Восіп Мандэльштам
 
***

Маё жыцьцё сухое
Агонь амаль даеў,
Ня каменю затое,
А дрэву ўзношу сьпеў.

І лёгка ўсё і груба.
І з аднаго бруска
І сарцавіна дуба,
І вёслы рыбака. 

Мясіце палям плечы,
Крычыце, малаткі,
Пра рай драўляны — рэчы
Там лёгкія такі. 

***

Ні пра што ня трэба гаварыць,
І ня варта хоць чаму вучыць,

І самоце верыць, як сьпярша,
Цёмная зьвярыная душа:

Хоць чаму ня хоча навучыць,
І зусім ня ўмее гаварыць. 

Маладым дэльфінам па вірах
У Сусьвеце сівым гоніць страх. 
***

У імжы гукам гулкі прытулак.
Лес прагнаў вечны страх за красу.
Лёгкі крыж свой самотных прагулак
Я пакорліва зноў панясу. 

Зноўку да раўнадушнай айчыны
Узьляціць дзікай качкай папрок, —
І да змроку жыцьця я прычынны,
Дзе самотнае ўсё як знарок!

Грымнуў стрэл. Над азёрцам спакойным
Крылы качак цяжэй ад смалы,
І быцьцём зьлюстраваным падвойным
Адурманены соснаў ствалы. 

Неба дзіўнае з водсьветам цьмяным —
Боль, сусьвету стуманены боль —
О, дазволь быць таксама туманным
І цябе не кахаць мне дазволь!

***

О неба, ты мне будзеш сьніцца звонка!
Ня можа быць, каб ты асьлепла зблізку,
І дзень згарэў, як белая старонка:
Панюшка дыму і панюшка прыску!

***

Няхай імёны пышных гарадоў
Слых лашчаць значнасьцю ў зьнікомай мэце.
Ня горад Рым жыве сярод вякоў,
А месца чалавекава ў сусьвеце. 

Ім авалодаць тужацца цары,
Апраўдваць войны сьвятары гатовы,
А безь яго, як тыя сьмецьця сховы,
Нікчэмныя палацы й алтары. 

***

Сёстры — грузь і пяшчота, аднальковыя вашы прыкметы.
Медуніцы і восы прагна ружу сьцяжэлую ссуць.
Чалавек памірае. Пясок астывае нагрэты,
І ўчарашняе сонца на чорных насілках нясуць. 
Ах, пяшчотныя сеткі і важкія соты!
Камень зрушыць лягчэй, чым імя тваё паўтарыць.
Анічога ў мяне акрамя аднае турботы, —
Залатое турботы, як часу паклажу збыць. 

П’ю паветра змутнелае, як цёмныя воды нядужы.
Плугам час узараны, і ружа зямлёю была.
У марудным вадазвароце цяжкія, пяшчотныя ружы,
Ружу грузь і пяшчоту ў двайныя вянкі запляла. 

***
Праз ноч шахраяў грэла сварка —
Ў шынку гулялі ў даміно.
Прыйшла зь яечняю шынкарка;
Манахі выпілі віно. 

На вежы ўзьеліся пачвары,
Чый вышчарам страшнейшы рот?
А ўраньні казанік паджары
Ў палаткі заклікаў народ. 

На рынку звадзяцца сабакі,
Мянялы ляскае замок.
У вечнасьці крадзе ўсялякі,
А вечнасьць — як марскі пясок. 

Яго губляюць панарады —
Ён не трымаецца ў мяхах.
І пра начлег, яму ня рады,
Адну лухту нясе манах. 
***

Забыўся слова зноў, што я хацеў сказаць.
Сьляпая ластаўка пад ценяў столь      прыб’ецца,
На крылах зрэзаных, з празрыстымі гуляць.
Узрушанасьцю сьпеў начны пяецца.

Ня чутна птушак. Цьмян як сам ня свой.
Табун сьвітае грывамі шаўкова.
Пусты чаўнок плыве ў траве сухой.
Між конікаў прытомнасьць траціць слова. 

І ледзь расьце, як храм, на злосьць бядзе,
То раптам здасца звар’яцелай Антыгонай,
То ў ногі мёртвай ластаўкай падзе,
З стыгійскай ласкай і галінкаю зялёнай. 

Відушчых пальцаў сорам ня вярнуць мане
І выпуклую радасьць пазнаваньня.
Рыданьне аанідаў страшна мне
І водзван, і туман, і зьзяньне!

Ва ўладзе сьмертных і кахаць, і пазнаваць,
Для іх і гук у ксты пральецца,
Ды я забыўся, што хачу сказаць, —
Душа пад ценяў столь бясплотная      прыб’ецца. 

Празрыстае ўсё не аб тым цьвярдзіць,
Бо ластаўка, сяброўка, Антыгона...
А на губах, як чорны лёд, гарыць
Стыгійскага прыпамінаньне звону. 
***

Калі з ударамі ўдар сустракаецца,
І нада мною, як кон, 
Забыўшы стому, маятнік гайдаецца,
І хоча быць мне лёсам ён,

Сьпяшаецца, і груба супакоіцца,
І выпадзе верацяно, —
І немагчыма ўбачыцца, дамовіцца,
І не ўхіліцца ўсё адно.

Узоры вострыя пераплятаюцца,
І, ўсё шпарчэй, імпэтней зноў,
Атручаныя дроцікі ўзьвіваюцца
Ў руках адважных дзікуноў...
 

З расейскае пераклаў Рыгор Барадулін
 

Рыгор Барадулін
 
  ВОСІП МАНДЭЛЬШТАМ

Беспрытульны, як восеньскі вецер,
Клаў у дзьверы даверу ксты. 
І ў раку шанцаваньня венцер
Ставіў 
І выцягваў пусты.

І бядачыў, і бачыў зоры
Там, 
Дзе бачылі вугалі.
Утрапёны,
На радасьць хворы
Слухаў,
Як завірухі гулі.

Гналі, мучылі, зьневажалі,
І на неба саслалі.
Там
Можа, будзе боскага жалю
І павагі варт
Мандэльштам...
 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0