СЛОЎНІК ПАКАЛЕНЬНЯ ІКС

 

БУМЭРЫ. Бумэры — гэта пакаленьне, якое зьявілася на сьвет у гады пасьляваеннага дэмаграфічнага буму (1946—1960). Менавіта яны былі стваральнікамі маладзёвай культуры 60-х, а цяпер працягваюць трымацца яе — адсюль спробы інстытуцыялізаваць рок-н-рол і зьяўленьне «Заляў славы герояў рок-н-ролу». Пік уплыву бумэраў на фармаваньне культуры прыходзіцца на 80-я, калі высокі эканамічны й сацыяльны статус гэтага пакаленьня ператварыў яго ў прывабную плацежаздольную аўдыторыю. Ідылічнае ўспрыманьне бумэраў скончылася са зьяўленьнем пакаленьня Ікс. У гэтага новага пакаленьня нянавісьць да бумэраў зь іхным дабрабытам і высілкамі расьцягнуць маладосьць стала своеасаблівым крэда.

СЯМЕЙНЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ. Тэрмін з шырокім значэньнем, які выкарыстоўваецца для ўсіх кансэрватыўных кірункаў і поглядаў — найперш у дачыненьні палітыкаў з моцнымі рэлігійнымі перакананьнямі, якія выступаюць супроць абортаў, сэксуальных меншасьцяў, фэмінізму, свабоднага сэксу. Гэты тэрмін паступова стаў антонімам панятку «альтэрнатыва». Узьнік у 1966 г. у момант уздыму контракультуры моладзі.

МУЛЬТЫКУЛЬТУРАЛІЗМ. Касмапалітычная філязофія, якая адстойвае захаваньне разнастайных расавых, этнічных і рэлігійных асаблівасьцяў насуперак ідэі melting pot-у, якой прытрымліваліся першыя пакаленьні перасяленцаў у ЗША. Частка амэрыканскага істэблішмэнту — кансэрватары і некаторыя лібэралы — расцэньваюць м. як падрыў асноваў заходняй цывілізацыі. Рост афраамэрыканскае і азіятаамэрыканскае сярэдняе клясы і дасягненьні этнічных культураў у розных галінах (аж да моды на вывучэньне ідышу альбо на лацінаамэрыканскую падліву замест звыклага кетчупу) па-ранейшаму актыўна ўзьдзейнічае на навучальныя праграмы і поп-культуру.

МАКДЖОБ. Тэрмін, у 1983 г. уведзены ў карыстаньне «Макдональдзам» для рэклямы сваёй праграмы па працаўладкаваньні інвалідаў. Пад канец 80-х стаў азначаць агульную тэндэнцыю на рынку працы — зрух да работаў нізкай кваліфікавацыі і аплаты, асабліва ў «фаст-фуд»-ах, закусачных тыпу «Макдональдз». М. апісаныя Дугласам Коўплендам у ягоным знакамітым рамане «Пакаленьне Ікс» (1991); з тых часоў гэтае слова шырока выкарыстоўваецца ў газэтнай і тэлевізійнай рэкляме.

СЭРЫЙНАЯ МАНАГАМІЯ. Правільнае сямейнае жыцьцё, але безь вянчаньня й росьпісу; візыты да бацькоў аднаго й другога, сужэнская вернасьць; пасьля — разрыў, і ўсё ад пачатку, але ўжо зь іншым партнэрам. Спалучэньне сужэнскай вернасьці з адсутнасьцю доўгатэрміновых абавязаньняў — гэта й ёсьць с.м., рэакцыя на прынцып «свабоднага каханьня» эпохі сэксуальнай рэвалюцыі. Спэцыфічная рыса с.м. — не адультэр, а разрыў адносінаў. Менавіта гэты тып сувязяў найбольш папулярны сярод цяперашніх 25-гадовых.

ТРАНСГРЭСЫЎНАЯ ЛІТАРАТУРА. Кірунак у літаратуры, які раьзвівае постмадэрнісцкую тэхніку Томаса Пінчана і мінімалізм Райманда Карвэра. Для гэтай літаратуры характэрны зварот да псыхадэліі, памежных станаў сьвядомасьці, зьвязаных з наркотыкамі і сэксам, да хваравітых дачыненьняў у духу маркіза дэ Сада, Уільяма Бэраўза і «Дамавікамэрону» Адама Глёбуса, а таксама да вычварэньняў, уласьцівых забойцам-маньякам. Колькасьць такіх кніг настолькі вырасла, што ў 1994 г. кнігарня «Таўэр» у Нью-Ёрку адкрыла адмысловую сэкцыю т.л., аздобленую ў стылі андэграўндавых лавачак.

WWW — WORLD WIDE WEB (СУСЬВЕТНАЕ ПАВУЧЫНЬНЕ). Найбольш распаўсюджаны сэрвіс кампутарнай сеткі «Інтэрнэт» для стварэньня гіпэртэксту і электронных выданьняў, абмену ня толькі тэкстамі, але здымкамі і малюнкамі. Калі пры канцы 80-х зьяўленьне электронных выдавецтваў папулярызавала якасны друк, стварыліся спрыяльныя ўмовы для яго распаўсюджваньня. Нягледзячы на ўсе вартасьці, з прычыны недастатковай хуткасьці перадачы інфармацыі і абмежаваньняў пры выкарыстаньні рухомых выяваў і гуку WWW пакуль не канкурэнт ТВ. Але сытуацыя можа зьмяніцца, бо стратэгія разьвіцьця «Інтэрнэту» эвалюцыянуе ў бок мультымэдыйнасьці.

СТРЭЙТ-ЭДЖ. Устрыманьне ад наркотыкаў, алькаголю, тытуню, мяса (у некаторых выпадках і ад сэксу), якога прытрымліваецца шэраг нэапанкаў. Ен Маккей і ягоны знакаміты рок-гурт «Фугацы» далі пачатак новай субкультуры — хардкору, які прапагандуе «здаровы лад жыцьця», усё яшчэ папулярны сёньня сярод белых падлеткаў. У 90-х мараль, якая заклікае зрабіць зь сябе «стальны стрыжань», надае асаблівую ўвагу абароне жывёлаў, прыроды ўвогуле, і вэганізму.

ВЭГАНІЗМ. Расьлінная дыета, якая выключае любую ежу жывёльнага паходжаньня. Ня блытаць з вэгетарыянцамі, якія ўжываюць яйкі, сыр, малако. Бацькоў-вэганістаў неаднаразова ганілі за тое, што яны не даюць дзецям збалянсаванага харчаваньня: некаторыя дактары кажуць, што такія дзеці вырастаюць з расстройствамі стрававальных функцыяў.

ПІРСІНГ. Старажытная практыка ў краінах Далёкага Ўсходу, што распаўсюдзілася ў Амэрыцы спачатку ў субкультурах — сярод садамазахістаў, панкаў і мэталістаў, — а затым увайшла ў культуру мэйнстрыму разам з наколкамі, якія раней былі папулярныя ў шэрагу народаў Акеаніі і ў блатным асяродзьдзі. Цяпер праколваюць ня толькі вушы, але й іншыя органы: пупок, храпкі, смочкі, бровы, язык.

БРЭНДЫНГ. Рэдкі экстрэмальны спосаб аздабленьня цела, калі малюнкі выпальваюць на скуры распаленым жалезам, які нагадвае кляйменьне жывёлы. Б. і нанясеньне шнараў узьніклі на левым крыле культуры сучаснага прымітыву ў пачатку 90-х, калі наколкі і пірсінг сталі пераходзіць у зьяву мэйнстрыму і атрымліваць распаўсюджаньне сярод супэрмадэляў і поп-зорак. У некаторых садамазахісцкіх субкультурах абрад выпальваньня кляйма часьцяком здымаецца сьведкамі на відэа і паўстае як рытуал атрыманьня асалоды праз пакуту.

Пры складаньні слоўніку выкарыстаныя зьвесткі з энцыкляпэдыі «Alt.Culture» (London, 1995).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0