НАЦЫСЦКАЯ КОНТРАКУЛЬТУРА

 

Расейскі чорнакашульнік Ягор Летаў зь ягонай «Гражданской обороной» і «Красные звёзды» абслугоўваюць славянскую расісцкую моладзь. Аналягічныя ім культурныя зьявы выніклі ва ўсіх краінах, дзе існуюць моцныя ідэалёгіі нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасьці. Скін-рокеры, пісьменьнікі, мастакі нацыандэграўнду пераймаюць досьвед дэмакратычнай лібэртарысцкай контракультуры 70-х — 90-х.

Да пачатку 80-х адносіцца ўзьнікненьне руху «Рок супраць камунізму» — яго стварылі скінгеды — фанаты групы «Skrewdriver» і ейнага лідэра Яна Ст’юарта. На скінаў-экстрэмістаў была разьлічаная й музыка групаў «Legion 88» і «Bunker 84». У Францыі ідэалы Нацыянальнага фронту апявае група «Vae victis». У Нарвэгіі група «Burzum» у стылі «блэк-мэтал» просіць у абагоўленага Гітлера, якога яны разглядаюць як мэсію сатаны, каб ён адпусьціў ім грахі. У Амэрыцы іграе цэлая сьціжма музыкантаў-расістаў: у Дэтройце вядомыя гэві-мэталюгі «Rahowa», у Калярада — авангардысты з «Blood Axis», якія натхняюцца ў нечым грэгарыянскім сьпевам, а ў нечым Фрэнкам Запам і «Joy Division». Самы вядомы з фольк-экстрэмістаў — Эрык Оўэнз, што аздабляе свае дыскі свастыкай і не хавае захапленьня Гітлерам. Збліжаецца з усёй гэтай тусоўкай і шэраг нэапаганскіх групаў, якіх шмат у розных эўрапейскіх краінах.

Экстрэмісцкая культурная апазыцыя стварае свае асяродкі, сваю падземную супольнасьць, зьвязаную таксама з крайнімі правымі партыямі і напаўваеннымі арганізацыямі. Ворагі — бяз ворагаў такі рух не існуе — у кожнай краіне свае. У вялікіх гарадох Нямеччыны — панкі, гіпі, лявацкая моладзь, эмігранты. У Францыі — арабы й нэгры. У Амэрыцы — чорныя. У Ольстэры — каталікі. У Польшчы — жыды, цыганы. Гэты андэграўнд мае свае клюбы, кнігарні, кавярні, часопісы. У апошнія гады камунікацыя ідзе таксама праз Інтэрнэт, дзе ніхто й ня думае пра цэнзуру расізму (бо нават парнаграфіі ня могуць даць рады). І калі расісцкія культура і мастацтва прысутныя ў сетцы менш, чым «левая альтэрнатыва», дык толькі таму, што расізм (здаецца, гэта асноўная сёньня ідэалёгія нянавісьці) — ідэалёгія самых цёмных слаёў грамадзтва, якія марудна звыкаюцца з тэхнічнаю навіною.

Сярод выданьняў гэтага кірунку вылучаецца ілюстраваны дэтройцкі «Resistance» (ён таксама ёсьць у Інтэрнэце). На ягоных старонках можна знайсьці вядомыя назвы: «Swastika», «Aryan», «Brutal Attack», Брыжыт Бардо, а таксама здымкі бляндынак плэйбоеўскага кшталту, якія распавядаюць пра тое, як яны ганарацца тым, што яны белыя, і як яны даражаць «сапраўднымі вартасьцямі». Цікава, што на антыфашыстоўскім шэсьці 27 лютага ў Менску адзін з транспарантаў нёс хлопец у шапцы з надпісам «Resistance» — для большасьці беларусаў гэты лягатып нічога ня кажа.

У нацысцкай інды-музыкі ёсьць свае выдаўцы: «Storm Front», «Funk Brothers», «Viking Sounds», «Hate Society Records», «Victory Records» ды іншыя. Паколькі прыстойныя крамы прадаваць такое дабро не наважваюцца, распаўсюджаньне адбываецца пераважна праз сыстэмы «Касэты — поштай» і Інтэрнэт. У многіх гарадох у крайняй правіцы ёсьць свае радыёстанцыі — прыкладам, у Парыжы гэта Radio Courtoisie, — і сеткі продажу відэакасэтаў.

Сярод мастакоў таксама ёсьць расісты-нонканфармісты. Яны звычайна самарэалізоўваюцца ў часопісах-коміксах і малюючы афішы. Творчасьць такіх мастакоў як Алікс, Од, Катрына, Баркэ, Аксэль Фор збліжаецца з эстэтыкай таталітарнага мастацтва 20-х — 50-х гадоў.

Што датычыць слова, дык тут ёсьць каго чытаць і з даўніх аўтараў: ад Ніцшэ да Пікуля, ад Вайнінгера да Сэліна, ад Хамякова да д’Анунцыо і Барэса. Сярод сучасных найбольшую папулярнасьць здабылі тыя, хто піша палітычную фантастыку. Эўрапейскія спэцыялізуюцца на апісаньні наступстваў наплыву эмігрантаў у Эўропу (Філіп Ранда, аўтар раманаў «Заўтра Пуат’е» і «Апакаліпсыс янкі»). Па той бок Атлянтыкі найбольш вядомы стары нэанацысцкі лідэр Уільям Пірс, які выдаў пад псэўданімам Эндру Макдональд раман «Дзёньнікі Тэрнэра». У ім апісваецца, як уладу ў Амэрыцы шляхам перавароту бяруць нацысты: Ізраіль за пяць сэкундаў ядзерным ударам сьціраюць з карты сьвету (пры гэтым удаецца не зрабіць шкоды палястынцам), а белых жанчынаў, што кахаліся з нэграмі, вешаюць на ліхтарах над аўтастрадамі. Кніга вытрымала 20 перавыданьняў. Цяпер яна таксама ёсьць у Інтэрнэце.

Некаторыя артысты сталі ідэаламі крайняй правіцы міжволі, хоць яны і не належаць да нацыандэграўнду. Сярод іх — героі «Х-файлаў» Джыльян Андэрсан і Дэвід Духоўны — мабыць, таму, што яны з сэрыі ў сэрыю змагаюцца зь нейкімі змовамі, і таму зь імі лёгка атаясамліваюць сябе экстрэмісты, і Мэл Гібсан пасьля фільму «Адважнае сэрца». Група ж «Cranberries» палюбілася ім з той прычыны, што іх салістка ўзяла актыўны ўдзел у барацьбе за захаваньне сьмяротнага пакараньня і супраць абортаў.

Усю контракультуру, грунтаваную на ідэалёгіях нянавісьці, лучаць культ сілы, агрэсіўнасьць, антысэмітызм, непрыманьне глябалізацыі, антыазіяцкі і антыафрыканскі расізм, адданасьць паганству або найбольш паганскім элемэнтам хрысьціянства і нацыянальны шавінізм.

А.В.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0