Міхаіл Анемпадыстаў, Лявон Вольскі

Narodny Albom

  Дзейныя асобы:

Болек (Баляслаў Качынскі) браты
Лёлек (Леслаў Качынскі)
Юзік — просты й хамаваты
Фрэдэрык Рагойша — зьлёгку звар’яцелы, але вельмі здольны
Зьміцер Костка — упарты ў дасягненьні зьменлівых мэтаў
Браніслава Костка — Зьмітрава жонка
Стась Костка — іхны сын
Паляўнічы — арандатар дробнага фальварку
Лістаноша — усюдыісны
Марка — карчмар
Казік Пясецкі — камэрсант зь Вільні
Адэлька — нявеста Лёлька
Надзенька — тутэйшая
Аліцыя — пляменьніца Паляўнічага, студыюе ў Варшаве
Схоля, Сабіна — ейныя каляжанкі з Варшавы, на працягу ўсяе п’есы не вымаўляюць ані слова
Раман
Вучні Рагойшы, сябрукі й аднагодкі Стася Косткі
Міхась
Першы вайсковец
Другі вайсковец
Трэці вайсковец
Чацьверты вайсковец
1. Летні надвячорак.

На сцэне Болек, Лёлек, Зьміцер Костка, Фрэдэрык Рагойша. Груба  зроблены стол зь негабляваных дошак. На стале піва, куфлі, каўбасы й іншая піўная закуска. 
 

Хлопцы пяюць «Маладое піва». 

МАЛАДОЕ ПІВА

Неяк у дуброве
Неяк у зялёнай
Каштавалі хлопцы
Піва маладое
Піва маладое
У куфлі налівалі
І адзін адному 
Гэтак прамаўлялі:

Першы куфаль піва
Вып’ем за сустрэчу
Вып’ем за сустрэчу
За цудоўны вечар

А па першым куфлі 
Трэба паўтарыць
Маладое піва
Заўсёды шуміць

Вып’ем другі куфаль
Маладога піва
За дзяўчатак нашых
Каб жылі шчасьліва

Трэці куфаль вып’ем
За нас, за малойцаў
Каб сьвяціла сонца 
Ў наша ваконца

А чацьверты куфаль
Вып’ем за сяброўства
Каб канаць у самоце
Нам не давялося

Пяты п’ем за тое
Каб добра жылося
Каб елася смачна
Салодка пілося

Шосты вып’ем моўчкі
За тых, хто ня з намі
Каб ня зналі гора
Каб бяды ня зналі

Сёмы за край родны
Восьмы за Пагоню
Каб гарэлі зоркі
Каб ляцелі коні

П’ем дзявяты куфаль
За добрых людзей
Засьпявайма разам
Гэй-гэй-гэй!

Да іх падыходзіць Лістаноша з торбай для лістоў, газэтаў ды іншае пошты. Лістаноша, натуральна, ва ўніформе.

Лістаноша. За агульным сталом і яда смачней! Ліст зь Вільні да пана Рагойшы! (Аддае Рагойшу ліст, той адразу пачынае чытаць.) Хлопцы, пачастуйце півам. 

Яму наліваюць, ён п’е. 

Болек (летуценна ўзіраючыся ў далячынь). Добрае піва варыць твой бацька, Юзік. Б’е не ў галаву, а ў сэрца.

Зьміцер. Праўду кажаш, Баляслаў. Да бацькі спэцыяльна зь Менску прыяжджаюць піва купляць. Ён сакрэт ведае. 

Юзік. А памятаеш, Зьміцер, як летась на тваім вясельлі пілі мы піва ды й спалілі табе пуню?

Зьміцер. А як жа ж. Так і жывем, бяз пуні.

Юзік. Бяз пуні жыць можна, бязь піва — цяжка. А без гарэлкі дык і жыць няма сэнсу. 

Зьміцер. От жа ж ты, Юзік, сэнс сабе вымысьліў! Гарэлка! Што твая гарэлка! Галоўнае — гэта зямля. Безь зямлі не было б ані гарэлкі, ані нас з табою. Колькі зямля ўсяго дае, а колькі ў ёй яшчэ схавана. Мы па ёй ходзім і нават ня ведаем. Я таму хачу на геоляга вучыцца. Паеду ў Варшаву, Броню з сабою вазьму. Хай таксама вучыцца. Яна ў мяне здольная. 

Болек. А дзе грошы возьмеш на навучаньне? 

Зьміцер. Ведама дзе, у бацькі. 

Рагойша (трымаючы ў руках ліст). А я, хлопцы, паеду вучыцца ў Вільню. На электрыка альбо нават тэлеграфіста. 

Юзік. Хто цябе туды возьме? 

Лістаноша. Як той казаў, языком у Вільні, а галавой за печчу.

Рагойша. Пабачым, возьмуць ці не. Во дазвол на здачу іспытаў ужо далі. 

Юзік. Глядзі, Фрэдзя, каб цябе электрычнасьцю там, у Вільні, ня ляснула. 

Лістаноша. Як той казаў, цырк на дроце. 

Зьміцер. Вунь дзядзька нейкі йдзе. Са стрэльбай.

Болек. Гэта арандатар з фальварку. На жабаў, ці што, палюе? (Грэбліва.) Паляўнічы...

Падыходзіць Паляўнічы. 

Паляўнічы. Дзень добры, хлопцы.

Хлопцы вітаюцца. 

Юзік. Ці што ўпалявалі? 

Паляўнічы. Не, хлопцы, бо палюю я на чорнага зайца, пра якога людзі кажуць, што бачылі, але ўсё выдае на тое, што няма яго ў гэтых лясох. 

Рагойша. Можа, дзе далей, у Налібоках? У Налібоках дык пэўне што ёсьць. 

Паляўнічы. Так ці йнакш, але тут я яго не спаткаў... Ды ўвогуле, неспакойна зараз у лесе. Ідзе да нас навала, і нам яе не абмінуць. 

Болек. Скуль вы гэта ўсё ведаеце, а мы тут сядзім ды нічога не заўважаем? 

Паляўнічы. То прыкладзі вуха да зямлі ды паслухай.
Хлопцы ўкленчваюць і, прыклаўшы вушы да зямлі, слухаюць. 

Гучыць «Ать-два левой». 

***

Ать-два, левой
Ать-два, правой
Наше дело правое
И всем встречным-поперечным
Мы желаем здравия

Выходите, привечайте
С хлебом-солью нас встречайте
Обнимайте, целовайте
Мы свои, вы так и знайте

Не судите слишком строго
Что шагаем мы не в ногу
Вот немного отдохнем
И опять шагать начнем

Ать-два, левой
Ать-два, правой
Наше дело правое
И всем встречным-поперечным
Мы желаем здравия

Зацямненьне. Чуваць голас Юзіка ў цемры: Хораша пяюць. 

2. Хата Зьмітра Косткі.

Стол засьцелены шэрым абрусам. На стале валізка. Ля стала — Браніслава ды Зьміцер. 

Браніслава (гледзячы ў раскрытую валізку). Зьміцер, глядзі сюды. Сала паклала, шынку паклала, хлеба бохан, сальцісона крыху — ты ж любіш, часнык, цыбулю, тытунь, соль, цукар і абразок. 

Зьміцер (ваксуючы боты). Ты мне, Броня, гарэлку забылася пакласьці. 

Браніслава. Нашто табе там тая гарэлка? 

Зьміцер. Тады, любая ты мая жонка, давай з табою цяпер вып’ем аглаблёвую. 

Налівае чаркі. 

Браніслава. А можа, ня пойдзеш?

У хату заходзяць Юзік, Болек, Лёлек — усе з сабранымі валізкамі. 

Юзік. А ці можна да вас? 

Зьміцер. Заходзьце. Ну што, хлопцы, не перадумалі? 

Болек. Не. Разам дык разам. Змагацца дык змагацца. Каб бачыць ворага сьпіну, бі яго ў лоб. 

Юзік. А Рагойша не пайшоў. Рыхтуецца да ўступных іспытаў. Цьфу!

Браніслава. От ёсьць жа ж і ў нашым мястэчку нармальныя людзі! 

Зьміцер. Пэўна ж ёсьць! І ўсе яны зараз у тваёй хаце. Ну што, хлопцы... Па аглаблёвай ды рушым. 

Хлопцы выпіваюць. Браніслава й Зьміцер пяюць «Мы пераможам». 

МЫ ПЕРАМОЖАМ

Мы дапіць не пасьпелі да дна
Як раптоўна пачулі «вайна»
Ты сказаў мне: «Даруй і бывай»
І пайшоў бараніць наш край

Край, ты мой край
Грай гэйнал, грай
Дай веры, дай
І мы пераможам

Мы ў шэрых мундырах
Пад шэрым крывіцкім небам
Перад навалай з Усходу
Станем мурам каменным

Будзем стаяць непарушна
Будзем стаяць непахісна
З намі вера і праўда
З намі Божая Маці

З намі анёл-абаронца
Будзем стаяць бясконца
Пакуль толькі хопіць моцы
Калі яшчэ будзем жывы

Край, ты мой край
Грай гэйнал, грай
Дай веры, дай 
І мы пераможам

3. Тая ж хата празь некаторы час.

У хаце за сталом Браніслава, Адэлька, Надзенька. На стале — кубкі з гарбатаю, печыва, сочыва.

Надзенька. Не сумуй, Броня, вернецца твой Зьміцер. 

Браніслава. Скуль жа ж ты ведаеш, Надзенька, вернецца ён ці не. Аднаму Пану Богу гэта вядома. 

Адэлька. Казалі мне разумныя людзі, што вайна хутка скончыцца. Вось тады яны ўсе й вернуцца — і твой Зьміцер, і Болек, і Лёлек, і Юзік. 

Браніслава. Усё адно мне неяк неспакойна. Лістоў даўно ад яго не было. 

Уваходзіць Лістаноша.

Лістаноша. Будзьце здаровыя, як зімою вада, будзьце багатыя, як улетку зямля. 

Кабеты вітаюцца. 

Браніслава. Ці не прынесьлі вы мне якую кепскую навіну, пане Лістаноша? 

Лістаноша. Ды не, Браніслава, наадварот. (Падае Браніславе ліст ад мужа.) Вось ліст ад пана Зьмітра.

Браніслава (чытае ліст, машынальна гаворачы Лістаношу.) Частуйцеся, пане Лістаноша. 

Лістаноша частуецца гарбатай ды прысмакамі. 

Надзенька. Ну што? Што ён піша? 

Браніслава. Піша, што ўсё добра. Піша, што жывы і здаровы, а як яно насамрэч, толькі Пан Бог ведае.

Браніслава пяе «Матку Боску Вастрабрамску». 

МАТКА БОСКА ВАСТРАБРАМСКА

Халодным жнівеньскім днём
Я кратаю струны халоднай гітары
Скажы, чаму гэты дзень
Пафарбаваны на колер хмары?

Халодным жнівеньскім днём 
Ільлецца дождж на мёртвую пожню
Даруй, але я хачу быць
Сёньня слабой і бездапаможнай

Халодным жнівеньскім днём
Ты так далёка, што ня ўбачыць
Ну, як тут мне не сумаваць
Ну, як тут мне не заплакаць?

Халодным жнівеньскім днём
Адчыняю сэрца браму
Матка Боска Вастрабрамска,
Зьлітуйся над намі

Халодным жнівеньскім днём
Дай крыху цяпла і сонца
Скажы, чаму гэты дзень
Такі халодны, такі бясконцы?

Можа, якраз у гэты самы момант, ляжыць ён цяжка паранены ў полі альбо ў якім шпіталі, і нікому, нікому няма да яго справы... Гэх, Зьміцер мой, Зьміцер... Разлучыла вайна нас з табою, як рыбаньку з вадою. Дай жа ж, Божа, вярнуцца табе дахаты жывым і здаровым. А калі ўжо вернесься да мяне, нікуды болей не адпушчу! 

4. Узьлесак. 

Паходны вайсковы стол альбо пянёк дрэва — імправізаваны стол. На стале — неахайныя рэшткі закускі й выпіўкі, рознакалібэрны посуд. Лёлек, Болек, Зьміцер ды Юзік у вайсковым адзеньні з чаркамі ў руках ды стрэльбамі за сьпінамі выконваюць песьню «Эх, змагаліся мы...» Пасьля гэтага падымаюцца, сыходзяць у кірунку Копыля. 

***

Эх змагаліся мы
Ох стаміліся
Моцна біліся
Запыліліся

Пад крывой сасной
Прыпыніліся
На сыру зямлю
Заваліліся

Пад крывой сасной 
На сырой зямлі
Мы палёжвалі
Ды віно пілі

Эх па чарачцы
Ды па малюсенькай
Эх па шкляначцы
Ды па паўнюсенькай

Эх па куфэльку
Ды па глінянаму
Эх па цэбрыку
Ды па драўлянаму

Эх па вядзерачку
Ды па дзевяцілітроваму
Эх па дзежачцы
Ды па бяздоньненькай

Эх па цыстэрначцы
Ды як хацелась выпіць нам
Але труба на жаль
Нам падала сыгнал

Мы як штыкі
Зь зямлі паўскоквалі
І крокам рушылі 
Ў кірунку Копыля

5. Памежны лес. 

На пяньку сядзіць Паляўнічы. Нешта піша ў нататніку. Паляўнічы падымаецца зь пянька. 

Паляўнічы. Перапрашаю прысутных, але хацеў бы патлумачыць, што да свайго няўдзелу ў ваенных дзеяньнях як у складзе рэгулярных частак, гэтак і ў партызанцы ці, іншымі словамі, разам з паўстанцамі. Я й цяпер застаюся глыбока перакананым у тым, што гэткі актыўны супраціў ёсьць марным ды небясьпечным заняткам, які, у сутнасьці, нясе простаму люду новыя няшчасьці, зьнішчаючы пад корань найлепшых сыноў Краю. Вось і цяпер, пасьля Цуду над Віслай, пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў і падпісаньня мірнае дамовы, ці скончыліся насамрэч беды Краю, зьнявечанага вайною й падзеленага на часткі? Нават тут, па гэты бок мяжы, адчуваецца халодны подых Сібіру, але я, шаноўныя, і надалей лічу за свой пачэсны абавязак, не зважаючы ні на якія вонкавыя абставіны, даглядаць сваю сьціплую гаспадарку й дасьледаваць фаўну краю, асаблівую ўвагу надаючы рэліктавым экзэмплярам. 
Зьяўляюцца Лёлек ды Адэлька. Лёлек цягне на плячох мех, Адэлька яму дапамагае. Праходзяць побач з Паляўнічым. 

Паляўнічы (наўздагон). Дзень добры, пан Леслаў. Грыбкі зьбіраеце? 

Лёлек. Ды не, пан Паляўнічы. Нясу тавар у Саветы. 

Паляўнічы. Маеце пшэпустку?

Лёлек. Нашто мне ў лесе пшэпустка?

Адэлька (грэбліва, пагрозьліва). А ты, батанік, на тое, што бачыў, забудзься. 

Паляўнічы застаецца сам і, цяжка ўздыхнуўшы, пяе «Я да жалю, ня пан». 

***

Я, здаецца, ня тут
Я, напэўна, ня там
Я, да жалю, ня пан
Я, на шчасьце, ня хам

Я твайго не вазьму
Я свайго не аддам
Вось мой дом, вось мой плот
Вось за плотам паркан

Ад нуды ды бяды
Уратуюся сам
Час зьбіраць камяні
Час расьці камяням

Я, да жалю, ня пан
Я, на шчасьце, ня хам
Я, здаецца, ня тут
Я, напэўна, ня там

Неакрэсьлены стан
Незавершаны лад
Я стаю на мяжы
Паміж дрэваў і хат

Вось дарога туды
Вось дарога назад
Там дубы ля вады
Тут шыпшынавы сад

Я, здаецца, ня тут
Я, напэўна, ня там
Я, да жалю, ня пан
Я, на шчасьце, ня хам

Я стаю на мяжы
Я іду па нажы
Божа, дапамажы
Захаваць раўнавагу

Зьяўляецца Браніслава з кашом. 

Браніслава. Дзень добры, пан Паляўнічы. Як хораша вы пеяце. Але чаму гэткая сумная вашая песьня? 

Паляўнічы. Дзень добры, пані Браніслава. Таму сумная мая песьня, што сам я ёсьць сумным ды самотным, бо такі ўжо ў мяне лёс. А як вы маецеся? Куды ідзяце? Таксама несяце тавар у Саветы?

Браніслава. Ды не, грыбкі зьбіраю. А маюся я, самі ведаеце як, не сказаць, каб занадта салодка. 

Паляўнічы. Так-так, ведаю, шаноўная пані Браніслава. І пра тое, што муж ваш Зьміцер дагэтуль з вайны не вярнуўся, ведаю, і пра тое, што бацька ягоны памёр, таксама ведаю, вечны яму спакой. 

Браніслава. Ня ведаю, што й рабіць, цяжка мне самой, пан Паляўнічы. Можа, таму й спадабалася мне вашая песьня.

Паляўнічы. Рады, што вам спадабалася. Але скажыце, шаноўная пані Браніслава, чаму не вярнуўся дагэтуль муж ваш, Зьміцер? Ці ж ён ня ведае, як вам цяжка? 

Браніслава. Пэўна ж ведае, але вярнуцца ня можа, бо камандаваньне накіравала яго на курсы падафіцэраў. Вось скончыць курсы ды прыедзе.

Паляўнічы. Но, то зычу найхутчэйшага спатканьня. А як стануцца, шаноўная пані Браніслава, якія праблемы, то заходзьце. Заўсёды буду рады дапамагчы.

Паляўнічы нахіляецца й цалуе руку Браніславы. 

Браніслава. Ой, ня трэба, я ж рукі ня мыла! 

Паляўнічы, не зважаючы, працягвае цалаваць руку.

Браніслава. Увага! Трачу прытомнасьць!

Зацямненьне. 

6. Карчма. 

Марка-карчмар працірае сталы. За адным са сталоў сьпіць п’яны Юзік. 

Марка. Божа мой, божа мой, вайна скончылася, хто здолеў, той вярнуўся, а да мяне ў карчму ніхто ня йдзе. Нашто тады было лезьці пад кулі, калі цяпер не хапае на чарку жытнёвае? Ці ня лепей было б займацца адвечнай сялянскай працай, памнажаючы багацьце дамоў сваіх? Дурні былі, дурні й засталіся.

Заходзяць Лёлек з Адэлькай.

Марка (салодка). Дзень добры, шаноўны пан Леслаў. Дзень добры, Адэлька. Чым магу быць карысны? 

Лёлек. Здароў, Марка. Для паненкі — куфаль піва, а мне — чарку гарэлкі ды чагось пад’есьці.

Марка. Ці можа быць бульба зь селядцамі, цыбулькай ды алеем?

Лёлек. Хай будзе з алеем... Але пачакай, Марка, маю да цябе канфідэнцыйную справу.

Марка. Слухаю пана. (Ставіць на стол піва і гарэлку.)

Лёлек (сьцішыўшы голас). Маю на продаж залатыя рублі, ці ня ведаеш, хто б купіў? 

Марка. Ой не, ня ведаю. Зараз золата ніхто не бярэ... Але, можа, я б узяў з павагі да пана Леслава, калі пан нядорага аддасьць. Але адкуль у пана залатыя рублі?
Адэлька. А адкуль, шаноўны Марка, могуць быць залатыя рублі тут, на памежжы? 

Гучыць «Кантрабандыст». Пад час песьні Юзік прачынаецца й, наколькі можа, жвава рэагуе на яе — усьміхаецца, спрабуе танчыць, потым налівае сабе яшчэ гарэлкі, выпівае й зноўку засынае. 

КАНТРАБАНДЫСТ

Тут на памежжы
Каменныя вежы
Жалезныя дзьверы
Замкі і засовы
Таемныя пасткі
Падземныя сховы
Маўклівыя маскі
На тварах аховы
Ім сэрцы і душы
Аплецены дротам
І токам атручана кроў

А ў кантрабандыста
Блакітныя вочы
Ён працуе штоночы
Робіць цёмную справу
Парушаючы Права
І Закон крымінальны
Праз граніцу цягае
Кантрабандны тавар

А ў кантрабандыста
Сталёвыя нэрвы
Ён гуляе ў цемры
Ў небясьпечныя гульні
І драпежная куля
Нецярпліва чакае
Каб нарэшце спаткацца
Каб напіцца крыві

Ды ў кантрабандыста
Ёсьць ад кулі замова
Не баіцца ён змовы
І таемнае пасткі
Не баіцца судзьдзі ён
Не баіцца ён кратаў
Ён з-за кратаў дахаты 
Усё адно ўцячэ

Бо ў кантрабандыста
Ёсьць на сэрцы наколка
Там ключы ды іголка
І кажанавы крылы
Ён турэмныя краты
Тым ключом адмыкае
І ў цемры зьнікае
Не сказаўшы гудбай

Цалкам п’еса будзе надрукаваная ў часопісе «ARCHE».

АРГЕНТЫНСКАЕ ТАНГА

Кожны вечар у клюбе
Адбываліся танцы
Там прыходзілі дзеўкі
Там зьбіраліся мальцы

І танчылі моўчкі
Да самага золку
А ранкам ізноўку 
На працу ішлі

Аргентынскае танга
Экзатычная кветка
Па-над вёскай віруе
Ды зацягвае нас

У духмяную цемру
У салодкую пастку
Ў аксамітную багну
На глыбокае дно

А там дзе дно
Нам усё адно
Ёсьць толькі рытм
Сэрца й Танга
Твой дотык 
Як джала
Твой позірк
Як студня
Дай мне напіцца
Я хачу піць

ПРОСТЫЯ СЛОВЫ

Простыя словы
Простыя рэчы
Хлеб на стале
Полымя ў печы

Гэта так проста
Гэта так добра
Як з галавою
Залезьці пад коўдру

Прыцемкам сінім
Зімовай парою
У доме бацькоўскім
Ўсё так знаёма

Усё так надзейна
Усё так грунтоўна
Што тут дадаць?
Хіба што нічога

Можна жыць далей
Дзень прыйдзе новы
Дабранач, паненкі
Дабранач, панове

НАСТАЎНІК РАГОЙША

Тысяча дзевяцьсот дваццаць шосты год.
Мястэчка Ракаў пры панскай Польшчы.
У цэнтры плошча. На плошчы касьцёл.
Па плошчы ідзе настаўнік Рагойша.
Ён апрануты па апошняй модзе:
На ім галіфэ, камізэлька ды гальштук,
На ім акуляры ды новыя боты
(Новыя боты добрай работы!).
Сам ён тутэйшы — вярнуўся нядаўна.
Вучыўся на фізыка ў Ратэрдаме.
Ну, ёсьць такі горад недзе ў Эўропе.
Але гэта, зрэшты, ня вельмі істотна. 

Дык вось пра Рагойшу: у школе працуе,
А дома чытае ды нешта майструе.
Напрыклад, паставіў на даху антэну,
Зрабіў зазямляльнік, аплёў дротам сьцены
І прыстасову паставіў у хаце —
Даруйце, панове, завецца «адапцер»...
Яшчэ ёсьць дынамік і ручка настройкі.
А ў школе, сабака, паставіў мне тройку.
Але не пакрыўдзіўся я на Рагойшу —
Я ў школе ня лепшы, але й ня горшы. 
Затое Рагойша сказаў па сакрэту,
Навошта паставіў антэніну гэту.
Маўляў, яна ловіць нябачныя хвалі,
Якія як быццам у часе блукалі,
Ці будуць яшчэ яны ў часе блукаць...
Даруйце, панове, мне цяжка казаць.

Я, кажучы шчыра, ня ўсё разумею,
Але кажу праўду, кажу, як умею.
Дакладней, кажу, як тлумачыў Рагойша,
А ён, можа, зблытаў ці перабольшыў.
Але прысягаю: уночы аднойчы
На ўласныя вушы, на ўласныя вочы
Я бачыў і чуў, як у Рагойшавай хаце
Сьвяціўся і граў той, даруйце, адапцер,
І слухаў Рагойша вар’яцкія гукі —
Пякельныя енкі, пачварныя хрукі,
Як быццам бы д’ябал пілікаў на скрыпцы.
І мне закарцела пабегчы ў паліц’ю. 
Але не пабег я. Стаяў скамянеўшы,
Збляднелы, нібыта два тыдні ня еўшы.
І вось адчыняюцца дзьверы ў хаце,
І кажа Рагойша: «Заходзьце, сядайце!»
Заходжу, кажу: «Вечар добры ў хату!»
«Год тысяча дзевяцьсот семдзесят пяты», —
Кажа ён мне і дзіка рагоча.
І я зразумеў: вар’яцее Рагойша.
Шалее Рагойша. І я адчуваю,
Як б’е ў галаву маю музыка тая,
І я паміж волі раблюся вар’ятам
Ад музыкі, гранай у семдзесят пятым.

Я страціў прытомнасьць ад року ды панку,
З бальной галавой ачуняў толькі ранкам
І болей ніколі ў жыцьці да Рагойшы 
Я не пайду... Лепш нап’юся у Мойшы,
У простай звычайнай карчме местачковай,
Гарэлкі празрыстай, гарэлкі жытнёвай!

АДЭЛЬКА

У суботу-нядзельку
Апрануся прыстойна
Апрану камізэльку
І кашулю з бавоўны

Навяжу сіні гальштук
І пайду да Адэлькі
Каб ў яе таварыстве 
Зазірнуць у бутэльку

Трай-ля-ля-ля-ля
У суботу-нядзельку
Трай-ля-ля-ля-ля
Зазірнуць у бутэльку

А ў бутэльцы на дне 
Чорт рагаты жыве
І паказвае мне
Адмысловыя дулі

Згінь, нячысьцік рагаты
Не пагань маё сьвята
Шчэ крыху пагасьцюю
У Адэльчынай хаце

Вып’ю чарку, другую
Зьем капусты з сардэлькай
Засьпяваю, а потым 
Пацалую Адэльку

Трай-ля-ля-ля-ля
Пацалую Адэльку
Трай-ля-ля-ля-ля
У суботу-нядзельку

Ах, Адэлька, Адэля
Не Хрысьціна, ня Гэля
Не Эльжбета, а ты
Да самое труны
Будзеш у сэрцы маім
Назаўсёды

ЛАЛАЛАЛА

У нашым мястэчку восень
І прыхадні розныя лазяць па хатах
Тыкаюць пальцамі ў сала
І наводзяць свае парадкі

У мяне на душы паскудна
І словаў бракуе, каб выказаць гэта
І не хапае моцы
Каб далей гэта моўчкі трываць

Я пайду па мэстэчку
Вазьму ў рукі кала
І засьпяваю ўголас
Каб чулі ўсе:
— Лалалала!

СЬНЕЖАНЬ, СТУДЗЕНЬ І ЛЮТЫ

Прыйдзе зіма, і Сьнежань
Лісьце заваліць сьнегам
Мы адсьвяткуем разам 
Божае Нараджэньне
Цёмна-зялёны водар
Будзе ад елкі ў доме
Раніцай прыйдзе Студзень
І зьменіцца нумар году

Халодна зробіцца ў хаце
Бо Люты пачне лютаваці
Грукацца ў вокны і дзьверы
Са злосьці, што ён кароткі

Сьнежань, Студзень і Люты
Сьнегам, сьцюжай і лёдам
Будуць псаваць настрой нам
І вушы будуць марозіць

А мы павыцягваем з шафы
Шалікі, швэдры, пальчаткі
Шкарпэткі з авечае воўны
І зімнія палітоны

Мы апранемся цёпла
Хай тады нас марозіць
Калі толькі вопратку гэтую
Моль яшчэ не пажэрла

Калі толькі гэтую вопратку
Яшчэ не пажэрла моль!

КРЭЎСКАЯ ПОЛЬКА

Гэй, музыкі, грайце польку
Грайце да самога золку
Я хлапчына зухаваты
Не пайду я спаць дахаты

Гэй, музыкі, польку грайце
Дайце чаду, жару дайце
Гэй, музыкі, дайце жару
Я шукаю сабе пару

У цябе на носе болька
У мяне на лбе гузак
Я з табою танчу польку
Ты са мною кракавяк

Вяк-вяк-вяк
Вякае гітара
Чым жа ж, чым 
Мы ня добра пара

Пара добра, трыё лепей
Тут ня Жлобін і ня Лепель
Тут культурнае мястэчка
Твае вусны, як парэчка

Полька справа, полька зьлева
Ты з Варшавы, а я з Крэва
Я зь мястэчка, ты з Варшавы
Вось жа ж во, такія справы!

Карацей, паўсюдна полькі
Паміж імі беларус
Чым ня швэдзкі трохвугольнік?
Чым ня тройсьцьвяны саюз?

НАДЗЕНЬКА

Ой, вы дзевачкі беларускія,
Не ўлюбляйцесь ў ваенных рабят,
Бо ваенныя ўсе жанатыя,
У заблужджэньне прыводзяць дзяўчат.

Адна дзевушка — раскрасавіца,
Празывалася Надзяй яна,
Улюбілася у ваеннага,
Но ня знала, што дома жана.

Позьнім вечарам прыйшоў Ванечка,
Падарыў насавой ёй платок.
«Сабірай ўсё, што ёсьць ў цібя,
І паедзем на Дальны Васток».

Да вакзала йшлі, цалаваліся,
Любавалісь сабой, как маглі.
Дал он в рукі ей чамадан пустой,
Сказал: «Пару мінут абаждзі».

Абашоў кругом, сам зашоў ў вагон
І празрыцельна смотрыт ў акно.
«Да сьвіданія, больш ня ждзі міня,
Ў мяне дома есьць дзеці, жана».

І асталася бедна Надзенька
З чамаданам пустым у руках.
Аблілась сьлязой, зь цем ушла дамой,
Так прайшлі маладыя гада.
 
 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0