Паўночна-Атлянтычны альянс рыхтуе новую дактрыну

 

Калі прадстаўнікі беларускай дэлегацыі ў Штабе вярхоўнага камандаваньня аб’яднаных сілаў NATO ў Эўропе спыталі ў сваіх суразмоўцаў — нямецкіх і амэрыканскіх афіцэраў, ці стаў сьвет пасьля падзеньня бэрлінскае сьцяны, распаду сацыялістычнага лягеру і СССР, больш стабільны, тыя на пэўны час задумаліся, але адказ іх быў кароткім: «Не, сьвет ня стаў больш стабільным. Хутчэй наадварот». Аднак вяртацца ў ранейшую эпоху «стабільнай канфрантацыі» двух лягераў і дзьвюх сыстэмаў ні ў каго асаблівага жаданьня ня выявілася — ні ў беларусаў, ні ў натаўцаў.

Для многіх беларускіх грамадзянаў, выхаваных у часы «халоднай вайны», NATO ўсё яшчэ ўяўляецца ворагам, што бразгае супэрсучаснай зброяй. Але палякі, чэхі, украінцы і дзясятак іншых нацыяў бачаць у NATO эфэктыўную сыстэму калектыўнай бясьпекі. Сьвет непазнавальна зьмяніўся за апошнія дзесяць гадоў і NATO, якому ўжо не супрацьстаіць ніякі моцны праціўнік, зьмяніўся таксама. Сам NATO імкнецца зьмяніць падазронае ці нэгатыўнае ўяўленьне пра сябе, штогод запрашаючы каля 20000 гасьцей у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі.

Грамадзянскія чыноўнікі і вайскоўцы са структураў NATO нават увялі ў свой моўны зварот спэцыяльны тэрмін — «празрыстасьць». NATO прыстасоўваецца да зьменаў у сьвеце, рэфармуючы сваю дактрыну адпаведна патрабаваньням новага часу. Вынікі пошукаў аптымальнай сучаснай мадэлі бясьпекі ў Эўраатлянтычным рэгіёне будуць падведзеныя 23—25 красавіка на саміце NATO ў Вашынгтоне. Гэты саміт будзе ня столькі юбілейным мерапрыемствам, прысьвечаным 50-м угодкам NATO, колькі канцэптуальным.

— Вашынгтонскі саміт адзначыць гістарычную фазу ў эвалюцыі Атлянтычнага альянсу. У Вашынгтоне мы завершым фармаваньне новага аблічча NATO: альянс, якому даручана павышаць стабільнасьць і бясьпеку ў цэлай Эўраатлянтычнай прасторы, арганізацыі з новымі мэханізмамі, прыстасаванымі для выкананьня гэтай задачы, з новымі партнэрамі і новымі мэтамі на ХХІ ст., — так сфармуляваў свае чаканьні ад Вашынгтонскага саміту генэральны сакратар Хаўер Салана.

Стратэгічная канцэпцыя замацуе пераход NATO ад чыста абарончых функцыяў да выкананьня дынамічных стратэгічных задачаў усталяваньня калектыўнай бясьпекі на эўрапейскім кантынэнце, правядзеньня міратворчых апэрацыяў, дапамогі пры ліквідацыі наступстваў стыхійных бедзтваў, барацьбы з пашырэньнем зброі масавага зьнішчэньня, тэрарызмам... Як расказаў прадстаўнік Італіі ў NATO Нікола дэ Сантыс, у праекце новай дактрыны закладзеныя 4 асноўныя накірункі.

Першы: пашырэньне зоны стабільнасьці ў Эўропе праз дыялёг і супрацоўніцтва паміж Захадам і Ўсходам, стварэньне ўсеабдымнай бясьпекі на кантынэнце, уключаючы СНГ і Расею праз праграму «Партнэрства дзеля міру».

Другі: імкненьне NATO ўмацаваць «эўрапейскі складнік» у сфэры бясьпекі і абароны, гэта значыць узмацніць ролю эўрапейскіх краінаў у вырашэньні праблем бясьпекі без прыцягненьня сілаў ЗША і Канады. У прыватнасьці, ужо цяпер сілы эвакуацыі з Косава, якія разьмешчаныя ў Македоніі, складзеныя менавіта эўрапейскімі краінамі. ЗША ня ўдзельнічаюць у гэтых сілах.

— Эўрапейцы бяруць на сябе больш адказнасьці на сваім кантынэнце, і ЗША гатовыя адысьці ўбок ды паглядзець, як гэта ў іх атрымаецца. Цяпер многія амэрыканцы лічаць, што паколькі ў Эўропе не адбываецца нічога складанага, мы павінны крыху дыстанцыявацца. Аднак досьвед паказвае, што неабходнасьць нашай прысутнасьці ў Эўропе ўсё ж ёсьць, — зазначыў палкоўнік Узброеных Сілаў ЗША Слэйтан.

Трэці: рэарганізацыя ваеннай структуры NATO. Пасьля заканчэньня «халоднай вайны» вайсковая насычанасьць Заходняй Эўропы скарацілася ажно на 80%: на 31% скарочаныя Ваенна-марскія сілы, на 45 — Ваенна-паветраныя, у тры разы — да ста тысячаў — скарочаная прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Эўропе. Раней у NATO было чатыры рэгіянальныя камандаваньні, цяпер засталося тры, колькасьць штабоў зьменшылася з 65 да 20. Усё гэта дазволіла ашчадзіць грошы і накіраваць іх на стварэньне мабільных сілаў. Паводле Нікола дэ Сантыса, структура войскаў NATO цяпер шматузроўневая. Першы ўзровень — асноўныя сілы краінаў NATO, якія знаходзяцца ў мінімальнай боегатоўнасьці.

«Цяпер мы ня бачым непасрэднай пагрозы сваім краінам, але нельга выкідаць парасон толькі таму, што сёньня няма дажджу», — зазначае Нікола дэ Сантыс. Другі ўзровень — сілы неадкладнага і хуткага рэагаваньня, якія могуць апэратыўна ўмяшацца ў крызысную сытуацыю згодна з дадзеным ім мандатам. Прыклад іх дзейнасьці — Босьнія. І трэці ўзровень — сілы ўзмацненьня, якія ўключаюцца, калі ўзьнікае сур’ёзны зацяжны крызыс, як у Косаве.

— NATO не патрэбныя болей вялікія танкавыя злучэньні, бо няма пагрозы, супраць якой мы можам іх задзейнічаць, — зазначыў палітычны дарадца італьянскай дэлегацыі пры Эўраатлянтычнай Радзе Франчэска Фаранзоні. — Патрэбнае хуткае ўзаемадзеяньне партнэраў для падтрыманьня міру, патрэбны новы від войскаў — гібрыд звычайных вайсковых фармаваньняў і паліцэйскіх сілаў, якія маглі б забясьпечыць правядзеньне выбараў, свабоду СМІ ў краінах, дзе праводзяцца міратворчыя акцыі і іншае. Такія сілы ўжо былі апрабаваныя ў Босьніі, створаныя яны былі на прыкладзе італьянскіх карабінэраў з самым актыўным удзелам італьянцаў.

Чацьверты: усталяваньне шчыльных адносінаў зь іншымі эўрапейскімі інстытутамі для ўрэгуляваньня крызысаў у Эўропе. Афіцэры NATO прызнаюць, што іх блёк ня можа самастойна вырашаць цяперашнія праблемы бясьпекі, этнічных канфліктаў, распаду дзяржаваў, фінансавай нестабільнасьці і масавых хваляваньняў. Зь іншага боку, супрацоўнікі штаб-кватэры NATO прызнаюць, што для таго, каб альянс мог прымяняць свае сілы для падобных апэрацыяў, патрэбны мандат такіх арганізацыяў як ААН, АБСЭ, якія павінны вызначаць межы адказнасьці NATO ў Эўропе і сьвеце.

Зрэшты, цяпер, пасьля натаўскага ўмяшаньня ў югаслаўска-альбанскі канфлікт, сытуацыя ў Эўропе рэзка зьмяняецца.

Валер Каліноўскі, Брусэль — Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0