«РУССКИЙ ПРОРЫК»,
або каго ў Менску толькі няма
Маларослы маладзён зь яўным напалеонаўскiм комплексам выходзiць на сцэну i сьпявае пра «славный 37-ой», «жидов», «красное колесо» i «русский прорыв», а некалькi тысячаў юнакоў з паголенымi галовамi ў а-ля вайсковым адзеньнi або зь бела-сiнiмi шалiкамi дынамаўскіх фанатаў зачынаюць свой зьдзiчэлы пога і пярэднія дзясяткі ўскiдваюць у фашыстоўскiм прывiтаньнi рукі. Гэта канцэрт «Красных Звёзд» (або скарочана, «КЗ»). «Russland uber alles!» – равуць яны...
«КЗ» – менская група, але карані яе сьлед шукаць ня ў Менску, а ў далёкiм сыбiрскiм Омску, дзе ад сярэдзiны 80-х iснуе «Гражданская Оборона» i Ягорушка Летаў па мянушцы «Дохлы». Ён i ягоны «Гр.Об.» стваралi саўковую панк-культуру, i менавiта іхная манера выкананьня паўплывалi на музыку драбнейшых гурткоў на постсавецкай прасторы. Дзесь пры канцы 80-х песьнi «Гр.Обов» лабалi ў кожным двары, але тады яны былi скiраваныя супраць саўка, сыстэмы, камунiзму (узгадайма самае вядомае - «Всё идёт по плану»). Калi развальваўся СССР, Ягору было не да палiтыкi, бо яго, як кажуць, больш непакоiлi «грыбкi» [галюцынагены]. Але ў 93-м ён iзноў прарываецца да мiкрафону і абвяшчае сябе «советским националистом».
У тым самым 93-м два пацаны з Кунцаўшчыны, Уладзiмiр Селiванаў i Жэня Бялоў, стварылi праект «Нарцисс» (па мянушцы першага), які пазьней быў перайменаваны ў «Красные Звёзды». Праўда, Селiванавым Уладзiмiр стаўся толькi ў 1994, а да гэтага ён быў Аўраменкам. Ходзяць легенды, быццам прычынай зьмены прозьвішча была гiсторыя палкага каханьня, а тое, што ў тым самым 94-м павесiўся адзiн з музыкаў «Гражданской Обороны», iзноў-ткi Селiванаў, - простае супадзеньне. Аднак дадаюць: не малую ролю адыграла i тое, што «Селиванов не любит ни хохлов (-ЕНКО), ни жидов (Аврам-)». Як той казаў: iмя - нiшто, iмiдж - усё. (Дарэчы, рытм-гiтарыст «КЗ» Дзянiс Савiк - грамадзянiн Iзраілю, якi жыве памiж Менскам i Сьвятой Зямлёй, адкуль iмпартуе розныя «цялегi», кшталту таго, што, «зубр» на iўрыце значыць «х...й». Нацыянальнасьць Дзянiса, аднак, не замiнае яму быць падпявалам галоўнага антысэмiцкага хору РБ).
Апроч самога Селiванава, палiтыкай у групе асаблiва нiхто не цiкавiцца, хутчэй нават сьцябуцца зь яе. Яны проста п’юць гарэлку ды граюць музыку, пагарджаючы, аднак, усім беларускім, г. зн., «местечковым». Уласны комплекс «местечковости», а таксама адсутнасьць належнай цікавасьці да іх творчасьці гонiць iх, як «Ляпiсаў», у Маскву, дзе iх ведаюць лепш, чым у нас, i дзе іх касэты разыходзяцца накладамi да 10 тысячаў.
Летась яны сышлiся зь вядомай савецкай паэткай Аляксандрай Пахмутавай ды ейным мужам Дабранрававым, якiя былi ў захапленьнi ад «талантливых ребят из Белоруссии». Пахмутава перадала iм правы на выкарыстаньне сваiх песень (пляткараць, нiбы кампазытарка, у свае семдзесят з гакам, часта наведвае розныя саветафiльскія сэйшны, як некалi вэтэраны — пiянэрскiя зборы).
Падтрымлiваюцца цесныя кантакты i з Дохлым. Той два гады таму прыяжджаў па «КЗ»-шным запрашэньнi ў Менск, быў сустрэты хлебам-сольлю ды чырвона-зялёным сьцяжжам, адмовiўся сьпяваць у «РИФ-клубе» з-за таго, што там праводзiўся «Рок супраць фашызму», лаяўся матам, пiў гарэлiцу, а потым валяўся п’яны на неабсяжных берагох Камсы. Сёньняшнi Летаў зарабляе грошы: ён ужо дакладна ведае, што казаць у iнтэрвiю i што сьпяваць на канцэртах. Увесну ён iзноў прыедзе ў Менск, а потым адразу пашыбуе ў турнэ па ЗША, «ад Вашынгтону да Арэгону», дзе, паводле неўдакладненых зьвестак, мае грэбцi па 4000 баксаў за выступ.
А дзе ж бяруць грошы «Звёзды»? Канцэрты ў Менску - рэч малапрыбытковая, дый за канцэрт «КЗ» могуць атрымаць больш штрафаў, чымся грошай. Тут варта згадаць пра адну немузычную постаць - выканаўчага дырэктара «КЗ» Мiхаiла Рэзьнiка, якога самыя члены групы клiчуць за сьпiнай «шклоўскім калхозьнікам» (хоць ён i з Чавусаў!), i якi сапраўды нiяк ня можа пазбыцца беларускага акцэнту, што так не пасуе iмiджу гурта. Раней Рэзьнiк быў звычайным «спэкулём», матаўся ў Маскву, i яго часта можна было пабачыць на «Дынаме», дзе ён пад сьцягам Чэ Гевары гандляваў псэўдаандэграўдавымi прыбамбасамi. Цяпер ён ачольвае «студию революционного творчества «ГУЛАГ-Records» ды «контору «Боты, Резник и Сыновья». Асноўны прыбытак, аднак, дае продаж касэтаў (не «КЗ»-шных), якiя Рэзьнiк буйнымi партыямi цягае з Расеi i прадае на «Трубе» (пераход на станцыi «Кастрычнiцкая»). Тамсама можна сустрэць i iншых музыкаў групы ў атачэньнi сьвiнгедаў, малалетнiх панiкоўскiх панкоў ды РНЕ-шнiкаў.
Менавiта апошнiя пастаўляюць найбольшую колькасьць фэнаў «Красным Звёздам». Увогуле ж, за час сваёй дзейнасьцi Селiванаў & Со былi заўважаныя ў сувязях з «Национальным Движением Белоруссии», сьпявалi на гайдукевiцкiм юбiлеi ЛДПБ, знаёмiлiся з Замяталiным у СС «Белая Русь» i выбiвалi грошы ў «Прямого Действия» на колiшнi вiзыт «Гр.Обов». У «ПД» Селiванаў стаўся вялiкiм актывiстам i пайшоў бы вышэй, каб у «патронаў» не адбыўся раскол — «КЗ» ж паставiлi на Саевiча, а не на Севу Янчэўскага. Нягледзячы нi на што, беларускага прэзыдэнта Нарцыс працягвае любiць усёй душою, называе мэсіяй i бачыць яго, як i Летаў, на чале Савецкай iмпэрыi. Селiванаў нясьцерпна чакае вяртаньня сьветлага мiнулага, кажучы, што камунізм, — гэта, у першую чаргу, «творчая свабода», што сам ён грае «рускі рэвалюцыйны рок», i што «музыцы, у якой няма ідэалёгіі, забясьпечанае забыцьцё». Нават «Вечерний звон» i «Шумел камыш» «нясуць найглыбейшую ідэю - славянскую, рускую, у якой нашыя карані, зараджэньне ўсяго». (А якую iдэалёгiю тады нясе ў масы «Цячэ вада ў ярок» або «Касiў Ясь канюшыну»?)
«Бярэ» Нарцыс голасам i тэкстамi. Голас у яго i сапраўды глыбокi ды ў нечым iдэалягiчны. А тэксты... Проста прывяду назовы некаторых песень з 30 (!) iхных альбомаў: «Шагает Гулаг», «Империя», «Русский Порядок» i г. д. I словы з гэных песьняў ня выкiнеш: «Светит свастика золотая», «Моя борьба, Mein Kampf», «Русский Порядок набирает силу», «Вперёд шагает смело Русский Прорыв!»... Часам здаецца, што Селiванаў - найвялiкшы антыфашыст сучаснасьцi i сьпявае ён усё гэта, каб распавесьцi пра жахi сыстэмы, спынiць наступ чырвона-карычневае чумы. На жаль, насамрэч усё трохi iнакш...
Музыкi з «Красных Звёзд» цьвердзяць, нiбыта ў iхнай творчасьцi назiраецца адыход ад палiтыкi, ад «русскопорядочности», што акрамя Пахмутавай, яны наладжваюць дачыненьні з маладой маскоўскай паэткай Вiтухноўскай (якую праваабаронцы нядаўна дружна выцягвалі з турмы, куды яе пасадзілі за ўжываньне наркотыкаў). Маўляў, пераходзяць да лiрыкi... Але я ў гэта ня веру: Аўраменку на лiрыцы, хоць i грамадзянскай, доўга ня вытрываць, бо ў свой час ён нават выключна сэнтымэнтальную кампазыцыю «П.Л.Д.» яшчэ аднаго менскага «савецкага нацыяналіста» Арахоўскага зь «Северного Сияния» (экс-»Нюрнбэрг» – красамоўная назва, шкада, што памянялі; таксама менская андэграўндавая група, толькі менш раскручаная, менш радыкальная і не так пранацысцкая, як прасавецкая) умудрыўся аздобiць словамi «Наши автоматы разъяснят, кто за кем!» Лiрыка...
Навасьпечаны дзядуля беларускага народу абяцаў павыдзiраць расейскiм фашыкам ногi, але ўбачыць хоць аднаго РНЕ-шнiка-iнвалiда (галава ня ў лiк) у Менску пакуль не пашэнцiла. ПТВэшнікі з дынамаўскiмi шалiкамi ўсё гэтак жа ашалела скачуць на канцэртах «Красных Звёзд (белорусской эстрады)» з правай рукой наўскiд i, прарэзьлiва вiшчаць сваю ўлюбёную «речёвку»: «Sagen zusammen noch einmal: Sieg Heil! Sieg Heil!» Менск, 1999-ы на двары i «Зiк гайль!...» Такое ўражаньне, што Менск кратны Мюнхену, як ’99-ты год – ’33-му.
Васіль Чурыла