Варшаўскае дасье генэрала Вітушкі

 

У другой палове 1930-х гадоў у Варшаве дзейнічала Асьветнае таварыства беларусаў (АТБ). Многія ягоныя сябры былі студэнтамі, сярод іх — Міхал Вітушка, у будучыні асоба легендарная і таямнічая. Вітушка трапіў у Варшаву ў 1934 годзе, праўдападобна, пераехаўшы туды з чэскай Прагі. Ён паступіў у Варшаўскую палітэхніку, каб стаць інжынэрам. Я наведаўся ў Варшаўскую палітэхніку, каб адшукаць у ейным архіве зьвесткі пра беларускага генэрала. Аднак тэчкі Вітушкі ў архіве не аказалася. «Яна загінула ў часе вайны». А ўліковая картка? - схамянуўся я. Яе паклалі на стол.

Не чакаў я, што на гэтым маленькім кавалку паперы можа быць так шмат інфармацыі пра Вітушку!

Па-першае, удалося дакладна ўстанавіць дату ягонага нараджэньня — 5 лістапада 1907 году, і месца — Нясьвіж. Па-другое, зьнімаюцца ўсе прыпушчэньні пра ягоную нібыта ўкраінскую нацыянальнасьць. У картцы запісана: «нацыянальнасьць беларуская… родная мова беларуская... праваслаўны». Аднак дакумэнт не дае адказу на пытаньне, ці скончыў Міхал Вітушка палітэхніку, бо ў ім ёсьць зьвесткі толькі пра два гады ягонай вучобы. Ці не вайсковая служба перашкодзіла яму скончыць студыі?

Што зьнікла разам з тэчкай № 15041? Кароткая аўтабіяграфія М. Вітушкі, пасьведчаньне пра заканчэньне гімназіі з здымкам, мэтрыка, пара фотаздымкаў… Такія дакумэнты захаваліся ў тэчцы яшчэ аднаго сябра АТБ Янкі Гінько. У вайну Гінько ўваходзіў у ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, разам з дэсантам у лістападзе 1944 г. вярнуўся з Усходняй Прусіі ў Беларусь, неўзабаве быў арыштаваны. Магчыма, тое, што Янка Гінько трапіў у рукі НКВД і спрыяла захаваньню ягонай справы. Чэкістам не было патрэбы яе шукаць. А вось да Вітушкі чэкістоўскія кіпцюры не дацягнуліся. Таму ня дзіўна, што ў архіве няма ягонай справы. Яе маглі сканфіскаваць для складаньня «жыцьцяпісу» генэрала. Ня выключана, што пра зьнікненьне дакумэнтаў паклапаціўся сам іх уладальнік летам 1944-га. А можа, дасье Вітушкі і сапраўды згарэла пад час пажару…

Сяргей Ёрш

Матэрыял падрыхтаваны, дзякуючы «Беларускай майстэрні» ў Падкове Лесьнай


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0