Поп-каляніялізм

 

Як пачынаецца незалежнасьць? Хутчэй за ўсё – з разуменьня сваёй выключнасьці, непадабенства да іншых, нават процістаўленьня сябе ім. Гэтае правіла распаўсюджваецца як на людзей, так і на цэлыя нацыі. Умацаваньне самасьвядомасьці звычайна адбываецца разам з барацьбой за нацыянальнае вызваленьне, якую завяршае абвяшчэньне і афіцыйнае прызнаньне незалежнасьці.

Юрыдычна Беларусь сувэрэнная. Пры гэтым наша замежная палітыка сатэлітная адносна Расеі, беларускае сяло працуе вылучна на расейскага спажыўца, беларускае тэлебачаньне – на расейскую ідэю. Быццам да самаўсьведамленьня беларусамі сябе як нацыі з асобнымі інтарэсамі справа не дайшла. Але ж мы жывем у дзяржаве пакуль юрыдычна сувэрэннай. Дзе ж найбольш страчаны сувэрэнітэт?

 

АСКЕПКІ ІМПЭРСКАГА БРАЦТВА

Азірнемся на пачатак 90-ых. Кажуць, з разбурэньнем камуністычнай ідэалёгіі ўтварыўся ідэалягічны вакуум. Пры гэтым не адрозьніваюць вакуум на ўзроўні афіцыйнай прапаганды і ў звычайнай сьвядомасці абывацеля. Для захаваньня ідэалёгіі найбольшае значэньне мае найніжшы ўзровень – тыя неўсьвядомленыя стэрэатыпы мысьленьня, якія завуць здаровым сэнсам. Здаровы сэнс, аднак, гэта ня нешта самаіснае, ён залежыць ад пэўнай культуры. Празь яе засваеньне чалавек адрозьнівае здаровае ад нездаровага.

Калі камуністычная ўтопія зьнікла, засталіся створаныя ёю ў масавай сьвядомасьці культурныя клішэ. Як аскепкі злога чароўнага люстэрка ў казцы Андэрсэна. Камунізм пакінуў па сабе падсьвядомыя штампы, успрыманыя іх носьбітамі як само сабой бясспрэчныя.

Зьвернем увагу: ідэя адзінства беларусаў і расейцаў у выступах беларускага прэзыдэнта ці расейскіх сьпікера Селязьнёва і мэра Лужкова па-сапраўднаму й не абгрунтоўваецца. Проста абвяшчаецца адзінства гістарычных лёсаў.

Эканамісты зь лічбамі ў руках пытаюцца: што атрымае з таго яднаньня грамадзтва цалкам, а ня пара сацыяльных групаў. Як што? Гістарычны лёс, зразумела. І гэткая падмена нацыянальных інтарэсаў на мітычныя гістарычныя лёсы не сустракае непрыманьня ў большасьці людзей. Наадварот, шмат хто ўвогуле не заўважае падмены. Бо зь імі размаўляюць на мове іх здаровага сэнсу. Адной з праўдаў саўка, якія ўспрымаюцца ім як сьвятыя й бясспрэчныя, былі й застаюцца каляніяльныя ідэалягема трыадзінства ўсходніх славянаў і ўспрыманьне ўласнай нацыянальнай культуры абавязкова ў складзе больш вялікага адзінства, атаесамленьне нацыянальнага вылучна з фальклёрам і самадзейнасьцю. Вось на гэтым і паразытуюць інтэгратары.

Акрамя савецкіх штампаў, у беларускім мэнталітэце ёсьць яшчэ фактар, на які натыкаецца нацыянальная самасьвядомасьць. У сучаснай культуры нацыянальная прыналежнасьць – не адзіны значны пункт самаўсьведамленьня. Аўтэнтычна нацыянальная культура ў Беларусі памерла разам з індустрыялізацыяй. Яе замясьціла іншая, тая, у якой усе мы цяпер існуем. Але барацьбіты за беларускасьць не заўважаюць зьменаў і таму церпяць няўдачу за няўдачай.

 

Цень старэйшага брата

Беларусь і Расея гуляюць у палітыка-эканамічную інтэграцыю, якая пагражае нам інкарпарацыяй у Расею на правах губэрні-калёніі. Значная частка беларускай інтэлігенцыі гэта разумее. Але адначасова адбываецца яшчэ адзін аншлюс, малазаўважны, які аднак зайшоў куды далей. Нацыянальную палітыку кампартыі ўжо ў часы застою перакрыў сваёй эфэктыўнасьцю буйны культурны працэс — у Савецкім Саюзе разьвівалася свая масавая культура.

З распадам СССР культурныя запыты ды эстэтычныя перавагі засталіся ранейшыя. Супольнасьць «савецкі народ», разьдзеленая дзяржаўнымі межамі, засталася без ранейшай ідэалёгіі, але з ранейшымі густамі і перавагамі. Калі раней сымбалем еднасьці расейцаў зь беларусамі былі серп і молат, то сёньня гэта шлягеры Пугачовай і кіношныя гіты Гайдая для старэйшага пакаленьня, а маладзейшым, у залежнасьці ад культурнага ўзроўню, ці Алеграва з Кіркоравым, ці Даўлатаў зь Пялевіным.

Ізноў мы апынуліся ў «рускай», зараз ужо не савецкай, а постсавецкай культуры зь яе праклятымі пытаньнямі і адказамі. «Крамроі-нэйрадзюбелі» ня здолеюць супраць адзінага Гарыка Сукачова, «Ляпісы» адны ня зробяць надвор’я ў папсе. Беларуская літаратура застаецца літаратурай для абраных, на мяжы самсябедруку для ўнутранага спажываньня. Народная Аляксандра Марыніна ляжыць тым часам на прылаўках тонамі.

Карацей, сардэчна запрашаем у поп-каляніялізм. Мы, зрэшты, не адны такія. Эўропа таксама адчувае моцны націск амэрыканскай поп-культуры. Амэрыка душыць Галівудам, Расея – Кіркоравымі-Шуфуцінскімі. Але ж Эўропа незадаволеная амэрыканскім націскам, дрыгаецца, спрабуе нечым адказаць. І штатаўцы мусяць здымаць другаякасныя рэміксы на эўрапейскія матывы. У нас жа на расейскі «внедрёж» рэагуюць найбольш па-стравусячаму – галаву ў пясок.

Культурная глеба падрыхтаваная. Расейскі маскульт зьвязвае беларусаў і расейцаў у адзіную непатрабавальную публіку.

 

Прарокі па-за айчынай

Каб ідэя незалежнасьці ўмацавалася ў народнай свядомасьці, трэба вызваліць гэтую сьвядомасьць ад схаваных у ёй ідэалягемаў камунізму. Але старыя песьні аб галоўным будуць вяртацца зноў і зноў, калі іх месца ня зоймуць новыя. Барацьба за незалежнасьць быццам незалежнай Беларусі – гэта таксама барацьба за месца ў культурнай прасторы ўсходнеэўрапейскага рэгіёну.

Паток расейскай папсы не адвесьці ад нашых межаў. І вось пытаньне, на якое трэба адказваць зараз: хто і як у Беларусі можа зрабіць канкурэнцыю расейцам на іх полі, ці то ў папсе, ці ў высокім штылі, як умельствам, так і колькасьцю, каб прагучаць ня толькі ў межах краіны, але, і ў першую чаргу, за яе межамі – як украінскія «Воплі Відаплясава»? Прарокі тады будуць прарокамі ў сваёй айчыне, калі іх прызнаюць прарокамі па-за яе межамі.

Алексей Маковец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0