыні. Бэрнардынскі касьцёл з кляштарам месьцічы папросту не пусьцілі ў абводы гарадзкіх умацаваньняў, і каталікі былі змушаныя паставіць яго на левым, увогуле нічым не абароненым беразе Дзьвіны. Так спачатку было і ў Наваградку, Пінску, Клецку і інш.

Калі дух увасабляўся ў храмах, то матэрыя — у рынках. На жаль, месцы найдаўнейшых полацкіх таржышчаў ня выяўленыя. У XII—XIII ст. разьмяшчэньне торгу, відаць, было такім, як і ў іншых беларускіх гарадах: па-за ўмацаваным цэнтрам, але побач з уязной брамай і пад яе аховай. Пабудова з канца XVI ст. каталіцкага Полацку азначала і разьбіўку новай рынкавай плошчы паводле эўрапейскага ўзору: у цэнтры новых гарадзкіх кварталаў, геамэтрычна правільнай, упрыгожанай хрысьціянскімі сьвятынямі. Гандлёвы цэнтар збліжаўся з духоўным цэнтрам. Ці ня ёсьць гэта адной з асаблівасьцяў каталіцызму таго часу, зусім не ўласьцівай праваслаўю?

Адна з рысаў горадабудаўнічай гісторыі Полацку і іншых беларускіх гарадоў ацэньваецца ў кнізе як парадаксальная: у іх амаль адсутнічаюць археалягічныя напластаваньні XIV-XV ст. Пэрыяд утварэньня і сталеньня Вялікага Княства Літоўскага, няспыннага росту яго магутнасьці — гэта час заняпаду беларускіх гарадоў. Каб растлумачыць гэта, аўтару трэба было б выйсьці за межы дасьледаваньня горадабудаўнічай гісторыі. Інакш сапраўды парадаксальнай выглядае выснова: «Пачынаючы з ХІ ст. насельніцтва гораду падвойвалася кожнае стагодзьдзе. Бясспрэчна таксама тое, што з ІХ па сярэдзіну XVI ст. колькасьць жыхароў пастаянна павялічвалася». Дзе ж тады заняпад?

Полацак паўстае перад намі перш за ўсё як горад-сьвятыня. Навукоўцы ўжо даўно падлічваюць яго храмы, шукаюць іх магчымае знаходжаньне. Гэтая праца не завершаная, і ў будучыні тут асноўныя спадзяваньні на археалёгію. Згодна зь сёньняшнімі падлікамі, у Полацку да XVI ст. мелася 21 царква і касьцёл, 13 манастыроў і кляштараў. Ніводны беларускі горад ня можа параўнацца зь ім. Цікава, што суб’ектыўнае ўспрыманьне першай беларускай сталіцы як гораду сьвятыняў падмацоўваецца і амаль поўнай адстунасьцю інфармацыі пра манумэнтальныя сьвецкія пабудовы. Дакладна нават невядома, дзе стаяла полацкая ратуша і як яна выглядала. Рэнамэ Полацку як сьвятога гораду псуюць «вал Івана Грознага» і «дамок Пятра І». Першы расейскі цар праводзіў звычайную палітыку калянізацыі занятых земляў, з выдаленьнем мясцовых жыхароў, пасяленьнем на заваяваных тэрыторыях ляяльнага насельніцтва і ўзьвядзеньнем замкаў. Вал Івана Грознага — Ніжні, або Стралецкі замак — у горадабудаўнічай гісторыі Полацку ролі ніякай не адыграў і заставаўся «ваенным гарадком» для маскоўскага гарнізону. Як вайсковая фартыфікацыя ён таксама ніяк ня вызначыўся, бо адпавядаў пазаўчорашняму дню эўрапейскага ваеннага мастацтва. Затое сваю злавесную ролю як помнік чужой уладзе ён грае дасёньня.

Матэрыял па забудове Полацку IX—XVI ст. аказаўся настолькі інфарматыўным, што заўяленае ў назьве кнігі XVII ст. засталося не асьветленым, дык пра яго можна было і не ўпамінаць. Сустракаюцца ў кнізе і фактычныя супярэчнасьці. Сьпярша зазначана: «У час Паўночнай вайны 1700—1721 г. швэдзкія войскі нават не спрабавалі захапіць гэты горад». Пасьля ўзгадана: «На швэдзкім пляне 1707 г., які быў складзены паьсля захопу гораду швэдзкім войскам у 1706 г.». Хіба што ўмяшалася нячыстая сіла, помсьцячы за сьветлы выклад гісторыі сьвятыняў нашай першай сталіцы.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0