Чэслаў Сэнюх:
«Я папрасіўся ў грамадзянства БНР»
Чэслаў Сэнюх — вядомы польскі літаратар, перакладчык і папулярызатар беларускай паэзіі (некалькі апошніх гадоў ён працуе над перакладам «Новай зямлі» Якуба Коласа), жыве ў Варшаве. «Новая зямля ад перакладчыка», паэма Ч.Сэнюха, выходзіць у першым нумары часопісу «ARCHE» сёлета. У 1992-м спадар Чэслаў наведваў рэдакцыю «НН», гутарка зь ім друкавалася ў газэце. А сёньня наш карэспандэнт завітаў да яго ў Варшаву.
Чэслаў Сэнюх: Пачнем з таго, што я зьяўляюся сябрам ЗАІКСу — польскай арганізацыі дзеля абароны правоў кампазытараў, паэтаў, празаікаў ды іншых людзей творчых прафэсіяў. Чэслаў Любча — мой літаратурны псэўданім, бо нарадзіўся я ў беларускім мястэчку Любча.
Ня памятаю ўжо, у якім сваім вершы згадаў, што я выхаванец чатырох славянскіх моваў. Мая мама ведала беларускую, бо яна беларуска, тады польскую, украінскую (доўгі час жыла ў Кіеве) і расейскую. Яна мне сьпявала калыханкі на гэтых чатырох мовах: «Плыне, Вісла, плыне...», «Спі, младенец мой прекрасный...» і гэтак далей. Бацька мой сьпяваў па-нямецку — як колішні аўстрыйскі падданы, бо родам з Падольля. Сам я вывучаў нямецкую ў часы акупацыі разам зь беларускай. Ні польскай, ні расейскай пры немцах ужо не было. Навуку здабываў у беларускай семігодцы, якая месьцілася ў Любчанскім замку, а таксама на панадворку, на вуліцы. Любча была такім, я сказаў бы, міжнародным мястэчкам, чатыры з паловай тысячы жыхароў. Палову складалі жыды, працэнтаў трыццаць — беларусы, у астатнія дваццаць уваходзілі палякі ды іншыя.
«НН»: Што яшчэ помніцца з часоў нямецкай акупацыі?
Ч.С.: Помніцца сяброўства ў СБМе — Саюзе Беларускай Моладзі, як сьпявалі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Песьню-малітву «Магутны Божа» я пачуў упершыню ў Любчанскай праваслаўнай царкве.
«НН»: Хто быў разам з Вамі ў СБМе?
Ч.С.: На жаль, з тых часоў у мяне сяброў не засталося. Пра падзеі той пары добра напісаў знаёмы мне Юры Туронак у сваёй кнізе «Беларусь пад нямецкай акупацыяй».
«НН»: Як даўна Вы працуеце ў літаратуры і над перакладамі?
Ч.С.: З канца 70-х і да пачатку 90-х супрацоўнічаў з маскоўскім часопісам «Советская литература», галоўным рэдактарам якога была дачка пісьменьніцы Ванды Васілеўскай Ева Васілеўская. За беларускую паэзію ўзяўся ў 1982 годзе, калі адзначаўся стогадовы юбілей Янкі Купалы й Якуба Коласа. Дарэчы, Купалавага «Прарока» я чытаў з эстрады ў Любчы і Наваградку яшчэ падлеткам. Хацеў бы сказаць вось яшчэ што. Ёсьць у мяне цікавы дакумэнт — мэтрыка, альбо пасьведчаньне пра шлюб маіх бацькоў, якім яны пабраліся ў Кіеве 1914 году. Сьведкам на шлюбе быў родны брат бацькі, які вярнуў сабе старое прозьвішча. І атрымалася, што бацька мой — Сэнюх, а родны дзядзька — Сэняўскі. А ўсяго ў бацькавай сям’і было пяць братоў і дзьве сястры, якія, як сьведчыць сямейная легенда, сваім родапачынальнікам лічаць літоўскага гетмана Міколу Сэняўскага. На жаль, пасьля полымя войнаў, татальных разбурэньняў і мітусьлівых пярэбараў зь бяды ў гора толькі й засталося, што шлюбнае пасьведчаньне.
«НН»: Дык усё ж кім вы сябе адчуваеце?
Ч.С.: Па крыві я належу напалову Беларусі, напалову — Польшчы. разам з тым, нацыянальнасьць мая — як у Адама Міцкевіча, калі трымацца ў гэтым пытаньні таго падыходу, што вызначаецца яна сьвядомасьцю і ёю ж ствараецца. Між іншым, у верасьні 1998 году я напісаў заяву з просьбай лічыць мяне грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі. Ідэю грамадзянства БНР падтрымліваю ўсёй душою, бо нам у Польшчы вельмі важна ведаць, з кім у недалёкай будучыні мы будзем межаваць: з Расеяй ці ўсё ж зь незалежнай Беларускай Дзяржавай.
Запісаў С.А.
Каментары