МОДА НА ЭКСТРЭМІЗМ

 

У мэтро на «Кастрычніцкай», дзе раней тусаваліся панкі-пацыфісты, цяпер зьбіраюцца скінгеды. Фанаты менскага «Дынама» голяць галовы, карыстаюцца сымболікай гішпанскіх фашыстаў і арганізоўваюцца, як нямецкія хуліганы. Расісцкая рок-група «Красные звезды» раве «Russland uber alles», наш сьцёбны «Нэйрадзюбэль» адказвае песьняй «Bielarus uber alles». Купка РНЕ-ПТВ-шнікаў прымусіла пра сябе гаварыць, бо пазаклейвала платы сваім «калаваротам», стылізаванай свастыкай. «Спарыш» «Белага легіёну», таксама стылізаваны, клеяць паверх калавароту. РНЕшнікі з выбрытымі на скронях свастыкамі рэгулярнымі і арганізаванымі налётамі зьбіваюць нэграў і кітайцаў у інтэрнаце Лінгвістычнага ўнівэрсытэту на Варвашэні – міліцыянты, якія там жывуць, баяцца ўмяшацца, хоць гэта іхны, баісься не баісься, абавязак — і пакуль прыяжджае выкліканая імі падмога з пастарунку, нацысты ўжо зьнікаюць. Лібэрал-дэмакраты, атожылак Жырыноўскага, сьпісачна самая шматлікая партыя Беларусі — насамрэч партыя братвы і абшчака. Беларуская моладзь выдае самадрук «Гэта мы», якому ў 1939 годзе пазайздросьціў бы Акінчыц, а эпатажны «Правы рэванш» стае адным з найбольш яркіх мастацкіх праектаў 90-х. Сёй-той з наведнікаў «Нашай Нівы» вітаецца «гайль гітлер» — прыкол.

Мода на экстрэмізм? Тэксты, сабраныя ў гэтым нумары «Нашай Нівы», пацьвярджаюць гэтую моду. «А я пайду па мястэчку, вазьму ў рукі кала і засьпяваю «ла-ла-ла-ла», — сьпявае Вольскі.

Свастыка была сымбалем усяго ангельскага панк-року канца 70-х. Але фактычна моладзь ужывае фашысцкія знакі, надаючы ім іншы сэнс. Моладзь адпрэчвае паноўную культуру хамства і даляра. Запярэчыць ёй найлепш можа тое, што найбольш моцна забаронена і выцясьняецца ў добрапрыстойным сьвеце. Моладзь абірае поўнае адмаўленьне – і апынаецца ў тусоўцы скіноў на «Кастрычніцкай». Мы зьдзіўлена адкрываем, што расісты і экстрэмісты таксама стварылі сваю субкультуру, у тым ліку й расейскія расісты й беларускія экстрэмісты, і што яны зрастаюцца з крыміналам. Якая контракультура больш прыцягальная для моладзі: расейсканацысцкая ці беларуская? Два гады таму адназначна здавалася – наша. Цяпер, гледзячы на шыхток РНЕўцаў, што з расейскай песьняй крочаць на трэніроўку ў Палац воднага спорту ці спартзалю Акадэміі мінабароны... Мы закручаныя, яны простыя. Мы гермэтычныя, яны адкрытыя. Мы ставім моўны цэнз, яны – цэнз здароўя. Мы імкнемся максымальна выкарыстоўваць магчымасьці легальнай працы, падтрымліваем клясычны сярэднеэўрапейскі рух дэмакратычнага супраціву – публічны, грамадзянскі, негвалтоўны; за імі — клясычная паўваенная паўпадпольная арганізацыя. Мы спрабуем ствараць беларускую этыку, яны вызваляюць інстынкты. Фармальна «РБ» – наш дзяржаўны мэханізм, фактычна – іхны. Мы «не бярэм да галавы», яны «не прінімают блізка к серцу». Мы п’ем, яны ядуць.

Агульнаэўрапейская мода на экстрэмізм падмацоўваецца ў нас яшчэ й тым, што ўсё жыцьцё вакол прасякнутае нянавісьцю. Чэргі ў крамах, пашпартныя сталы, аддзелы асьпірантуры, перапоўненыя тралейбусы на Малінаўку ці Кунцаўшчыну, мытня на мяжы – гэта штодзённыя школы нянавісьці, спадчына Савецкага Саюзу. «Красные Звёзды» — група з Кунцаўшчыны... Як і ўсюды ў Эўропе, сёньняшні беларускі экстрэмізм – рэальнасьць спальных раёнаў. «Нянавісьць» Касовіца й «Trainspotting» Уэлша – гэта пра нас. Толькі ў нас спальныя раёны большыя за цэнтар.

Расейскі імпэрскі выклік правакуе беларускі папулісцкі нацыяналістычны адказ. Калі ў 1994-м Статкевіч заявіў, што ЗБВ навядзе парадак і разьбярэцца з засільлем каўказцаў, беларуская інтэлігенцыя прамаўчала. Падтрымліваць экстрэмізм, калі ён свойскі, ці выступаць супраць любога экстрэмізму — вось тэма для роздуму.

Беларускі крайні нацыяналізм у сваіх ідэалах, сымбалях, рыторыцы й мэтадах падобны да свайго візаві – але ў магчымасьцях (бо яны змагаюцца на адным полі) і ў пэрспэктывах таксама. Юнацкі й нацыяналістычны экстрэмізм 90-х загіне, разыйдзецца пад сьціплым шармам буржуазнага дабрабыту, грамадзтва спажываньня, пагоні за грашыма. Пакінуўшы па сабе нешта ў грамадзкай сьвядомасьці... Хутчэй зьвярынае, чым культурнае, хутчэй варожасьць, чым салідарнасьць.

РНЕ – прыватны выпадак, малазначны ў параўнаньні з той падсподнай, фундамэнтальнай нянавісьцю да іншых (каўказцаў, пшэкаў, жыдоў, маскалёў, патлатых, підараў, буржуяў), расьцярушанай па беларускім грамадзтве, якая ёсьць адваротным бокам няўпэўненасьці ў сабе і нянавісьці да сябе і ўласных заганаў. Але РНЕ, раскручваны СМІ, як жупел, якім лёгка напалохаць, стаўся свайго роду сымбалем.

Севярынец спрабуе пераконваць нацыстаў, расплюшчваць ім вочы, рабіць зь іх прыхільнікаў беларускай ідэі. Славамір Адамовіч таксама піша, што «ў адрозьненьне ад лукашызму, расейскі фашызм мае досыць прывабны ідэалягічны рыштунак. Але яго можна і неабходна паставіць на службу беларускай нацыянальнай ідэі». Няясна толькі, чым яны саслужаць. Берасьцейскія скіны, якія аблілі фарбай помнік ахвярам гета, запісвалі ў сваіх дзёньніках «Беларусь па-над усё». Супраць каго яны змагаліся? Калі супраць «усебеларускіх жыдоў», якім казаў славу Купала, дык тых ужо няма. Нацызм і расейскі шавінізм сьцёр зь Беларусі дзясятую частку беларускага народу, самую дынамічную. Дзякуй Богу, ад жыдоў беларусам засталося ня толькі слова «цымус».

Ці маюць прадуктыўны патэнцыял ідэалёгіі нянавісьці і экстрэмізмы, ці гэта толькі ідэі-саркафагі, ідэі-рэакцыі адсталых слаёў на новую рэчаіснасьць? Аб’ектыўна, што беларушчына сёньня – там, дзе адукацыя і талеранцыя. Чым вышэйшы адукацыйны цэнз нейкай групы, тым больш выбарцаў дае яна беларускай патрыятычнай і праэўрапейскай правіцы.

Цяперашняя, быццам бы, беспакаранасьць РНЕ тлумачыцца відавочнай слабасьцю і крызысам БНФ-у, які ад 10 гадоў зусім не мяняецца. Прынамсі, 5 гадоў таму БНФ такога не дазваляў. Зь іншага боку, а што рабіць: выстаўляць патрулі на Варвашэні, на паверсе, дзе жывуць замежнікі? Бо сёньняшнія бравыя нацугі выбіраюць сабе цэлі, якіх няма – нэграў, жыдоў, панкаў. Гэта сьведчыць і пра іх слабасьць, і пра іх неаўтэнтычнасьць, і адсутнасьць мэты. Яны баяцца закранаць мацнейшых і проста капіююць сваіх нямецкіх і расейскіх сяброў, гуляюць у фашызм. У любым разе, змаганьне з фашыкамі не павінна ператварацца ў бойку Казіка і Юзіка на лузе.

Нацыстаў раздушыць дзяржава. Жорстка, за тыдзень. Пасьля траўня, скажам. Бо ідэалёгіі нянавісьці разьядаюць дзяржаву зьсярэдзіны, нацкоўваюць адных грамадзянаў на другіх і тояць пагрозу таго, што некаторыя грамадзяне перастануць лічыць дзяржаву сваёй.

Белмоўным аматарам Боба Фоса іншы раз здаецца, што мы жывем у такім сабе «Кабарэ «Беларусь», на якое вось-вось абрынецца бязьлітасная рэчаіснасьць, але гэта толькі страхі (і тактыка РНЕ – падтрыманьне гэтага страху: надрукаваў журналіст «Звязды» рашучы артыкул пра РНЕ пад псэўданімам, яны тут жа прыходзяць у рэдакцыю, выпытваюць, маўляў, «мы хацелі б пагаварыць, патлумачыць»). Аднак, як казаў мой дзед, «фашыстыя то былі фашыстыя , але прыбіральні ў іх былі чыстыя», а цяпер, дастаткова зайсьці ў прыбіральню ў «штабе» РНЕ...

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0