Дзе сваё, а дзе чужое?

 

У сёлетнiм чацьвертым нумары газэты сп. Валеры Строкач наважна выказаўся супраць спальшчэньня нашае мовы, патаўраваўшы пры гэтым звыш дзесятка словаў, якiя ён заўважае апошнiм часам у беларускiх выданьнях. З думкаю пра аб’ектыўнасьць я бяру на сябе сьмеласьць пракамэнтараваць вострыя ацэнкi сп. Строкача.

Кур’ёзна выглядае ацэнка лексэмы запальнiчка як «польскага слова». Ведама, што ў сучаснай беларускай лiтаратурнай мове суiснуюць дзьве словаўтваральна аднатыпныя лексэмы запальнiчка i запальнiца. Форма з суфiксам суб’ектыўнай ацэнкi (-к-) натуральная: абазначаецца ў гэтым выпадку машынка, рэч (снастка) маленькая, кiшэнная. Ставячы пад сумнеў магчымасьць ужываньня ў беларускай мове заканамернае й лексыкаграфiчна нармалiзаванае формы запальнiчка, аўтар памыляецца, бяз довадаў залiчаючы знаёмую яму з кантэксту iншае мовы форму да чужых.

Усё часьцейшае ўжываньне ў сучасных тэкстах i жывым маўленьнi лексэмаў рэстарацыя i тэлевiзiя ня можа сьведчыць (пры аб’ектыўнай ацэнцы) пра чыёсьцi мкненьне «казаць на польскi манер». Слова рэстарацыя ведамае ў нашай мове ад старабеларускае пары: яно лацiнскага паходжаньня (ад restauratio “падмацаваньне, аднаўленьне”). Беларуская лiтаратурная мова першае трацiны ХХ ст. зьведала ўжо суiснаваньне рэстарацыi з рэстаранам (з франц. restaurant), што й знайшло адлюстраваньне ў найгрунтаўнейшай лексыкаграфiчнай працы 1920-ых гг. – «Расiйска-беларускiм слоўнiку» С. Некрашэвiча й М. Байкова. Да адкiданьня слова рэстарацыя на моўную пэрыфэрыю спрычынiўся запанавалы ў БССР на доўгiя дзесяцiгодзьдзi расейскi стандарт для беларускае мовы – рэстарацыя вымушаная была састарэць. Вось жа цяпер актывiзацыя гэтага слова выглядае адно вяртаньнем да традыцыйнае лексыкi.

Што да слова тэлевiзiя, дык тут мы маем дачыненьне з звычайным iнтэрнацыяналiзмам (гр. tele + лац. visio). На ўзор частковага расейскага асваеньня телевидение аформiлася й замацавалася ў БССР у 1950-ыя гады слова тэлебачаньне, створанае паводле iншамоўнае словаўтваральнае мадэлi, але пры дапамозе сродкаў беларускае мовы (няпоўная лексычная калька). У савецкiх i постсавецкiх слоўнiках фiгуруе з двух гэтых словаў толькi тэлебачаньне. Тэлевiзiя, застаючыся пакуль без лексыкаграфiчнае фiксацыi, тым ня менш, характарызуецца ўсё шырэйшай прысутнасьцю ў сучасных тэкстах i жывым маўленьнi. Як пакiруецца суiснаваньне беларускiх тэлебачаньня й тэлевiзii, пакажа час.

Сп. Строкач слушна перасьцерагае не iгнараваць «старых словаў», аднак адным з прыкладаў адстойвае нешта процiлежнае. Ён, па-першае, фактычна атаясьняе лексэмы прыкра i крыўдна (а гэта далёка не абсалютныя сынонiмы), па-другое, падводзiць да думкi пра пазычанасьць слова прыкра. Такая думка абсалютна беспадстаўная: папросту праславянскае prikrъ мае працяг у шэрагу славянскiх моваў, у тым лiку польскай. Нашай жа мове ведамая цэлая група словаў з каранёвай марфэмаю прыкр (прыкры, апрыкры, прыкрасьць, прыкраць (а(с)прыкраць), прыкрацца (а(с)прыкрацца)). Вось жа, застаецца толькi заахвочваць да шырэйшага ўжытку пералiчаных словаў.

Крытыкуючы непераборлiвасьць размоўцаў пры выбары лексычных рэсурсаў, сп. Строкач вызначае шчэ два словы - дастаецца варункам i стасункам. Аднак аналiз беларускае гiсторыi гэтых словаў выклiкае нязгоду з крытычнымi ацэнкамi iх бытнасьцi ў лiтаратурнай мове. Так, паводле «Гiстарычнага слоўнiка беларускай мовы», лексэма нямецкага паходжаньня варунокъ (варункъ) Wahrung) ужывалася старабеларускае пары ў трох значэньнях: “умова” (слоўнiкавы прыклад зь Лiтоўскае мэтрыкi: вси станы згодне поступили и уфалили...под таким же обычаемъ и варункомъ), “азначэньне, пастанова” i “ахова, засьцярога”. «Этымалягiчны слоўнiк беларускай мовы» поруч традыцыйнае вэрсii, што адстойвае польскае пасярэднiцтва пры пазычэньнi гэтага слова беларускай моваю ў ХVI ст., падае таксама меркаваньне, згодна зь якiм старабеларускi варункъ трэба выводзiць беспасярэдне зь нямецкага этымону. Якiм бы нi быў характар пазычэньня, слова трывала закарэнiлася, а гэта адлюстравалi ўжо слоўнiкi маладое лiтаратурнае мовы ў першай трацiне ХХ ст. (мiж iншых «Беларуска-маскоўскi слоўнiк» М. Гарэцкага, «Беларуска-расiйскi слоўнiк» М. Байкова i С. Некрашэвiча). У пэрыяд 1930-80-ых варункi апынулiся ў лексычным пасыве лiтаратурнае мовы ў БССР; тым ня менш, гэтая лексэма атрымала стылiстычна неабмежаваную лексыкаграфiчную нармалiзацыю ў пяцiтомным «Тлумачальным слоўнiку беларускай мовы». У сёньняшнiх тэкстах i жывым маўленьнi прыкметна ажыўленыя варункi твораць паўнацэнны сынанiмiчны рад з назоўнiкамi умовы, абставiны, акалiчнасьцi, становiшча i сытуацыя.

Цягам апошняга дзесяцiгодзьдзя аднаўляе свае традыцыйныя пазыцыi й лексэма стасунак (стасункi). Даўняе пазычаньне з польскае мовы, дзе яно зь нямецкага sto?en “штурхаць, пхаць; бiць, цяць”, слова гэтае дзеля сваёй пашыранасьцi ў беларускiх дыялектах увайшло ў актыўны лексычны фонд лiтаратурнае мовы з самага пачатку яе навачаснага ўладкоўваньня. Перажыўшы час лексыкаграфiчнага iгнараваньня, у 90-ыя гады стасункi вярнулiся ў нарматыўныя слоўнiкi беларускае мовы (напрыклад, акадэмiчны «Руска-беларускi слоўнiк»); форма адзiночнага лiку стасунак замацаваная таксама з тэрмiналягiчным значэньнем “лiк, якi атрымлiваецца ад дзяленьня аднае велiчынi на другую” («Русско-белорусский математический словарь», «Тэрмiналягiчны слоўнiк па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» i iнш.). Наагул, беручы пад увагу беларускую культурамоўную практыку ХХ ст., нельга прыняць Строкачавага процiпастаўленьня «чужым» стасункам «нашых» адносiнаў. Рэч у тым, што гэтыя адносiны i цэлая група словаў зь iхнага лексычнага гнязда (адносны, адносна, адноснасьць) ня раз разглядалiся ўдзельнiкамi нацыянальнага моватворчага працэсу як штучныя ў беларускай мове, як прадукт некрытычнага перарабленьня расейскае лексыкi на беларускiм грунце (напрыклад, Вацлаў Ластоўскi называў «адносныя» словы жаргоннымi барбарызмамi: «як быццам нешта... адыходзiць ад носу»). У вынiку, для непадсавецкае лiтаратурнае мовы характэрная тэндэнцыя ўнiкаць «зусiм чужых i дзiкiх», як вызначыў яшчэ ў 1929 г. на бачынах часопiса «Ўзвышша» Антон Адамовiч, адносiнаў, замяняючы iх у залежнасьцi ад нюансаў значэньня беларускiмi дачыненьне, стаўленьне, а таксама (праўда, радчэй) узаемiны i стасункi. Тым часам у беларускай савецкай мове назiралася адваротная тэндэнцыя: адназначна дамiнавалi адносiны. Гэтае слова нагэтулькi трывала ўелася ў лексычную тканiну нашае мовы, што ўжо, бадай, не выклiкае дыскамфорту ў пераважнай бальшынi размоўцаў у Беларусi. Сёньня непажаданыя з гледзiшча беларускага моўнага пурызму адносiны – усюдыiсны кампанэнт сынанiмiчнага раду, дзе, праўда, ужо зусiм ня госьцем пачуваюць сябе й пакрытыкаваныя сп. Строкачам стасункi.

Поруч варункаў i стасункаў трэба спынiцца й на словаўтваральна зь iмi аднатыпнай лексэме пастарунак. Але найперш адна iстотная заўвага, якая датычыць традыцыйна разгляданага ў якасьцi польскае словаўтваральнае прыкметы суфiксу -нак (-унак). Гэтая структурная частка групы словаў нашае мовы – нямецкага паходжаньня (з -ung). Больш за тое, гiсторыя залучэньня старабеларускай моваю паасобных лексэмаў-германiзмаў (рахунокъ, риштунокъ i iнш.) дазваляе выказаць меркаваньне пра самастойнае (магчыма, паралельнае з польскiм) беларускае асваеньне гэтага суфiксу. Вынiкам пашыранасьцi ў народна-дыялектавай мове пазычаных словаў з марфэмаю -нак (-унак) стала стварэньне структурна iдэнтычнай «сваёй» лексыкi (ласунак, мацунак, паправунак i г. д.). Дык жа няма нiчога дзiўнага ў тым, што прынесены праз пасярэднiцтва польскае мовы германiзм пастарунак (ад Postierung “лiнiя пастоў, вартавая ахова”) затрымаўся ў ХХ ст. на беларускай (перадусiм заходнебеларускай) моўнай прасторы i пры гэтым, натуральна, перарос значэньне, зафiксаванае акадэмiчным тлумачальным слоўнiкам (ТСБМ) – “мясцовае аддзяленьне палiцыi ў Заходняй Беларусi да 1939 г.”. Так, паводле «Слоўнiка беларускiх гаворак паўночна-заходняй Беларусi i яе пагранiчча», пастарунак – гэта “пост” (слоўнiкавыя прыклады з Баранавiччыны й Пастаўшчыны сьведчаць пра значэньне “пункт (аддзяленьне, участак) органаў правапарадку”: быў тут мiлiцэйскi пастарунак; нiдалёка быў пастарунак, там дзяжурылi). Нарэшце, за апошнiя гадоў дзесяць пастарунак дайшоў i да прыкметнага ўжытку ў лiтаратурнай мове. Скептыкi могуць суцешыцца тым, што новаўведзенае слова мае апораю шырокае дыялектавае ўжываньне, а таксама ўзбагачае лiтаратурную мову ў сынанiмiчным пляне.

Аўтар успамiнанага допiсу, настройваючы на выкараненьне польскiх элемэнтаў, пералiчае словы, якiя ўжываюць «некаторыя ўжо з польскiм вымаўленьнем». Як такое разумець? Зьвярнемася да прыведзеных прыкладаў. Найперш – назоўнiк хвiля. Гэтае слова (паходжаньнем ад старажытнавышненямецкага hwil (hwila) “час, гадзiна, iмгненьне”), маючы на прасьцягах беларускае мовы некалькi значэньняў (у прыватнасьцi, “бура”, “мяцелiца, завея”, “сварка”), традыцыйна ўжывалася i ўжываецца ў нашай лiтаратурнай мове толькi ў адным значэньнi – “кароткi прамежак часу; момант”. Як бачым, гэтая часавая сэмантыка беларускага хвiля (а таксама заходнеславянскiх chwila, chvile, chvila i часткова ўкраiнскага хвиля) стасуецца з сэмантыкаю першакрынiцы. Трэба падкрэсьлiць, што праўдападобнае пасярэднiцтва польскае мовы ў працэсе засваеньня моваю беларускай слова хвiля ня мела вынiкам нейкiх фанэтычных або словаўтваральных зынакшаньняў – польскiх напластаваньняў.

А вось цi ёсьць польскае напластаваньне шчэ ў адной, прыпiсанай да чужых, форме? Гаворка йдзе пра мейсца з устаўным [j] памiж галосным [е] i зубным зычным [c]. Гэтую форму знаходзiм у шэрагу аўтарытэтных беларускiх слоўнiкаў народна-дыялектавае мовы, як даўнейшых, так i сучасных (у прыватнасьцi, у слоўнiку Насовiчавым, «Вiцебскiм краёвым слоўнiку» Мiколы Касьпяровiча, у вышэйзгадваным «Слоўнiку беларускiх гаворак паўночна-заходняй Беларусi...»). Яшчэ на пачатку 30-ых гадоў нашага стагодзьдзя знаны беларускi лiнгвiст Янка Станкевiч, дасьледуючы групу фанэтычных зьяваў, фiксаваных у межах беларускае моўнае прасторы, зьвяртаў увагу на рэгулярнае паяўленьне ўстаўнога [j] памiж галоснымi [а], [о], [е] i зубнымi зычнымi (войстры, Жойдзiшкi, зайдрасьць, кайстрыца, пляйстар, трэйцi i г. д.). Такая фанэтычная заканамернасьць дазваляе паставiць пад сумнеў традыцыйна культываваны погляд пра перанясеньне формы мейсца на беларускi грунт з польскае мовы. Аднак – тут увага – пры суiснаваньнi ў народных гаворках формаў мейсца i месца для беларускае кнiжна-пiсьмовае традыцыi (i савецкае, i непадсавецкае) характэрны выбар варыянту без устаўнога [j]. Гэта трэба тлумачыць прынцыпам мiжмоўнае дыфэрэнцыяцыi («ня так, як у суседзяў»): упарадкавальнiкi беларускае лiтаратурнае мовы адкiдалi форму мейсца як структурна iдэнтычную польскай miejsce. Вось жа з улiкам гэтае традыцыi наўрад цi выпадае сёньня заахвочваць ужываньне ў межах лiтаратурнае мовы рэгiянальнага беларускага варыянту мейсца.

Яшчэ адно ў Строкачавым пералiку словаў «з польскiм вымаўленьнем» – дзеяслоў сьвянцiць. Тут крытык нарэшце цаляе ў дзясятку. Але ўсё адно нельга не згадаць працяглае гiсторыi беларускага ўжываньня формы сьвянцiць: выйшаўшы з касьцёльных сьценаў, дзеяслоў сьвянцiць прыняўся й без абмежаваньняў ужываўся на ладнай частцы беларускага моўнага абшару. Чужое паходжаньне гэтага слова вiдаць зь неўласьцiвага нашай мове спалучэньня галоснага з насавым зычным (на месцы польскага насавога галоснага e). Праўда, гэты палянiзм i вытворны ад яго прыметнiк сьвянцоны, маючы значную апору ў беларускiх дыялектах, рэгулярна выкарыстоўвалiся й выкарыстоўваюцца сёньня ў мове лiтаратурнай. Больш за тое, i сьвянцiць, i сьвянцоны фiксуюцца акадэмiчнымi беларускiмi слоўнiкамi. І ўсё ж, вiдавочна, пры наяўнасьцi агульнабеларускiх словаў сьвяцiць (асьвячаць) i сьвячоны (асьвячоны, пасьвячоны) абсалютна апраўданымi выглядаюць перасьцярогi ад ужываньня ў лiтаратурнай мове формаў з чужой фанэтычнай прыкметаю.

А як ставiцца да слова самаход у беларускай мове? Сп. Строкач, да прыкладу, iранiзуе: «А адзiн разумнiк напiсаў: самаход. Лепей бы ўжо самавоз прыдумаў». Тым часам акадэмiчны тлумачальны слоўнiк падае назоўнiк самаход ня толькi з спэцыяльным значэньнем, якое датычыць падачы разца або дэталi ў мэталарэзным станку; ёсьць i другое значэньне – “назва некаторых машын i транспартных сродкаў са сваёй цягай”. Сыходзячы з такога значэньня, хiба ж ня можа носьбiт нашае мовы ўжыць слова самаход як сынонiм да словаў аўтамабiль, аўто (аўта)? Упарадкавальнiкi беларускае мовы ў пару нацыянальнага моўнага абуджэньня 1910-20-ых пасьлядоўна iмкнулiся замяняць iншародны лексычны матэрыял (перш за ўсё тэрмiналягiчнага характару) беларускiмi сродкамi. Таму натуральным на той час было слоўнiкавае замацаваньне лексычнае калькi самаход (фр. automobile < гр. autos “сам” + лац. mobilis “рухомы”). Поруч самахода тады паявiлася, дарэчы, цэлая група аднатыпных складаных назоўнiкаў i вытворных ад iх прыметнiкаў на сама- (самарух “аўтамат”, самаўрад “аўтаномiя”, самаўладца “аўтакрат” i iнш.). Бальшыня такiх наватвораў ня выжыла. Адну з прычын гэтага можна бачыць у тым, што мова-арыенцiр з 1930-ых - расейская - ня мела к таму часу калькаваных з уласнарасейскага матэрыялу адпаведнiкаў да названых і шэрагу іншых iнтэрнацыяналiзмаў. У выпадку слова самаход фактарам выкiданьня яго ў пасыўны фонд нашае мовы выступала й шырокае ўжываньне аднамадэльнага samochod у польскай мове. Як вынiк, у ацэнках беларускiх лiнгвiстаў самаход набыў кляймо «палянiзму», а гэта значыла, што безь яго беларуская мова павiнна абысьцiся, маючы на ўжытак усясьветныя аўтамабiль, аўто (аўта). І сёньня, здаецца, трэба прызнаць фактычную адсутнасьць тэндэнцыi на ажыўленьне гэтага слова ў межах лiтаратурнае мовы. Разам з тым, iдучы за ўспамiнанай вышэй слоўнiкавай фiксацыяй i беручы пад увагу гiсторыю лексэмы самаход як у лiтаратурнай мове, так i ў народных гаворках, не выпадае, прынамсi, сьцьвярджаць пра недапушчальнасьць яе ўжываньня ў нашай мове.

Затое ёсьць падставы ўсьлед за сп. Строкачам патлумачыць непажаданасьць ужываньня ў беларускай лiтаратурнай мове двух нядаўнiх пазычаньняў з польскае – словаў плы?та i выкшталцоны. Першае з гэтых словаў, захоўваючы арыгiнальны нацiск, у беларускiм кантэксьце суадносiцца хутчэй з плытом, якім плывуць, чым з кавалкам, скажам, мэталу з плоскай роўнай паверхняю. У адрозьненьне ад грэцкае першакрынiцы plinthos (“цэгла”) i нашае рэалiзацыi плiта, у якiх зычны [л] мяккi, для польскага слова plyta характэрная цьвёрдасьць другога зычнага асновы. Этымоляг А.Брукнэр прытрымлiваўся думкi, што памянёная цьвёрдасьць магла прыйсьцi ў польскую мову з украiнскае (плита). У беларускай мове ненатуральная форма зь цьвёрдым [л] паявiлася ў вынiку перанясеньня на беларускi грунт польскага слова plyta ў адным зь яго значэньняў – “дыск з гукавым запiсам для прайграваньня”. Прыхiльнiкi такога пазычэньня, вiдавочна, ня ведалi пра зробленую больш як паўстагодзьдзя назад сэмантычную кальку - беларускаму слову плiтка было дадзенае новае значэньне паводле сэмантыкi iншамоўнага (польскага) слова (прыклад з тыднёвiка «Бацькаўшчына» (1951. N 76.): Ня раз ужо гаварылася ды пiсалася аб патрэбе насьпяваньня грамафонных плiтак зь беларускiмi песьнямi). Такiм чынам, высьцерагаючыся прыкрага палянiзму плыта, беларускiя размоўцы маюць з чаго выбiраць, каб назваць прайгравальны дыск: побач з традыцыйнай пласьцiнкай ёсьць бездакорная ўласнабеларуская кружэлка, а таксама праiлюстраваная плiтка.

Лексэма польскага паходжаньня выкшталцоны, якая, быццам на заказ, на дзiва порстка прабралася ў маўленчую практыку маладых беларусаў, разьвiла на беларускiм грунце новыя значэньнi. У сёньняшнiм маўленьнi выкшталцоны - гэта зусiм не сынонiм да адукаваны (пол. wyksztalcony “адукаваны; узгадаваны, выхаваны”); носьбiты беларускае мовы, як правiла, ужываюць гэтае слова з даволi шырокай сэмантыкаю – “тонкi, вытанчаны; зграбны, элегантны; дасканалы, адборны; рафiнаваны” (для iлюстрацыi першы-лепшы газэтны прыклад (ЛiМ.1997.N 49): І таму даўно час вярнуць ансамблю колiшнi выкшталцоны выгляд...). Бянтэжыць фанэтычнае аблiчча пазычаньня: гук [ц] на месцы дапiсьмовага спалучэньня tj, якому адпавядае беларускi [ч] (параўн.: сьвяцiць - асьвячоны, гвалцiць - гвалчаны). Вось жа адаптаваная пад заканамернасьцi беларускае фанэтыкi лексэма выкшталцоны ў залежнасьцi ад гiпатэтычнае ўтваральнае базы (калi дапусьцiць магчымасьць iснаваньня ў нашай мове адназоўнiкавых дзеясловаў выкшталцiць або выкшталтаваць) магла б выглядаць так: выкшталчаны або выкшталтаваны. Але цi варта ўвогуле, узяўшыся за польскае слова, утрапёна яго падпраўляць?

Пры канцы гэтых зацемак выкажу перасьцярогу: выносячы вырок таму цi iншаму слову, нiяк не абысьцiся без улiку яго традыцыi ў мове. Трэба памятаць, што зазвычай старыя пазычаньнi – гэта арганiчныя элемэнты лексычнага складу мовы. Абачлiвы падыход пры абыходжаньнi з словамi дапаможа нам, прынамсi, не прымiтызаваць сваёй мовы. Выразаючы чужое, будзьма пiльныя, каб ня выразаць неўспадзеўкi свайго.

Юрась Бушлякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0